У Расіі судзяць адвакатаў Навальнага. Ім пагражае да шасці гадоў калоніі
Паводле версіі следства, яны, «выкарыстоўваючы свой статус», дапамагалі Навальнаму кіраваць «экстрэмісцкай суполкай», калі нібыта перадавалі ягоныя лісты паплечнікам.
Петушынскі раённы суд Уладзімірскай вобласці сёння пачаў разглядаць крымінальную справу супраць адвакатаў загінулага Аляксея Навальнага — Вадзіма Кобзева, Аляксея Ліпцэра і Ігара Сяргуніна.
Паводле версіі следства, яны, «выкарыстоўваючы свой статус», дапамагалі Навальнаму кіраваць «экстрэмісцкай суполкай», калі нібыта перадавалі ягоныя лісты паплечнікам. Абарона настойвае, што складу злачынства няма, а абвінавачванне базуецца на «ўварванні ў адвакацкую таямніцу». Неўзабаве пасля пачатку пасяджэння суддзя закрыла працэс па хадайніцтве абвінавачвання, піша Бі-бі-сі.
Петушынскі раённы суд знаходзіцца каля калоніі ў Пакрове, куды Навальны быў адпраўлены адбываць свой першы тэрмін адразу пасля вяртання ў Расію ў 2021 годзе.
Цяпер Кобзеў (які бараніў Навальнага з 2011 года да свайго арышту), а таксама Сяргунін і Ліпцэр (якія нядоўга ўдзельнічалі ў абароне палітыка, калі ён сядзеў у калоніі ў Пакрове), самі апынуліся на лаве падсудных. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкай супольнасці (частка 2 артыкула 282.1 КК РФ). Па гэтым артыкуле ім пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Па версіі следства, яны «выкарыстоўвалі свой статус» і рэгулярна перадавалі паведамленні Навальнага яго паплечнікам.
Паплечнікі палітыка са спасылкай на матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да адвакатаў распавядалі, што, паводле версіі следства, абмен паведамленнямі адбываўся шляхам «вуснай перадачы» паміж Навальным і паплечнікамі, а таксама шляхам «атрымання ад іх і перадачы Навальнаму і назад лістоў і іншай карэспандэнцыі, з выкарыстаннем для гэтага розных каналаў сувязі, у тым ліку электронных паштовых сэрвісаў. Тым самым, як мяркуе следства, Навальны «працягнуў ажыццяўляць функцыі лідара і кіраўніка экстрэмісцкай супольнасці», а адвакаты ўвайшлі ў яго склад.
Экстрэмісцкай суполкай улады Расіі лічылі Навальнага і ягоных паплечнікаў. Па гэтай справе Аляксей Навальны ў пачатку жніўня 2023 года быў прысуджаны да 19 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.
Сёння пракурор павінен абвясціць абвінаваўчае заключэнне. Абарона настойвала на адсутнасці ў справе складу злачынства і ўварванні ў адвакацкую таямніцу. Меркавалася, што пасяджэнне будзе адкрытым.
Дзяржабвінаваўца сцвярджаў, што атрымаў з Цэнтра «Э» МУС паведамленне аб правакацыях і на гэтым судзе, а таксама побач з ім, так як прыхільнікі Навальнага застаюцца за мяжой, і яны нібыта сістэматычна займаліся правакацыямі.
Абаронцы Кобзева, Ліпцэра і Сяргуніна ў сваіх выступах звярталі ўвагу суда на тое, што дасланы з МУС дакумент не ўтрымлівае спасылак на аператыўныя звесткі і нават прыкладаў магчымых пагроз, што робіць яго больш падобным на набор «нават не высноў, а здагадак».
Нягледзячы на гэта суддзя Шылава назвала ліст «аб'ектыўнымі звесткамі» і абвясціла працэс закрытым.
Каментары