Грамадства77

Юрысты НАУ сістэматызавалі выпадкі дыскрымінацыі рэжымам Лукашэнкі беларускіх грамадзян у замежжы

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і ягоны лідар Павел Латушка правялі прэс-канферэнцыю ў варшаўскім «Музеі вольнай Беларусі», дзе расказалі аб выніках закрытага круглага стала «Сістэмная дыскрымінацыя рэжымам Лукашэнкі беларускіх грамадзян, якія жывуць у замежжы, і шляхі яе пераадолення». Вынікам сістэматызацыі дыскрымінацыйных выпадкаў стаў аднайменны даклад, які прадставіў юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк. У арганізацыі прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел Centrum Dialogu im. Juliusza Mieroszewskiego, прадстаўніцтва Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па транзіце ўлады і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі: Ганна Маціеўская, Міхаіл Кірылюк, Павел Латушка, Томаш Віліньскі

15 кірункаў дыскрымінацыі беларусаў, якія жывуць у замежжы.

Праявы дыскрымінацыі, скіраванай супраць беларускіх грамадзянаў, якія апынуліся за мяжой, і найперш супраць тых, хто не можа вярнуцца ў Беларусь па палітычных прычынах, пералічыў Міхаіл Кірылюк:

«Студэнтам, якія вучацца ў замежных ВНУ, адмоўлена ў адтэрміноўцы вайсковай службы. Беларусы ў замежжы не могуць узяць удзел у выбарах, бо беларускія ўлады адмовіліся ад стварэння пунктаў для галасавання ў іншых краінах. І з'ездзіць у Беларусь дзеля гэтага яны таксама не могуць, бо там чакае затрыманне і турма. Забарона здзелак з маёмасцю па даверанасцях, аформленых за мяжой, забарона на выдачу беларускіх пашпартоў у амбасадах —

усё гэта робіцца з адной мэтай: змусіць людзей вярнуцца, каб мець над імі поўную свабоду ўжывання рэпрэсій».

Міхаіл Кірылюк

Дыскрымінацыйныя выпадкі, якія юрысты сістэматызавалі ў дакладзе, сталі вядомыя ім з незалежных СМІ, справаздачаў праваабаронцаў і непасрэдных зваротаў грамадзянаў Беларусі па юрыдычную і прававую дапамогу. І гэтыя выпадкі маюць не адзінкавы, а сістэмны характар.

Беларускае заканадаўства дазваляе адабраць у чалавека ўсё.

Сярод праяваў дыскрымінацыі самым жорсткім і незаконным метадам ціску Міхаіл Кірылюк лічыць завочныя крымінальныя справы і гвалтоўнае адабранне маёмасці:

«Завочныя крымінальныя справы супраць палітычных уцекачоў ужо не рэдкасць. Але цяпер у Беларусі магчымая канфіскацыя маёмасці нават без прысуду па крымінальных справах: дастаткова звярнуцца ў эканамічны суд з афіцыйнай заявай, што нейкі чалавек нанёс матэрыяльную шкоду дзяржаве. Да прыкладу, нехта сказаў у інтэрв'ю, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі — гэта добра. І ўсё, пры жаданні можна налічыць мільярдныя страты, якія нібыта панесла Беларусь.

У Паўла Латушкі арыштаваны дом за тое, што ён быццам бы рабіў заклікі да пагромаў і падпалаў у жніўні 2020-га, і гэта прывяло да стратаў з боку дзяржавы памерам 2 мільёны долараў. Так лёгка дайсці да таго, што дом умоўнай Светы Пятровай, якая з'ехала з Беларусі, можа быць канфіскаваны толькі таму, што ён спадабаўся нейкаму чыноўніку. Прадаць яго гаспадыня не можа, бо не мае даверанасці, аформленай на радзіме, а распачаць супраць яе крымінальную справу — прасцей простага».

Асобна юрыст адзначае выпадкі, калі ціск з боку дзяржавы на тых, хто з'ехаў, аказваецца праз родных і блізкіх. Мужоў, жонак, дзяцей і бацькоў выклікаюць у сілавыя структуры і змушаюць запісваць відэазвароты з просьбамі вярнуцца, шантажуючы ўцекачоў цяжкім маральным станам іхніх сваякоў.

Праблемы за мяжою суправаджаюць беларусаў «ад нараджэння да смерці».

Такое меркаванне выказала юрыстка «WKB Lawyers» Ганна Маціеўская, маючы на ўвазе цяжкасці з легалізацыяй немаўлят, якія нарадзіліся ў замежжы, і ўсе бюракратычныя пытанні, якія складана вырашыць, прыкладам, па сканчэнні тэрміну дзеяння пашпарта.

Беларусам у такой сітуацыі патрэбны адмысловы статус, лічыць польскі юрыст і мецэнат Томаш Віліньскі. Паколькі немагчыма ўплываць на заканатворчасць і неправавое выкарыстанне заканадаўства ўнутры Беларусі, адзіны шлях — гэта стварэнне адпаведных умоваў для беларускіх грамадзянаў у іншых краінах.

Віліньскі мяркуе, што беларусам, якія вымушана жывуць у замежжы, варта надаць статус ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, і каб гэты статус быў шырэйшы за статус палітуцекача ці асобы, якая атрымала «міжнародную ахову», як гэта практыкуецца ў Польшчы. Такі статус беларусы замежжа змогуць атрымаць пасля трыбуналу над рэжымам Лукашэнкі, лічыць польскі юрыст.

Паводле слоў кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, Польшча і Літва прынялі на сябе самы вялікі цяжар цяперашняй сітуацыі. І ўрады гэтых дзяржаў заслугоўваюць вялікай падзякі за тое, што яны прымаюць беларусаў. Але гэтыя краіны зазнаюць і вялікую колькасць праблемаў, звязаных з вымушанай эміграцыяй вялікай колькасці людзей.

Праблемы беларусаў у эміграцыі — не толькі беларускія.

Павел Латушка перакананы, што сёння надзвычай важна даводзіць сусветнай грамадскасці тое, што не беларусы вінаватыя ў тым, што адчуваюць ціск з боку беларускіх уладаў і ствараюць праблемы для тых краін, дзе яны вымушана апынуліся. У гэтым вінаваты рэжым Лукашэнкі.

Павел Латушка

«Мы хочам паказаць сістэмнасць такой з'явы, як дыскрымінацыя беларускіх грамадзянаў па-за межамі краіны. Даклад юрыстаў НАУ ёсць першай спробай сістэматызацыі такіх выпадкаў. Пасля дапрацоўкі з улікам выказаных заўваг і прапановаў ён будзе распаўсюджаны па міністэрствах замежных справаў і парламентах тых краінаў, дзе сёння жывуць беларускія грамадзяне.

Бо праблема рэпрэсій, якія ўжо перайшлі межы Беларусі, становіцца праблемай для краін замежжа. Ніводная дзяржава не хоча, каб у ёй пражывала вялікая колькасць людзей, якія знаходзяцца па-за прававой сітуацыяй. Гэта супольная праблема: мы, як беларусы, хочам абараніць сябе ад ціску рэжыма, а замежным краінам важна, каб мы пачуваліся там нармальнымі грамадзянамі», — лічыць Павел Латушка.

Цяперашняя эміграцыйная хваля — самая маштабная за апошнія сто гадоў, падкрэслівае кіраўнік НАУ. Пасля Першай сусветнай вайны з Беларусі на Захад выехала 122 тысячы чалавек, пасля Другой сусветнай — каля 50 тысяч, пасля распаду Савецкага Саюза — яшчэ каля 50 тысяч. А пасля выбараў-2020 — не менш за 200 тысяч, прычым некаторыя крыніцы кажуць і пра паўмільёна тых, хто пакінуў Беларусь. Усіх гэтых людзей Лукашэнка залічыў у палітычныя ворагі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Ага
    26.11.2023
    Выборы, конфискации и ля ля. Это и без их систематизации очевидно. Прям можно просто открыть любой тг канал беларуский. А вот реальная работа где? Где работа с теми, кто депортируется из Литвы? Им не нужен отчёт. Им нужно реально помочь решить вопрос в суде, до которого многие не могут дойти из-за отсутствия денег.
  • Балаба
    26.11.2023
    Інстаправаабаронца, ну как минимум белмусоров уде ищет интерпол с подачи пал палыча
  • Гэта не тое
    26.11.2023
    Гэта не дыскрымінацыя, а пераслед. Латушка як юрыст некампетэнтны. І гэта не пытанне адказнасці рэжыму, а задача для замежных урадаў

Цяпер чытаюць

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Усе навіны →
Усе навіны

Замест металадахоўкі — дубовая драніца. У цэнтры Віцебска на месцы міліцыі адкрылася кавярня ў бездакорна адноўленым 200‑гадовым будынку10

«Людзі дамовіліся ў адзін час выйсці ў лакальныя ўчасткі і біць усіх актывістаў». Ігар Лосік расказаў пра бунт у Наваполацкай калоніі8

Турэцкага губернатара звольнілі за веласіпедныя легінсы ў абліпку13

Галкіпер Каба-Вэрдэ Вазінья, што стаў легендай чэмпіянату свету, знайшоў сабе новы клуб

Ратавальнікі патушылі пажар на «Інтэграле»

Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан адхілены ад пасады праз абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях3

З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?11

У Польшчы праз адчыненае акно ў дом залез спалоханы лось ФОТА6

Пажары каля Мадрыда выйшлі з-пад кантролю

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць