«Мяне гэта толькі ўзмацніла». Вязень ускрываў вены за кратамі — а цяпер радуецца, што прайшоў праз турму
Каб адстаяць свае прынцыпы, экс-палітвязень Андрэй (імя змененае) за кратамі трымаў сухую галадоўку і ўскрыў сабе вены ў душы калоніі абцужкамі для пазногцяў. Але цяпер, кажа мужчына, ён рады, што пабываў у турме. Вось яго маналог пра найцяжэйшую школу ў жыцці.
«Каб затрымаць мяне аднаго, прыехала сем машын, а я стаяў там у фуфайцы і штанах, з барадой — дзед-лесавічок»
Усё пачалося яшчэ да выбараў. За мной стаў назіраць стары знаёмы, які працаваў у органах — як аказалася пазней, ён фіксаваў усю маю актыўнасць, рабіў скрыны ў маіх сацсетках. Я праяўляў сваю пазіцыю [па пратэстах] як мог — у сацсетках, гутарках, часам прымаў удзел у розных пратэсных падзеях.
Выходзіў на ўсе пратэсты з 9 жніўня, дзе толькі мог. 12 кастрычніка быў марш пенсіянераў, калі іх разганялі пярцовымі балончыкамі. Я ездзіў па горадзе і пабачыў, як на прыпынку тусуюцца сілавікі — «касманаўты» ў чорным і ў шлемах. Зняў іх на відэа.
Метраў праз трыста, на светлафоры, яны мяне дагналі. Выскачылі з дзвюх машын, разбілі мне аўто, дасталі мяне і збілі, я страціў прытомнасць. Мяне закінулі ў бус і завезлі ў Фрунзенскі РУУС. Там мне было зусім дрэнна, некалькі разоў губляў прытомнасць, пакуль яны мяне дапытвалі і пісалі свае пратаколы. Вялі мяне да нейкага кіраўніка, і я ў калідоры яшчэ раз страціў прытомнасць. У выніку мяне адвезлі ў траўматалогію ў Бараўлянах. Быў увесь сіні, можа, месяц ледзь рухаўся, таму не здолеў больш удзельнічаць у пратэстах.
У першыя месяцы 2021-га пасля цяжкага дня на працы я прыехаў да сябе на вёску. Быў позні вечар, ліхтары не гарэлі. Прыпаркаваўся. Да мяне пад’ехалі некалькі машын, адтуль выйшлі людзі, якіх я б назваў гопнікамі. Махнулі перад носам пасведчаннем і сказалі, што трэба праехаць у РУУС, дзе якраз і працуе мой знаёмы.
Там на мяне напісалі два пратаколы, што я хадзіў і махаў рукамі ля РУУС. Мяне завезлі ў ІЧУ і трымалі там тры дні. Я абвясціў на знак пратэсту сухую галадоўку. Потым аднекуль з’явіўся пратакол, што мяне ўзялі ў Мінску за п’янку. На наступны дзень быў суд, але там ужо гучаў толькі артыкул 23.34, мне далі па ім штраф і адпусцілі.
З’ехаў да сябра на хутар і хаваўся там пару месяцаў, а потым перабраўся жыць на дачу ў закінутай вёсцы. Там і жыў да арышту ў 2022-м. Усе ведалі, што ў мяне там дом, разумелі, дзе жыву. Таксама ў мяне з’явілася хобі — пачаў разводзіць хатніх птушак. Пры гэтым спрабаваў нікуды не высоўвацца, адседжваўся. У мяне раней быў маленькі бізнэс, але з пачаткам пратэстаў стала маральна цяжка працаваць, а калі паехаў у вёску, увогуле распусціў людзей і закрыў бізнэс.
У пачатку лета ў маіх птушак пачалі вылуплівацца птушаняты. Аднойчы я ўстаў ранкам і пайшоў да іх, каб перакласці новых птушанят у спецыяльную каробку. Зрабіў гэта і збіраўся папіць гарбаты, ішоў па маім садзе з яблынямі.
Раптам на мяне з усіх бакоў выскачылі людзі ў поўнай экіпіроўцы, шлемах і люстраных акулярах, з аўтаматамі. Атачылі мяне. Каб затрымаць мяне аднаго, прыехала сем машын, а я стаяў там у фуфайцы і штанах, з барадой — дзед-лесавічок.
Сілавікі — марадзёры, прыязджаюць на затрыманне з дакладным жаданнем пажывіцца. У мяне былі схаваныя грошы, тэхніка, у тым ліку добрая камера, каб здымаць птушанят. Думаю, яны забралі ў мяне тэхнікі на некалькі тысяч, і нідзе ў пратаколах гэтага няма.
У маёй крыміналцы было шмат фотаздымкаў з пратэстаў, па адным з іх мяне абвінавацілі. Таксама прыцягнулі да справы мае пасты з фэйсбука. Спадзяваўся, што мне дадуць паўтара-два гады зняволення, тады столькі давалі вязням па справе Зельцара. У выніку столькі і атрымаў.
«Узяў абцужкі для пазногцяў і калупаў у душы сваю руку, спрабаваў ускрыць вены»
На зоне мы счышчалі абалонку з дратоў, каб аддзяліць ад іх медзь, гэта ж метал. У цэху на прамзоне пастаянна ў паветры стаіць металічны пыл, не кажу пра тое, як пры такой працы церпяць рукі. Уявіце, як у акно пакоя ярка свеціць сонца, і тады відаць, як у паветры лётаюць часцінкі пылу. А там гэты пыл бачна і без сонца, і яго шмат, бо мы працуем са свінцом, меддзю, алюмініем.
Каля цэха, дзе мы працуем, паляць гэтыя драты. Там пастаянна стаіць слуп чорнага дыму. Калі вецер, дым і ў цэх залятае, дыхаць немагчыма. А вокны не зачыніш, бо летам спякотна, у мінулым годзе даходзіла да +35. Яшчэ мы ж працуем у чорнай робе, выйдзеш у ёй на сонца — за дзве хвіліны ледзь не сонечны ўдар атрымаеш. Нельга нават расшпіліць гузік, бо гэта парушэнне, паедзеш у ШІЗА.
Некалькі разоў да мяне на зоне прыходзілі кантралёры, шукалі, да чаго прычапіцца. Аднойчы знайшлі мой сшытак, а я туды запісваў розныя цікавыя думкі з кніг, якія чытаў. За гэты сшытак мяне пасадзілі ў ШІЗА.
У мяне заўжды быў унутраны пратэст, ён і тут нікуды не падзеўся, тым больш перад такой моцнай несправядлівасцю. Сядзіш у невялічкім пакойчыку, дзе нічога няма: сцены, дзірка ў падлозе як туалет, рукамыйнік, зэдлік, умантаваны ў падлогу, і такі ж стол. Ціха, нікога і нічога няма, у цябе з сабой толькі зубная паста, шчотка і туалетная папера. На трэці-чацвёрты дзень ты ўваходзіш у своеасаблівы транс, і тады гэта прасцей пражываць — ставішся да ШІЗА як да нормы, і ў ёй існуеш.
Не магу цярпець несправядлівасць, напэўна, я так выхаваны. У юнацтве ўлазіў у вельмі небяспечныя сітуацыі, каб нечым дапамагчы, кагосьці абараніць. А за кратамі несправядлівасць паўсюль, яна даведзеная да абсурду, і для мяне было невыносна гэта цярпець.
Я днямі хадзіў па той камеры туды-сюды — сем крокаў у адзін бок і сем крокаў у іншы. Лічыў, колькі праходжу такім чынам за гадзіну і колькі за дзень. Калі адседзеў 10 сутак, прайшоў кола з калоніі праз Мінск і Гомель і вярнуўся назад у калонію, яшчэ 10 сутак — дайшоў да Масквы і назад. Пакуль хадзіў, прыдумаў багата ідэй для новага бізнэсу. Пастаянна трэба было нечым займаць сябе, каб твой мозг не вяртаўся ў гэтыя страшныя ўмовы.
Ці ажыццяўлю тыя бізнэс-ідэі? Пакуль што я толькі прыехаў у Варшаву, трэба прыгледзецца, што ды як. Ужо заўважыў, што тут па любой маёй ідэі можна знайсці багата магчымасцяў, можна рабіць вельмі шмат усяго і гэта будзе максімальна эфектыўна. Таксама я зацікавіўся сапраўднай гісторыяй нашай краіны, а не тым, што нам у школе казалі, мяне гэта шалёна ўразіла. Калі ўлягуцца клопаты з пераездам, думаю зрабіць блог і расказваць людзям у цікавай форме, хто мы такія.
У ШІЗА правёў 60 сутак, гэта за два-тры заходы. Калі мяне туды закінулі ўпершыню, хацеў даць ім зразумець, што так нельга, што трэба паказаць ім — такія правілы трэба перагледзець. Вырашыў сесці на сухую галадоўку: трэба будзе памерці — памру, але мо яны хоць нешта пачуюць.
Пачаў галадаць, а потым трохі перагледзеў свае погляды, паміраць не хочацца. Праз пяць сутак стаў піць ваду, бо інакш пачаліся б незваротныя наступствы, адміралі б органы. Але працягнуў галадаць і прабыў без ежы 14 сутак, моцна скінуў вагу.
Дзён праз 20, калі мне дадалі яшчэ 10 сутак у ШІЗА, вырашыў ускрыцца — парэзаць сабе вены (у турмах гэта папулярны метад пратэсту — НН). Як ускрываўся? Мяне павялі ў душ, у калідоры на паліцы ляжалі неабходныя рэчы — тое, што мне перадалі хлопцы з атрада. У тым ліку там былі маленькія абцужкі, каб можна было падстрыгчы пазногці. Узяў іх і ў душы абцужкамі калупаў сваю руку, спрабаваў ускрыць вены — аказалася, гэта не так проста, як я думаў.
Думаў, яны нешта зразумелі, але яны потым зноў мяне закінулі ў ШІЗА, у тую ж камеру, дзе сядзеў раней. Я зноў парэзаў сабе вены — дапамагло, што ведаў тую камеру і разумеў, чым можна гэта зрабіць. Край паліцы, на якой ляжалі мая паста і шчотка, быў трохі адламаны, і адтуль тырчаў самарэз. Я парэзаў ім сабе скуру і парваў вену, цяпер згадваю — аскома ад гэтага. Але тады трэба было гэта зрабіць — я і зрабіў. У той жа час разумеў, што, хутчэй за ўсё, я не памру і ўсё будзе нармальна, кроў хутка спынілася.
Тады да мяне прыбегла ўсё кіраўніцтва, пачалі моцна хвалявацца. Папрасілі мяне, каб я да канца тэрміну спакойна даседзеў у ПКТ, так і атрымалася.
У ПКТ на ноч даюць матрац і коўдру, чаго не было ў ШІЗА, можна рабіць сабе гарбату і каву. Я сядзеў у адзіночцы, было нашмат лепш, чым у ШІЗА. Раз на тыдзень бібліятэкар прыносіць туды кнігі, то-бок ты можаш чытаць, там ты можаш часам атрымліваць лісты, нешта запісваць у сшытак. У мяне якраз былі чыстыя сшыткі, так што я сядзеў і пісаў сваю гісторыю, таксама чытаў кнігі, навыпісваў сабе розных часопісаў і газет.
Не верыцца, што гэта атрымалася, але ўсе тыя сшыткі з маімі запісамі цяпер у мяне з сабой. Гэта недзе 15-16 вялікіх сшыткаў за ўвесь тэрмін — некалі прыдумаю, што з імі можна зрабіць цікавага.
«Для сябе я рады, што пасядзеў у турме і што трапіў туды менавіта ў такой якасці»
Да турмы я быў вельмі далёкі ад юрыспрудэнцыі, паліталогіі і шматлікіх іншых сфер, з якімі пазнаёміўся за кратамі. Сядзіш з рознымі людзьмі, сярод іх шмат прафесіяналаў у сваёй галіне, і кожны дзеліцца чымсьці сваім, а мне ўсё гэта было цікава.
Цяпер я ведаю крымінальны кодэкс, што ў нас адбываецца ў пенітэнцыярнай сістэме — напэўна, магу экстэрнам здаваць экзамены юрфаку. Тое ж самае з паліталогіяй: мы ж пастаянна гутарым, аналізуем. Сядзеў з вайскоўцамі, былымі супрацоўнікамі органаў, мы з імі разважалі пра розныя рэчы — пастаянна вучышся.
Таксама шмат чытаў, у турме ўсе столькі чытаюць. Асуджаныя за наркотыкі чытаюць фантастыку і фэнтэзі, а мы — карысную літаратуру, я зацікавіўся гісторыяй. Яшчэ я разабраўся ў сельскай гаспадарцы: хаця за кратамі ў цябе няма такога доступу да рэсурсаў, як на волі, але там ты лепш запамінаеш інфармацыю, бо табе даюць самае галоўнае. У мяне ёсць мара пабудаваць эка-вёску, і каб там была невялічкая фермерская гаспадарка — больш не дзеля вытворчасці, а для турыстаў. І пасля турмы я бачу свой праект зусім па-іншаму, ён больш дасканалы, тэхналагічны і экалагічны. Зацікавіўся псіхалогіяй, тым больш што ў турме багата сітуацый, дзе яе можна ўжываць.
Адчуваю, што пасля турмы я моцна паспакайнеў, мае сябры таксама гэта адзначылі. Змяняецца ўспрыманне свету. Пакуль жывеш у замкнёнай прасторы з вялікай колькасцю людзей, мусіш з імі неяк узаемадзейнічаць, і гэта складана трываць. Але адаптуешся — думаю, у мяне атрымлівалася няблага.
Таго, да чаго я прыйшоў у асабістым росце падчас турмы, я б дасягнуў хіба што гадоў у 60, і тое шмат да чаго мог бы не дайсці. Разумею: для сябе я рады, што пасядзеў у турме і што трапіў туды менавіта ў такой якасці. Калі б я здзейсніў нейкае сапраўднае злачынства і сеў у турму, напэўна, гэта б мяне шмат у чым паламала, а ў маім выпадку зняволенне мяне толькі ўзмацніла. Як бы дрэнна гэта ўсё ні было, цяпер, калі краты ўжо ў мінулым, я бачу ў гэтым вялікую карысць.
Месяцы на волі — гэта рай. Я выйшаў і нічога не чакаю ад жыцця, проста прымаю ўсё, што мне дае сусвет, атрымліваю тое, на што ў мяне ёсць запыт. Зусім не хвалююся пра сваю будучыню, і не толькі таму, што на фоне майго мінулага любая будучыня выглядае файна. Вызваліўся і пабачыў, колькі ў мяне сапраўдных сяброў, хаця шмат пра каго і не думаў, што гэта мае сябры. Багата людзей мяне цяпер падтрымліваюць, і жыццё дае мне ўсё, што мне трэба для шчасця. Так што цяпер я шчаслівы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬУласніца салона прыгажосці адмовілася запісвацца ў міліцэйскім «пакаяльным» відэа. А цяпер расказала, як гэта было
«Нашы кліенты рызыкавалі самым каштоўным, каб Украіна была вольнай». Як беларуска стварыла рэабілітацыйны цэнтр для ваяроў пад Кіевам
«Калі трапіў за краты, сябры проста зніклі». Споведзь берасцейца, які заступіўся за дзяўчыну перад сілавікамі і атрымаў 4 гады
Каментары