Свет99

Лукашэнкафэрштэеры не прайшлі ў парламент Літвы

Партыі, якія займаюць двухсэнсоўную пазіцыю адносна Расіі і рэжыму Лукашэнкі, не адолелі мінімальнага бар'ера.

Кіраўніца сацыял-дэмакратаў Вілія Блінкявічуце. Фота: Mindaugas Kulbis / AP

Ніводная з партый, якая двухсэнсоўна ставіцца да Расіі, не прайшла ў Сейм Літвы.

Да такіх можна аднесці Літоўскую народную партыю экс-кандыдата ў прэзідэнты Эдуардаса Вайткуса і Кааліцыю міру, якая ўзнікла на аснове Партыі працы, на чале якой стаіць мільянер Віктар Успаскіх. Абедзве яны набралі ўсяго па 2% галасоў.

Прахадны бар'ер у Літве складае 5% для партый і 7% для кааліцый.

Не прайшла ў парламент і Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Саюз хрысціянскіх сямей (LLRA-KŠS). Гэтая палітычная сіла пазіцыянавала сябе гэтым разам як «спіс нацыянальных меншасцей» і была адзінай, якая выкарыстоўвала ў перадвыбарчай агітацыі ў тым ліку расейскую мову.

Але гэта не дапамагло ёй заваяваць галасы ў вялікіх гарадах, дзе сканцэнтраванае расейскамоўнае насельніцтва. За LLRA-KŠS галасавалі па-ранейшаму толькі ў бастыёне польскасці — на ўсё яшчэ часткова беларускамоўнай Віленшчыне. Кандыдаты ад польскага блока перамаглі ў першым туры ў акругах у Немянчыне і Салечніках.

Цікава, што на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, калі кандыдата ад Акцыі палякаў не было, там перамог Эдуардас Вайткус, які мае рэпутацыю самага прарасійскага палітыка.

Эдуардас Вайткус узначальвае Літоўскую народную партыю. Фота Lrt.lt

Крытыка Еўрасаюза і заклік сябраваць з Расіяй, Беларуссю і Кітаем — вось былі асноўныя пасланні, з якімі ішоў на тыя выбары 67-гадовы прафесар-гематолаг Вайткус.

Ён быў адзіны з васьмі кандыдатаў з такімі поглядамі. «Крамлёўскія куранты» — сказаў пра такую платформу прэзідэнт Наўседа. 

Вынік Вайткуса нельга было лічыць вялікім поспехам, але ён набраў 7,3% галасоў і заняў пятае месца. 

Кепскі вынік «двухсэнсоўных партый» тлумачыцца тым, што галасы пратэставага, патэнцыйна іхнага электарату гэтым разам перацягнула «Зара над Нёманам» Рэмігіюса Жамайтайціса, якую часта характарызуюць як папулісцкую. 

Першы тур выбараў у Літве прайшоў 13 кастрычніка. З нязначным адрывам у ім перамагла левацэнтрысцкая Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП), другое месца заняў кіроўны правацэнтрысцкі Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты (TS-LKD).

ЛСДП набрала 19% галасоў, Саюз Айчыны — 18%.

У Сейм таксама прайшлі цэнтрысты з Саюза дэмакратаў «У імя Літвы» (9%) і Рух лібералаў (8%). З цяжкасцю пераадолеў 7-працэнтны бар’ер Саюз сялян і зялёных.

ЛСДП атрымлівае пакуль 20 мандатаў, TS-LKD — 18, «Зара над Нёманам» — 15, «У імя Літвы» — 8, Ліберальны рух — 8, а «Сяляне і Зялёныя» — 6 мандатаў.

Канчаткова расклад сілаў стане ясны пасля другога тура выбараў у аднамандатных акругах, які адбудзецца 27 кастрычніка. У першым туры вызначыліся пераможцы толькі ў 8 з 71 акруг.

За мандат 141 члена Сейма змагаліся 14 партый і адна кааліцыя. 71 член Сейма абіраецца па аднамандатных акругах. Калі ніводзін з кандыдатаў не набірае пятай часткі галасоў усіх выбаршчыкаў аднамандатнай акругі, у ёй адбываецца другі тур. 

Сярод адназначных пераможцаў першага тура — прэм'ерка дзейнага ўрада Інгрыда Шыманіце, што пераабралася на Антокалі ў Вільні, а таксама спікерка Сейма Вікторыя Чміліце-Нільсэн ад акругі, што ахоплівае Стары горад Вільні і Звярынец. Абедзве вядомыя як шчырыя прыхільніцы беларуска-літоўскай салідарнасці і катэгарычныя праціўніцы рэжыму Лукашэнкі.

Вядомы сваёй катэгарычнай пазіцыяй кансерватар, міністр абароны Лаўрынас Кашчунас выйшаў на першым месцы ў другі тур у віленскай акрузе Ляшчыннікі (Лаздзінай), дзе яму супрацьстаіць экс-прэм'ер Саўлюс Сквярняліс з Саюза дэмакратаў «Дзеля Літвы».

У аднамандатных акругах кансерватары ідуць на першым месцы ва ўсіх сталічных акругах, акрамя дзвюх. Найменш галасоў яны сабралі ў найбяднейшых Наўінінках. Каралінішкі сталі адзінай акругай, дзе ў другі тур, праўда, з другога месца, выйшаў у тым ліку кандыдат ад ультранацыяналістычнага Нацыянальнага аб'яднання Вітаўтас Сініца. 

Палітолагі чакаюць, што пасля другога тура кіраўнічую большасць утвораць ЛСДП і «Дзеля Літвы».

«Мы дамовіліся разам з партыяй «Дзеля Літвы», якая вельмі паспяхова выступіла на выбарах, стварыць кіруючую большасць — працаваць разам, каб у нас былі добрыя вынікі», — заявіла журналістам Вілія Блінкявічуце пасля размовы з Саўлюсам Сквярнялісам.

Аднак гэтыя партыі не мецьмуць дастаткова галасоў для таго, каб утварыць двухпартыйную кааліцыю. Урад будзе трох-, а магчыма і чатырохпартыйны. Шанцы ўвайсці ў яго маюць таксама цэнтрысцкі Саюз лібералаў і левы Саюз зялёных і сялян.

Каментары9

  • Так
    14.10.2024
    "выкарыстоўвала ў перадвыбарчай агітацыі ў тым ліку расейскую мову"

    Як бабарынанцы, лукашэнкаўцы і іншыя прарасейскія.
  • .
    14.10.2024
    Дзякуй, што пішыце пра палітычнае жыццё суседзяў.
    Гэта пазітыўная праца, каб пазбавіцца рускага свету, г.зн. увагі толькі ў адзін бок ад нас.

    Яшчэ б болей пра культурныя навіны Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны.
  • Кашмар
    14.10.2024
    Зайздрошчу лiтоўцам, што тут яшчэ сказаць. Нават не толькi ў параўнаннi з Беларуссю, а нават з Германiей, дзе жыву зараз, гэтыя выбары выглядаюць iдэальна. Партыi на любы густ, пры гэтым ёсць кансэнсус наконт таго, што з таталiтарнай фашысцкай Расiяй не можа быць нiякiх зносiн. А ў немцаў, дарма што жывуць шмат багацей, чым лiтоўцы, вельмi шмат людзей выбiрае нацыстаў з АФД ды камунiстаў з БСВ, якiя гатовыя аж сёння капiтуляваць перад пуйлом.

Цяпер чытаюць

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца9

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп асабіста папрасіў Сі Цзіньпіна паўплываць на Пуціна, каб спыніць вайну ва Украіне2

Расія ўначы нанесла масіраваны ўдар па Украіне. Чысты тэрор: 73 ракеты па гарадах і 656 беспілотнікаў4

Якія фігуры людзі насамрэч лічаць найбольш прывабнымі?19

Пасольства Польшчы ў Мінску змяніла парадак падачы заявы на візу па карце паляка6

Мільёны на «правільных» апытаннях. Як жонка галоўнага прыдворнага сацыёлага Крамля купаецца ў раскошы10

У Полацку паставілі новыя ўязныя знакі. Усе на рускай мове23

Беларус аплаціў дзяўчыне вініры, а пасля раставання запатрабаваў грошы. Што кажа закон?9

ШІ-гігант Anthropic падаў заяўку на IPO, апярэдзіўшы OpenAI

Затрыманы топ-менеджар Мінабароны РФ па забеспячэнні войска7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца9

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць