Падазраюць, што беларусы, якія выдавалі сябе за амерыканцаў, удзельнічаюць у пастаўках іранскіх дронаў Расіі. Завод па вытворчасці планёраў у Пацюнай вырабляў крылы баявых дронаў для беларускай кампаніі, піша Delfi.lt.

Кіраўнік літоўскай кампаніі сказаў, што заказ паступіў летась, аднак ніякіх падазрэнняў ён не выклікаў, бо беларусы прыкрываліся амерыканскай кампаніяй. «У кампаніі ёсць свае філіялы ў Іспаніі, на Кіпры і ў ААЭ, яны прасілі спраектаваць крыло баявога дрона. Гэтую працу ў свеце выконваюць каля 10 000 кампаній, тут няма нічога эксклюзіўнага. Грузавыя дроны ўжо цяпер перавозяць грузы, гэта простая справа. Мы падпісалі з імі кантракт, атрымалі аванс і пачалі працу», — сказаў старшыня праўлення кампаніі Sportinės aviacijos Сігітас Бесагірскас.
Беларусы прасілі не толькі спраектаваць крылы, але і навучыць іх масавай вытворчасці. Падазрэнні ў літоўцаў з'явіліся тады, калі банк не прапусціў другі аванс. Агульная сума дамовы складае 600 000 еўра. Першы аванс быў 20 000 еўра.
«Пачаў з намі размаўляць па-руску чалавек з расійскім прозвішчам. Калі мы спыталі, як ён звязаны з нашымі заказчыкамі, ён сказаў, што з'яўляецца ўладальнікам кампаніі і жыве ў Беларусі, што кампанія беларуская, але яны ўсё вырабляюць для войска NATO», — распавёў Бесагірскас. Тады Бесагірскас звярнуўся ў Дэпартамент дзяржбяспекі.
Цяпер усе сувязі і кантакты з беларускай кампаніяй спыненыя. Старшыня праўлення Sportinės aviacijos сказаў, што не цікавіўся, для чаго будуць выкарыстоўваць грузавыя дроны. Але прызнаў, што яны могуць пераносіць выбухоўку. «Могуць несці пірагі, прадукты з крамы дадому. А могуць пераносіць і дрэнныя грузы. Як і машына — можна загрузіць у яе выбухоўку, а можна палатку», — сказаў ён.
СМІ высветлілі, што даччыная кампанія, якой прыкрываліся беларусы, можа ўдзельнічаць у пастаўках Расіі іранскіх дронаў.
Бесагірскас назваў сітуацыю правакацыяй і заўважыў, што ўжо раней паступаў заказ ад іншых беларусаў для ўкраінскай арміі.
Па словах кіраўніка парламенцкага камітэта па нацбяспецы і абароне Лаўрынаса Кашчунаса, кампаніі не павінны чакаць, калі выбухне скандал, а самі пазбягаць правакацый. «Можна пракансультавацца з камісіяй, якая правярае тавары падвойнага прызначэння на прадмет адпаведнасці экспартным патрабаванням. Там ёсць і прадстаўнікі ДДБ, і іншых службаў, якія могуць адказаць, ёсць небяспека ці не», — сказаў дэпутат.
Каментары
https://m.nashaniva.com/316498/
???