Усяго патроху22

Эміграцыя — не нагода не садзіць бульбы. Дзве беларускі ў Беластоку стварылі гародзікі на сваіх балконах

Сайт «Зялёны партал» запытаўся ў журналісткі з Мінска Марыі Грыц і былой уладальніцы гродзенскай крамы «Адметнасць» Вольгі Верамеенка, якія цяпер жывуць у Беластоку і завялі агароды на гаўбцах, навошта яны гэта робяць. Рэч зусім не ў тым, што не хапае грошай на ежу.

Фота з архіву Марыі Грыц
Фота з архіва Марыі Грыц 

Вельмі хацелася адчуваць нейкі кантроль хоць над чымсьці

«Сёлета ўжо другі мой агародны сезон. Распачала яго летась, калі мы прыехалі ў Беласток і зразумелі, дзе мы будзем жыць, — распавядае Марыя Грыц, якая спачатку з’ехала з Беларусі ў Грузію, адтуль — ва Украіну, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны пераехала ў Польшчу. — Была акурат вясна.

І вось у мяне кожную вясну нейкая ломка пачынаецца — мне трэба саджаць агарод.

У нас крахатулечкі балкончык, літаральна з два квадратныя метры. Ён увесь застаўлены рознымі жбанкамі. Некаторыя на падлозе стаяць, некаторыя вісяць. На кручках вонкі першы шэраг, другі — непасрэдна на парэнчах. І яшчэ на зямлі стаяць.

Фота з архіва Марыі Грыц

Вельмі хацелася адчуваць нейкі кантроль хоць над чымсьці. А тут усё зразумела: пасадзіла сунічкі — у цябе сунічкі і выраслі. Ну наўрад ці калі ты пасадзіш суніцы, у цябе вырасце гарбуз.

У мяне было каля 40 раслін. Сёлета я садзіла бульбу, але нешта яна не надта расла ў вядры. Яшчэ ў мяне «паламаліся» кабачкі. Толькі кветкі-хлопцы растуць, а завязяў няма. Спрабавала гарбуз расціць, гуркі. Апошнім было нармальна ў вядры, а гарбузу, мабыць, трэба больш прасторы для карэння.

Карлікавыя ружы добра выраслі, хаця хварэлі. А дома ў мяне не атрымлівалася іх выгадаваць. Добра расце нешта дробнае: чабару спадабалася ў вядры.

Фота з архіва Марыі Грыц

Была ў мяне вялікая бітва за шалфей. Я яго некалькі разоў купляла, эксперыментавала з рознымі глебамі і палівам, перасаджвала. І нічога не атрымлівалася. А апошнім разам проста ў вядзерцы з крамы пакінула, уставіла ў іншае вядзерца — і рос.

Яшчэ мне хацелася вырасціць дрэва. І я набыла лаўровы куст.

Марыя Грыц

Я не самотная, я бульбу маю!

Тым, хто хоча завесці гарод на балконе, трэба зважаць, што ты будзеш да яго прывязаны. Гаршэчкі маленькія, зямля ў іх хутка сохне, асабліва па такой спёцы. У самыя гарачыя дні я іх палівала два разы на дзень.

Ты асабліва нікуды надоўга не з’едзеш, таму што трэба іх сядзець-глядзець. А знайсці чалавека, які б кожны дзень прыходзіў паліваць чужыя расліны, даволі складана. Калі мы збіраліся ў адпачынак, я выразала палову гароду, а другую частку пакінула на волю лёсу. І гэтыя расліны неяк выжылі.

Фота з архіва Марыі Грыц

Вельмі файная рэч — кампостнае вядро. Яно, праўда, хутка запаўняецца, а потым трэба доўга чакаць, пакуль прапрацуецца. Я ўжо думала туды якіх-небудзь чарвякоў пасадзіць. Можна не набываць угнаенні, а самой рабіць глебу. Ружы ў мяне, дарэчы, растуць у былым кампостным вядзерцы.

Добра мець аплікацыю ці дасведчанага чалавека, які дапаможа хутка зразумець, на што захварэлі расліны. Напрыклад, шкоднік павуцінны клешч, калі яго не дагледзець, можа вельмі хутка з’есці ўвесь гародзік, бо на балконе расліны стаяць вельмі шчыльна.

Фота з архіва Марыі Грыц

Не трэба сыходзіць у «раслінны запой», трэба цвяроза ацэньваць, колькі ты маеш месца. Бо я заставіла і засадзіла ўсё вельмі шчыльна, і не ўсім раслінам хапіла «жыццёвай прасторы».

— Я не самотная, я бульбу маю!

Бывае, сяду на падлогу на гаўбцы і сама сабе пад нос:

— Ну што вы, кветачкі, квітнееце? Квітнееце. Вось і добра.

— А вы што, памідоркі, расце? Расцеце. Малайчынкі.

І адпускае туга пакрысе.

Цяпер і бульбачкі павылазілі, так што стала яшчэ ўсцешней. Бо #эміграцыяненагоданесадзіцьбульбу

Абы гаўбец не ляснуўся ад маіх эксперыментаў».

Фота з архіва Марыі Грыц

Гэта такая сувязь з родам і з Радзімай

«Я ўсё жыццё займалася раслінамі. Нават у дзяцінстве вырошчвала нейкія кактусы на балконе. Потым мая прафесія была звязана з раслінамі, бо па першай адукацыі я — аграном, доўгі час выкладала ў аграрным каледжы, — распавядае гарадзенка Вольга Верамеенка. — Калі жыла ў Оршы ў бацькоўскай хаце, мела вялікі гарод і сад таксама, былі кветкі. Калі жыла ўжо з мужам у Гародні, таксама мела невялікі агарод. Калі трапіла ў вымушаную эміграцыю, то вельмі сумавала па сваіх раслінах.

Вольга Верамеенка

У лютым у мяне ўжо пачынаюць часацца рукі: трэба нешта пасадзіць. Садзіш, даглядаеш, любуешся. Увосень ужо стамляешся, усё прыбіраеш, а праз пару месяцаў пачынаеш новы сезон.

Першая кватэра, у якой мы жылі ў Беластоку, была без гаўбца. Таму летась я вырошчвала толькі кветкі, на падваконнях звонку. А ўвосень мы пераехалі ўжо ў кватэру з невялікім гаўбцом. І я падумала, што трэба засадзіць яго кветкамі.

Фота з архіва Вольгі Верамеенкі

А потым прыйшла думка, што трэба яшчэ дадаць нейкія карысныя раслінкі. І мы з Марыяй Грыц задумалі пасадзіць бульбу. Я пасадзіла сваю ў вядро. І нарадзіўся хэштэг #эміграцыяненагоданесадзіцьбульбу.

Бульбу садзілі нашы продкі. Гэта такая сувязь з родам і з Радзімай. Ну і бульба вырасла, але я яе ўжо выкапала з месяц таму (размова адбывалася 27 жніўня — рэд. ЗП), бо вельмі вялікая была надземная частка. Ну і з’елі, бо акурат не было ў хаце крамнай бульбы.

Фота з архіва Вольгі Верамеенкі

Знізу куста было няшмат праз гарачае лета. Але я ўсё роўна задаволеная. Даволі шмат я сабрала памідорак чэры. Яшчэ застаўся маленечкі салодкі перац, на ім таксама ёсць плады.

Яшчэ ёсць па каліве мяты, базіліку і пятрушкі ў адным доўгім гаршку. Я іх насушыла. Ну і, зразумела, чабор. Цяпер, увосень, замест памідораў, якія ўжо не пладаносяць, планую пасадзіць хрызантэмы.

Фота з архіва Вольгі Верамеенкі

 

Зрабіць так, каб было як дома

Збольшага гэта сум па мінулым жыцці, канечне. Бо я заўсёды была звязаная з зямлёй, жыла ў прыватных хатах і ў Гародні, і ў Оршы. А ў Беластоку кватэра, тым больш не свая.

Хочацца, каб было нешта сваё, свой кавалачак зямлі, хай у гаршках. Пакуль у мяне няма мэты тут закараніцца. Хутчэй зрабіць так, каб было як дома. Я разумею, што няхутка з’явіцца магчымасць вярнуцца дадому. Я купляю рэчы, якія мне патрэбныя.

Мне ўжо далёка не 20 год, калі ўсё жыццё наперадзе. Таму я жыву тут і зараз. Я не ведаю, колькі тут буду. Калі з’явіцца магчымасць, канечне, вярнуся.

Фота з архіва Вольгі Верамеенкі

Расліны на гаўбцы адраслі адзін сезон — і прыбіраеш іх, плануеш нешта новае. А хатнія можна забраць з сабой, калі пераязджаеш у іншую кватэру. Калі будзем вяртацца — аддаць камусьці тут. Шмат раслін, якія засталіся ў Беларусі, я раздала па хатах.

Калі пруты гаўбца абабітыя бляхай — гэта непрыгожа. А хочацца ўсё ўпрыгожыць. Вельмі ўтульна ў вольную хвіліну папіць кавы сярод раслін. І чабор там пахне. Шкада ўсё ж, што гаўбец вельмі малы і няма дзе развярнуцца».

Фота з архіва Вольгі Верамеенкі

Каментары2

  • Бывалый
    06.09.2023
    Они же на этнографической территории, значит должны чувствовать себя дома.
  • Basyl
    06.09.2023
    Девчонки, скиньтесь и купите дзялку rod, небольшие участки земли в черте города а ля дачи, без застройки дёшево стоит

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна11

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

Па квіткі на яго спектаклі гадзінамі стаяць у чэргах. Інтэрв'ю з новым рэжысёрам Тэатра лялек

Экс-футбаліст Сяргей Алейнікаў знайшоў працу ў Балгарыі

Ізаляванае племя ў бразільскіх трапічных лясах знялі схаванай камерай9

Жонка Башара Асада знаходзіцца ў крытычным стане з-за лейкозу. Лекары ацэньваюць яе шанцы як 50/50

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна11

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →