Сярэдняя тэмпература 2009 года ў Беларусі была на 1,2°С вышэйшая за кліматычную норму, якая складае 5,8°С.
Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Дзмітрый Рабаў 28 снежня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, гэта сведчыць пра захаванне тэндэнцыі пацяплення клімату, якая назіраецца ў Беларусі ў 1989 года.
Самымі цёплымі месяцамі 2009 года былі студзень, люты, красавік і лістапад.
Тэмпература гэтых месяцаў перавышала норму на 2,5—2,9°С.
Як сказаў Рабаў, у асноўным пацяпленне клімату адзначаецца не за кошт летніх, а за кошт зімовых і восеньскіх месяцаў. У гэтым годзе лета было ўмерана цёплае.
Сярэдняя тэмпература перавысіла кліматычную норму на 0,3°С за кошт цёплага жніўня.
Самым халодным месяцам у дачыненні да кліматычнай нормы стаў снежань. У Віцебскай і Магілёўскай абласцях тэмпература дасягала мінус 27°С, у Мінску — мінус 22°С. Як зазначыў Рабаў,
такая халодная другая дэкада снежня ў Беларусі бывае прыкладна раз на 20 гадоў.
Паводле яго слоў, снежань таксама вызначыўся анамальна цёплымі першымі днямі і рэзкім пацяпленнем у 20‑х чыслах. Апошнімі днямі тэмпература на 5—10°С перавышае кліматычную норму.
Паводле слоў спецыяліста, 2009 год можна лічыць «вельмі дажджлівым».
За год выпала на 20% больш ападкаў, чым у сярэднім: 778 мм пры норме ў 665 мм. Самымі дажджлівымі месяцамі былі сакавік, чэрвень, ліпень, кастрычнік, лістапад. Прычым у кастрычніку дождж ліў амаль кожны дзень. У ліпені анамальная колькасць ападкаў — 142 мм — выпала за некалькі дзён, калі прайшлі ліўні.
Самымі сухімі месяцамі гэтага года былі красавік, жнівень і верасень.
У красавіку па ўсёй тэрыторыі краіны адзначалася засуха: за месяц выпала ўсяго 26% ад нормы ападкаў.
Каментары