Ці чакаюць Украіну жахлівай сілы ўдары з паветра ўсёй масай расійскай авіяцыі?
Расійскія Паветрана-касмічныя сілы маюць вялікую колькасць сродкаў, якая несувымерная з тым, што ёсць ва Украіны. Але ці зможа Масква іх выкарыстаць для таго, каб не дапусціць адваявання захопленых украінскіх тэрыторый? Пра гэта з'явіўся артыкул у французскай газеце Le Monde.
Аўтар артыкула нагадвае, што на паперы патэнцыял Паветрана-касмічных сіл (ПКС) Расіі практычна не змяніўся ад пачатку вайны. Лічыцца, што расійскае камандаванне ніколі насамрэч не імкнулася заваяваць украінскае неба як з меркаванняў дактрыны, так і з меркаванняў магчымасцяў.
У якім стане расійскія ПКС
Вынікам такога падыходу, па звестках сайта Oryx, на якія спасылаецца аўтар артыкула, стала страта «толькі» 82 баявых самалётаў, у асноўным Су-25 і Су-34, і 87 верталётаў, асабліва Ка-52 «Алігатар». Гэта сапраўды нязначная колькасць, калі ўлічваць, што перад вайной, згодна з данымі штогодніка Military Balance, які выдаецца брытанскім аналітычным цэнтрам Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, у Расіі было больш за 1300 баявых самалётаў.
У артыкуле прыводзяцца словы палітолага і стваральніка блога «Чырвоны самавар» (Red Samovar), прысвечанага расійскай ваеннай тэматыцы, Бенжамэна Гравіса (Benjamin Gravisse):
«У той час, як расійскія Сухапутныя войскі з пачатку баявых дзеянняў заплацілі вельмі высокую цану, ПКС, нягледзячы на значныя страты, усё яшчэ маюць патэнцыял, блізкі да таго, які быў да лютага 2022 года».
Пры гэтым, як лічыць эксперт, Расія можа камплектаваць свае эскадрыллі з новых самалётаў са сваіх авіяцыйных заводаў.
Выданне адзначае, што такая захаванасць патэнцыялу расійскіх ПКС выклікае вялікую заклапочанасць. Тым больш што ўкраінская супрацьпаветраная абарона з восені 2022 года пастаянна знаходзіцца ў дзеянні. Нават калі ўдары ракет і беспілотнікаў маюць невялікі стратэгічны эфект, яны ўплываюць на ўкраінскія запасы боепрыпасаў.
Як выглядае сітуацыя Украіны
Аўтар са спасылкай на дакументы, якія ў красавіку патрапілі на платформу Discord, нагадвае, што ў канцы лютага Пентагон падлічыў, што
«здольнасць Украіны забяспечваць супрацьпаветраную абарону сярэдняй далёкасці для абароны [ліній фронту] будзе цалкам вычарпана да 23 мая».
У артыкуле адзначаецца, што з той пары заходнія саюзнікі паскорылі свае пастаўкі боепрыпасаў «зямля — паветра», але арсенал Кіева знаходзіцца ў напружаным стане. У пацвярджэнне гэтых слоў аўтар цытуе навуковага супрацоўніка Фонду стратэгічных даследаванняў Вэнсана Турэ (Vincent Tourret):
«Украіне заўтра, магчыма, давядзецца выбіраць паміж абаронай сваіх гарадоў і абаронай свайго контрнаступлення».
Тым не менш, адзначае аўтар, ваенныя аналітыкі даволі скептычна ставяцца да здольнасці ПКС перашкодзіць буйному контрнаступленню. У адрозненне ад заходніх дзяржаў, для якіх кантроль над небам з'яўляецца неабходнай умовай для любых дзеянняў на зямлі, расійскія вайскоўцы разглядаюць ПКС перш за ўсё як дапаможны сродак для сваёй артылерыі.
Такім чынам, яны не праводзілі масіраваных ударных кампаній у пачатку канфлікту, якія дазволілі б знішчыць паветраныя і супрацьпаветраныя магчымасці Украіны.
У такой сітуацыі расійскім самалётам будзе цяжка манеўраваць. Выданне цытуе даследчыка Каралеўскага абʼяднанага інстытута абаронных даследаванняў Ëгана Міхеля (Yohann Michel):
«Расійскім пілотам заўсёды будзе складана наблізіцца да лініі фронту, калі не ўдасца хаця б часткова для ўкраінцаў закрыць неба».
Якія праблемы ў расійскага боку
Выданне адзначае, што расійскія лётчыкі з пачатку канфлікту прадэманстравалі значныя недахопы ў падтрымцы сваіх наземных войскаў. Яны стараліся трымацца далей ад фронту і абстрэльваць ракетамі ўкраінскія нерухомыя пазіцыі. Гэта звязана з адсутнасцю як агульнавайсковай падрыхтоўкі (што ёсць галоўнай рысай расійскай арміі), так і з цяжкасцямі ў навядзенні на пазіцыі праціўніка.
У пацвярджэнне гэтай думкі аўтар артыкула цытуе Вэнсана Турэ:
«Сродкаў цэлеўказання ў расійскага боку мала, і яны часта зводзяцца да лазераў, якія працуюць толькі ў яснае надворʼе і паблізу ад абʼектаў. Таму ПКС маюць шмат праблем з навядзеннем на рухомыя цэлі».
Яшчэ адзін фактар, на які звяртае ўвагу аўтар, — гэта адсутнасць каардынацыі паміж войскамі, што павялічвае рызыку сяброўскага агню і выклікае страх у расійскіх пілотаў.
На думку аналітыкаў, адсутнасць дасведчаных пілотаў таксама зніжае магчымасці ПКС. Выданне цытуе справаздачу Каралеўскага абʼяднанага інстытута абаронных даследаванняў, апублікаваную ў лістападзе 2022 года:
«Улічваючы абмежаваную колькасць гадзін палётаў і практыку падрыхтоўкі ў падраздзяленнях, ПКС уступілі ў канфлікт з менш чым 100 цалкам падрыхтаванымі пілотамі. У спалучэнні з ваеннай культурай, якая даручае выкананне найбольш небяспечных місій самым дасведчаным экіпажам, страты асабовага складу, якія панеслі ПКС, непрапарцыйна паўплывалі на гэтыя кадры, зніжаючы агульную эфектыўнасць сіл і іх здольнасць навучаць новых пілотаў».
Наступным стрымліваючым фактарам, які называе аўтар артыкула, зʼяўляюцца расійскія правалы ў плане тэхнічнага абслугоўвання. Тое, што ў арміях называюць «забеспячэнне боегатоўнасці».
Згодна з рознымі даследаваннямі, узровень боегатоўнасці самалётаў Расіі перад вайной ацэньваўся як меншы, чым 50%. Аўтар заўважае, што гэта адносна нізкі паказчык у параўнанні з заходнімі краінамі. У якасці прыкладу ён спасылаецца на даныя з апублікаванай у лютым справаздачы французкага парламента, дзе адзначаецца, што ў 2021 годзе ў французскіх баявых самалётаў гэты паказчык складаў 81%.
Аўтар цытуе меркаванне Ëгана Міхеля:
«Вайна высокай інтэнсіўнасці, якая доўжыцца чатырнаццаць месяцаў, выпрабоўвае тэхніку і людзей. Боегатоўнасць расійскіх самалётаў да канфлікту не была добрай і, напэўна, не палепшылася пасля».
Выданне адзначае, што заходнія вайсковыя штабы ўпэўненыя ва ўстойлівасці ўкраінскіх сродкаў супрацьпаветранай абароны. Паказчык перахопу ў іх вышэйшы за 75%. Гэта лічыцца «вельмі добрым».
Дзякуючы дапамозе Захаду, украінскія войскі маюць комплексную сістэму супрацьпаветранай абароны, якая складаецца з розных тыпаў узбраення і сродкаў. Такая сістэма здольная быць пагрозай расійскай авіяцыі практычна ў розных сцэнарыях і ўмовах. Яна складаецца з некалькіх узроўняў ці слаёў абароны. Вайскоўцы такую сістэму называць «шматслойнай».
У канцы аўтар цытуе словы французскай вайсковай крыніцы:
«Патрэбны паветраны каток, каб знішчыць украінскую наземна-паветраную абарону, чыя сетка застаецца трывалай, з рызыкай каласальных страт для расійскага боку».
Крыніца адзначае, што «нават дасведчаны пілот не адважыцца ўступіць у супрацьстаянне з праціўнікам, у якога маецца надзейная супрацьпаветраная абарона».
Чытайце яшчэ:
Пентагон палічыў кошт вайсковай дапамогі Украіне. Яе пераацанілі на 3 мільярды
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары