«Замарожванне вайны — кепскі сцэнар для Беларусі». Мінамётчык «Альгерд» апісаў варыянты развіцця падзей
Цяпер Алег «Альгерд» Аўчыннікаў ваюе на Херсоншчыне. Пакуль ён расказваў «Нашай Ніве» праз месенджар пра сваё жыццё, гутарку двойчы перапынялі выбухі мін. Вайсковец рэагаваў спакойна: «Прылёты!». Алег Аўчыннікаў на фронце дваццаць месяцаў. Ён чалавек ідэйны і бескампрамісны: «У Беларусь вярнуся толькі са зброяй».
«Класічная вайна»
«Чалавека, далёкага ад вайсковай справы, вайна шакуе, што на ёй забіваюць: можаш ты, а могуць цябе. Іначай нельга», — будзённа адзначае каліновец.
Ён гаворыць, што ва Украіне — класічная вайна з поўнамаштабнымі наступальнымі аперацыямі, высадкай дэсанту, выкарыстаннем усіх відаў узбраенняў.
122-міліметровы мінамёт — разбуральная зброя, апавядае далей каліновец. Ім працуюць не па плошчах, а па канкрэтных каардынатах. Міны ператвараюць бліндажы ў шчэпкі, тэхніку разрываюць на часткі, ад жывой сілы мала што застаецца.
Аўчыннікаву яго работа падабаецца. Ён задаволены яе вынікамі і плануе заставацца ў артылерыі. На ўласныя вочы мінамётчык разбурэнняў не бачыць. Наступствы фіксуюць дроншчыкі на відэа. Гібель людзей яго шакавала першыя разы, а далей са смерцю звыкся.
«Мяне ратуе ад глыбокіх стрэсаў тое, што забітых я не бачу. На відэа плоць у паветры не так прабірае», — прызнаецца вайсковец.
«Вайна мяняе любога, — дадае ён. — Я не стаў больш чэрствым, але некаторыя з'явы, якія мяне ўражвалі, успрымаліся мною дужа эмацыйна, больш не кранаюць…».
У Алега пры сабе два абярэгі. Першы — малюнак Пагоні ў сярэднявечным стылі — яму падарыла на дзень народзінаў Кацярына Ваданосава. Другі — бел-чырвона-белы сцяг — ён пашыў сам у 2018 годзе і яго падпісала Ніна Багінская.
Каліновец заўважае, што вайна спраўдзіла трываласць яго ідэалаў і непахіснасць у «вядзенні святой барацьбы супраць імперыі зла — Расіі — за вызваленне Беларусі».
Са Старых Дарог
Алегу Аўчыннікаву 34 гады. Нарадзіўся ён ў сям'і настаўнікаў у Старых Дарогах. Падлеткам зацікавіўся гісторыяй. Бываў у славутым музеі Анатоля Белага.
Спасцігаючы мінуўшчыну, Алег разумеў, што «нешта не тое з цяпершчынай». Яго даймалі пытанні, чаму ў Беларусі — «прарасійская дыктатура, а Расія лічыцца братняй краінай».
Даць волю апазіцыйнасці юнак асцерагаўся, бо райцэнтраўскія рэаліі такой актыўнасці не прымалі. Усё ў горадзе было пад кантролем сілавікоў.
«Большасць з іх аказаліся ватнікамі»
У 2012 і 2013 гадах Аўчыннікаў ездзіў на пратэсты ў Расію. Тамтэйшая апазіцыя тады выступіла супраць фальшавання прэзідэнцкіх выбараў, выбараў у Дзяржаўную Думу і за вызваленне палітвязняў. Масавыя акцыі пратэсту адбываліся ў дзясятках гарадоў.
Аўчыннікаў спадзяваўся, што яны прывядуць да падзення Пуціна, а пасля лягчэй будзе скінуць Лукашэнку.
Стаўленне да Майдану паказала Алегу імперскую сутнасць расійскіх пратэстоўцаў, з якімі Алег сышоўся на антыпуцінскіх маршах у Маскве.
«Большасць з іх аказаліся імперцамі і ватнікамі», — канстатуе ён.
У 2012 годзе Алега Аўчыннікава затрымалі ў Гомелі, дзе ён вучыўся ў Гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі. Амапаўцы схапілі яго са стосам лістовак. Праз два дні адлічылі з універсітэта і звольнілі з пасады юрысконсульта ў Старых Дарогах. Хацелі забраць у войска, але ад армейскіх ботаў хлопца ўратавала аднаўленне ва ўніверсітэце.
Затрыманне і «прафілактычныя візіты» супрацоўнікаў КДБ наказалі актывісту быць абачлівейшым. Яго кампаніяй былі маладафронтаўцы.
У апошні дзень 2013 года Аўчыньнікаў ірвануў у Кіеў на Майдан.
«Там адбываўся пратэст, якога я ніколі не бачыў у жыцці», — згадвае ён.
Праз тры дні Алег «вярнуўся ў шэрую будзённасць беларускага жыцця» і вытрымаць змог толькі два тыдні.
19 студзеня 2014 года ў сталіцы Украіны ён стаў сведкам першых узброеных сутыкненняў пратэстоўцаў з сілавікамі. 22 студзеня загінуў гамельчук Міхаіл Жызнеўскі.
Вярнуцца на радзіму Аўчыннікаву давялося, каб замяніць пашпарт, але знаёмыя шапнулі, што ім цікавяцца спецслужбы. Марудзіць з ад’ездам не стаў, і з 1 сакавіка 2014 года бязвыезна знаходзіцца ва Украіне.
«Так, праз Майдан мне давялося пакінуць радзіму. Маладосць, прага прыгодаў, разуменне важнасці дапамогі Украіне спляліся ў адну гісторыю», — гаворыць Алег.
Ён кажа, што ў яго была місія — расказваць украінцам, што будзе з іх краінаю, калі не перамогуць. У Беларусі дэмакратыя не перамагла і запанавала дыктатура. Так магло быць і з Украінаю.
Калі б Майдан быў пераможаны, лічыць Аўчыннікаў, у Беларусі наогул не было б шанцаў вырвацца з расійскага палону.
Да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ён зарабляў на жыццё прынагоднымі падпрацоўкамі. 3 2015 года знаходзіўся ва Украіне нелегальна, бо яму адмовілі ў статусе ўцекача. Удзельнічаў у беларускіх эміграцыйных арганізацыях. Ладзіў акцыі салідарнасці. Быў прэс-сакратаром руху салідарнасці «Разам».
Украінскі абывацель не бачыў розніцы
У тым, што Расія атакуе Украіну, Алег Аўчыннікаў не сумняваўся і з паплечнікамі папярэджваў украінцаў, што «Лукашэнка ім не саюзнік».
«Лукашэнка цалкам прарасійская фігура, казалі ім, а яны спадзяваліся на яго. Мы ж, беларусы, ведалі, што ён сваю ролю ў вайне адыграе. Так і выйшла», — расказвае мінамётчык.
Украінцы былі шакаваныя здрадаю Лукашэнкі. Стаўленне да беларусаў заўважна пагоршала. Гэтаму дапамагалі расійскія «тролі», якія разводзілі ў інтэрнэце антыбеларускую істэрыю. Украінскі абывацель не бачыў розніцы між Лукашэнкам і беларусамі. Украінцы лічылі, што беларусы спачатку выходзілі на пратэсты, а потым дазволілі напасці на Украіну.
Паводле Аўчыннікава, беларускія рэаліі ўкраінцы не маглі разгледзець, бо Лукашэнка да вайны быў у іх самым папулярным замежным палітыкам. Яны верылі ў міф пра добрае і бесклапотнае жыццё беларусаў. Мясцовыя карумпаваныя палітыкі і алігархі бачылі ў Лукашэнку гарантыю ўзбагачэння.
«Цяпер, дзякуючы беларускім добраахвотнікам, валанцёрам, украінцы даведаліся, што адбывалася ў Беларусі і за што мы змагаемся. Стаўленне да нас мяняецца», — запэўнівае Аўчыннікаў.
Беларускія добраахвотнікі спадзяваліся, што ў выпадку вайны ім дазволяць сфармаваць нацыянальнае падраздзяленне. Але 24 лютага ім прапанавалі запісвацца ў тэрытарыяльную абарону. Спроба атрымаць зброю скончылася няўдала.
Некалькі разоў беларусаў, якія пазней сталі ваярамі, затрымлівалі патрулі. Аднойчы бралі жорстка, у аддзеле паліцыі псіхалагічна прэсінгавалі, але адпусцілі, упэўніўшыся, што яны «нармальныя людзі» — не расіяне і не агенты Лукашэнкі.
Са звароту Яна Мельнікава беларусы даведаліся, што пры славутым «Азове» фармуецца беларуская рота тэрытарыяльнай абароны для абароны Кіева. Рота, дзякуючы беларусам, якія зʼехаліся з розных краін, хутка павялічылася да батальёна. Пазней ён і стаў Палком Каліноўскага.
24 сакавіка 2022 года ваяры падпісалі кантракты з Узброенымі сіламі Украіны. Аўчыннікаў паспеў паваяваць звычайным стралком, пабыў сапёрам.
«Першы раз убачыў працу артылерыі ў ноч з 10 на 11 сакавіка, калі вартаваў лякарню. У горад прарывалася расійская калона, а па ёй украінцы білі гарматамі. Мы назіралі з узгорка, як яны пляжаць расійскую тэхніку, якая рухалася з боку Беларусі», — згадвае Аўчыннікаў.
Калі расіяне абстрэльвалі ракетамі завод Антонава, ён кожны залп лічыў апошнім.
Пад Кіевам Аўчыннікаў апошні раз пабачыў жывым Аляксея «Тура» Скоблу, калі той прывёз у лякарню сваіх параненых. Ён расчуліўся, угледзеўшы на форме беларускую сімволіку. 13 сакавіка 31-гадовы ваяр загінуў.
«Яго смерць стала для мяне навукай, што вайна сапраўдная, жорсткая і на ёй гінуць нават тыя, каго ведаеш», — адзначае Алег.
«Людзі абдымалі нас і плакалі»
Херсон — улюбёны ўкраінскі горад Аўчыннікава. У яго вызваленні ўдзельнічалі беларускія добраахвотнікі. Пад расійскай акупацыяй ён быў больш за паўгода.
«Дарогаю да Херсона нас віталі жыхары прыгарадных вёсак, якія перажылі акупацыю, а ў самім горадзе радасць вызвалення адчувалася ў паветры. Людзі абдымалі нас і плакалі», — згадвае ён.
Па словах Аўчыннікава, адваяваны Херсон не быў зруйнаваным. Мэтанакіравана разбураць горад пачалі расіяне, пакінуўшы яго.
«Яны руйнуюць усё, што трапляе ў зону іх абстрэлаў. Бессэнсоўна цалкам знішчаюць паселішчы. Наваколле Бахмута, сам Бахмут, Купянск — ператвораныя ў друз», — адзначае мінамётчык.
Яго шакуе жорсткасць расійскіх вайскоўцаў да мірнага насельніцтва. Расійскі салдат крадзе, што трапляе яму на вочы: ад сабачых будак да ўнітазаў, заўважае суразмоўца.
Гэта тое, што ламае любыя стэрыятыпы «пра харошую Расію і рускіх ды добрае жыццё ў іх краіне». Хто бачыць, што яны твораць ва Украіне, мяняюць прыязнасць да Расіі.
«Паднявольны народ! Яны азлобленыя на ўсіх…» — разважае Аўчыннікаў.
У той жа час, расказвае Аўчыннікаў, у расійскіх салдат адсутнічае матывацыя ваяваць. Яны не разумеюць навошта ім Украіна, але ідуць на смерць. У войску запрыгоненыя людзі, з якімі ўлада робіць, што хоча. Кантрактнікі няблага зарабляюць і лічаць, што вайна — лёгкія грошы.
«Расійскае камандаванне з сітуацыі, у якім апынулася войска, выцісне, што можа. Яно хутка вучыцца. Пераймае нашу тактыку. Расіяне — вораг, з якім даводзіцца лічыцца», — заўважае Аўчыннікаў.
Украіна, дадае каліновец, ваюе не проста з Пуціным, а з Расіяй, дзе большасць падтрымлівае вайну.
«У простага расіяніна імперскасць у крыві», — лічыць ён.
Замарожванне вайны — кепскі сцэнар для Беларусі, упэўнены Аўчыннікаў. Беларускія добраахвотнікі будуць гінуць ва Украіне, у самой Беларусі працягнецца тэрор, а Пуцін не спыніць спансараваць рэжым Лукашэнкі.
Аўчыннікаў перакананы: ад перамог украінскай арміі, уплыву міжнародных санкцый, дапамогі ўзбраеннямі залежыць, калі расіяне зразумеюць бессэнсоўнасць вайны.
Цяпер жа, кажа ён, украінскаму войску не хапае авіяцыі. Кантроль над небам дазволіў бы зменшыць колькасць ахвяраў і павысіць паспяховасць наступальных аперацыяў, а таксама ўмацаваць дух салдат.
У беларусаў свая вайна
У вызваленні Херсона Алег Аўчыннікаў бачыў падабенства з тым, што адбывалася на вуліцах беларускіх гарадоў падчас пратэстаў 2020 года. Херсонцы не паддаліся акупанту гэтак жа, як і беларусы не спалохаліся гвалту першых дзён па выбарах і выйшлі «на азвярэлых амапаўцаў бараніць сваю чалавечую і грамадзянскую годнасць».
«У вызваленай Беларусі нас сустрэне вялікая грамада з бел-чырвона-белымі сцягамі», — заяўляе ваяр.
Ён перакананы, што беларусы ў 2020-м зрабілі ўсё, каб перамагчы. «Дыктатара падтрымлівала Расія», — адзначае Аўчыннікаў.
Тое, што цяпер дзеецца ў Беларусі, каліновец называе вайной. На ёй ёсць забітыя, скалечаныя, 1500 прызнаных палонных. Маштаб беларускай вайны выявіцца, калі адкрыюцца архівы, кажа каліновец.
Аўчыннікаў упэўнены: пытанне Лукашэнкі немагчыма вырашыць палітычным шляхам.
Лукашэнка — праблема для ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну, а таксама пытанне нацыянальнай бяспекі Украіны.
«Украіна першая павінна быць зацікаўленая, каб рэжым Лукашэнкі быў знішчаны», — цвердзіць каліновец.
У тым, што кіраўніцтва палка Каліноўскага дэманструе палітычныя амбіцыі, Аўчыннікаў заганы не бачыць. На яго думку, ва Украіне цяпер больш прыслухоўваюцца да людзей са зброяй, чым да палітыкаў, асабліва, калі парушаюцца правы байцоў.
Абаронцы Лукашэнкі разбягуцца
Алег Аўчыннікаў кажа, што «вернецца ў Беларусь толькі са зброяй у руках». Вызваленне Беларусі пачнецца, калі Украіна пераможа Расію, мяркуе ён. У нас з’явіцца магчымасць вырвацца, якой тут жа варта скарыстацца.
Лукашэнкаўцы ў такой сітуацыі не будуць супраціўляцца пераменам, мяркуе Аўчыннікаў. «Ябацькі смелыя толькі на словах — падлянкамі, даносамі», — настойвае суразмоўца.
А калі і знойдуцца фанатыкі-лукашысты, Аўчыннікаў перакананы: першы ж бой іх працверазіць.
«Паміраць ніхто не хоча», — упэўнены каліновец.
Вайна для Алега Аўчыннікава скончыцца, калі ён зможа прайсці з бел-чырвона-белым сцягам па вуліцах Мінска. У новай Беларусі каліновец хоча прысвяціць жыццё службе ва Узброеных сілах. У вольны час зоймецца тым, чым займаўся ва Украіне да вайны — упарадкаваннем патрыятычных лагераў для моладзі, дзе будзе культывавацца беларуская мова, гісторыя, культура. Вернецца і да гістарычнай рэканструкцыі — свайго даваеннага захаплення.
6 кастрычніка Алегу Аўчыннікаву ўручылі медаль «За спрыянне вайсковай разведцы Украіны» ІІ ступені. «Нашае змаганне працягваецца, да нашай супольнай Перамогі!» — адрэагаваў мінамётчык батальёна «Літвін» Палка Каліноўскага пасля атрымання ўзнагароды.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Расія напала на Украіну АНЛАЙН
Аўтар 21 тысячы артыкулаў у Вікіпедыі судзіўся з БРСМ-актывісткай. Што з імі пасля гэтага стала
Беларускі баец атрымаў узнагароду з рук Зяленскага ў Херсоне ФОТА
Каментары