Вялікабрытанія раскрыла буйную міжнародную сетку па адмыванні крыптавалюты для ўзбагачэння Крамля і аперацый расійскіх шпіёнаў у Еўропе
Вось як дзейнічае схема ў дэталях і якія расійскія бізнэс-лэдзі замяшаныя.
Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасцю Вялікабрытаніі (NCA) пры падтрымцы спецслужбаў ЗША, Францыі і Ірландыі раскрыла шматмільярдную схему адмывання грошай, якая дзейнічала ў больш як 30 краінах свету і пераважна ахоплівала Лондан, Маскву і Дубай. Гэтая нелегальная міжнародная сетка дазваляла Крамлю і еўрапейскім аб'яднаным злачынным групоўкам абыходзіць заходнія санкцыі праз выкарыстанне крыптавалюты, паведамляе выданне The Financial Times.
Па даных NCA, ключавымі часткамі злачыннай сеткі з'яўляліся бізнэс-аб'яднанні Smart Group і TGR Group — яны аказваюць шмат паслуг, уключаючы адмыванне грошай, звязаных з падсанкцыйнымі суб'ектамі, абмен наяўных грошай і крыптавалюты без рэгістрацыі, а таксама маскіроўку крыніц сродкаў для набыцця нерухомасці ў Вялікабрытаніі і Еўропе высоказабяспечанымі расіянамі, у тым ліку супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў.
Сетка абслугоўвала звыш 22 злачынных груповак, у тым ліку буйны ірландскі наркакартэль Кінахан, звязаны з шматлікімі заказнымі забойствамі, а таксама расійскія шпіёнскія аперацыі з канца 2022 года да лета 2023 года (паводле следства, адным з кліентаў сеткі быў прапагандысцкі медыяхолдынг Russia Today, які тым самым фінансаваў расійскія аперацыі ўплыву ў Вялікабрытаніі).
NCA таксама выявіла, што групы Smart і TGR рэгулярна супрацоўнічалі з Garantex — біржай, якая з 2022 года знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі і ЗША. Па інфармацыі следства, біржа выкарыстоўвалася для аплаты паставак у Расію заходніх кампанентаў зброі, якая прымяняецца ёй ва Украіне.
NCA падкрэслівае, што Расія стала актыўна карыстацца схемай з-за масавай высылкі расійскіх дыпламатаў і шпіёнаў з Еўропы пасля пачатку вайны ва Украіне, перадае The Financial Times.
А сама схема выглядае так.
-
Пастаўка наркотыкаў на Захад і ў Вялікабрытанію. Наркотыкі з Паўднёвай Амерыкі трапляюць у Вялікабрытанію і заходнія краіны. Пакупка наркотыкаў адбываецца з дапамогай крыптавалюты, пераважна Tether (прывязаная да даляра ЗША, што дазваляе захоўваць стабільнасць сродкаў).
-
Наяўныя ад наркагандлю. Наркатычныя групы ў Вялікабрытаніі і на Захадзе прадаюць у сябе наркотыкі з Паўднёвай Амерыкі і атрымліваюць вялікія сумы наяўных грошай.
-
Абмен наяўных на крыптавалюту праз Smart. Праз вялікую сетку кур’ераў, арганізаванай Smart Group, наяўныя зноў абменьваюцца на крыптавалюту, пераважна Tether (па ўсёй Вялікабрытаніі былі выяўлены як мінімум 55 месцаў для такіх нелегальных абменаў).
-
Перадача крыптавалюты расійскім структурам. Еўрапейскія і брытанскія наркагандляры, жадаючы атрымаць новы тавар з Паўднёвай Амерыкі і пры гэтым пазбегнуць непатрэбнай увагі з боку заходніх спецслужб, перадаюць крыптавалюту кампаніям і структурам, звязанымі з Расіяй. Частка з атрыманай Расіяй крыптавалюты зноў ідзе на пакупку паўднёваамерыканскіх наркотыкаў, а астатнія лічбавыя сродкі ў якасці працэнтаў Расія забірае сабе.
-
Адмыванне грошай праз TGR. Тут у справу ўступае сетка кампаній TGR Group, якая мае офісы ў Лондане, Маскве і Дубаі. Потым TGR «легальна» адмывае крыптавалюту (праз фальшывыя фінансавыя дакументы, фіктыўныя кампаніі або інвестыцыі ў рэальныя актывы на Захадзе) і атрымлівае чыстыя мільярды даляраў.
-
Вяртанне сродкаў у Расію. Пасля адмывання крыптавалюта дзякуючы хуткай перадачы, якая амаль не адсочваецца, становіцца даступнай Крамлю, расійскім элітам і спецслужбам, якія вядуць справы ў заходніх краінах. У Расіі або іншых краінах, дзе крыптавалюта легальна ці можа быць пераведзена ў наяўныя грошы, гэтыя сродкі канвертуюцца назад у традыцыйныя валюты (рублі, даляры, еўра). Гэта робіцца праз банкаўскія сістэмы, якія могуць выкарыстоўваць недастаткова строгія праверкі на паходжанне сродкаў.
NCA падкрэслівае, што ў злачынную схему аказаліся ўцягнутыя высокапастаўленыя асобы шэрагу краін свету і кампаніі з добрай рэпутацыяй.
Асаблівую ўвагу NCA і заходніх спецслужбаў выклікала асоба Кацярыны Жданавай, уладальніцы кампаніі Smart. 38-гадовая жыхарка Масквы трапіла ў санкцыйны спіс ЗША ў 2022 годзе за перавод больш за $100 мільёнаў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ад імя неназванага расійскага алігарха, які знаходзіцца пад санкцыямі. Жданава таксама дапамагала расійскім элітам абыходзіць абмежаванні пры куплі нерухомасці ў Вялікабрытаніі.
Жанчына, паводле The Financial Times, цяпер знаходзіцца пад вартай у Францыі.
Па інфармацыі расійскіх незалежных медыя, Кацярына Жданова носіць у Расіі іншае прозвішча — Магамедава. Аднак у публічнай прасторы яе ведаюць як Кацярыну Жданаву, а часам і як Кацярыну Масліеву.
Апошняе прозвішча Кацярына ніколі афіцыйна не насіла, але яго носіць яе сын Платон, які нарадзіўся ад «свецкага льва», былога кіруючага партнёра вежы «Федэрацыя» ў Маскве Кірыла Масліева (большасць элітных крыптавалютных абменнікаў у Маскве размяшчаюцца менавіта ў вежы «Федэрацыя»).
Кацярына Жданава-Магамедава і Кірыл Масліеў былі разам заўважаныя ў вядзенні бізнэсу з Ірынай Шайгу, жонкай былога міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу. Дзякуючы Кірылу Масліеву Жданава-Магамедава апынулася ў цэнтры свецкага жыцця, даючы інтэрв'ю глянцавым часопісам пра свой поспех.
Жданава-Магамедава, паводле спецслужбаў ЗША, рэгулярна каардынавала міжнародныя аперацыі па адмыванні буйных сум грошай з грамадзянінам Расіі Хаджы-Мурадам Далгатавічам Магамедавым. Абодва выкарыстоўвалі сетку TGR (а менавіта кампаніі TGR Corporate Concierge LTD і TGR Partners) для аплаты рахункаў-фактур, грашовых пераводаў і абмену наяўных грошай на крыптавалюту Tether.
Групу кампаній TGR узначальваюць грамадзянін Украіны Джордж Росі, грамадзянка Расіі Алена Чыркінян, грамадзянін Латвіі Андрэйс Брадэнс (у яго знайшліся легальныя актывы ў ЗША).
Міністэрства фінансаў ЗША лічыць, што Алена Чыркінян непасрэдна падпарадкоўваецца Крамлю і прымае ключавыя рашэнні ў рамках групы TGR. У 2023 годзе яна ўдзельнічала ў пераводзе сродкаў у Вялікабрытанію для падтрымкі расійскага прапагандысцкага тэлеканала RT.
Па даных NCA, праз Вялікабрытанію штогод адмываецца больш за $100 мільярдаў, з якіх каля $5 мільярдаў прыпадае на крыптавалюты. Гэтая сума працягвае расці на фоне пастаяннага ўдасканалення тэхналогій і павелічэння глабальнага выкарыстання лічбавых актываў.
Паводле генеральнага дырэктара NCA па аперацыях Роба Джонса, расследаванне супраць міжнароднай расійскай сеткі адмывання крыптавалюты стала «самай значнай аперацыяй супраць адмывання грошай, якую калі-небудзь праводзіла агенцтва».
«Гэтая схема аб’ядноўвае нелегальныя аперацыі з наяўнымі грашыма і крыптавалютай у маштабах, якія мы яшчэ не бачылі. Тут пераплятаюцца шпіёнства, транснацыянальная злачыннасць і расійскія адмывальнікі грошай», — падкрэсліў Джонс.
У выніку расследавання NCA арыштавала ў Вялікабрытаніі 84 чалавекі, канфіскавала £20 мільёнаў у наяўных грошах і крыптавалюце.
Каментары