Грамадства66

У Мінску разбіраюць Гістарычную майстэрню, якая захоўвала памяць пра Халакост

Ад сціплага дамка каля Яўрэйскага мемарыяльнага парку засталося пару сцен. У час вайны тут у схованцы хаваліся апошнія выжылыя вязні гета. Разабраліся, што адбываецца з гістарычным будынкам. Панікаваць не варта.

Рэканструкцыя будынка Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна. Фота: чат тэлеграм-канала «Спадчына»

У сацсетках з'явілася інфармацыя пра тое, што ў цэнтры сталіцы па вуліцы Сухой, 25 зносяць дом, у якім раней размяшчалася Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна. Але работы гэтыя былі запланаваныя даўно і ставяць за мэту пашырэнне гістарычнага комплексу.

Яўрэйская «маліна»

Дом быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя і належаў сям’і Бяркоўскіх. Лейб Бяркоўскі быў вартаўніком на размешчаных непадалёк яўрэйскіх могілках і вядомым разьбяром па камені — таксама рабіў камяні для могілак. Пасля 1929 года дом быў нацыяналізаваны і, як мяркуецца, выкарыстоўваўся прамысловай арцеллю.

Падчас вайны дом ля могілак знаходзіўся ў межах Мінскага гета. У ім была зроблена схованка, так званая «маліна». Яўрэі ноччу выносілі ў вёдрах па ланцужку зямлю, раскідалі яе па двары, зверху клалі дзёран. 

Гістарычная майстэрня да пачатку рэканструкцыі. Фота: Беларуская служба Польскага радыё 

21 кастрычніка 1943 года нацысты ліквідавалі гета, знішчыўшы ўсіх яго насельнікаў. 23 кастрычніка акупанты абвясцілі Мінск «юдэнфрай» (Judenfrei) — свабодным ад яўрэяў. Аднак у «маліне» схаваліся 26 яўрэяў з гета, і 13 з іх дажылі да вызвалення. У схованцы, якая размяшчалася ў будынку Гістарычнай майстэрні, заставалася пад зямлёй на працягу 9 месяцаў, аж да вызвалення горада 3 ліпеня 1944 года, і Лізавета Ляўкова.

«Мы чулі вельмі цяжкія самалёты, якія, здавалася, расколвалі неба. […] Прайшла гадзіна, дзве, тры. Мы думалі, што ўсё — яе схапілі. І якраз тады яна расчысціла ўваход і пачала крычаць: «Выходзьце, вайна скончылася». Мы не зразумелі і спыталі яе, што здарылася, а яна зноў: «Выходзьце, гэта ўжо савецкая армія». Але як выбрацца, калі ногі не слухаюцца. І мне не было чаго апрануць; халат, які на мне быў на момант уваходу ў хованку, быў брудны і поўны вошай. Не мылася дзевяць месяцаў, ды й не толькі я — ніхто з нас не прымаў ванну, мы нават рукі не мылі ўвесь той час», — успамінала Ляўкова.

У пасляваенны час тут размяшчаліся ЗАГС, швейная майстэрня і будаўнічы склад. 

Гістарычная майстэрня Леаніда Левіна

У сакавіку 2003 года ў будынку на Сухой, 25 размясцілася Гістарычная майстэрня. Яна была задуманая Леанідам Левіным, заслужаным архітэктарам Беларусі, аўтарам мноства мемарыялаў і старшынёй Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын, як мост паразумення і прымірэння народаў. Ён сам заспеў вайну малым хлопцам у Мінску і добра ведаў складаныя лёсы людзей, якія прайшлі праз Халакост. 

Унутры Гістарычнай майстэрні. Фота: audiowalks.centropa.org

Гістарычная майстэрня была створана пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іахіма Рау. Яе заснавальнікамі таксама выступілі Саюз Беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын і Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр, які нясе асноўную нагрузку па фінансаванні праекта, атрымліваючы сродкі ад сотняў ахвяравальнікаў з Германіі.

У Гістарычнай майстэрні ладзіліся міжнародныя канферэнцыі і семінары. Яна ўключала выставу па тэме Халакоста, што пралівае святло на цёмныя старонкі мінулага, калі праз гэты будынак праходзілі вязні яўрэйскага гета. Майстэрня падтрымлівала партнёрскія сувязі з уладамі Берліна, Бона, Кёльна, Брэмена, Франкфурта-на-Майне, Вены, а таксама ўніверсітэтамі, музеямі, мемарыяламі Германіі і Аўстрыі.

Пасля смерці Леаніда Левіна Гістарычная майстэрня ў 2015 годзе атрымала ягонае імя. 

Што будзе

Рэндар агульнага выгляду Гістарычнай майстэрні пасля рэканструкцыі. Фота: Адміністрацыя Маскоўскага раёна горада Мінска

Архітэктурную і грамадскую справу свайго бацькі працягнула Галіна Левіна. У канцы верасня 2021 года «Творчая майстэрня архітэктара Левіна Л.М.» прадставіла на грамадскае абмеркаванне канцэпцыю рэканструкцыі Гістарычнай майстэрні па вуліцы Сухой. Будынак даўно быў аварыйны, і ў частцы яго ўвогуле забаранялася хадзіць з-за небяспекі абвальвання падлогі.

Планы будынка на розны час. Аўтэнтычнымі з'яўляюцца часткі, якія выходзяць фасадамі на Калектарную вуліцу. Фота: Адміністрацыя Маскоўскага раёна г. Мінска

Канцэпцыя рэканструкцыі, распрацаваная архітэктарамі Левінай, Капыловым і Лукічовай, прадугледжвала знос пасляваенных прыбудоў да будынка канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Замест іх мусіла ўзнікнуць прыбудова са шкла і каменю, якая б значна пашырыла плошчу Гістарычнай майстэрні. Сцены новай прыбудовы запраектавалі нахіленымі, каб эмацыйна было адчуванне таго, што вайна паставіла на край абрыву многія сем'і і краіны. 

Рэндар выгляду гістарычнага фасада па вуліцы Калектарнай пасля рэканструкцыі. Фота: Адміністрацыя Маскоўскага раёна горада Мінска
Рэндар выгляду гістарычнага фасада і прыбудовы па вуліцы Сухой пасля рэканструкцыі. Фота: Адміністрацыя Маскоўскага раёна горада Мінска

Новы комплекс Гістарычнай майстэрні мусіў стаць двухузроўневым, з выкарыстаннем цокальнага паверху. Цэнтральнай часткай будучай экспазіцыі мусіла стаць «маліна» — схованка ў падвале, дзе хаваліся вязні гета.

Перад уваходам у абноўлены будынак павінна была з'явіцца яблыня, бо яблык мае вялікае значэнне ў яўрэйскай традыцыі. А на галоўным фасадзе — кампазіцыя «Дні гета» скульптара Аляксандра Шапо. Дакрануўшыся да нейкага дня, можна было б даведацца, што ў той дзень адбылося ў Мінскім гета, якое існавала два гады і тры месяцы.

Фасад прыбудовы. Фота: Адміністрацыя Маскоўскага раёна горада Мінска

Заказчыкам рэканструкцыі выступіў усё той жа Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Іаахіма Рау — адна з нешматлікіх замежных арганізацый, якія сёння працягваюць сваю актыўную дзейнасць у Беларусі. 

Зрэшты, рэалізацыя праекта па невядомых прычынах зацягнулася. У сувязі з падрыхтоўкай да рэканструкцыі Гістарычная майстэрня была закрытая для наведванняў яшчэ ў пачатку лютага 2023 года, але актыўныя будаўнічыя работы былі заўважаныя толькі цяпер, у канцы 2024 года. 

Генплан рэканструяванага комплексу. Фота: Адміністрацыя Маскоўскага раёна горада Мінска
Будынак з боку вуліцы Калектарнай. Арыгінальная драўляная частка на пярэднім плане амаль цалкам знесена, засталіся толькі мураваныя аб'ёмы. Фота: чат тэлеграм-канала «Спадчына»

Рэканструкцыя, аднак, выйшла за межы абазначанага ў ранейшай канцэпцыі зносу прыбудоў. На фотаздымках на Сухой вуліцы бачна, што разабраная і большая частка драўлянай часткі дома, якая лічыцца арыгінальнай. 

У свой час будынку не атрымалася афіцыйна прысвоіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму асаблівых абмежаванняў у рэканструктараў няма.

Але з улікам таго, што праектам займалася Галіна Левіна, якая дбае пра памяць бацькі і гісторыю яўрэйскай меншасці ў Беларусі, можна спадзявацца, што разабраная драўляная частка дома будзе пасля сабраная нанова. Прынамсі частку зруба збіраліся экспанаваць на галоўным фасадзе. Таксама ў праекце звярталі ўвагу на тое, каб прыярытэтам быў гістарычны будынак, таму прыбудова будзе ніжэйшай за яго.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • CV
    05.12.2024
    вван, лепш, чым нічога
  • Ганьба
    05.12.2024
    Угу, а потым цяперашнія фашысты будуць на адкрыцці ўрачыста трындзець пра "ніхто не забыты і барацьбу з экстрэмізмам". Заказчыкам норм?
  • TXT
    05.12.2024
    CV, сумны досвед падказвае, што тое, што там будзе, гэта і ёсць нічога.

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»24

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшла відэа, на якім спалоханы кіраўнік нацысцкага атрада «Русіч» дрыжыць у абдымках кадыраўцаў42

Прэс-сакратарка Ціханоўскай: Офіс не меў дачынення да прызначэння кіраўніцтва «Белсата»45

Прэм'ер Канады пакідае пасаду кіраўніка партыі. Пазней ён пакіне і крэсла прэм'ера6

Афрыка можа разламацца на дзве часткі хутчэй, чым чакалі навукоўцы14

Макрон заклікае Украіну да «рэалістычных дыскусій» па пытаннях тэрыторый30

У Саудаўскай Аравіі і Ірака жанчын-паслоў больш, чым у Беларусі13

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў37

Кіраваць Аўстрыяй найхутчэй стане ўльтраправая і пракрамлёўская партыя, заснаваная нацыстамі45

Беларус падарыў брытанцы ружы — тая не ведае, як гэта разумець14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»24

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Галоўнае
Усе навіны →