Літаратура22

Шэсць кніг сучаснай польскай прозы, якія варта прачытаць беларусам

Паэт Андрэй Хадановіч склаў рэйтынг твораў сучасных польскіх аўтараў, што пераклалі на беларускую мову, і тлумачыць, чаму яны вартыя ўвагі.

Па словах Хадановіча, «у час, калі рэжым ледзь не палюе на польскіх шпіёнаў і стварае з Польшчы вобраз ворага, добрая, інтэлектуальная, эстэцкая польская літаратура можа быць смачным забароненым плодам».

Ігнат Карповіч. «Сонька»

Ігнацы Карповіч "Сонька" Ignatsy Karpovich "Sonka"

Хадановіч прэзентуе раман як твор, які закранае блізкую многім беларускім аўтарам тэму вайны без пафасу, вайны як выпрабавання, кашмарнага гвалту.

«Але разам з тым нечаканы перавод позірку з вялікай масы «мы», супрацьстаяння краін і народаў на штосьці вельмі персанальнае, на чалавечае «я».

Трагедыя, гвалт, смерць з аднаго боку. Але для кагосьці гэта могуць быць шчаслівыя часы ўжо таму, што гэта часы маладосці, росквіту жыцця нашага чалавечага сэрца, раптоўна і не ў час абуджанага кахання».

У аснову сюжэту рамана была пакладзеная гісторыя пра старую жанчыну, якая перажыла ў часы нямецкай акупацыі вялікае каханне з немцам. Яе расказаў аўтару знаны ў Польшчы і ў свеце мастак беларускага паходжання Лёнік Тарасэвіч.

Хадановіч заўважае, што аповед мог бы стаць дакументальным творам, каб пісьменнік паспеў паразмаўляць з гераіняй. Але яна памерла так і не распытаная. Таму журналісцкую працу робіць мастацкае ўяўленне.

Раман — гісторыя простай неадукаванай жанчыны, якая адносіць сябе да «тутэйшых», і маладога немца. Не разумеючы нямецкай, жанчына спрабуе ўяўляць, фантазаваць аб тым, што ён ёй гаворыць.

У гісторыі прысутнічае сямейны гвалт і трагічна збудаваны любоўны крохкутнік. Побач з немцам Іахімам у рамане паказаны мясцовы селянін Міша.

Сваю гісторыю старая Сонька апавядае маладому апантанаму тэатральнаму рэжысёру Ігару, які знаёміцца з ёю ў выніку выпадковага збегу акалічнасцяў. Бабулька выгаворваецца, а Ігар слухае яе і на хаду перакройвае яе наіўныя аповеды моваю сучаснага тэатру, робячы будучую тэатральную інсцэнізацыю.

Ідэя тэатра, уключаная ў раман, спадабалася крытыкам, і твор быў адзначаны прэстыжнай польскай літаратурнай прэміяй Nike. У 2018-м «Соньку» пераклала на беларускую мову Марыя Мартысевіч.

Па матывах твора была створаная пастаноўка на сцэне Беластоцкага драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі з удзелам беларускіх акцёраў Святланы Анікей у ролі Сонькі і Аляксандра Малчанава ў ролі Мішы.

Павел Гюле. «Вайзэр Давідзік»

Павел Гюле. «Вайзэр Давідзік» Paweł Huelle "Weiser Dawidek"
Фота: lohvinau.by

Гэты твор, па словах Хадановіча, раскрывае тэму сталення падлеткаў, прарастання чалавечнасці праз свет, які часам гэтай чалавечнасці пазбаўлены. Гэта тэма, як адзначае літаратар і крытык, сёння праходзіць праз усю сучасную польскую літаратуру. Гэта польская версія рамана выхавання.

Раман, які выйшаў у 1987 годзе, прынёс яго аўтару, на той час 30-цігадоваму, літаратурную славу, прэстыжныя ўзнагароды і пераклады на дзясяткі моваў. Кніга была прызнана «кнігай дзесяцігоддзя».

На думку Хадановіча, раман —

«прыклад удалай міфалагізацыі ўласнага горада. Аўтар ператварае гарадскую прастору Гданьска ў галоўную гераіню твора, напоўненую таемнымі знакамі, магічнымі дэталямі, культурнымі, рэлігійнымі адсылкамі. Гданьск — горад-палімпсэст з моцнай памяццю не прысутных тут фізічна папярэднікаў. Але рэха ад іх застаецца. Аўтар будуе масткі паміж сучасным горадам Гданьскам у складзе Польскай народнай рэспублікі і нямецкім вольным горадам Даньцыгам».

Галоўныя героі — чацвёра дзяцей (тры хлопчыкі і дзяўчынка), якім па 12 гадоў. Падзеі адбываюцца ў год нараджэння аўтара — у 1957 годзе. Героі адносяцца да першага паваеннага пакалення. У кожнай дэталі кнігі ёсць памяць мінулай вайны. Героі не выпадкова носяць звязаныя з Бібліяй імёны — Шымон, Пётр і Павел. Галаўны герой таксама мае біблейскае імя Давід і нямецка-яўрэйскае прозвішча «Вайзэр», што азначае «знаўца», «пасведчаны», «прарок».

Герой выступае то цыркачом, што паказвае эфектныя фокусы, то сапраўдным магам, які творыць цуды, як нейкі Збаўца ў новай версіі для падлеткаў. Хадановіч заўважае, што можна да ўсяго гэтага дадаць прыставачку «ілжэ-» (ілжэпрарок, ілжэмесія). Але памятаем пра закаханыя позіркі сяброў, якія прагнуць цуду.

Вайзэр — хлопчык-сірата, які жыве са сваім дзядулем. Мы можам толькі ўявіць, што магло здарыцца з ягонымі бацькамі ў гады вайны. Давід ніколі не гуляе ў вайну. Гэта абсалютна табуяваная забава.

У той жа час Вайзэр робіць новыя і новыя эксперыменты з піратэхнікай. У выніку ён і ягоная сяброўка Элька становяцца ахвярамі неасцярожнасці. Праз некалькі дзён дзяўчынку знаходзяць з адшыбленаю памяццю. Яна ўяўляе сябе хлопчыкам і называе сябе імем свайго сябра.

Па словах Хадановіча, найцікавейшае пачынаецца потым. Чытачу трэба вырашыць, што гэта — галюцынацыя нашай свядомасці, якая прагне цуду, ці самы сапраўдны цуд? Герой, ад імя якога вядзецца апавяданне, яшчэ раз бачыць Давідзіка разам з Элькаю, якія спускаюцца ў тунэль і не выходзяць з яго. Героі знікаюць у катакомбах Гданьска — падземных слаях гісторыі і культуры Даньцыгу.

Хадановіч раіць чытаць твор хаця б для таго, каб памятаць, што мы не зніадкуль.

«Мы жывем узверх нашых папярэднікаў, у трагічныя часы, калі кожнаму пакаленню спрабуюць забіць гістарычную, культурную, нацыянальную памяць. Памятайма і не дамо знішчаць сваё»,

— адзначае крытык.

Антоні Лібера. «Мадам»

Антоні Лібера. «Мадам» Antoni Libera "Madame"

Гэты твор — адзіная вялікая мастацкая кніга пісьменніка, напісаная ім у 50-цігадовым узросце.

Па словах Хадановіча, гэта

«гісторыя сацыялістычнай Польшчы, дзе душыцца ўсё цудоўнае, дзе, здавалася б, на паверхні перамагае пошласць, банальнасць, шэрасць, і гісторыя хлопца-ліцэіста, які па-свойму бунтуе супраць гэтай шэрасці і банальнасці, спрабуючы вызваліць у сабе вольналюбівы дух продкаў».

Герой паўпадпольна займаецца тэатрам і джазавай музыкай. І ўлюбляецца ў таямнічую новую дырэктарку і выкладчыцу французскай мовы, якая, па словах Хадановіча, нясе рафінаваную культуру Захаду, якая рыфмуецца са свабодаю і ўнутранай незалежнасцю. Яна тая, дзякуючы якой галоўны герой трапляе на закрытыя выставы Пабла Пікаса, польскія прэмʼеры французскіх фільмаў. Герой спрабуе дазнацца пра абʼект свайго кахання як мага больш дэталяў.

«Зразумела, такое каханне павінна застацца платанічным, але яно ператвараецца ў нараджэнне чалавечнасці ў табе самім. Нашыя найлепшыя пачуцці — таксама наш супраціў неспрыяльнаму часу, прымусу, які душыць нас, а мы праз творчасць і культуру змагаемся за чалавечнасць у сабе»,

— адзначае Хадановіч.

Вольга Такарчук. «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых»

Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» Olga Tokarczuk "Drive Your Plow Over the Bones of the Dead"
Фота: lohvinau.by

У гэтай кнізе Нобелеўскай лаўрэаткі, па словах Андрэя Хадановіча, ёсць нешта ад дэтэктыву, містычнай гісторыі, трылера.

«Гэта кніга, у якой аўтар крычыць ад тых, каго звычайна пазбаўляе голасу патрыярхальная маскулінная культура.

Ад імя жанчыны ў маскулінным свеце, ад імя правінцыі, маленькіх мясцовасцяў, якія звычайна не трапляюць у кадр вялікай гісторыі. І ў рэшце рэшт, ад імя прыроды, жывёльнага свету ў часы, калі чалавек самазакахана палічыў сябе яе гаспадаром».

Галоўная гераіня рамана — эксцэнтрычная пажылая інтэлектуалка Яніна Душэйка, якая жыве на Дольным Шлёнску ў Ніжняй Сілезіі ў маленькай мясцовасці. Там пачынаюцца адбывацца таямнічыя рэчы. Адна загадковая смерць ідзе за другою.

Пры гэтым усе смерці паяднаныя пэўным ланцужком. Гэта ўсё самазадаволеныя мужчыны, якія захапляюцца паляваннем. Акалічнасці іх смерці паказваюць на ўдзел у іх смерці жывёл.

Шчэпан Твардах. «Кароль»

Шчэпан Твардах «Кароль» Szczepan Twardoch "The King"
Фота: kniger.by

Шчэпан Твардах зʼяўляецца аўтарам шэрагу польскіх бэстселераў. Па кнізе «Кароль» быў зняты 8-серыйны тэлевізійны серыял.

Па словах Хадановіча, гэтая кніга — падарожжа ў пекла жорсткасці і гвалту. Шчэпан Твардах паказвае перадваенную Варшаву ў 1937 годзе, стварае атмасферу міжваеннага дваццацігоддзя. У горадзе існуюць як бы дзве Варшавы: польская і яўрэйская.

«Гэтыя культуры як бы не бачаць, ігнаруюць адна адну. А часам яны сутыкаюцца на вуліцах у выглядзе шэсцяў і дэманстрацый. З аднаго боку левых сацыялістаў, дзе ёсць і яўрэі. З іншага боку — правакансерватыўных сіл, у якіх нараджаецца і расце фашызм, нічым не горшы за нямецкі. І гэта ўсё ператвараецца ў бойкі і перастрэлкі пры маўклівым патуранні паліцыі. Але не спяшайцеся падзяліць раман па прынцыпу дзіцячай кніжкі з дабром і злом, чорным і белым, з пазітыўным і негатыўнымі героямі»,

— адзначае Хадановіч.

Адзін з галоўных герояў — сацыяліст, баявік, прафсаюзны лідар Ян Капліца зʼяўляецца адначасова і жорсткім гангстарам. Цікавы вобраз і яго падручнага — габрэйскага баксёра Якуба Шапіры.

На перыферыі аповеду, як адзначае крытык, знаходзіцца важны матыў — сапраўдны польскі канцэнтрацыйны лагер на тэрыторыі Бярозы-Картузскай. І апісанне здзеку, гвалту, абсалютнага прававога бескантролю. 

«Прывітанне з Бярозы-Картузскай, прывітанне з 37-га года ў нашы гады гвалту і прававога дэфолту. Аўтар прыводзіць нас да высновы, што нічога ў гісторыі не зʼяўляецца выпадковым. Атмасфера нянавісці, ксенафобіі, падзелу на сваіх і чужых, добрых і кепскіх, тых, хто разам з табой і чужакоў, не прывядзе да дабра. Культурныя войны, якія не заканчваюцца ніколі, могуць разгарацца і ператварацца ў сапраўдныя войны»,

— адзначае Хадановіч.

Дамініка Словік. «Зімоўка»

Дамініка Словік «Зімоўка» Dominika Słowik "Zimowla"
Фота: shafa-minsk.by

Падзеі рамана пераносяць у польскі правінцыйны Твін Пікс — мястэчка Цукроўка.

«Галоўная гераіня — дзяўчынка-падлетак. Гэта гісторыя яе дарастання ў загадкавы, таямнічы, варожы свет. А дзесьці там праходзіць рыса гістарычнага пералому, калі заканчваецца адна, сацыялістычная Польшча, і пачынаецца другая Польшча — пераменаў, трансфармацыі, уваходжання ў Еўрапейскі саюз. Але гэта ўсё праходзіць па трох пакаленнях і балючых дачыненнях бабулі, маці і бацькі, і, урэшце, дачкі-апавядальніцы»,

— распавядае Хадановіч пра кнігу, пераклад якой на беларускую мову зусім нядаўна выйшаў у выдавецтве Андрэя Янушкевіча, якое аднавіла сваю працу ў Польшчы.

У рамане прадстаўлена і гісторыі бацька гераіні, які ў сацыялістычнай Польшчы працаваў бухгалтарам і быў антыкамуністам. У новай краіне на хвалі пераменаў ён знайшоў новую модную прафесію і становіцца магам, хірамантам, астролагам, лазаходцам. Сямейнікі смяюцца з яго, думаюць, што гэта гісторыя яго паразы. Але колькасць кліентаў паступова расце.

Бабуля галоўнай гераіні — перакананая камуністка, якая дзесяцігоддзямі змагаецца з забабонамі. Яна робіць карʼеру ў мужчынскім свеце і таму мусіць зрабіцца, па словах Хадановіча, яшчэ большым мужчынам, чым мужчыны, праз якіх ёй трэба прабіцца.

Раптам высвятляецца, што такі персанаж, здольны «пераабуцца». Пад вобразам зацятай камуністкі праяўляецца вобраз чалавека, які дзесяцігоддзямі слухаў прагрэсіўную амерыканскую пратэсную музыку і любіў «Кока-Колу» як і іншыя знакі «гнілой» амерыканскай культуры. У рэшце рэшт бабуля эмігруе ў Злучаныя Штаты.

Галоўнымі героямі рамана зʼяўляюцца дзеці — гераіня-апавядальніца і два яе сябры-хлопчыкі. Чацвёртым удзельнікам «следапыцкай каманды» аўтарка ўвяла сабаку Какоса. Яны ладзяць самастойныя расследаванні: адкуль у сажалцы бярэцца тапелец; што гэта за таямнічы сусед, які дрэсіруе пчолаў; што за таямнічая суседка гераіні — дачка буйнога бізнэсмена, якая здольная да лунатызму.

«600-старонкавы том Дамінікі Словік сплятаецца з цудаў, рэлігійных, містычных, таямнічых, якія потым будуць самым іранічным чынам патлумачаныя. Сплятаецца з розных пунктаў погляду, розных ідэалогій, якія ўсё не могуць дамовіцца паміж сабою. А разам з тым растуць дзеці, чыё сэрца патрабуе любові, чый дапытлівы розум патрабуе сцягнуць пакроў з таямніцаў, якія іх хвалююць»,

— так характарызуе кнігу крытык і паэт Хадановіч.

Чытайце яшчэ:

Кніга беларускай блогеркі, якая змагалася з ракам, б'е рэкорды продажаў

Выйшла кніга «Анталогія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт»

Кнігі гэтай пісьменніцы дапамагаюць падлеткам разабрацца са сваімі праблемамі

Каментары2

  • Ігар
    07.06.2023
    У аўтара леваліберальная оптыка. Гэта найгоршае з цудоўнай польскай літаратуры.
  • mikola
    07.06.2023
    Vemi Dobra ! Mazliva na Belarusi takija knigi zabaroneny ?    Nima nijakaga daveru *Getym* !

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»28

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»28

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →