Беларус атрымаў прапанову ад польскай Google, але стаў беспрацоўным. Праз візавы скандал беларусам усё часцей адмаўляюць у візах
Візавы скандал у Польшчы, у якім крайнімі сталі беларускія айцішнікі, рэзка павялічыў колькасць адмоў беларусам у нацыянальных візах. Нават тым, каму, здавалася, меліся быць рады. Пра адзін са свежых кейсаў расказвае devby.io.
Запрашэнне ад Google
Распрацоўшчык Фёдар у свае 23 паспеў скончыць БДУ, тры гады прапрацаваць у «Яндэксе» і атрымаць офер ад польскага офіса Google. Але да працоўнага месца ён так і не дабраўся. Сваю гісторыю ён расказаў dev.by і выклаў на LinkedIn, каб «падсвятліць праблему» і перасцерагчы калег, якія чакаюць офер з-за мяжы.
— У жніўні мне прыйшла захапляльная прапанова далучыцца да каманды Google Poland у Варшаве, — кажа Фёдар.
— Праца — агонь, мой досвед выдатна пасуе, да таго ж у Польшчы жыве мая дзяўчына і некалькі сяброў. Таму я з гатоўнасцю прыняў офер, адмовіўшыся ад іншых прапаноў і перапыніўшы астатнія сумоўі. Заставалася атрымаць візу.
З оферам на руках і зарэзерваванай датай падачы на візу распрацоўшчык у верасні звольніўся з «Яндэкса». Візавую заяву ён падаў пры канцы кастрычніка ў ВЦ Брэста і праз два дні атрымаў адмову па так званым п. 10. То-бок у консула паўсталі «абгрунтаваныя сумневы» наконт дакладнасці заяўленай мэты знаходжання.
— Гэта было дзіўна, — кажа Фёдар. — Я ніколі не выкарыстоўваў віз не па прызначэнні і не наведваў Польшчы. Яшчэ больш дзіўным было тое, што консульства не звязвалася ні з працадаўцам, ні са мной і не прасіла ніякіх дадатковых дакументаў або тлумачэнняў.
У лістападзе распрацоўшчык падаў апеляцыю на адмову, прыклаўшы дадатковыя дакументы, у тым ліку ліст ад Google аб тым, што кампанія ўсё яшчэ яго чакае, і ліст консулу з выкладаннем асабістых прычын (+ дакументы), якія лішні раз даказвалі, што ён мае намер працаваць у Польшчы.
Пазней Фёдар даведаўся, што гэта тыповая для беларусаў праблема. Цяпер ён мяркуе, што консульствы даюць адмовы беларусам рандомна проста для статыстыкі, каб выканаць нейкі спушчаны зверху план.
— Атрымліваючы адмовы з мутнай аргументацыяй, заяўнікі вымушаныя падаваць аднолькавыя пакеты дакументаў у ВЦ розных гарадоў зноў і зноў, пакуль не атрымаюць візы, — апісвае ён сітуацыю, не хаваючы прыкрасці. — За кожную падачу трэба заплаціць 100-200 еўра пасярэдніку і неакрэслена доўга чакаць запісу.
Чым жа скончылася гісторыя
Яна яшчэ не скончылася. Google праяўляе дзівосы цярпення: на тры тыдні адтэрмінавалі для пачаткоўца пачатак працы (але ў новы дэдлайн Фёдар таксама не ўпісваецца) і цяпер чакае плану дзеянняў ад візавага кансультанта кампаніі Deloitte, якая суправаджае міграцыю супрацоўнікаў.
— Без яснага таймлайну і пры вялікай канкурэнцыі, магчыма, працадаўцу давядзецца адклікаць офер, — кажа Фёдар. — Але спадзяюся, што Google усё ж зможа атрымаць ад польскага МЗС афіцыйнае тлумачэнне іх візавай палітыкі. Або, магчыма, мне дазволяць працаваць аддалена з іншай краіны ЕС, пакуль сітуацыя не вырашыцца.
Працадаўцы не ў захапленні ад таго, што трэба неакрэслена доўга чакаць запісу на падачу, да таго ж з туманнай перспектывай — ці дадуць, ці не дадуць. Гэта адсейвае людзей, якія рэальна хочуць працаваць, пакідаючы тых, хто гатовы да перамогі атрымліваць фэйкавыя запрашэнні.
Чаму яшчэ гэта праблема
— Бо Польшча цяпер хаб для кампаній FAANG (пяцёрка найбуйнейшых бігтэх-кампаній: Meta — былы Facebook, Amazon, Apple, Netflix і Google — Рэд.) у Еўропе, за выключэннем хіба што Meta, — кажа Фёдар. — У іншых краінах ЕС вакансій той жа Google мала, і там высокая канкурэнцыя. Пры гэтым кампаніі захоўваюць статыстыку адмоў па візах і тэрміне іх выдачы, і цімліды ўлічваюць яе пры выкаце оферу. Вядома, суперспецыяліста гатовыя чакаць і год, але пры іншых роўных беларусам цяжка канкураваць праз візы.
То-бок беларусам закрываюць галоўную дарогу ў FAANG.
Распрацоўшчык сцвярджае, што асабіста сутыкнуўся з адмовай на пачатковым этапе сумоўя ад кампаніі Snowflake праз тэрмін выдачы візы.
— Мне прызначылі сустрэчу з цімлідам, мы пагутарылі пра досвед і задачы, нам усё спадабалася, — расказаў Фёдар. — Потым ён спытаў пра візу і калі я змагу прыступіць да працы. Я шчыра адказаў, што цяпер візу трэба рабіць мінімум 1-2 месяцы праз час на запіс. Цімлід сказаў: «Зразумела», — і неўзабаве скончыў гутарку. На пошту прыйшла адмова без тлумачэння прычын.
Якую навуку здабыў распрацоўшчык
— Я не вывучыў сітуацыі з візамі перад тым, як прыняць офер. Дарэчы, усе іншыя мае оферы таксама былі з Польшчы. Цяпер я б арыентаваўся хутчэй на іншую краіну або меў бы запасны варыянт.
І яшчэ парада: прымаючы офер у Польшчы, будзьце асцярожныя — не звальняйцеся з цяперашняй працы, пакуль не атрымаеце візы.
Каментары
Праца бяз нашая дазволу незаконная і нелегальная.
Прасіце літасьцівее вышэйшае згоды і тады працаўладкоўвайцеся і прыязджайце.