Грамадства2929

«Яна забрала дзяцей і вярнулася ў Мінск»: гісторыя беларуса, які эміграваў у Барселону з сям'ёй, а застаўся адзін

Ці рэальна заставацца значным чалавекам у жыцці сваіх дзяцей, калі бацькі жывуць у розных краінах? Арцём пераязджаў у Барселону з сям'ёй. Праз тры гады жонка вырашыла з дзецьмі вярнуцца ў Беларусь. А мужчына шукае варыянты бацькоўства на дыстанцыі.

Арцём з дзецьмі. Фота з архіва героя

Арцём пераехаў з жонкай і маленькім сынам у Барселону каля чатырох гадоў таму. Кажа, што гэты горад даўно быў яго марай.

— Я шмат разоў быў тут да пераезду. У вясельнае падарожжа адправіўся з жонкай па Міжземным моры. Мы выплывалі з Барселоны, а потым вярталіся туды ж — і яшчэ тыдзень жылі ў горадзе. І вось падчас чарговага шпацыру я сказаў: «Ты ўяўляеш, наколькі шчаслівыя людзі побач? Проста таму, што яны жывуць у Барселоне — такі кайф».

У гэты момант і з'явілася думка пра эміграцыю. Сям'я пачала рухацца ў напрамку гэтай ідэі. Арцём лічыць, што галоўнае — гэта жаданне. Калі яно ёсць, дык з астатнім ужо як-небудзь разбярэшся.

У сакавіку 2020 года ў сям'і нарадзіўся першы сын. Даволі часта маладыя бацькі хочуць жыць недзе побач з бабулямі і дзядулямі немаўляці, разлічваючы на нейкую дапамогу. Але папаўненне ў сям'і не падавалася Арцёму перашкодай для пераезду.

«Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць», — пасміхаецца Арцём. Але ж кавід унёс свае карэктывы.

— У мяне быў бізнэс у турыстычнай сферы. Праз пандэмію ён часова спыніўся. Усе грошы, якія былі адкладзены на пераезд, прыйшлося ўкідаць у бізнэс. Таму вырашылі адкласці рэалізацыю мары. Калі пачаліся паслабленні ў кавідных абмежаваннях, мы вырашылі зноў вярнуцца да ідэі эміграцыі. Грошай на пераезд ужо не было. Я выставіў сваю машыну на продаж.

Вырашылі: як толькі знойдзецца пакупнік, дык адразу можна і пераязджаць. Каля паўгода ахвотных набыць аўто не было, але потым усё неяк хуценька закруцілася. Машыну прадалі і пачалі займацца неабходнымі дакументамі, атрыманнем віз, пошукам кватэры на новым месцы. А ў працэсе падрыхтоўкі Арцём даведаўся, што стане татам у другі раз.

— Мы ўзялі некалькі кансультацый у спецыялістаў па рэлакацыі, каб разабрацца з пытаннямі жылля, медыцыны і іншымі нюансамі. Адразу дыстанцыйна аформілі страхоўку, каб жонка магла праходзіць усе неабходныя абследаванні ў Іспаніі і нараджаць там без усялякіх даплат і ўзносаў.

План пераезду быў збольшага складзены, квіткі на рэйс Мінск—Барселона набыты… Здавалася, што б магло пайсці не так? Але калі ты беларус, то пайсці не так можа прыкладна ўсё. Незадоўга да планаванай даты ад’езду сям’і Лукашэнка вырашыў прызямліць у Мінску самалёт Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце. Пасля міжнароднага скандалу прамыя рэйсы з Беларусі ў Еўрапейскі саюз былі спынены.

— Прыйшлося тэрмінова мяняць маршрут. А ў мяне цяжарная жонка, маленькае дзіцё і дзве коткі. Я набыў квіткі з вылетам з Варшавы, але ў хуткім часе Польшча ўвяла, здаецца, 10-дзённы абавязковы каранцін для ўсіх замежнікаў… У выніку ляцелі з Кіева.

Шмат каго хвалюе пытанне, колькі ж грошай трэба для эміграцыі. Арцём адказвае, што грошай заўсёды мала — і заўсёды будзе на нешта не хапаць.

— Але ўсё залежыць ад вашых запытаў і запатрабаванняў. Канечне, калі ты адзін і можаш проста зняць пакой, гэта адна гісторыя. Калі як у мяне сям’я, дык патрэбна і кватэра пабольш у нармальным раёне, і добрая медыцынская страхоўка. У мяне было з сабой недзе 22-23 тысячы еўра.

Мужчына спадзяваўся, што такога бюджэту хопіць прыкладна на паўгода, але скончыліся гэтыя грошы літаральна за некалькі месяцаў.

— Мы прыехалі ў той самы момант, калі жыллё ў Барселоне пачало рэзка даражэць пасля кавіда. Здавалася, што сюды паехала ўся Еўропа. Рынак доўгатэрміновай арэнды пачаў моцна расці. У нас першапачаткова былі чаканні, што мы арандуем кватэру за 700-900 еўра з мэбляй. А атрымалася, што ў выніку знайшлі кватэру толькі за 1500 еўра без мэблі. Прыйшлося абстаўляць новае жыллё цалкам.

Сам пошук кватэры стаў квэстам. Арцём пачаў шукаць кватэру ў Барселоне яшчэ калі сям’я была ў Мінску — разлічваў адразу засяліцца ў арандаванае на доўгі час жыллё. Але па факце з’язджаў з Беларусі не ведаючы дакладна, куды паедзе засяляцца.

— Частку сваіх рэчаў мы перавозілі ў Іспанію на бусіку. Я нават не мог даць кіроўцы канкрэтны адрас. Сказаў: «Едзь да Барселоны. Будзеш на паркоўцы побач з горадам — тэлефануй, разбяромся, куды везці, на кватэру ці на склад які. І вось літаральна за некалькі гадзін да нашага вылету з Кіева напісала рыэлтарка, што дамовілася з адным уласнікам, які пагадзіўся здаць нам кватэру на некалькі месяцаў, пакуль мы не знойдзем пастаянную.

Паступова сям’я абжылася ў Іспаніі. Тут у Арцёма з жонкай нарадзілася дачка. Параўноўваючы роды ў Мінску і Барселоне, ён кажа, што не заўважыў нейкіх адрозненняў у сэрвісе ці адносінах персаналу.

— Што ў Беларусі, што ў Іспаніі, галоўнае ж гэта людзі. Нам пашанцавала і на радзіме з доктарам і акушэркай, і тут. У Барселоне жонка шукала рускамоўнага доктара — ён, здаецца, быў грамадзянінам Балгарыі. Наша страхоўка ўсё пакрыла. Калі б яе не было, нам бы прыйшлося заплаціць дзесьці каля 10 тысяч еўра.

Цяпер у Арцёма свой бізнэс у Барселоне, ён дапамагае з рэлакацыяй.

— Распрацоўваю стратэгіі пераезду і дапамагаю іх рэалізаваць. Гэта легалізацыя даходаў, вырашэнне пытанняў з дакументамі, пошук і пакупка нерухомасці тут, развіццё бізнэсу ў Іспаніі. У нас у камандзе рыэлтары, міграцыйныя спецыялісты, фінансавы супрацоўнік.

Арцём называе Барселону найлепшым горадам у свеце — кажа, што адчувае сябе тут як дома і ніколі не пашкадаваў пра прынятае рашэнне пераехаць.

— Падабаецца сам горад, архітэктура, людзі… 300 сонечных дзён на год. Яркая геаграфія рэгіёна. У цябе мора, у цябе горы, у цябе гістарычныя культурныя каштоўнасці.

Нехта лічыць Барселону не самым зручным месцам для жыцця, бо там шмат турыстаў, шумна. Арцём з гэтым не пагаджаецца:

— Канечне, калі выбраць кватэру ў турыстычным цэнтры, дык будзе шумна і нязручна. Я жыву ў адным з цэнтральных раёнаў Барселоны, але на самай яго ўскраіне, І мне тут добра. Няма ніякага натоўпу турыстаў. Яшчэ люблю Барселону за тое, што яна вельмі розная. Тут кожны раён — гэта свая маленькая гісторыя, свая маленькая душа і асобны цэнтр жыцця горада. Раёны ўсе абсалютна розныя — па архітэктуры, ландшафту, інфраструктуры. Няма такога як у Мінску, што Каменная горка і Шабаны — гэта плюс-мінус адно і тое ж.

Недахоп беларус бачыць толькі адзін — і называе яго падаткам на сонца і мора. Гэты мінус — кішэнныя крадзяжы і дробныя рабаванні, якія паліцыя практычна ігнаруе.

— У нас з жонкай скралі тэлефоны з розніцай літаральна пару тыдняў. Я па геалакацыі вызначыў краму, дзе яны ўрэшце канчаткова выключыліся. Ёсць у Барселоне такі раён — Эль-Равал — ён знаходзіцца ў цэнтры, але вельмі крымінальны. Там шмат крам, якія гандлююць тэлефонамі. І вось у адной з іх скончылася жыццё і майго, і жончынага тэлефона. Я прыязджаю туды, паказваю, што гаджэт недзе ў іх, а яны рукамі разводзяць: «Не, мы нічога не ведаем».

Імаверна, што ў жонкі Арцёма было іншае бачанне сітуацыі. Напрыканцы мінулага года яна вырашыла разам з дзецьмі вярнуцца ў Беларусь. Атрымалася драматычна: сям’я зрабіла мілую навагоднюю фотасесію, дату якой браніравалі загадзя, а на наступны дзень жанчына з сынам і дачкой з’ехала з Іспаніі.

Як так атрымалася, Арцём пакуль не можа адказаць нават сам сабе.

— Напэўна, наша сям'я не была гатова да гэтых цяжкасцяў. Мы пачалі пераезд у той перыяд, калі ў нас і так у сям'і былі кардынальныя змены. Маленькае першае дзіця, чаканне другога… У новай краіне трэба разбірацца з нуля ва ўсім: ад таго, дзе купіць памперсы і да пошуку лекара. Плюс у мяне ўзніклі раптоўныя праблемы з хрыбетнікам, мне тут рабілі аперацыю. Гэта ўсё таксама было дастаткова няпроста.

Мужчына сумна адзначае:

— Чарада падзей прывяла нас вось у той пункт, дзе мы апынуліся. Замест таго, каб размаўляць, далей будаваць планы як неяк рухацца разам, кожны сыходзіў у сябе са сваімі праблемамі. Як гэта адбываецца? Параўнанні, каму лягчэй, каму складаней, крыўды, перакладанне адказнасці…

Арцём сцвярджае, што жонка не абмяркоўвала з ім пытанне таго, дзе будуць жыць іх дзеці — проста паставіла перад фактам, што яны разам з ёй вяртаюцца ў Беларусь.

Цяпер перад мужчынам складаная задача: як застацца татам, калі яго з дзяцьмі падзяляюць тысячы кіламетраў. Арцём разгублены і шукае стратэгію, як будаваць камунікацыю.

— Вось з’ехалі дзеці — і ты ўжо ў іншай ролі. Ты тата, але які? Ты хочаш рабіць усё тое, што рабіў учора і пазаўчора, але не можаш. Я быў тым татам, які займаўся дзецьмі. Я адвозіў іх на заняткі, потым прывозіў дамоў. Увечары мы гулялі. Усе выходныя я некуды ездзіў з імі. Калі ты побач з дзецьмі, ты наўмысна-ненаўмысна, вербальна-невербальна, транслюеш свае жыццёвыя каштоўнасці. Ты перадаеш дзецям базавыя прынцыпы, свае веды, што такое добра, што такое дрэнна. Кожную секунды, калі ты побач, гэта адбываецца.

Спачатку Арцём спрабаваў стэлефаноўвацца з дзецьмі кожны дзень.

— Але ў нейкі момант яны пачалі казаць, што ім нецікава размаўляць са мной, што я патэлефанаваў у нязручны момант, што яны занятыя… І я разумею, што нешта не так.

Варыянт, каб дзеці, напрыклад, палову года жылі з маці, а палову з татам, Арцём не разглядае:

— Садочкі, школы — навучальны працэс. Зноў жа, розныя мовы ў краінах. Мне бачыцца рэальным, каб дзеці прыязджалі да мяне на канікулы, нейкія святы. Але, канечне, асноўны працэс іх сталення пройдзе побач з маці. Але зноў жа — мы пра гэта не размаўлялі. Я не ведаю.

Арцём кажа, што хоча, каб дзеці не забыліся іспанскую мову.

— Майму старэйшаму сыну цяпер 5 гадоў. Калі ён з’язджаў з Іспаніі, то размаўляў на трох мовах — рускай, іспанскай і англійскай.

У Барселоне дзеці Арцёма хадзілі ў прыватную міжнародную школу — там пад адным дахам былі сабраныя і яслі, і дзіцячы садочак, і школа.

— У сына быў ужо даволі сур’ёзны расклад, палова заняткаў штодзень праходзіла на іспанскай, палова на англійскай. З дачкой у садочку размаўлялі ў асноўным на іспанскай, але настаўніца музыкі з імі спявала песенькі на англійскай.

Арцём задае шмат рытарычных пытанняў:

— Як застацца добрым класным татам на адлегласці? Каб дзеці заўсёды дакладна ведалі, што я іх тата, да мяне па любым пытанні можна звярнуцца, я заўсёды дапамагу, падкажу. Мне можна давяраць, я не буду сварыцца, я падтрымаю.

Але ён спадзяецца, што ўсё ж зможа найсці выйсце са складанай сітуацыі.

Імаверна, такія гісторыі цяпер, калі шмат беларусаў эмігрыравалі, будуць здарацца часцей. А значыць сапраўды прыйдзецца шукаць варыянты бацькоўства, калі дзеці і адзін з бацькоў знаходзяцца ў розных краінах.

Каментары29

  • Феминизатор
    01.04.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Когда будет статья про строителя Лявона на шабашках в литовском захолустье?
    01.04.2025
    Барселона, квартира в "по-просторнее в приличном районе" за 1500, частные. школы с английским, страховка, которая покрывала роды за 10к эвра. Как они там сидели и рожали не больше 90 дней в году, даже не спрашиваю. Задрали этими ойтишнегами и "бедными" эмигрантами с дворцами под Минском. А сбежала тетка, потому что дядька не все рассказал. Еще претворяется, что страдает. Клоун.
  • Максим Дизайнер
    01.04.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт10

Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння раніцай расійскія бронекалоны спрабавалі штурмаваць Дабраполле. З'явілася ВІДЭА іх разгрому4

Расійскае тэлебачанне адшукала сярод сабраных на прэс-канферэнцыю журналістаў Стыва Разенберга. Аказалася, што гэта зусім не ён

Пазняк пра смерць Мелказёрава: «Як што лепшае — траціцца. Як што горшае — множыцца»5

Кітай знайшоў сотні тон золата проста ў моры

«Лісічкі на супчык». Беларусы і ў снежні працягваюць збіраць грыбы

Зяленскі заявіў пра канчатковае ўзгадненне з ЗША версіі мірнага плана2

«Людзям патрэбна цяпло». Як варшаўскі шэлтар прымае беларускіх экс-палітвязняў2

У Мінску з’явяцца антывандальныя кантэйнеры для збору шкла1

Польская пракуратура расследуе смерць Мікіты Мелказёрава6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт10

Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць