Грамадства2626

«Добры дзень, у вас шэсць каментаў у экстрэмісцкім чаце». Не здзіўляйцеся, калі вам у ТГ напішуць пра вашы дзеянні ў 2020-м

«Мне ў тэлеграм прыйшло паведамленне ад нейкага Guardian 2. Напісалі, што я тры гады назад напісаў шэсць каментаў у чатах такіх і такіх. Пішуць, што гэта мне пагражае крымінальнай справай, і тлумачаць, як іх выдаліць. Скажыце, што гэта значыць? Гэта нейкая правакацыя? Мне неяк адказваць? Я сапраўды пісаў тыя каменты, але я ўжо не памятаю, як іх знайсці. А можа, гэта губаз, і, калі я выдалю, гэта ім будзе доказ, што гэта каменты мае?» Такі зварот прыйшоў у тэлеграм рэдактара «Нашай Нівы». Мы высветлілі, што гэта было, знайшлі таго Guardian 2. Ëн патлумачыў нам, хто ён (дакладней, яны, бо гэта група людзей), навошта яны гэта робяць і як іх адрозніць ад спецслужбаў і махляроў. Ëн таксама паведаміў «Нашай Ніве» лічбу акаўнтаў, якія пісалі ў пратэсныя чаты. 

Ілюстрацыйнае фота by Stefan Sauer, Picture Alliance via Getty Images

«Наша Ніва» і раней ведала пра групу актывістаў з Гродзеншчыны «Суды, затрыманні. Гродна і вобласць», якая гуртавала людзей з некалькі гарадоў і дзейнічала ў розных кірунках.

Напачатку, у 2020-м, ініцыятыва займалася маніторынгам і фіксацыяй палітычна матываваных судоў у Гродне і яшчэ некалькіх гарадах вобласці. З часам таксама занялася аналізам рэпрэсій, што адбываюцца ў краіне. Яны вядомыя яшчэ па назве акаўнта свайго тэлеграм-канала: @grodno_grab.

Менавіта гэтым людзям, як мы высветлілі, прыйшла ідэя пачаць пісаць беларусам, якія пакідалі каментары ў пратэсных чатах і групах, і вучыць іх, як выдаліць тыя старыя каментары і як абараняць сябе.

А тры тыдні таму яны яшчэ прэзентавалі бота, які дапамагае ўласнаручна выдаліць каментары ў тэлеграме. 

Вось што яны расказалі «Нашай Ніве».

Чаму сталі шукаць каментары і пісаць каментатарам?

Актывісты прыйшлі да высноў, што ў многіх выпадках адпраўны пункт рэпрэсій — лічбавыя сляды. Раней пакінутыя паведамленні, недастаткова абаронены тэлеграм-акаўнт…

«Наша мэта — паспрабаваць выратаваць усіх каментатараў з небяспечнымі акаўнтамі. Для гэтага мы інфармуем людзей у фармаце person-to-person, асабістым паведамленнем, пра тое, што ім можа пагражаць і што з гэтым можна зрабіць.

Важна, каб людзі ведалі, што ў іх выпадку ёсць рызыка затрымання. І што трэба быць да яго падрыхтаваным, да прыкладу, пачысціць іншыя свае акаўнты і электронныя прылады, а таксама паклапаціцца пра сваіх блізкіх.

Мы лічым, што пакуль ёсць шанец выратаваць чалавека ад рэпрэсій, варта гэты шанец выкарыстоўваць», — тлумачаць актывісты.

Што яны просяць рабіць тых, каму пішуць?

Людзям паведамляюць, якія іх паведамленні застаюцца бачныя ў чатах ці на рэсурсах і падказваюць, як іх выдаліць. Каментатараў праваабаронцы шукаюць спецыяльным пошукавым ботам.

Рэч у тым, што паведамленні, якія вісяць у чатах, фармальна інтэрпрэтуюцца як «правапарушэнне/злачынства, якое працягваецца». Калі да чалавека пасля прыйдуць міліцыянты, а паведамленні ўжо даўно выдаленыя, можа аказацца так, што тэрмін даўніны правапарушэння/злачынства палічаць скончаным.

Таксама праваабаронцы тлумачаць, як выдаліць тэлеграм-акаўнты і стварыць іх нанова.

«Калі чалавека яшчэ не здэананімізавалі, то гэта выратуе ад выпадку, калі акаўнт выпадкова патрапіць пад увагу. Такія выпадкі часта бываюць, і людзі пасля атрымліваюць рэальныя тэрміны. А калі чалавека ўжо здэананімізавалі, то з выдаленнем, па-першае, выдаляецца большая частка сувязяў акаўнта (таксама ён выдаляецца з кантактаў іншых), а, па-другое, можна ў выпадку затрымання сказаць, што каментарыі пісаў не ты», — кажуць актывісты.

Колькі беларусаў можа трапіць пад рэпрэсіі за каментары?

У базе актывістаў з чатаў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі», на сёння больш за мільён унікальных акаўнтаў і больш за 30 мільёнаў паведамленняў.

Вядома, што некаторыя людзі выдалялі і перастваралі акаўнты, а частка акаўнтаў належалі ботам і сілавікам.

Але сотні тысяч, бліжэй да мільёна, акаўнтаў належаць рэальным людзям і пры гэтым шмат якія з іх дрэнна абароненыя або не абароненыя зусім. Усе гэтыя людзі патэнцыйна могуць патрапіць пад рэпрэсіі, некаторых з іх ужо трапілі.

Як адрозніць актывістаў ад махляроў або спецслужбістаў?

На сёння ў ініцыятывы ёсць 9 акаўнтаў, з якіх яны пішуць людзям. Вось спасылкі на іх, яны вельмі простыя для запамінання:

Адпаведна, Guardian 2, Guardian 3, Guardian 4, Guardian 5, Guardian 7, Guardian 8, Guardian 9, Guardian 11, Guardian 12.

«Нашы валанцёры не патрабуюць ад вас аніякіх дадатковых звестак, а толькі тлумачаць, як абараніць сябе. Калі ў вас ёсць сумневы, вы заўжды можаце звярнуцца ў кантактны акаўнт @GrodnograbSOS, ён замацаваны ў апісанні канала @grodno_grab, і пераправерыць, ці нашы валанцёры вам пішуць. Усе нашы валанцёры знаходзяцца ў бяспецы па-за межамі Беларусі», — кажуць актывісты.

Але пасля сканчэння камунікацыі не забывайцеся выдаляць перапіску для вашай бяспекі.

Памятайце: калі да вас звярнуліся з аднаго з вышэй пералічаных акаўнтаў, гэта праваабаронцы (акаўнтаў, якія сканчаліся б на 1, 6 і 10 няма, імя ў астатніх аднолькавае, адрозніваюцца яны толькі лічбамі). І наадварот, калі ў вас просяць нейкія звесткі, нейкія іншыя дзеянні, а не проста раяць выдаліць, гэта не праваабаронцы.

Як рэагуюць людзі?

Вельмі разнастайна.

«Некаторыя адразу пішуць словы падзякі і выдаляюць усё разам з акаўнтам, некаторыя проста ігнаруюць, а некаторыя адразу блакуюць акаўнт. Часта нас прымаюць за супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў.

Шмат людзей забыліся, што калісьці пісалі каментары, таму адмаўляюць прызнаваць іх за свае, пакуль не дакажаш адваротнае», — расказвае прадстаўнік «ГроднаГраба».

Трапляюцца і людзі, якія выдаюць сябе цяпер за прыхільнікаў Лукашэнкі. «Але пасля нашых паведамленняў таксама выдаляюць свае каментарыі, хоць і кажуць спачатку, што яны нічога не баяцца і давяраюць міліцыі», — дзеляцца актывісты.

Сярод тых, каму яны пісалі, былі людзі, якія збіраліся ехаць у Беларусь, бо забыліся, што пакідалі каментары ў пратэсных чатах.

«Бывала, што мы пісалі людзям, якія ўжо адбываюць пакаранне на «хіміі» ці «хатняй хіміі» за каментары, а таксама тым, каго за іх нядаўна затрымлівалі. Трапляюцца тыя, хто ўжо адбыў пакаранне», — дадаюць актывісты.

Што ініцыятыва плануе рабіць далей?

Актывісты плануюць найперш абпісаць усіх людзей, якія змяшчалі каментарыі ў розных групах і пры гэтым маюць уразлівыя акаўнты.

Ініцыятыва таксама мае аўтаматызаваць апрацоўку акаўнтаў і спрасціць працу для актывістаў, якія дапамагаюць ім.

Па-трэцяе, актывісты думаюць над інструментам, які дазволіць ім шукаць паведамленні і падпіскі ў іншых сацыяльных сетках.

Па-чацвёртае, ініцыятыва плануе больш дасканала аналізаваць выпадкі рэпрэсій. Гэта трэба, каб выявіць найбольш частыя перадумовы, якія вядуць да затрыманняў, і прыдумаць новыя механізмы абароны ад іх.

Калі ж вы хочаце падтрымаць «Нашу Ніву», важны сродак масавай інфармацыі і бастыён беларушчыны, то гэта можна зрабіць праз Патрэон па спасылцы тут ніжэй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары26

  • Питон
    22.08.2023
    т.е. если мой телефон (вернее мой телеграм) сейчас под контролем ГУБОПиК (я им не пользуюсь) то этим самым такие деятели упрощают им работу? они реально там тупые или что?
  • Брэст сіла
    22.08.2023
    Рэальна класная ініцыятыва!
  • ІТ
    22.08.2023
    Питон, ГУБОП правярае тэлефоны пра ператрусе ці затрыманні, а далей тэлефоны ляжаць на складзе.

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →