Беларус хацеў здаць у Літве тэарэтычны экзамен на правы на ўкраінскай мове — яму адмовілі
У дзяржаўнай кампаніі, якая праводзіць экзамены на правы, патлумачылі чаму.

Беларус Уладзіслаў два гады жыве ў Літве з часовым відам на жыхарства. Ён хацеў атрымаць правы катэгорыі CE і працаваць кіроўцам аўтавоза ў Літве. З верасня ён рыхтаваўся да тэорыі на ўкраінскай мове. Але ў выніку яму не дазволілі ў Вільні здаваць экзамен па-ўкраінску, сказаўшы, што гэта магчыма толькі для грамадзян Украіны, апісвае гісторыю LRT.
У сістэме мужчыну пазначылі як таго, хто не з'явіўся, і ён страціў адну з пяці спроб.
У іншым аддзяленні і па электроннай пошце яму адказалі наконт мовы экзамену тое самае. Уладзіслаў палічыў такое абмежаванне несправядлівым: бо, каб здаваць экзамен па-англійску ці па-польску, не трэба быць грамадзянінам Брытаніі ці Польшчы. Літоўскую мову ён вучыць, але пакуль ведае яе недастаткова для складанага экзамену.
У рускамоўных Telegram-каналах пішуць пра падобныя адмовы. Іншым беларусам раней, аднак, удавалася здаць экзамен па-ўкраінску без праблем.
Прадстаўніца дзяржаўнай кампаніі Regitra Караліна Юдэйке растлумачыла, што экзамен на ўкраінскай мове прадугледжаны асобным загадам міністра ўнутраных спраў Літвы. Ён звязаны з часовай абаронай украінцаў, якія ўцяклі ад вайны. Украінская не з'яўляецца афіцыйнай мовай ЕС, таму для іншых гэтая магчымасць не дзейнічае.
З 1 студзеня 2026 года тэорыю ў Літве можна здаваць па-літоўску або на адной з моў ЕС: англійскай, польскай, іспанскай, французскай ці нямецкай. Гэтыя мовы даступныя ўсім.
Каментары