Грамадства

Суд завочна прыгаварыў гарадзенскага журналіста Алеся Кіркевіча да 7 гадоў, вялікага штрафу і канфіскацыі нерухомасці

Прычым «аднакватэрны жылы дом», пра які ідзе гаворка ў прысудзе, гэта школа, у якой вучыўся Васіль Быкаў, у Бычках.

Алесь Кіркевіч. Фота: Радыё Свабода

Крымінальную справу, распачатую супраць журналіста Алеся Кіркевіча ў парадку спецвытворчасці, разглядаў суддзя Гродзенскага абласнога суда Юрый Казакевіч, паведамляе БАЖ.

Алеся Кіркевіча суд прызнаў вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і на падставе ч. 1 арт. 361—4 і пакараў па гэтым артыкуле тры гадамі.

Таксама Кіркевіч прызнаны вінаватым у іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, учыненым паўторна, групай асоб па папярэдняй змове, і на падставе ч. 2 арт. 361—4 КК пакараны за гэта пазбаўленнем волі на тэрмін 5 гадоў са штрафам 600 базавых велічынь (24 тысячы рублёў).

«Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання асноўных пакаранняў і поўнага далучэння дадатковага пакарання» канчаткова суд пастанавіў прызначыць Алесю Кіркевічу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. А таксама прызначыў штраф 24 000 рублёў.

Суд пастанавіў, што рэчавыя доказы па справе журналіста будуць захоўвацца ў матэрыялах крымінальнай справы.

Рэчавымі доказамі, паводле якіх Алеся Кіркевіча прызналі вінаватым, сталі:

— CD‑R дыск з запісанымі на ім аўдыёфайламі;

— раздрукаваны артыкул «Алесь Кіркевіч: «У сённяшняй Беларусі надышоў максімальна неспрыяльны час для стварэння беларускага кантэнту», які выйшаў на сайце «Радыё Свабода» 25 верасня 2022 года;

— CD‑R дыск з запісаным на ім відэаролікам з «Бондарева-юродивая. Аўтар праекта «Трызуб і Пагоня» аб сітуацыі з беларускай мовай/ Мова нанова»;

— раздрукаваны артыкул «Ідзем у бок Паўночнай Карэі: хваліць рэжым і шукаць шпіёнаў. Беларускія гіды — аб новых патрабаваннях», які выйшаў на сайце belsat.eu 2 жніўня 2023 года.

Паводле пераліку гэтых рэчавых доказаў, можна меркаваць, што крымінальную справу супраць Алеся Кіркевіча распачалі за супрацоўніцтва з незалежнымі медыямі, абвешчанымі ў Беларусі экстрэмісцкімі фармаваннямі.

У кошт аплаты штрафу суд пастанавіў прадаць маёмасць Алеся Кіркевіча

У выраку, які вынес Гродзенскі абласны суд, асобна агавораны лёс арыштаванай маёмасці журналіста. Гэта «1/3 долі права ўласнасці Кіркевіча А. Р. на будынак аднакватэрнага жылога дома па адрасе: Віцебская вобласць, Ушацкі раён, Кубліцкі сельскі савет, в. Бычкі, вул. Цэнтральная, д. 33». Арышт на маёмасць быў накладзены 22 лістапада 2023 года, і яе вырашана рэалізаваць у кошт пагашэння штрафу.

«Аднакватэрны жылы дом», пра які вядзецца ў прысудзе, знаходзіцца ў вёсцы Бычкі — малой радзіме знакамітага Васіля Быкава. Некалі грамадскія актывісты набылі будынак колішняй вясковай школы, дзе ў першым класе вучыўся будучы пісьменнік.

Калі школу ў Бычках закрылі, у драўляную хату засяліліся людзі, і за некалькі дзесяцігоддзяў яна змяніла некалькі гаспадароў. Апошнімі тутэйшымі насельнікам была сям’я Антаніны Быкавай, швагеркі Васіля Быкава.

Потым у выкупленай хаце праводзілі летнікі для грамадска актыўнай моладзі.

***

Журналіст-фрылансер, пісьменнік і краязнаўца, колішні намеснік старшыні «Маладога фронту» Алесь Кіркевіч — былы палітвязень. Ён браў удзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. На пачатку 2011-га быў арыштаваны. 5 мая 2011 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прыгаварыў яго да 4 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі, быў вызвалены праз памілаванне 1 верасня 2011 года.

Каментары

Раптоўна памёр 34-гадовы беларускі рэпер Эміа Афішл1

Раптоўна памёр 34-гадовы беларускі рэпер Эміа Афішл

Усе навіны →
Усе навіны

23 гады таму прайшлі другія прэзідэнцкія выбары. Ці быў тады шанец перамагчы Лукашэнку?4

Зніклага сямікласніка знайшлі

Якая абстаноўка на выездзе з Беларусі?

Рыжанкоў: Захад хоча, каб Мінск праводзіў антырасійскую палітыку6

«Людзі выйшлі ў двор пагрэць ваду ў кацялку, а расійскі снайпер прастрэліў посуд, каб паздзекавацца». Беларускі паэт пра жыццё ў Бучы5

Беларус даслаў у шэраг райвыканкамаў просьбы памяняць мову вулічных шыльдаў. Што яму адказалі12

«Нічога там новага няма» — Вальфовіч аб прарыве ўкраінцаў у Курскую вобласць5

«Самае галоўнае цяпер — забяспечваць суб’ектнасць Беларусі». Франак Вячорка расказаў, ці ёсць стратэгія ў дэмсілаў і на што ўплывае Ціханоўская25

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр 34-гадовы беларускі рэпер Эміа Афішл1

Раптоўна памёр 34-гадовы беларускі рэпер Эміа Афішл

Галоўнае
Усе навіны →