Мірзіёеў быў абраны прэзідэнтам Узбекістана на пазачарговых выбарах у снежні 2016 года — пасля смерці першага кіраўніка дзяржавы Іслама Карымава, які ўзначальваў краіну з 1989 года.

Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў выйграў датэрміновыя прэзідэнцкія выбары з 87,5% галасоў, пра гэта паведаміў кіраўнік Цэнтрвыбаркама Зайнідзін Нізамхаджаеў, як піша Інтэрфакс.
«Паводле папярэдніх звестак, за Мірзіёева аддалі свае галасы 13 625 055 чалавек, або 87,5% выбаршчыкаў з ліку тых, хто ўзяў удзел у галасаванні», — удакладніў ён.
Выбары ва Узбекістане былі зрэжысіраваным спектаклем, у якім, акрамя Мірзіёева, удзельнічалі яшчэ кандыдаты-спойлеры ад іншых партый, якія, аднак, усе падтрымліваюць існы рэжым.
На выбары прэзідэнта было зарэгістравана больш за 19,5 млн выбаршчыкаў, з іх прагаласавалі 15 671 405. Датэрмінова з 28 чэрвеня па 5 ліпеня прагаласавала звыш 800 тысяч выбаршчыкаў, у тым ліку каля 188 тысяч за мяжой.
Мірзіёеў быў абраны прэзідэнтам Узбекістана на пазачарговых выбарах у снежні 2016 года — пасля смерці першага кіраўніка дзяржавы Іслама Карымава, які ўзначальваў краіну з 1989 года. У кастрычніку 2021 года Мірзіёеў выйграў новыя выбары з 80,12% галасоў.
У красавіку ва Узбекістане правялі рэфэрэндум аб змене Канстытуцыі, у тым ліку аб прадаўжэнні тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта Узбекістана з пяці да сямі гадоў. Прапанаваныя змены падтрымалі 90,2% выбаршчыкаў.
Каментары