Меркаванні55

«Лукашэнка — маньяк улады, палітычны звер» — былы амбасадар Польшчы

Якой Захад бачыў Беларусь у канцы 1980-х — пачатку 1990-х, чаму там недаацанілі небяспеку з боку Лукашэнкі і ці ёсць магчымасць паўплываць на яго сёння? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з польскім дыпламатам з амаль 30-гадовым досведам працы, амбасадарам Польшчы (1998—2002) у Беларусі, прафесарам Універсітэта імя кардынала Стэфана Вышыньскага Марыюшам Машкевічам.

 Мар’юш Машкевіч падчас інтэрв'ю. Фота: Белсат
Польскі дыпламат, амбасадар Польшчы ў Беларусі (1998-2002) і ў Грузіі (2016-2024) Мар’юш Машкевіч падчас інтэрв'ю. Фота: Белсат

— У 1994 годзе вы прыехалі генеральным консулам у Горадню. Гэта быў ваш першы візіт у Беларусь?

— Не, да гэтага бываў. Упершыню гэта было ў Савецкім Саюзе. Мяне запрасілі сябры з Пінска. Гэта быў сакавік 1989-га, памятаю, што ў Савецкім Саюзе тады былі выбары. Мы каталіся па Палессі, па гэтых вёсках, палескіх раёнах з сябрамі ўвесь тыдзень. У мяне было такое ўражанне, што ў Савецкім Саюзе трэба альбо рабіць рэвалюцыю, альбо застрэліцца.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Страшна. Проста такая дэпрэсіўная атмасфера. У Польшчы гэта быў пачатак пераменаў. Мне здаецца, у нас быў аптымізм. Мы чакалі, што будзе круглы стол, чакалі, што будуць свабодныя, ну, паўсвабодныя выбары. А тут… Выбары… Усё было такое змрочнае, такое страшнае.

— З 1994-га да 1997-га вы былі консулам у Горадні, а пасля да 2002-гаамбасадарам у Менску. Дык вось 1994-ы — год прыходу Лукашэнкі, а 2002-гі — ягонай аформленай дыктатуры. Што вы думалі пра падзеі таго часу? Вы ж фактычна бачылі вяртанне ў нейкі Савецкі Саюз.

— У той час я ўспрымаў гэта як дзіцячую хваробу, думаю, гэта ўсё пройдзе. 

Ведаеце, у мяне быў аптымізм, што праз некалькі гадоў людзі захочуць жыць нармальным жыццём, як у Польшчы, як у Літве, развівацца, а заходняя культура больш блізкая за расейскую. Падзеі ў 1994-м, 1995-м мне здаваліся часовымі. 

Тады я не думаў, што гэтая хвароба можа быць хранічнай і для некаторых смяротнай. Аказалася, гэта смяротная хвароба, якая распаўсюдзілася і на Расею, бо ў 1990-ыя для Беларусі гэта быў прыклад дэмакратыі. Пасля аказалася, што не толькі Расея, але і Казахстан, Азербайджан і, на жаль, Грузія імкнуцца да гэтага.

Беларусь і каманда Лукашэнкі — гэта быў палігон. Была ідэя ў Пазняка, у 1996 годзе ён казаў, што старыя сістэмы КДБ, наменклатура правяраюць на Лукашэнку, як можна гэтую сістэму замацаваць. Усе тады смяяліся, а ў ягоных словах было шмат праўды.

— Знікненні знаных асобаў, эскадроны смерці… Вы тады разумелі, што за гэтым, хутчэй за ўсё, стаіць рэжым Лукашэнкі?

— Страшны момант, калі мы ўначы даведаліся, што знік Ганчар… Мы пабеглі з некалькімі амбасадарамі… Нямецкі тагачасны амбасадар а 9-й вечара стаяў каля МЗС і грукаў у дзверы, крычаў, што хоча паразмаўляць, спытаць, што здарылася і як такое можа быць. Мы тады думалі, што гэта проста нейкія чыноўнікі, якія, можа быць, выйшлі з-пад кантролю. Не хацелася верыць, што гэта будзе пачатак такога вялікага тэрору.

— Вы памыляліся тады ў сваіх ацэнках… А іншыя дыпламаты? Як яны тады ўспрымалі Менск?

— У кожнай краіне свае правілы і клішэ. Амбасадар працуе так, каб яго разумелі ў сваёй сталіцы. Амерыканскія паслы, напрыклад, думалі, што трэба проста пачакаць для нармалізацыі сітуацыі, і дзякуючы эканамічным пераменам усё наладзіцца. Нямецкія дыпламаты ў гэтай справе былі больш абыякавыя. Блізкія сябры, маю на ўвазе з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, глядзелі на гэта з большым неспакоем. А тыя заходнія думалі, што Расея галоўная і будзе мець станоўчы ўплыў на Беларусь.

— Вы сустракаліся з Лукашэнкам… Можаце расказаць пра гэтыя сустрэчы?

— Апошняя мая размова з Лукашэнкам адбылася ў чэрвені 2002 года, гэткая развітальная сустрэча… Я мусіў ужо з’ехаць, і тут нечакана Лукашэнка прыязджае з Масквы, злосны… Гэта была тая знакамітая сустрэча, калі Пуцін журналістам сказаў пра «мухі — асобна, катлеты — асобна». Ён быў злосны і хацеў хіба паказаць, маўляў, вось цяпер я буду з Польшчаю сябраваць.

Я яму проста патрэбны быў у той момант, праз два дні пасля той сустрэчы з Пуціным, і ён мяне прымае на развітальную размову: «Спадару пасол, вы выязджаеце, але заўсёды можаце прыязджаць да нас, вы — сябар Беларусі, я ведаю пра вашую працу тут». Пасля, калі камеры забралі, журналісты адышлі, у нас была недзе на 45 хвілінаў размова тэт-а-тэт. Я яму казаў, маўляў, бярыце прыклад з Расеі, там такая дэмакратыя, эканоміка развіваецца. А ён паглядзеў на мяне — і ў адказ: «Спадару пасол, вы памыляецеся, вы не ведаеце, хто такі Пуцін, вы яшчэ ўбачыце, хто ён такі».

Я пасля напісаў даклад у Варшаву з гэтай размовы. Мне здаецца, што ў маёй дыпламатычнай працы гэта была самая цікавая дэпеша.

— Што там было?

— Ну, вось сюжэт, у якім ён паказвае будучыню Пуціна, што той будзе рабіць, што ён будзе горшы за Лукашэнку. Ён яго баяўся ў той час. Ён перад ім дрыжэў.

— Што ён яшчэ казаў пра Пуціна?

— Што вы, маўляў, не падазраяце пра забойствы, а я ведаю пра гэта. Але вы паглядзіце, якая будзе сітуацыя ў Расеі. Там няма ніякіх межаў і тармазоў.

— Цікава, што ў 2002-м ён такое казаў, а праз 20 гадоў пачаў вайну з Пуціным супраць Украіны.

— Ну, ён так сябе загнаў, у такі кут сябе паставіў, што ў яго, як у пацука, ужо не было выйсця. Верылі людзі, што ён зможа весці самастойную палітыку, але выявілася, што не.

— Часам кажуць, што Лукашэнка — гэта найлепшы гарант беларускай незалежнасці ў сённяшніх умовах. Ці ў стане ён сёння супраціўляцца Пуціну?

— Мне падаецца, гэтая праблема перайшла на іншы ўзровень. 

Для Пуціна не мае значэння, у якой ступені Беларусь цяпер суверэнная. Беларусь сталася часткаю гэтай сістэмы, часткаю вайны, часткаю расейскай эканомікі. Гэта адбывалася паступова… Лукашэнка аддаваў, аддаваў, аддаваў… 

І ўсё ж у яго яшчэ засталося што аддаваць, бо суверэнітэт цяпер і ёсць, і яго няма. Я вельмі люблю беларускую формулу: так ці сяк, ты не ведаеш, ты стаіш на правай назе ці на левай, трошкі на правай, трошкі на левай. Гэта вельмі цікавая формула, яна для нашых заходніх характараў незразумелая. А ў Беларусі людзі навучыліся жыць з гэтым: шматлікія войны, акупацыя паказалі, што трэба захаваць жыццёвую субстанцыю, умець хаваць свае перакананні і сваё мысленне перад ворагам. Гэта незразумела літоўцу ці паляку, але я разумею.

— Што, на вашую думку, беларуская апазіцыя рабіла не так? Чаму не здолела Лукашэнку перамагчы?

— Тут няпроста патлумачыць, гэта сацыялагічная праблема. Савецкі Саюз быў у галовах выбарнікаў. Людзі былі непадрыхтаваныя. Я заўсёды казаў, што трэба памяняць падручнікі ў школах, з гэтага трэба пачаць, паказваць людзям свет іншымі спосабамі. На жаль, у канцы 1990-х у палітыку прыйшлі такія людзі, чые словы разыходзіліся з логікай.

— Беларуска-польскіх стасункаў ужо фактычна няма, пасля таго як Лукашэнка разгарнуў гібрыдную атаку. Анджэй Пачобут сядзіць у турме, Анджэліку Борыс выпусцілі, але і яе зноў могуць пасадзіць, там няма ніякіх гарантыяў. Як вы думаеце, у Польшчы ёсць магчымасць неяк паўплываць на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

— Баюся, палітыкі не ўплываюць на гэта, а чыноўнікі розных польскіх структураў проста баяцца эскалацыі, гэта зразумела. Безумоўна, прымаць пастановы заўсёды складана, але я б раіў больш вострую палітыку ў дачыненні таго, што для Лукашэнкі цяпер галоўнае, — роля пасярэдніка ў гандлі з Кітаем. Мы ведаем назвы нямецкіх фірмаў, што пастаўляюць тэхніку, машыны расейскаму мілітарнаму комплексу. Яны завозяць гэта ў Турцыю, там пераклейваюцца налепкі, і тавар перапраўляецца ў Расею. Гэта проста страшна. Закрыць увесь гандаль з Беларуссю, перакрыць усе магчымасці, каб гэты кісларод проста не даходзіў. Але для гэтага патрэбная адвага.

— У беларускіх дэмакратычных сілах ёсць лагер, які кажа, што падзеі 2020 года былі памылкаю, бо гэта знішчыла тую маленькую колькасць свабоды, што ўсталявалася ў Беларусі ўнутры дыктатуры паміж 2015-м і 2020-м. Што вы думаеце на гэты конт?

— З самога пачатку для мяне гэта быў расейскі праект. Усе гэтыя блогеры… Бабарыка… Я не ведаю, проста прымаю гэта як магчымае, але не як праўду. Гэтыя праекты маглі быць, каб аслабіць Лукашэнку. З самога пачатку я вельмі скептычна да гэтага ставіўся, але калі людзі выйшлі, выйшлі з-пад кантролю гэтых палітычных тэхнолагаў, якія хацелі кіраваць працэсам за два мільёны баксаў… Гэта як трава з-пад асфальту вырастае. Беларускі сцяг прыйшоў, беларуская мова прыйшла. Значыць, гэтая нацыянальная ідэя вельмі моцная.

— А чаму гэтак мала чыноўнікаў падтрымала народ? Было ж відаць, што Лукашэнка прайграў. Яны ж бачылі гэтыя пратаколы, бачылі чэргі на галасаванні, якіх таксама ніколі ў гісторыі Беларусі не было.

— Яны не тое што не падтрымлівалі, яны баяліся. Я не хачу цяпер аднаго чыноўніка падстаўляць, з якім у мяне былі кантакты. Але паверце: яны былі на баку людзей, але яны проста баяліся і маўчалі. Таму яны проста чакалі развіцця падзеяў.

Лукашэнка — маньяк улады, чалавек, які канцамі пальцаў усё адчувае і ведае, як і што рабіць, палітык, у якім гэта генетычна закладзена, палітычны звер.

— Тое, што вы цяпер назіраеце ў Беларусі, калі сотні тысячаў чалавек з’язджаюць, фактычна тое самае, што вы назіралі і ў Польшчы… У нас ёсць шанец захаваць сябе як краіну, нацыю, калі там пануе страх, а тут людзі асімілююцца?

— 2020 год мне паказаў, што беларускасць вельмі моцная. Я аптыміст. Перамены будуць. На жаль, пазней, чым я чакаў. Калі я бачу, што нават самае маладое пакаленне, якое нарадзілася ўжо ў перыяд Лукашэнкі, размаўляе па-беларуску, цікавіцца беларускаю культураю, гісторыяй… Гэта жыве, і нішто не можа гэтага замяніць. Гэта так моцна. Будуць пакаленні, якія будуць будаваць дзяржаву.

— Але ў нас таксама ёсць такі важны фактар, які на гэта ўплывае, — фактар Расеі. Ці ёсць у нас шанец вырвацца і захаваць сябе як незалежную дзяржаву?

— Апошнія 8 гадоў я быў на Каўказе, мне здаецца, такія парады і рэцэпты даваць я не маю права. Проста я адчуваю, што ўсё прыйдзе на свае месцы. Расея будзе слабейшая, Пуцін таксама не вечны, і са сталінізмам трэба змагацца, трэба маладому пакаленню паказваць, чым насамрэч была дыктатура, што гэта было само зло — і ўсё прыйдзе на сваё месца.

— А Расея можа быць неімперская?

— Я шмат бачыў праграмаў пра расейскую глыбінку, мне вельмі падабаецца. Расея можа жыць сама па сабе, нікому не перашкаджаючы. Але з гэтым монстрам — сталінска-маскоўска-піцерскім — Захад мусіць справіцца. Эканамічна проста топчам. Пуцін — гэта памылка Захаду. Праява карупцыі. Нямецкі журналіст пісаў пра сувязі «Газпрама» з нямецкім бізнэсам: гэта праблема. Яны выгадавалі такога монстра.

— У Грузіі вельмі шмат беларусаў, якія выехалі пасля 2020 года, але цяпер іх усё менш і менш, яны не адчуваюць сябе бяспечна і хвалююцца, ці не будзе так, што ў нейкі момант Грузія іх выдасць, пры гэтым вельмі цяжка атрымаць візу ў Еўропу. Чаму так атрымалася? Чаму Еўрасаюз не працягне рукі дапамогі гэтым людзям?

— Праблема маштабаў, я б сказаў. Беларусь — гэта частка агрэсіўнага боку, які цяпер вядзе вайну не толькі супраць Украіны, а проста з Захадам. Усе гэтыя шпіёны, дыверсанты, усе гэтыя дзіўныя людзі, якія пранікаюць, робяць выгляд, што яны рэзідэнты, але робяць дрэнную працу для сваёй краіны. Вельмі цяжка сказаць, хто добры, а хто робіць гэтую дрэнную справу. Таму такія праблемы і ўзнікаюць. На жаль, беларусы апынуліся ў адной скрыні з Расеяй.

— Як вы ацэньваеце легітымнасць Святланы Ціханоўскай пасля 2025 года? І як яе можна ацэньваць, калі Лукашэнка пакіне пасаду?

— Хачу прывесці польскі прыклад: прэзідэнты польскай эміграцыі ў Лондане мелі чыста сімвалічную ўладу. Ціханоўская мае маральную легітымнасць. Не трэба гэтага нішчыць, трэба гэта падтрымліваць, чакаць таго моманту, калі Ціханоўская прыедзе ў Менск і першае, што зробіць, — заявіць пра свабодныя выбары. І яна сама так кажа. Гэта маральна чысты чалавек.

Каментары5

  • Імя
    23.10.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Муртазаев
    23.10.2024
    Ещё один польский учитель жизни нашёлся… Детей своих учи, если сможешь. Давай, до свидания.
  • Кэп
    11.12.2024
    Практически со всем согласен! Реально здравая оценка как того что было 20 лет назад, так и сегодняшних процессов

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў3

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Усе навіны →
Усе навіны

«Дзе ***** подпісы???» Прапагандыст Тур заблытаўся ў выбарчых рэаліях7

У свеце стала менш атэістаў. Але ў Еўропе рэлігія адступае 20

Беларускую мову ва Украіне хочуць выключыць са спісу моў, якія падлягаюць абароне25

«Я член выбарчай камісіі і гэтым ганаруся». Лукашысты ладзяць новы флэшмоб11

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў3

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Галоўнае
Усе навіны →