Грамадства22

«У цябе было чатыры месяцы, даўно мог уцячы. Вось цяпер пасядзіш». Алег Груздзіловіч расказаў, як пісаў прашэнне на імя Лукашэнкі

Перапоўненыя палітвязнямі камеры, катаванні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта не сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х. Пра свой дзевяцімесячны турэмны досвед востра, дасціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст «Свабоды» Алег Груздзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры». Публікуем чарговы фрагмент кнігі.

Размова з роднымі. Малюнак Алега Грудзіловіча

«Як удалося вырвацца?»

Ужо дзясяткі разоў у мяне пыталіся: як удалося раней за канец тэрміну выйсьці на волю? Але я магу толькі апісаць гэты працэс, падзяліцца сваімі меркаваньнямі. Што ж да сапраўдных прычын таго, чаму мне прапанавалі памілаваньне, — яны для мяне застаюцца невядомыя. Здагадкі ёсьць, доказаў няма. А асноўныя доказы могуць ніколі і не зьявіцца — такая думка прыйшла пасьля раптоўнай сьмерці ў канцы лістапада 2022 году тагачаснага міністра замежных спраў Уладзімера Макея. Пазьней патлумачу, пры чым тут ён.

А пакуль — жнівень 2022 году.

Недзе ў канцы лета, сярод дня, Андрэй, днявальны па атрадзе, як звычайна подбегам урываецца ў нашу «хату» і торкае мне ў руку дзяжурны мабільны тэлефон: «Гавары! Толькі назавіся! Хутчэй!»

Андрэй заўсёды такі імпэтны. Сядзіць за падвойнае забойства. З адной стрэльбы «заваліў» спачатку маладую жонку, потым — яе бацьку. Тэрмін у Андрэя велізарны, сьпяшацца быццам няма куды. Яго і днявальным паставілі таму, што мусіць паводзіць сябе нетаропка. Але ён не такі чалавек — можна сказаць, нават седзячы, бегае. Цяпер жа па твары бачу — насамрэч нешта незвычайнае.

Называюся. Незнаёмы мужчына на другім баку гаворыць па-дзелавому, але ўсё ж ня звыклым турэмна-начальніцкім тонам, а нэўтральна-паважліва: «Грузьдзіловіч Алег? Скажыце, кім вы працавалі?» Адказваю, што ўжо пэнсіянэр. «Ведаю. А да арышту кім працавалі? Гэта праўда, што на «Радыё Свабода»?» — «Пацьвярджаю». — «Ясна. Усё».

Цяпер вернемся назад, у сярэдзіну жніўня.

У нас, палітычных, зьявіўся новы імпульс пашаптацца падчас прагулкі, паўсьміхацца нейкім сваім высновам, пра якія іншым — маўчок. За вайной ва Ўкраіне мы сочым, гледзячы расейскія «60 хвілін» з прапагандысткай Скабеевай і параўноўваючы з тым, што нам пішуць сваякі ў лістах, што кажуць жонкі праз тэлефон.

Мы памятаем, як сказіўся твар Скабеевай, калі ў жывы эфір праскочыла навіна, што баі ідуць непадалёк ад Ізюму, хоць сьпікер Мінабароны Расеі толькі ўчора казаў пра наступ расейскіх войскаў пад Харкавам. А яшчэ праз колькі дзён жонка аднаго з нашых паведаміла мужу, што расейцаў гоняць ад Ізюму. Мы зь Сяргеем ходзім па «лякалцы» як заведзеныя. Нам проста месца не хапае: «Пагналі нашы гарадзкіх! Пагналі!»

На тле такіх падзей у атрадзе зноў узьнікаюць размовы пра тое, што нас, палітычных, зараз пачнуць выпускаць. Праз амністыю, праз памілаваньне, праз прызнаньне віны ці яшчэ як — ня важна, галоўнае, што сытуацыя патрабуе ад Лукашэнкі манэўру, і ён мусіць дзейнічаць.

Мне бліжэй такая вэрсія, бо яна лягчэйшая: што нас трымаюць як закладнікаў і зьбіраюцца некалі выгадна прадаць. Лукашэнка бачыць, што вайну расейцы прайграюць. Значыць, наперадзе ў Расеі вялікі крызіс, калі не развал, і яе падтрымка будзе зьмяншацца. Самы час улагодзіць Захад, каб аслабіў санкцыі. Захад таргавацца з Лукашэнкам пакуль ня хоча, але той можа прапанаваць хаця б «разрадку напружанасьці», як некалі Брэжнеў. Якім чынам? Простым — некага адпусьціць, каб паказаць, што хоча дамаўляцца. Пачне з больш вядомых асобаў, а далей будзе глядзець на рэакцыю: павядзецца Захад ці не?

Не скажу, што са мной усе сябры былі згодныя. Сяргей, які ня быў палітычным, папярэджваў, каб ня цешылі сябе ілюзіямі. «Глупства! Хутчэй забойцаў пачне выпускаць датэрмінова, чым палітычных. Навошта яму новыя праблемы? Выпусьціць, калі нож да горла нехта прыставіць, не раней», — злосна камэнтаваў Сяргей нашы надзеі на хуткі пачатак торгу рэжыму з Захадам. Але пагаджаўся, што на некаторых палітычных можа і праверыць гэты плян.

Затое Кастусь, яшчэ адзін мой сябар з палітычных, якраз дапускаў амністыю палітзьняволеных, прычым у блізкім часе: «Санкцыі прыціскаюць, гандаль з Захадам вось-вось пачнецца. А тады — па схеме 2011 году, прыйдзе і наша чарга. Можа, і да новага году».

Спрабуюць «сплавіць»

…І вось той дзіўны званок у канцы жніўня. Як яго разумець? Чаму невядомы супрацоўнік цікавіцца данымі, якія можна знайсьці ў маёй пэрсанальнай справе? Проста яе разгарнуць і прачытаць?

Яшчэ адна падзея замінала зрабіць адназначную выснову.

За тыдзень да таго атрадны начальнік выклікаў мяне да сябе ў кабінэт. Заходжу. Папівае каву. Даслухаў рапарт і, яшчэ прыцмокваючы, агаломшвае прапановай у форме загаду: «Хочаце напісаць заяву на перавод у першы атрад, да пэнсіянэраў? Там будзе лепей, а з маладымі складана. Пішыце».

Спрачацца ня мела сэнсу, бо калі захочуць, перавядуць самі, але ўжо праз ШІЗА. Падпісаў, выйшаў і, канечне, разважаю: з чаго раптам такі клопат пра маю пэрсону? Згадалася, як літаральна за два дні да таго палітзьняволены Кастусь параіў радзей кантактаваць падчас прагулак. «Перадалі, каб меней з вамі сустракаўся, зачаста бачаць побач. Увогуле палітычным непажадана «кучкавацца». То давайце пакуль… пачакаем».

Спыніўся на вэрсіі, што мяне загадана сплавіць да пэнсіянэраў, каб тут, у працоўным атрадзе, ня вёў, як яны кажуць, палітычную агітацыю.

І зноў разважаю пра дзіўны званок. Хто гэта быў? Тут два варыянты: альбо званіў начальнік пэнсіянэрскага атраду, вывучаў маю пэрсанальную справу і нешта вырашыў удакладніць. Кіраўніцтва атрадаў вывучае сваіх асуджаных загадзя. Мой начальнік да мяне ажно ў ШІЗА прыходзіў, праз «вочка» пазнаёміліся.

Альбо магчымы другі варыянт — сапраўды пачынаецца той самы торг, які палітычныя столькі абмяркоўваюць. Няўжо нарэшце прыпякло? Так ці не, хутка ўсё павінна вырашыцца. Пачакаем.

Хутчэй у штаб!

Чакаць давялося дзён дзесяць. Выдатна памятаю той надзвычай халодны аўторак, 6 верасьня. У звычайны год такой парой людзі яшчэ ў кашулях ходзяць, а тады нібыта прыйшла позьняя восень. За два дні пахаладала да плюс пяці ўдзень і ледзь не да нуля ўначы. Са складу зэкам выдалі целагрэйкі, але ўсё роўна мы мерзьлі і пачалі нацягваць пад форменныя курткі, хто што мае ў торбах — джэмпэры, камізэлькі, швэдры. Заправіш такую паддзёўку ў штаны — добра грэе. Але думаеш і пра тое, каб каўнер не тырчаў з-пад кашулі, бо гэта ўжо парушэньне формы адзеньня, як заўважаць — ШІЗА. Праўда, узьнікала іншая праблема. Ад пранізьлівага халоднага ветру паддзяваньне дапамагала, але ў памяшканьні хутка запарваўся. Асабліва ў сталоўцы, калі яшчэ пасёрбаеш цёплага супчыку ды асіліш «шлёмку» панцаку. А там жа цесна, ужо не распранесься.

Якраз у такім млявым стане падчас абеду чую раптам сваё прозьвішча. Крычыць нехта гучна, з праходу. Дзіва дый годзе! Першы раз бачу, каб апрануты ў жоўтую камізэльку днявальны заявіўся, каб некага адшукаць, ажно ў сталоўку падчас абеду.

«Дзе Грузьдзіловіч?! Ты? Хутчэй у штаб!» Лыжкі амаль ва ўсіх на імгненьне завісаюць у паветры. Можа, найбольш зьдзіўлены заўгас Аляксей ды іншыя актывісты, на тварах выразна чытаецца пытаньне: «Чаго яму такі прывілей?»

Да штабу ідзём так хутка, што ледзь пасьпяваю за днявальным. Звычайна днявальны падбірае некага зь іншых атрадаў, і ўжо такім цягнічком зэкі прыходзяць да двухпавярховага будынку штабу, у якім заўсёды нешта рамантуюць. І потым доўга стаяць, пашыхтаваўшыся перад ганкам, чакаюць выкліку. Але цяпер днявальны прыводзіць да штабу мяне аднаго, і, нікога не чакаючы, мы падымаемся на другі паверх. Там — па знаёмым ужо калідоры да дзьвярэй таго самага кабінэта. Недзе пад сэрцам пачынае калоць прадчуваньне нядобрага: колькі вачэй зараз у мяне ўвап’ецца, акрамя тых, з партрэта Лукашэнкі? І зноў пачнецца крык: «Ды я цябе!.. Ты ў мяне!.. Маўчы!»

Заходжу ў кабінэт, а там за сталом усяго адзін чалавек — сярэдняга веку мужчына ў сінім пракурорскім мундзіры. Іголачка, што калола пад сэрцам, зьнікае. Значыць, спрацаваў другі варыянт: размова пойдзе пра вызваленьне.

Далей дакладна ня памятаю, ці адрапартаваў пра сябе, як патрабуюць правілы ў калёніі. Магчыма, і пачаў, але быў спынены прапановай прысесьці за стол. Яшчэ адна добрая прыкмета ў пацьвярджэньне маёй здагадкі. Пракурор пачынае задаваць дзяжурныя пытаньні: як умовы, стаўленьне адміністрацыі, здароўе? Адказваю коратка і без зачэпак, каб суразмоўца перайшоў да галоўнага. Але гучыць пытаньне, якога зусім не чакаў, калі дарогай прыкідваў магчымы сцэнар размовы: «А як вы ставіцеся да ад’езду за мяжу? Пасьля вызваленьня не зьбіраецеся зьехаць?»

За мной гналіся кітайскія салдаты

Увогуле з замежжам у мяне адносіны простыя. Яшчэ лежачы на шконцы на «Валадарцы», неяк падлічыў, што за сваё жыцьцё, у асноўным як журналіст, пабываў у 21 краіне сьвету, ня лічачы ўжо няіснай ГДР. Амаль усе краіны, у якіх давялося пабываць, — эўрапейскія ды з былога СССР. З далёкіх двойчы быў у ЗША і адзін раз, у канцы 1990-х, занесла мяне як гандлёвага турыста ў Кітай, адкуль праз тыдзень выехаў, як калісьці з ГДР, з пачуцьцём, што вырваўся з канцлягера на свабоду.

Чаму маю супярэчлівыя ўспаміны пра Кітай? А як інакш, калі па кітайскім горадзе за мной, як за шпіёнам, гналіся салдаты Народна-вызваленчай арміі Кітаю, бо, бачыш ты, а шостай раніцы зьняў на фота падняцьце на гарадзкой плошчы чырвонага сьцяга зь пяцьцю жоўтымі зоркамі. Аказваецца, у камуністычным Кітаі на такія здымкі дазвол патрэбны!

І з журналісцкай вандроўкі па ЗША ў 1993 годзе я вярнуўся заўчасна, ня вытрымаўшы нью-ёрскай мітусьні — проста памяняў квіток на дзень раней. Карацей, заўсёды вяртаньне дадому было мацнейшай радасьцю, чым хваляваньне перад цікавай вандроўкай. І больш як на месяц з радзімай ніколі не разьвітваўся. Яшчэ на пачатку дзевяностых, калі зьехаць зь Беларусі стала справай і моднай, і адносна простай, канчаткова вырашыў для сябе, што буду жыць толькі дома. Ды ня проста жыць, а спрабаваць рабіць так, каб наша Беларусь станавілася дэмакратычнай, вольнай, эўрапейскай, а значыць, прывабнай.

І вось табе пытаньне ў лоб, ды яўна з падтэкстам: «Не зьбіраецеся зьяжджаць з краіны пасьля вызваленьня?» Чытай: лепш табе зьехаць куды далей.

Адказаў, зразумела, бяз гэтых доўгіх разваг, коратка: ніколі не зьбіраўся і не зьбіраюся. А ў галаве пакінуў дадатак: «І не спадзявайцеся!»

Ніводзін мускул на твары пракурора не зварухнуўся, але па той паўзе, якую ён вытрымаў перад наступным пытаньнем, стала зразумела, што мой адказ яго не задаволіў. Хоць чаго ён чакаў? Што кінуўся яго запэўніваць, маўляў, зьеду, толькі адпусьціце?

Што сілавікі ды іхны верхавод сьпяць і мараць, каб мы ўсе пазьяжджалі — у гэтым даўно пераканаўся. Шмат разоў чуў такія прызнаньні, у тым ліку і ў свой адрас. 23 сьнежня 2021 году, у першы дзень арышту, гэта паўтарылася.

Выціскалі за мяжу

Тады тры бамбізы са сталічнай управы міліцыі пракалоліся на маіх вачах тройчы.

Спачатку, як павезьлі са сьледчага камітэту, супрацоўнік за стырном ірвануў на скрыжаваньні на чырвонае сьвятло, ледзь не ўчыніўшы аварыю. Мне, кіроўцу з 35-гадовым стажам, засталося толькі хмыкнуць, ледзь утрымаўся ад камэнтару. Але далей бачу, што едуць не туды, мы ўжо па праспэкце Дзяржынскага непадалёк ад Акрэсьціна. «Куды вы едзеце? У дакумэнт паглядзіце — мяне ж на «Валадарку» трэба, абвінавачаньне ўжо выстаўлена!»

Што пачалося: «Б…! Ты куды глядзеў!» — зрываюцца адзін на адным. Разварочваюцца амаль на поўнай хуткасьці і гоняць у процілеглы бок, да «Валадаркі». І вось тут, як чакалі каля варот, пакуль валадарскія вертухаі адвячэраюць, відаць, спрацавала ў іх галовах нейкае забытае спачуваньне. «А чаго ты, — кажуць, — ня ўцёк за мяжу? У цябе было чатыры месяцы, даўно мог уцячы. Вось зараз пасядзіш».

Добрыя такія хлопцы, увайшлі ў становішча і адкрылі сакрэт, што ўсіх такіх, як я, загадана альбо саджаць, альбо выціскаць за мяжу. Атрымліваецца, мне гэтыя чатыры месяцы паміж затрыманьнем у ліпені і цяперашнім арыштам у сьнежні на тое і даваліся, каб уцёк. А я тады не зразумеў.

Заява на імя Лукашэнкі

Выходзіць, у кабінэце начальніка калёніі сам-насам з супрацоўнікам пракуратуры зноў будзем мусоліць гэтую тэму — пра ад’езд за мяжу. Але спачатку чалавек мусіць вызваліцца, а ўжо тады вырашаць праблему ад’езду. Думаю пра гэта, толькі выгляду не падаю, чакаю наступнага пытаньня. Паўза зацягнулася.

І тады кароткае, як стрэл, пытаньне: «Як вы ставіцеся да прашэньня аб памілаваньні?»

Цяпер мая чарга браць паўзу. І яна патрэбная, каб узважыць «за» і «супраць» ды не памыліцца. Стаўлюся да памілаваньня, вядома ж, складана. Бо таксама мучаць сумненьні, ці варта прымаць свабоду з рук дыктатара, які тысячы людзей празь беззаконьне кінуў за краты. А прашэньне аб памілаваньні давядзецца падаваць на ягонае імя, бяз гэтага не абыдзесься. Значыць, сумленьней не хлусіць сабе, не пагаджацца.

Аднак з гэтай маральнай пазыцыяй ува мне змагаецца практык, які разважае інакш: ад таго, што застанесься за кратамі, калі мог бы выйсьці на волю, нікому лепш ня будзе. Калі не вызваляесься коштам здрады, дык не скараесься, не саступаеш і не крывадушнічаеш.

Проста нібы ўцякаеш з-за дроту ў дзірку, якая нечакана адкрылася і праз хвіліну мае закрыцца. Празяваеш — будзеш шкадаваць. Дый на волі нешта можаш зрабіць карыснае, хаця б для сваіх родных. А ў вязьніцы ты толькі пакутнік і закладнік.

Чалавек ува мне з такой пазыцыяй перамагае таго, бескампраміснага, і рашэньне, што адказаць, прынята: «Нармальна стаўлюся. Але мне, як журналісту, даводзілася пісаць пра выпадкі вызваленьня палітзьняволеных праз памілаваньне, і таму ведаю, што ад іх патрабавалі прызнаньня віны. Дык вось я віну не прызнаў і не прызнаю. Таму — як хочаце».

З адказам мой візаві не цягнуў: «Добра, не прызнавайце. Пішыце без прызнаньня. Але ведайце: ці падпішуць такое прашэньне, сказаць не магу. Гэта як лятарэя. Дык напішаце?»

«Так, на гэта я згодны», — кажу як мага спакойней.

Прадстаўнік пракуратуры даў мне аркуш паперы, асадка ў мяне была свая. Пачатак заявы складаў сам, але далейшы тэкст часткова надыктоўваў пракурор. «Прэзыдэнту РБ Лукашэнку А.Г. асуджанага па артыкуле 342 Грузьдзіловіча А.Г. заява…»

Пра тэкст прашэньня памятаю дакладна, што трэба было пазначыць прысуджаны судом тэрмін і колькі рэальна зь яго адбыў. Напісаў пра паўтара года і задумаўся на сэкунду, што пазначыць далей. Паводле закону дзень утрыманьня падчас сьледзтва і да заканчэньня працэсу апэляцыі залічваецца за паўтара дня, і таму фармальна я адбыў за кратамі ўжо ня дзевяць месяцаў, а ледзь ня год. І ўсё ж пазначыў дзевяць месяцаў. Асобным сказам дадаў, што не прызнаю сябе вінаватым, бо працаваў на пратэстах як журналіст. Яшчэ запомніў такую дэталь: у канцы заявы пракурор прасіў упісаць словы: «Абавязваюся больш закон не парушаць». У гэтым сказе сьвядома ня стаў ужываць слова «больш», і атрымалася: «Абавязваюся закон не парушаць». Падумаў, што тут маральнай саступкі ня будзе: гэта ж нармальна, што грамадзянін абавязваецца не парушаць закон.

Паставіў унізе подпіс, дату і перадаў тэкст заявы супрацоўніку пракуратуры. Той прабег па ім вачыма, пры мне нічога ня правіў. «Да пабачэньня». — «Да пабачэньня».

Каментары2

  • Кек
    19.07.2023
    Дык што там з Макеем?
  • Мойша
    19.07.2023
    Трэба было дамаўляцца ў 21 ужо б большая частка выйшла,а хто б не выйшаў дык мо не падзьвяргаліся катаванням, а так пакуты гэтыя будуць доўжыцца яшчэ вельмі і вельмі доўга бо Светлане і Франку цікава на сустрэчы ездзіць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

Даляр сёння падаражэў на шэсць капеек, еўра — на 122

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →