У 2024 годзе Зелянбуд Цэнтральнага раёна звярнуў увагу на зону адпачынку на Камсамольскім возеры. Такога маштабнага абнаўлення тут не было даўно. Працы яшчэ ідуць, але ўжо пляж становіцца больш сучасным, піша «Мінск-Навіны».
Пяць новых кабінак для пераапранання ўжо на месцы, але ўстанавілі пакуль не ўсе. Спецыялісты не толькі манціруюць абсталяванне, але і мяняюць плітку пад ім. Старыя кабінкі не прыбіраюць, каб не пазбаўляць адпачывальнікаў магчымасці пераапрануцца. Плюс для наведвальнікаў: калі раней кабінкі былі разлічаны на аднаго, то ў новых прадугледжаны два аддзяленні, а значыць, чэргі стануць удвая менш.
Паклапаціліся і аб гігіене гараджан. На пляжы — новыя душавыя сістэмы. Вада паступае з вадаправода, так што баяцца, што яе запасы вычарпаюцца, не даводзіцца. Душавых таксама пяць, кожная з дзвюма палівачкамі. У асноўным яны агароджаны сігнальнай стужкай, але адна ўжо выкарыстоўваецца адпачывальнікамі. Вада прахалодная.
Уздоўж брукаванай дарожкі размясціліся новыя пітныя фантаны. Працуюць па прынцыпе «цісні на кнопку — атрымаеш вынік».
Як распавёў намеснік дырэктара Зелянбуда Цэнтральнага раёна Сяргей Бубкін, на прадпрыемстве ўжо думаюць аб далейшым развіцці зоны адпачынку. Разглядаюць магчымасць замены старых ценявых падстрэшкаў новымі альтанкамі, усталёўку дадатковых лаваў. Не выключана, што ўзбярэжжа аснасцяць і лежакамі, якія ў апошнія гады ўсё ў большай колькасці з'яўляюцца на іншых пляжах.
На тэрыторыі раёна, акрамя пляжа № 6 Камсамольскага возера, ёсць яшчэ дзве зоны рэкрэацыі з магчымасцю купання. Гэта пляж № 2 вадасховішча Дразды (у раёне вул. Ціхай), дзе да купальнага сезона ўстанавілі новы дзіцячы гульнявы комплекс.
У мінулым годзе на карце раёна абсталявалі новы пляж. Ён знаходзіцца каля выратавальнай станцыі «Дразды» ў раёне вул. Сёмкаўскай. Там ёсць кабінкі для пераапранання, лаўкі, лежакі, бераг адсыпаны пяском. Частка акваторыі невялікай глыбіні абгароджана для маленькіх наведвальнікаў.
Каментары