Эканоміка11

На беразе Нарачы з'явіліся «касмічныя» купалы з усімі выгодамі. Што гэта за дзіва?

На беразе Нарачы з'явіліся геакупалы з усімі гарадскімі выгодамі (і нават высакахуткасным інтэрнэтам), якія можна арандаваць усяго за 100 рублёў у суткі. Іх галоўная фішка — блізкасць да возера, піша «Анлайнер».

Пакручастая сцежка віхляе паміж дрэвамі і нечакана збочвае да шлагбаума. За ім ужо можна разгледзець два шэрыя купалы — гэта і ёсць той самы глэмпінг (так называюць кемпінгі з больш камфортнымі ўмовамі). Фактычна ён знаходзіцца на беразе возера — проста з намётаў адкрываецца від на Нарач.

Сам пляж пад назвай «Урлікі» належыць санаторыю «Прыазёрны». У 1990-я, калі ў Беларусі нясмела і няўпэўнена зараджалася турыстычная інфраструктура, энтузіясты пабудавалі тут ратавальную вышку, распранальні, санвузел і рэстаран на вадзе. Лакацыя хоць і была папулярнай, але праверку часам не вытрымала і ператварылася ў закінутае, дзікае месца.

Нічога не мянялася да 2022 года, пакуль зямлю не перадалі санаторыю. Тады і пачалася маштабная рэканструкцыя. Дзякуючы ландшафтным дызайнерам на тэрыторыі вырас роўны газон, дэкаратыўныя кусты і маладыя дрэвы. З'явіліся дарожкі з сучаснай пліткі, драўляныя памосты, месцы для адпачынку — арэлі, лаўкі, гамакі… На самым беразе паставілі шэзлонгі і альтанкі, распранальні і летнія душы. Адкрыўся летні бар з безалкагольнымі напоямі і рэстаран на 80 пасадачных месцаў. А па самым возеры сталі курсіраваць яхты, гіпнатызуючы людзей на незапланаваныя выдаткі зіхатлівымі белымі ветразямі. Народ клюнуў.

Тады каманда «Прыазёрнага» задумалася: а дзе можна спыніцца на ноч людзям, якія вырашаць прыехаць сюды з іншага горада або вобласці?

«На Нарачы не так шмат варыянтаў размяшчэння. Гэта альбо санаторыі, куды не так проста трапіць летам, бо ўсё загадзя распісана, альбо аграсядзібы. Раней людзі здавалі нават уласныя кватэры: стараліся з'ехаць кудысьці на час, каб вызваліць жыллё для пасуткавай арэнды. Часта ў пакоях заставаліся асабістыя рэчы гаспадароў. Цяпер гэта ўжо ператварылася ў бізнэс: уласнікі пераводзяць кватэры ў камерцыйную нерухомасць, забяспечваюць там прыбіранне, дадаюць расходнікі. Усё стала больш цывілізавана. Аднак даступных варыянтаў адпачынку ў нас усё адно не хапае», — лічыць дырэктар санаторыя «Прыазёрны» Сяргей Нехвядовіч.

Так і ўзнікла ідэя арганізаваць на беразе глэмпінг. Праўда, замест звычайных намётаў тут былі змантаваныя геакупалы. Працэс устаноўкі наступны: спачатку ў зямлю забіваюцца палі (каля 80 штук для кожнай канструкцыі), на іх мантуецца драўляны памост. Зверху — дошка, пасля — пласт уцяпляльніка і яшчэ адна дошка, на якую ўжо ўкладваецца ламінат.

Шкілет купала складаецца са сталёвай трубы, пакрытай палімернай фарбай, — вытворца адзначае, што канструкцыя здольная вытрымаць парывы ветру, моцны дождж, снегапад… Каркас прыязджае ў разабраным выглядзе і збіраецца на месцы. Затым на яго нацягваецца чахол з ПВХ-матэрыялу, які замяняе столь і сцены. Ён таксама мае дадатковае ўцяпленне, а яшчэ абарону ад ультрафіялету. У гэтай «цёмнай матэрыі» ёсць і светлая пляма — мяккае панарамнае «шкло» з ПВХ, якое можна закрыць blackout-шторамі, калі гасцям захочацца прыватнасці.

«З дапамогай электрычнага кабеля мы дапоўнілі яго абагрэвам, каб у прахалоднае надвор'е акно не пацела з-за розніцы тэмператур унутры і звонку, а зімой не замярзала».

Збоку купал выглядае не вельмі вялікім па памеры. Таму калі апынаешся ўсярэдзіне, шчыра здзіўляешся, колькі ўсяго тут змяшчаецца. Максімальная вышыня столяў у нумары — 4 метры, плошча — каля 37 «квадратаў» (у Мінску кватэры такога памеру!).

У цэнтры купала знаходзіцца двухспальны ложак і тумбачкі, побач — столік з двума крэсламі. З іншага боку — міні-кухня з кампактным халадзільнікам, мікрахвалёўкай, электрычным чайнікам і ракавінай. У нумары жыхароў чакаюць посуд, чай, дзве бутэлькі вады і нават маленькі прэзент, які можна забраць дадому, — падстаўка пад лыжку.

«Госці могуць прыгатаваць нешта самі (у кошт глэмпінгу ўваходзіць арэнда грылю), могуць падсілкавацца ў рэстаране на беразе або заказаць у санаторыі шведскі стол: сняданак і вячэра каштуюць 12 рублёў на чалавека, абед — 25 рублёў».

У купале знайшлося месца модульнаму санвузлу — ён хаваецца ў драўлянай «скрынцы». Там ёсць усе звыклыя гарадскому чалавеку выгоды: душавая кабіна, унітаз, ракавіна. Халаты, ручнікі і гігіенічныя наборы, натуральна, таксама дадаюцца.

У нумары прадугледжаныя натуральная і штучная вентыляцыя. А яшчэ тут вісіць кандыцыянер: зімой ён ацяпляе памяшканне, а летам, наадварот, астуджае. Варта адзначыць, што нават з выключанай прыладай усярэдзіне было дастаткова цёпла — восеньскае сонейка нядрэнна так прагрэла купал.

Глэмпінг падлучаны і да оптавалакна: у кожным доміку ёсць уласны мадэм, так што тыя, хто аддалена працуе, змогуць гэта рабіць проста каля возера.

«Падвядзенне да ўчастка камунікацый заняло даволі шмат часу і прытармазіла будаўніцтва. Устаноўка купалоў пачалася толькі ў жніўні і скончылася да сярэдзіны кастрычніка, хоць мы планавалі адкрыць комплекс летам».

Па словах дырэктара санаторыя «Прыазёрны», сабраць геакупал не так складана і ўжо дакладна танней і хутчэй, чым з нуля ўзводзіць звычайны катэдж. Прынамсі, не трэба падвозіць бетон, цэглу і гэтак далей.

Кошт адной канструкцыі — каля 60 000 рублёў.

Пакуль што купалаў у глэмпінгу ўсяго два. Першы носіць назву «Космас»: зусім хутка ўсярэдзіне паставяць праектар, які будзе трансляваць зорнае неба на столь. Другі назвалі «Гармоніяй» — там з'явіцца вінілавы прайгравальнік. У перспектыве сюды прывязуць яшчэ два аб'екты пад здачу, і ў кожнага будзе свая фішка, якая адрознівае яго ад астатніх.

Саму тэрыторыю ўпарадкуюць: пасадзяць дрэвы, дададуць падсвятленне. А на невялікіх тэрасах абсталююць зоны адпачынку з крэсламі і шэзлонгамі.

Цяпер ноч у геакупале каштуе 100 рублёў з чалавека. Ён разлічаны на дваіх, але калі комплекс стане запатрабаваным у сем'яў, усярэдзіне гатовыя паставіць яшчэ і раскладное крэсла для дзіцяці.

«У гэты кошт уваходзіць карыстанне інфраструктурай санаторыя: басейнам, трэнажорнай залай, пракатам ровараў або лыж, рашоткамі для грылю. Можна бясплатна карыстацца альтанкай і назіральнай пляцоўкай, хадзіць на ёгу і розныя культурныя мерапрыемствы. Можна наведаць і наш вяровачны гарадок, які адкрыўся зусім нядаўна».

Хутчэй за ўсё, ужо да лета пражыванне ў глэмпінгу падаражэе — усё ж такі сезон мае значэнне. Вядома, гэта варыянт не для інтравертаў: з раніцы да вечара тут ходзяць натоўпы народу.

«Так, гэтае месца нельга назваць адасобленым, але мы разлічваем, што арандаваць нумары будуць людзі, якім цікавы пляжны адпачынак. Цэлы дзень яны будуць загараць, купацца, шпацыраваць і вяртацца сюды на начлег. Пасля заходу сонца тут ужо не такі актыўны рух», — растлумачыў дырэктар санаторыя «Прыазёрны».

Каментары1

  • Индеец
    22.10.2024
    [Рэд. выдалена]

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна6

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

У Вільні грузавы «Боінг» упаў на двухпавярховы жылы дом і загарэўся. Ёсць загінулыя3

8 нагод наведаць самы маленькі горад Беларусі5

У Турцыі пасля пасадкі загарэўся расійскі пасажырскі Sukhoi Superjet 100. Каторы раз такое з гэтым самалётам2

Качалоўская: На «Міс Сусвет» я зразумела, што такое жаночая жорсткасць. А ў прыбіральню нас вадзілі ахоўнікі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →