Эканоміка1010

Кліенты давернага кіравання судзіліся з Альфа-Банкам, але грошай не вярнулі. Што вырашыў суд? 

Беларусы, якія мелі дамову давернага кіравання з Альфа-Банкам, засталіся без грошай. «Наша Ніва» разбіралася ў падрабязнасцях справы, дзе людзі звярталіся ў суд у пошуках справядлівасці, але той стаў на бок банкаўскай установы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Некалькі соцень беларусаў, якія карысталіся паслугамі давернага кіравання ад Альфа-Банка, аказаліся без грошай, бо яны засталіся замарожаныя заходнімі брокерамі. У адмысловым чаце ў тэлеграме налічваецца больш за 800 удзельнікаў, якіх аб'ядноўвае адна праблема. 

Частцы кліентаў удалося размарозіць і вярнуць свае грошы, але нават праз паўтара года застаецца нямала беларусаў, чые грошы завіслі. Сумы розныя — ад некалькіх тысяч да дзясяткаў тысяч даляраў. У некаторых «замарожанымі» застаюцца сумы большыя за 100 тысяч даляраў.

Адзін з чытачоў «Наша Нівы» расказаў сваю гісторыю, якая пачалася яшчэ ў 2020 годзе, калі ён вырашыў мець справу з даверным кіраваннем ад Альфа-Банка.

«Раней з такімі справамі не звязваўся, але паколькі звяртаўся не ў нейкую малавядомую ўстанову, а ў сур’ёзны буйны банк, то быў вялікі давер і ўпэўненасць, што ўсё будзе добра працаваць», — дзеліцца ўражаннямі чытач.

Так і было, пакуль Расія не вырашыла распачаць поўнамаштабную вайну супраць Украіны, а наша краіна не выступіла ў ролі суагрэсара.

Праблемы ў давернікаў пачалі з’яўляцца пасля таго, як Еўрасаюз стаў уводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі за агрэсію супраць Украіны. Хоць сам банк сцвярджаў, што актывы заблакаваны не праз санкцыі. 

Вясною 2022 года мужчына, як і іншыя давернікі, даведаўся ад банка, што ў сувязі з санкцыямі брокеры замарозілі рахункі банка.

Пры гэтым мужчына сцвярджае, што, калі вайна толькі пачалася, банк дэклараваў, што ён не знаходзіцца пад санкцыямі, што не мае ніякай сувязі з расійскім Альфа-Банкам. Таксама, што набывае акцыі не на сваё імя, а на імя даверніка — то-бок фізічнай асобны.

Фота: скрыншот з чата «Доверительное Управление Chat». Чат для кліентаў паслугі ДК Альфа-Банка, Беларусь

Тым не менш, чытачу і іншым давернікам прыйшла інфармацыя ад банка, што іх актывы замарожаныя праз санкцыі. Нібыта брокеры заблакавалі актывы беларускага Альфа-Банка праз тое, што пад санкцыі патрапіў расійскі Альфа-Банк.

«Частку актываў банку з часам удалося вярнуць, таму некаторыя людзі хоць і з затрымкай, але змаглі вярнуць грошы. Найбольшыя праблемы аказаліся ў тых, чыя актывы апынуліся ў брокераў, якія знаходзяцца ў Эстоніі і Вялікабрытаніі».

Брытанскія брокеры дагэтуль не размарозілі актываў, таму наш суразмоўца і дзясяткі іншых беларусаў не могуць вярнуць укладзеныя грошы.

«Пра замарозку актываў брытанскімі брокерамі мы ведаем толькі са слоў банка, бо ніводнай паперы ні ў судзе, ні ў афіцыйных каналах, што актывы насамрэч былі набытыя, паказана не было», — дадае чытач.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Чытач лічыць, што ў падобную сітуацыю ён і іншыя давернікі патрапілі праз тое, што банк мог набываць акцыі і цэнныя паперы праз брокераў не на рахункі беларускіх фізічных асоб, а на свае, хоць і праз давернае кіраванне.

«Праз гэта брокер не ведае, хто такі ўмоўны Іваноў Іван Іваныч і што менавіта ён купляў тыя актывы, бо купцом выступаў банк. Брокер проста не можа ведаць, што паперы належаць фізічнай асобе, а не банку», — кажа мужчына.

Згадваючы пачатак судовых разбораў, суразмоўца расказвае пра першае паседжанне, якое было адкрытым.

«На ім здавалася, што суддзя на баку заяўнікаў, што ён не разумеў, як гэта так склалася, што людзі засталіся без сваіх грошай. Але з другога паседжання суд зрабілі закрытым і стаўленне суддзі да сітуацыі змянілася», — дзеліцца ўспамінамі чытач.

Суразмоўца сцвярджае, што па ходзе справы банк са свайго боку неаднаразова ўносіў карэктывы ў дамову. Праўда, такія магчымасці былі прадугледжаны ў яе першапачатковым варыянце, які падпісваў чытач і іншыя давернікі.

Таксама, згодна з дамовай, даверны кіраўнік мае права прыцягваць да выканання сваіх абавязкаў кіравання актывамі іншы банк або іншую небанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю.

У выніку суд стаў на бок банка, бо палічыў, што невыкананне банкам абавязкаў па вывадзе актываў звязана з непераадольнай сілай, а менавіта ў сувязі з абмежаваннямі, уведзенымі ўпаўнаважанымі органамі дзяржаўнай улады і прыпыненнем разліковых аперацый брокерамі. Праз гэта суд не ўбачыў падстаў для спагнання страт.

Таксама праз гэта не знайшлося падстаў для спагнання ўпушчанай выгады.

Чытача абурае, што суд спаслаўся на санкцыі, хоць сам банк пачаткова сцвярджаў, што ніякага форс-мажору няма. 

Довады, што пры выбары брокера банк дапусціў халатнасць, таксама не прынятыя судом, бо банку ўдалося даказаць адваротнае, што праверка праводзілася і падчас яе ніякіх падазроных фактаў не знайшлося. Тым болей, што блакіроўка адбылася не праз жаданне брокера, а праз уведзеныя санкцыі супраць Альфа-Банка.

Паколькі суд не задаволіў позву кліентаў, яны не толькі засталіся без грошай, але і былі вымушаныя аплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры 5% ад сумы позвы. Улічваючы, што ў некаторых былі позвы на некалькі дзясяткаў тысяч даляраў і нават больш за 100 тысяч, ім давялося заплаціць па некалькі тысяч даляраў пошліны.

Што кажа сам банк?

Па словах суразмоўцы, сам Альфа-Банк пасля перамогі ў судзе са свайго боку не заяўляе, што калі суд стаў на іх бок, то пра вяртанне грошай можна забыцца. «Банк кажа, што робіць усё, каб вярнуць нашы грошы, але калі гэта адбудзецца і ці адбудзецца наогул — нікому не вядома».

Пры гэтым варта адзначыць, што банк паступова вяртае грошы давернікам, калі яму ўдаецца размарозіць актывы ў брокераў. Наколькі вядома чытачу, праблемы з вывадам актываў засталіся толькі ў тых, чыя актывы набываліся праз брытанскага брокера.

Меркаванне эксперта

Акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі лічыць, што калі суд стаў на бок банка, то для гэтага напэўна былі юрыдычныя падставы.

«Што тычыцца самога давернага кіравання, то яно надзейна роўна настолькі, наколькі надзейнай з’яўляецца сама дзяржава і яе інстытуты. Калі суд і іншыя інстытуты працуюць нармальна, а краіна не намагаецца ствараць нейкія міжнародныя канфлікты, праз якія на яе будуць накладацца санкцыі, то давернае кіраванне працуе добра.

У нармальнай сітуацыі ўсе рызыкі з інвеставаннем у падобныя актывы ў асноўным звязаны з тымі рызыкамі, якія існуюць на рынку каштоўных папер і аблігацый. Гэта ўжо залежыць ад таго, якія канкрэтна акцыі або паперы былі набытыя. Але ў доўгатэрміновай перспектыве — гэта звычайныя выгадныя ўкладанні», — адзначае Леў Львоўскі.

Датычна канкрэтнай справы Львоўскі кажа, што Альфа-Банк сапраўды не мог загадзя прадугледзець, што Лукашэнка дазволіць расійскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну. Гэты прывяло краіну да санкцый, якія былі накладзеныя не па віне банка.

«У дадзеным выпадку людзі і банк з’яўляюцца закладнікамі сітуацыі. Яўна з боку банка няма наўмыснага падману. Людзей таксама можна зразумець, бо яны не атакавалі Украіны і не планавалі гэтага зрабіць», — кажа эксперт.

Таксама эканаміст адзначае, што гэтыя грошы пакуль што толькі замарожаныя, таму рана сцвярджаць, што ўсе гэтыя людзі ўжо дакладна страцілі інвеставаныя грошы назаўжды.

Чытайце таксама: 

Нацбанк збіраецца ўвесці лічбавы беларускі рубель 

Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі за паўгоддзе дасягнуў 1,6 мільярда даляраў

Каментары10

  • Паляшук
    10.08.2023
    Неверагодныя! У краіне рэпрэсіі, усе звальваюць хто можа, ідзе вайна - а яны нясуць грошы у РАСЕЙСКІ банк!
    За гэта трэба не толькі грошы замарожваць, але і пад санкцыі кожнага такога "зарабляльшчыка" падводзіць за спансаванне расейскіх агрэсараў.
  • Санта
    10.08.2023
    Шкада беларусаў, якія занеслі туды свае грошы. Мараль гэтай гісторыі - ніколі не перадавайце свае грошы ў даверанае кіраванне расейскім банкам і не інвестуйце ў расейскія кампаніі, тым больш у такіх таксічных юрысдыкцыях, дзе “не да законаў”, дзе пануюць рэпрэсіі супраць уласных народаў і пачынаюць войны супраць суседзяў!
  • Янка
    10.08.2023
    Элегантны кідок, нічога ня скажаш.

    Спадар Львоўскі имаверна памыляецца. Ў выпадку санкцый арышту падлягаюць менавіта тыя актывы, якія фактычна належаць (нават бенефіцыярна) падсанкцыйнай асобе. Зразумела, калі справа ідзе аб прававых заходніх краінах, а не бандустанах, у якіх "иногда не до законов".

    Калі справа ідзе аб актывах кліентаў, якія трапілі пад арышт па фармальных прыкметах але якімі падсанкцыйны брокер толькі кіруе ў адпаведнасці з дамовай аб давяральным кіраўніцтве aka трасце, то ў агульным выглядзе схема разблакіроўкі наступная:

    1.Скласці рэестр арыштаваных актываў.
    2.Скласці рэестр уладальнікаў гэтых актываў.
    3.Размеркаваць кожны арыштаваны актыў на долі непадсанкцыйных уладальнікаў.
    4.Прыкласці дакументы, якія падцвержаюць факт траставай дамовы. Іншымі словамі - даказаць факт неналежнасці арыштаваных актываў падсанкцыйнай асобе.
    5.Запоўніць адапаведную заяву.
    6.Накіраваць сфармаваны пакет дакументаў адпаведнаму рэгулятару і чакаць адказу (ў станоўчым выпадку гэта будзе ліцэнзія на разблакаванне канкрэтных актываў).
    7.Ў станоўчым выпадку - рэгулятар выдае ліцэнзію на разблакаванне канкрэтных актываў, якая накіроўваецца фінансаваму інстытуту, які затрымаў актывы.
    8.Ў адмоўным выпадку але адсутнасці адказу ў прымальны час - вырашаць пытанне ў адпаведным судзе.

    Прыкладна так выглядае працэсс разблакавання арыштаваных актываў праз рэгулятар OFAC Мінфіна ЗША.

    Верагодней за ўсё сітуацыя выглядала так:

    З заходнімі брокерамі ўзаемадзейнічаў не беларускі Альфа-банк, а ягоны бацькоўскі расейскі Альфа-банк, бо атрымаць ладпаведную ліцэнзію звычайна здольны толькі вельмі буйны фінансавы інстытут. Тый проста не прайшоў працэдуру дэблакавання праз непадрыхтоўку вельмі обь'ёмнага пакета дакументаў. А можа яны знаходзяцца пад дахам крамля і ў дадзеным выпадку проста пляваць хацелі на пазыкі беларускім кліентам.

    Ствараць гучны прэцэдэнт адказнасці беларускага банка па інвестыцыях у замежжы альбо банкруціць беларускі Альфа-Банк - справа вельмі рызыкоўная для беларускага рэгулятара, бо замест жывых грошаў у агенцыіі па страхаванню ўнёскаў даўно ляжаць фантыкі ў выглядзе даўгатэрміновых аблігацый таксама падсанкцыйнага Банка развіцця. Таму было вырашана проста кінуць шэраг буйных беларускіх кліентаў, якія аддалі свае грошы ў траст прынамсі да часоў, калі санкцыйная праблемы магчыма знікнуць.

Як пасля канца свету. Аграсядзібу ў Салігорскім раёне занесла зямлёй3

Як пасля канца свету. Аграсядзібу ў Салігорскім раёне занесла зямлёй

Усе навіны →
Усе навіны

Паліклінікам дазволілі аказваць платныя паслугі ў выхадныя — у якасці альтэрнатывы прыватным медцэнтрам

Раптоўна памёр Алесь Сілкоў1

Беларус пабіў рэкорд Тома Круза: ён скокнуў з парашутам з неверагоднай вышыні3

Прыватны самалёт, які мог належаць Пабла Эскабару, ператварылі ў раскошнае жытло на Airbnb2

Навагодні зварот Ціханоўскай абагнаў прагляды Лукашэнкі. З чым гэта звязана?31

Запазычанасць Кітая рэзка перавысіла запазычанасць ЗША17

Закрываецца знакамітае кафэ «Залаты грабеньчык» у цэнтры Мінска, якое належала Чыжу

«Не спадабаецца — назад паеду»: палітзняволены памочнік пракурора Бабак з‘явіўся ў сацсетках ФОТА14

У Светлагорску звольнілі міліцыянера, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях. Цяпер ён судзіцца з УУС4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як пасля канца свету. Аграсядзібу ў Салігорскім раёне занесла зямлёй3

Як пасля канца свету. Аграсядзібу ў Салігорскім раёне занесла зямлёй

Галоўнае
Усе навіны →