«У турме не перажывала так за сябе, як цяпер за родных». Гісторыя беларускі, у якой арыштавалі маці
Маці Евы Сапрыгінай забралі тры месяцы таму. Ёй пагражае чатыры гады зняволення.
«Сказалі, няхай сядзіць…»
Ева даведалася пра затрыманне маці, 58-гадовай Ірыны Сапрыгінай, з паведамлення адваката, якое прыйшло на тэлефон. Падрабязнасці арышту даходзяць да яе дагэтуль.
«У мяне быў шок. Здаецца, я была гатовая да ўсяго, але, як высветлілася, не да такога. Маці не ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года, і я была спакойнай. Я засцерагала яе нічога не пісаць у інтэрнэце. Каб даглядала бабулю і дзядулю», — адзначае Ева.
Па словах Евы, маці дужа перажывала за Украіну. У маладосці яна жыла ў Харкаве. Таму, не стрымаўшы эмоцый, магла пакінуць у інтэрнэце словы падтрымкі ўкраінцам.
Але, перакананая дачка, матчыны допісы не былі зняважлівымі.
Па Ірыну Сапрыгіну супрацоўнікі КДБ прыехалі з Мінска ў Мазыр 30 кастрычніка. Тады яна жыла са сваёй 83-гадовай маці — інвалідам 2-й групы, невідушчай кабетай.
Цягам года Ірына даглядала маці, будучы аформленай як апякунка. Калі наведаліся чэкісты, гаспадыня кватэры ляжала ў бальніцы.
Ева даведалася, што ў бабулінай хаце пасля візіту сілавікоў усё было перавернута.
Калі ж бабулю выпісалі, то да яе прыходзіў міліцыянт і выпытваў пра яе стаўленне да Украіны і Ізраіля.
Унучцы даводзіцца хлусіць, што маці давялося тэрмінова з’ехаць па працоўных справах.
«Тры месяцы я ёй расказваю розныя гісторыі, каб яна не ведала праўды, якую не перажыве», — удакладняе Ева.
Ірыну Сапрыгіну змясцілі спачатку ў ізалятар на Акрэсціна, а пазней перавезлі ў Жодзіна.
Яна двойчы хварэла на вірусныя захворванні. Належнага лячэння і неабходных прэпаратаў ёй не давалі. Тыя лекі, якія ёй прыносілі з волі, даходзілі не адразу.
«Маці медработніца. Ганаровы донар. Яна ведае, якія прэпараты ёй былі патрэбныя. Мала таго, дык яшчэ і цёплыя рэчы прынялі толькі з чацвёртага разу», — расказвае дачка.
Ірыне ўжо выставілі абвінавачванне. Ёй інкрымінуецца абраза Лукашэнкі (1 частка 368 артыкула Крымінальнага кодэксу) і абраза Дзмітрыя Баскава («абраза прадстаўніка ўлады» — 369 артыкул Крымінальнага кодэксу). Жанчыне пагражае да 4 гадоў няволі.
Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
За кратамі 26 студзеня Ірына адзначыла дзень народзінаў. Гэта ўзрост выхаду на пенсію.
Ева мяркуе, што ў лютым адбудзецца суд. Яна кажа, што спрабавала дамагчыся, каб маці вызвалілі хаця б да суда ў сувязі з цяжкім станам бабулі.
Будучы без догляду, яна ўпала і паламала пазваночнік. Цяпер у больніцы прыкутая да ложку.
«З адвакатам прасілі, каб адпусцілі маму пад заклад. Тлумачылі сітуацыю, падавалі даведкі. У маці была добрая характарыстыка з працы. Былі ўсе падставы выпусціць яе да суда, каб яна знайшла некага, хто даглядаў бы бабулю. Але нам адмовілі», — тлумачыць сітуацыю Ева.
Дзядуля і бабуля Евы Сапрыгінай. Фота: асабісты альбом Евы Сапрыгінай
Яе дзед, былы вайсковец, памёр, калі яна была ўжо на чужыне. Яго забралі ў бальніцу з ціскам, а там ён захварэў на кавід, ад якога згарэў за тры дні.
Бабуля — медработніца. Удзельнічала ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, працавала з пацярпелымі ад радыяцыі. Цяпер няма каму забраць яе з бальніцы.
«Мне пашанцавала, бо адседзела толькі 15 дзён»
Ева Сапрыгіна ў 15 гадоў зацікавілася палітыкай. Пазнаёмілася з актывістамі БХД і была назіральніцай на выбарах ад кампаніі «Права выбару». Сваю дзейнасць яна называе не толькі палітычнай, але і сацыяльнай.
Ева не згодная з існаваннем у Беларусі смяротнага пакарання. Гэта тэма яе асабліва хвалюе, і з'яўляецца асновай у дзейнасці дзяўчыны.
«Жыццё чалавека — самае галоўнае. Але дзяржава ігнаруе самую важную гэту каштоўнасць, якая супадае з дэмакратычнымі, еўрапейскімі каштоўнасцямі…», — даводзіць яна.
У 2019 годзе Ева Сапрыгіна балатавалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Па БТ выступіла з псіхадэлічным вершаваным зваротам у незвычайным вобразе.
Калі пачалася выбарчая кампанія 2020 года, праводзіла адзіночныя пікеты. Станавілася з плакатамі «Свабоду палітзняволеным» у месцах, дзе збіраліся подпісы за вылучэнцаў у прэзідэнты.
Ева кажа, што па здушэнні пратэстаў яе пераследавалі цэлы год. Шукалі ў Мінску і Мазыры, дзе яна нарадзілася і была прапісаная. Ёй даводзілася пераязджаць з горада ў горад.
Схапілі яе ў жніўні 2021 года і пасля допыту супрацоўнікамі КДБ прысудзілі 15 дзён арышту за «хуліганства». У пратаколе напісалі, што яна мацюкалася.
Утрымлівалі дзяўчыну ў сталічным ізалятары на Акрэсціна, а потым завезлі ў Баранавічы. Яна лічыць, што ёй пашанцавала прабыць за кратамі такі невялікі тэрмін. Напрыклад, яе сукамерніцу, пенсіянерку, па вызваленні тройчы пераарыштоўвалі і давалі па 15 сутак.
Паводле словаў суразмоўцы, на яе быў складзены стос пратаколаў, але тэрмін пакарання па іх сышоў.
«У 2020 годзе я была сапраўды шчаслівай»
Ева Сапрыгіна з'ехала з Беларусі ў жніўні 2021 годзе. Спачатку перабывала ва Украіне, але там было неспакойна.
Ад дзяўчыны таямніча памерлага актывіста Віталя Шышова даведалася, што беларусам, якія апынуліся ва Украіне праз пераслед на радзіме, пагражаюць.
Тады Ева наважыла перабрацца ў ЗША. Праз два месяцы ва Украіне пачалася поўнамаштабная вайна.
У Амерыцы беларуска займаецца творчасцю: дзяўчына малюе, і яе карціны купляюць. Разам з сябрамі запісвае кліпы пра Беларусь і жыццё на чужыне.
Да зняволення маці Ева была максімальна асцярожнай у кантактаванні з прэсай, бо разумела, што можа нашкодзіць родным.
«Іх нейкім дзіўным чынам не чапалі два гады, але цяпер гэта адбылося, і я вымушана гаварыць. Я не адна такая. Многія ў Беларусі цяпер перажываюць тое, з чым цяпер жыву я. Я так за сябе не перажывала, калі сама была ў турме, але зусім іншае, калі пад пераслед трапляюць родныя», — пераказвае свае пачуцці суразмоўца.
У Евы вышэйшая адукацыя. Яна настаўніца малявання. Працавала цырульніцай і падзарабляла ў дзіцячых цэнтрах творчасці.
У 2020 годзе Ева адчувала, што ў краіне адбываюцца важныя падзеі, якія ў будучыні зменяць жыццё краіны.
Ёй хацелася быць спрычыненай да набліжэння пераменаў. Але яна не магла прадбачыць, што зусім хутка давядзецца бараніць родных.
«2020 год быў унікальным, бо беларусы сталі адзінымі. Гэта мяне захапляла і захапляе дагэтуль, — падсумоўвае Ева. — Першы раз у жыцці я была настолькі шчаслівая. Тыя адчуванні падтрымліваюць мяне. Цешыць, што беларусы захоўваюць дух салідарнасці, які дапамагае выжываюць удалечыні ад радзімы. Гэта дужа няпроста, калі ў Беларусі трывае нешта нездаровае, што супярэчыць здароваму глузду».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
У Полацку затрымалі маці жанчыны, якая правяла антываенную акцыю на школьнай лінейцы
Каментары