Усяго патроху44

Жыве 30 гадоў і сыходзіць у зімовую спячку. Дзе ў Беларусі можна сустрэць рэдкую балотную чарапаху?

Фатографка дзікай прыроды Іна Субоціна апублікавала кадры, якія марыла зрабіць некалькі гадоў. На іх — еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырвоную кнігу. Дзе ў Беларусі можна паглядзець на гэтую рэптылію, і чаму яе так складана сфатаграфаваць у дзікай прыродзе, даведалася выданне «Смартпрэс».

«Мы з сябрамі паехалі на Палессе ў Жыткавіцкі раён паглядзець на белую сініцу.

Толькі спыніліся на дамбе каля вёскі Крэмнае: у вадзе на ствале сядзіць чарапаха. Грэецца. Імгненна вызначыла — гэта ж еўрапейская балотная чарапаха!

Столькі гадоў марыла яе зняць», — расказвае Іна Субоціна.

Іна — фатографка, у якой нядаўна прайшла выстава «Беларусь — краіна райскіх птушак». Як толькі заканчваецца яе змена ў бальніцы, дзе яна працуе доктаркай, жанчына падарожнічае па краіне ў пошуках унікальных кадраў. Так выйшла і гэтым разам.

«Варта было нам з сябрамі падысці бліжэй, чарапаха тут жа нырнула ў ваду, — успамінае Іна. — Усе разышліся, а я засталася чакаць. Села ў траву, замёрла, у галаве прачнулася: «Тут жа кляшчы! Нічога страшнага, страсу».

Спачатку з'явілася адна чарапаха, потым другая. Вылезлі на сушу, сталі грэцца на сонцы. Здаецца, гэта былі самка і самец. Каб вы разумелі, пакуль здымала, не варушылася, каб іх не напалохаць».

Еўрапейская балотная чарапаха занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.

«У нас жыве некалькі тысяч такіх чарапах, гэта вельмі мала. Да меліярацыі Палесся яна была звычайным відам, — адзначае біёлаг Аляксандр Вінчэўскі. —

У сярэднім еўрапейская балотная чарапаха жыве 30 гадоў. І не кожны год размнажэнне заканчваецца поспехам: іх яйкі любяць лісы і крумкачовыя птушкі. Дарэчы, яйкі яны закопваюць у пясок на сушы, як і марскія чарапахі».

Пастаянна балотная чарапаха жыве на Палессі, хоць асобных жывёлін можна ўбачыць у любым раёне краіны. Але шанцаў больш каля Пружанаў, Белаазёрска, Целяхан, Дзякавіч, Добруша, у Жыткавіцкім раёне.

Дарэчы, вясна — гэта час, калі балотная чарапаха з'яўляецца пасля працяглай зімоўкі. Яна закопваецца ў глей у кастрычніку-лістападзе і можа спаць так 4-6 месяцаў.

Яна добра плавае і нырае, можа доўга заставацца пад вадой. На паверхню падымаецца праз кожныя 15-20 хвілін, каб глынуць паветра. Харчуецца жукамі, чарвякамі, макрыцамі, малюскамі.

За сезон самка робіць 1-3 кладкі па 5-10 яек у кожнай, але праблема ў вельмі высокім узроўні смяротнасці чарапашак — ад 15-20%, а часам у кладцы гінуць усе яйкі. Паводле прыкладных ацэнак, да вясны наступнага года дажывае не больш за 5% агульнай колькасці новай генерацыі.

Каментары4

  • Чел
    18.05.2023
    Я вот не понял на счет зарывается в ил. Она что, 4 месяца не дышит???
  • Віка
    18.05.2023
    Цікава, а якія драпежнікі, акрамя дзейнасці людзей, пагражаюць дарослым балотным чарапахам?
  • рэчыцкі хлопец
    19.05.2023
    Жывуць у дняпроўскіх старыцах, у тым ліку
    на ўскрайку горада. Пасля спаду вады зручна адшукваць па шамаценні на
    глеіста-травяной корцы.

Цяпер чытаюць

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў29

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Ці здымае Беларусь вяршкі з паліўнага крызісу ў Расіі? Ёсць нюансы1

На барахолках перапрадаюць папулярныя чыпсы Lay’s. Нацэнка ў два разы1

Украінскія беспілотнікі атакавалі Перм. Гарыць НПЗ

Панама названа найлепшай краінай для жыцця і працы для экспатаў5

У Гродне збіраюцца аднавіць палац князёў Масальскіх, не разбураючы гістарычную камяніцу, якая была пабудаваная на тым месцы пазней5

Паляўнічыя на Алтаі забілі 12 мядзведзяў пасля нападу аднаго на турыстку10

Украіна ўвяла санкцыі супраць стваральнікаў «Машы і Мядзведзя»3

У Вільні выпрабоўвалі электробус даўжынёй 25 метраў2

Сабаленка захавала першы радок у сусветным тэнісе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў29

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць