Дэпутат-гісторык Даніловіч: Сталін адыграў вялікую ролю ў дасягненні перамогі. Важна, калі ёсць лідар — як у нас у Беларусі
Былы рэктар Акадэміі кіравання, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч расказаў пра сітуацыю ў гістарычнай навуцы краіны і патлумачыў, чаму ў школьных падручніках мала пішуць пра ролю партыі бальшавікоў.
У эфіры Першага канала Беларускага радыё Вячаслаў Даніловіч расказаў пра асноўныя вынікі пасяджэння экспертна-кансультацыйнай рады, якая дзейнічае пры сумеснай расійска-беларускай камісія па гісторыі, якое прайшло ў Маскве 16 мая.
Па яго словах, на ім была звернута ўвага на неабходнасць узаемнага рэцэнзавання беларускіх і расійскіх падручнікаў па гісторыі.
«Гэта вельмі важна, таму што ў нас павінны быць узгоднены пазіцыі па розных аспектах нашай гісторыі, пачынаючы ад старажытнасці. <…> Гэта неабходна рабіць, калі мы гаворым аб каардынацыі намаганняў па адстойванні агульнага гістарычнага мінулага ад скажэнняў і фальсіфікацый», — патлумачыў Даніловіч.
Дэпутат пахваліўся першымі «знакавымі» выданнямі, падрыхтаванымі гісторыкі дзвюх краін. Першае — «Гісторыя беларускіх зямель і беларускай дзяржаўнасці. Кароткі нарыс. Матэрыялы да лекцыйнага курсу». Яно выдадзена для студэнтаў гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ёсць спецыялізацыя па гісторыі Беларусі.
А другое выданне — «Гісторыя Саюзнай дзяржавы» — па словах Даніловіча, у Расіі яно ўжо атрымала статус вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ.
На пытанне, які статус будзе ў гэтай кнігі ў Беларусі, ён адказаў: «Спадзяёмся, што ў нас з часам таксама будзе адпаведны статус. У гэтым напрамку будзе весціся работа».
Даніловіч адзначыў, што на пасяджэнні экспертна-кансультатыўнай рады актыўна абмяркоўваліся пытанні гістарычных паняццяў і тэрмінаў. У выніку было вырашана ў 2024-2025 гадах правесці «Год гістарычных паняццяў і тэрмінаў»
«Вельмі важна, што ў іх укладаецца, бо адсюль адштурхоўваецца і трактоўка падзей. <…> У аснове гістарычных ведаў ляжаць гістарычныя тэрміны і метадалагічныя падыходы, і яны павінны быць узгоднены ў нашых расійскіх і беларускіх гісторыкаў», — тлумачыць доктар гістарычных навук.
Пра магчымасць працы з замежнымі архівамі
Вячаслаў Даніловіч адзначыў, што для беларускіх гісторыкаў вельмі важна працаваць у замежных архівах і прызнаўся, што ў іх цяпер няма магчымасці працы ў архівах Германіі і краін Балтыі:
«Раней такая магчымасць была. Але цяпер вы ж бачыце, якая палітыка праводзіцца нашымі заходнімі суседзямі. Яна носіць дэструктыўны характар. Яны не зацікаўленыя ў аб'ектыўным разглядзе гістарычнага мінулага.
Але ў беларускіх гісторыкаў ёсць вялізны архіўны матэрыял на тэрыторыі Расіі. Мы цяпер у гэтым напрамку актыўна працуем і спрабуем вывучаць тыя матэрыялы, якія ёсць па нашай гісторыі».
Даніловіч расказаў, што цяпер робяцца захады аб развіцці акадэмічнага безвалютнага абмену паміж расійскімі і беларускімі даследчыкамі.
Што з публікацыямі ў міжнародных часопісах
Падчас размовы ў Даніловіча спыталі пра магчымасць беларускіх і расійскіх вучоных публікавацца ў міжнародных часопісах. На гэты ён адказаў:
«Раней была пэўная магчымасць. Цяпер зноў жа трэба дакладна даваць сабе справаздачу. Гэтая слынная «ліберальная заходняя мадэль» ператварылася ў «ліберальна-таталітарную», як бы гэта парадаксальна ні гучала.
Тыя пункты гледжання, якія не адпавядаюць афіцыйна прынятай ліберальнай ідэалогіі, што праслаўляе каштоўнасці заходняга грамадства, не ўспрымаюць на высокім палітычным узроўні і адпаведна, пэўныя ўстаноўкі даюцца ніжэй. Яны не ўспрымаюць альтэрнатыўны пункт гледжання. Таму цяпер такой магчымасці ўжо не існуе».
Чаму ў падручніках мала пішуць пра ролю партыі бальшавікоў
Адзін з слухачоў задаў пытанне, чаму ў школьных падручніках роля партыі бальшавікоў, якая была «стрыжнем перамогі», адыходзіць на другі план. Па гэта Даніловіч адказаў:
«Аб гэтым трэба гаварыць. Але трэба разумець: у падручнік не ўпіхнеш усё падрабязным чынам.
Існуе цэлы вучэбна-метадычны комплекс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны». Дзе больш дэтальна асветлены пытанні і партыйнага кіраўніцтва».
Дэпутат дадаў, што вельмі важна гаварыць аб ролі лідараў Савецкага Саюза:
«Той жа Іосіф Вісарыёнавіч Сталін адыграў вялікую ролю ў дасягненні перамогі, як бы мы да яго ні ставіліся. Таму што адна справа, калі патрыятычна настроена грамадства, але вельмі важна, калі гэтаму грамадству ёсць вакол каго аб'яднацца. Ёсць лідар — як у нас у Рэспубліцы Беларусь».
Рэктар Акадэміі кіравання: Пад бел-чырвона-белым сцягам беларуская культура была ў загоне
Рэктар Акадэміі кіравання Даніловіч: Чырвоны — старажытны славянскі колер, зялёны — колер багіні Лады, захавальніцы ладу ў дзяржаве
Рэктар Акадэміі кіравання: У Канстытуцыю варта ўключыць паняцце «нацыянальная годнасць»
Каментары