Грамадства1111

«Напэўна, муку для бліноў яшчэ не змалолі». Госці пушчанскага Дзеда Мароза расказалі, як ехалі ў казку, а трапілі ў савок

Чытачы выдання BG.Media расказалі пра тое, як хацелі трапіць у казку, а трапілі ў савок. Аказалася, што паесці бліноў і папіць гарбаты ў Белавежскай пушчы, дзе атабарыўся беларускі Дзед Мароз, не так і проста.

Нядаўна чытачы BG.Media вырашылі з'ездзіць да беларускага Дзеда Мароза. Таго самага, брэндавага, які апранаецца ў чырвоны каптан, надзяе пышную бараду і віншуе ўсіх з Новым годам.

Ягоны маёнтак размясціўся ў самым сэрцы Белавежскай пушчы, за 15 км ад вёскі Камянюкі. Мясцовая прырода паспрабавала зладзіць свята дарослым і дзецям, літаральна за лічаныя гадзіны павесіўшы на дрэвы беласнежныя карункавыя ўборы. Падсветленыя гірляндамі, яны ў цёмны час глядзеліся вельмі эфектна, нагадваючы сапраўдную зімовую лясную казку.

Дзед Мароз і Снягурка выглядалі цудоўна, як сапраўдныя казачныя героі. Але сама казка, аднак, для суразмоўцаў выдання вельмі хутка скончылася. Ніжэй ідзе іх расказ.

Як пушчанскія блінцы з гарбатай засталіся толькі марай

Далей пачалося тое, што добра знаёма многім людзям старэйшых пакаленняў і характарызуецца ёмістым словам «савок». У надзеі перакусіць і сагрэцца гарбатай (мара турыста) мы вырашылі зайсці ў кавярню «Хата дзеда Мароза». Адразу скажам: гаспадар маёнтка да гэтай установы не мае дачынення. Яна цалкам у валоданні Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», як і ўсё, што знаходзіцца на яго тэрыторыі, уключаючы гатэль і рэстаран.

Але ў «Хаце» нам, падобна, былі не радыя. Яна, як высветлілася, закрываецца а шостай вечара, пры тым што экскурсіі да дзядулі праводзяць да паловы на дзявятую. На гадзінніку было амаль сем. Так што паспытаць бліноў з травяной гарбатай у нас не атрымалася.

У маёнтку Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы

Наступным пунктам, куды мы зайшлі з той жа мэтай, ужо пасля вяртання ў Камянюкі, стала кавярня з прыгожай назвай «Лясная казка». Яна знаходзіцца па суседстве з вальерамі і Музеем прыроды. Прыгожы драўляны будынак нібы вабіў чымсьці цёплым, запрашаючы зайсці ўсярэдзіну. Тым больш мы дакладна ведалі: у меню там звычайна бываюць і бліны, і духмяная гарбата на травах, а калі пашанцуе — то і мачанка з дранікамі.

На жаль, нам не пашанцавала… Не, усе гэтыя стравы былі ў меню. Вось толькі нам іх прапанавалі… у пластыкавых кантэйнерах, і прыгатаваць абяцалі мінімум праз паўгадзіны. Гарбата — таксама на вынас.

Усе столікі ў кавярні былі занятыя, хоць многія наведвальнікі ўжо відавочна паелі і проста сядзелі ў чаканні экскурсіі. Прагнаць іх нібыта нельга, а месцаў вольных няма і не прадбачылася.

Выбар невялікі — замовіць нешта на вынас і проста шпацыраваць у чаканні гатоўнасці, ці зайсці ў рэстаран «Белавежская пушча», які стаіць непадалёк.

Мы ўсё ж абралі другі варыянт. І зноў пракалоліся. Рэстаран працаваў, там не было ніякага «спецабслугоўвання». Вольных столікаў таксама было дастаткова.

Але афіцыянт не вельмі ветліва папярэдзіў: што б мы ні замовілі, чакаць прыйдзецца… не менш за гадзіну. Напэўна, муку для бліноў яшчэ не змалолі на тым самым млыне, які мы толькі што бачылі ў маёнтку пушчанскага Дзеда.

Затрымлівацца тут яшчэ на паўтары гадзіны ніяк не ўваходзіла ў нашы планы. Падумаўшы, мы вырашылі ахвяраваць блінамі і абмежавацца пакетаванай гарбатай, узятай на барнай стойцы. Проста, каб сагрэцца. Трохі падсаладзіў пілюлю вялікі смачны пернік ад Дзеда Мароза, які нам падарылі ў рэзідэнцыі. Гэта своеасаблівы бонус для ўсіх удзельнікаў экскурсіі.

Заснежанае рэзюмэ

Зразумела, што ў пушчы цяпер вялікі наплыў турыстаў. Сведчанне таму — на паркоўцы амаль не было вольных месцаў. На экскурсію ў першыя дні студзеня адначасова адпраўляліся па чатыры аўтобусы. Але праблема з харчаваннем узнікае тут рэгулярна. І з году ў год нічога не мяняецца. Пушчанскае грамадскае харчаванне губляе на гэтым грошы, Нацыянальны парк — імідж, а турысты з'язджаюць з сапсаванымі ўражаннямі.

Пра «лясную казку» ў сацсетках маса бесстаронніх водгукаў. І пра тое, што месцаў часцяком не хапае, і што афіцыянты часам хамяць, і доўга абслугоўваюць нават у паўпустой зале.

У маёнтку Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы

У рэстаране аналагічная сітуацыя. Пры тым, што цэннік і там і там зашкальвае. Напрыклад: дранікі (тры штукі на порцыю) каштуюць каля 20 рублёў. Салаты — ад 10 і вышэй. Для зусім не багатых беларусаў — усё ж занадта. Заўважым: гаспадар ва ўсіх пушчанскіх устаноў адзін — Нацыянальны парк. Манаполія стоадсоткавая, ніякіх канкурэнтаў.

Пабудаваць яшчэ парачку павільёнаў тут жа, з дрэва, якое ў поўным распараджэнні Нацпарка — мабыць, не лёс.

Але няўжо нельга хаця б перанакіраваць паток турыстаў, якія жадаюць пакаштаваць нацыянальную кухню і выпіць гарачай гарбаты, туды, дзе ёсць месцы, не змушаючы іх блукаць па зімовым лесе з пластыкавымі кантэйнерамі? А калі прапануеце на вынас ежу, якая зімой хутка стыне, чаму б не зрабіць зніжку?

Ну, а тое, што «Хата Дзеда Мароза» ў рэзідэнцыі закрываецца на дзве з паловай гадзіны раней за заканчэнне апошняй экскурсіі, то-бок працоўнага дня самога Дзеда, і зусім не каментуецца без моцных слоў.

І лайфхак ад народа

Увогуле (цяпер мы працытуем толькі адзін са шматлікіх водгукаў на гэтую тэму): «Хочаце атрымаць асалоду ад пушчы, бярыце ежу з сабой як у паход і будзе вам шчасце». Лепш, мабыць, і не скажаш для характарыстыкі гэтага так званага сэрвісу.

Але калі вы ўсё ж захочаце паспытаць фірмовыя беларускія стравы на тэрыторыі запаведніка (іх у пушчанскіх кавярнях і рэстаранах гатуюць у цэлым нядрэнна, калі пастараюцца, вядома), то вось вам парада:

ідзіце ў рэстаран загадзя, замоўце на пэўны час, але так, каб у вас была як мінімум гадзіна. За гэтую гадзіну, пакуль вы будзеце гуляць каля вальераў, кухары з «Белавежскай пушчы» што-небудзь для вас згатуюць. Толькі папярэдне забраніруйце ў афіцыянта вольны столік. На ўсялякі выпадак.

У маёнтку Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы

Каментары11

  • Беларус
    06.01.2024
    Ганьба, А растлумачце, калі ласка, спадар канапны баец, з чаго вы ўзялі, што гэтыя людзі - "хатаскрайнікі"?  
  • Юрась
    06.01.2024
    Беларус, вы не беларус, калі не разумееце відавочнага.
  • Зюзя
    06.01.2024
    Артыкул - 100 ад. праўда. Таксама нікому не радзім туды ехаць. Гэта не проста "савок". Гэта гаўняная дзярка. Але што тут казаць...Усім гэтым кіруе УД Президента. А гэта - воры, карупцыянеры і бандыты.

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?1

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

Усе навіны →
Усе навіны

Сям'я, якая летам няўдала пакаталася на атракцыёне, атрымае кампенсацыю 3000 рублёў4

Місія ЗША пры АБСЕ пракаментавала выбары ў Беларусі2

Акцёр Ігар Сігоў назваў свой самы вялікі ганарар у кіно1

У Кобрынскім раёне пайшоў бярозавы сок ВІДЭА

БелАЗ масава падае ў суд на расійскія фірмы. Што адбываецца?2

Суд у Германіі вынес пажыццёвы прысуд мужчыну, які забіў дзяўчынку з Украіны2

Магілёўцу, які з нажом адбіваўся ад губазікаўцаў, пагражае прымусовае лячэнне

Палітвязня пачынаюць судзіць праз два гады пасля арышту. З яго захопленага акаўнта губазікаўцы паліваюць Азарава і «Байпол»4

Аб'яднаны пераходны кабінет прапанаваў новае свята — Дзень Нязломнасці18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?1

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць