Здароўе1919

Малако значна павялічвае рызыку раку прастаты. А кефір і некаторыя іншыя малочныя прадукты — не

Малако то карыснае, але мужчынам лепш адмовіцца ад яго штодзённага спажывання.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Існуе вялікая колькасць навуковых даследаванняў, якія сведчаць аб карысці малака ў прафілактыцы шэрагу захворванняў. Сярод іх ішэмічная хвароба сэрца, інсульт і рак тоўстай кішкі. Разам з гэтым яно можа і нарабіць шкоды здароўю мужчын.

Як піша FitBook.de, даследаванне, праведзенае амерыканскімі вучонымі з Універсітэта Лома Лінда ў Каліфорніі, вывучала сувязь паміж спажываннем малочных прадуктаў і рызыкай развіцця раку прастаты. Аўтары звярнулі ўвагу, што краіны з высокім узроўнем спажывання малака часта маюць больш высокія паказчыкі гэтага захворвання.

Даследаваннем было ахоплена больш за 28 тысяч мужчын у ЗША, у якіх на пачатку перыяду назірання не быў дыягнаставаны рак прастаты. На працягу васьмі гадоў, пакуль яно працягвалася, гэтае захворванне было выяўлена ў 1254 чалавек.

Харчовыя звычкі ўдзельнікаў рэгістраваліся з дапамогай апытальнікаў. Навукоўцы падзялілі спажыванне кальцыю з малочных і немалочных прадуктаў, каб лепш зразумець як розныя крыніцы кальцыю могуць уплываць на здароўе. Таксама ўлічваліся такія фактары, як узрост, сямейная гісторыя, індэкс масы цела, алкаголь, фізічная актыўнасць і скрынінгі на рак прастаты.

Даследаванне паказала, што мужчыны, якія рэгулярна спажываюць шмат малака, значна больш рызыкуюць злавіць рак прастаты. Так, тыя, хто выпіваў штодня 430 грамаў малака, мелі на 25% вышэйшую імавернасць захварэць, чым тыя, хто ўжываў усяго 20 грамаў.

Аўтары адзначаюць, што рызыка не расла лінейна. Яе імклівы рост назіраўся да той пары, пакуль колькасць спажытага малака не перавышала 150 мілілітраў у дзень. Затым рост запавольваўся. Навукоўцы не знайшлі значных адрозненняў паміж звычайным малаком, малаком з паніжаным утрыманнем тлушчу і абястлушчаным малаком.

Вучоныя раяць мужчынам спажываць малако ў невялікіх дозах — да 20 мілілітраў у дзень. Калі ж у іх сям'і былі выпадкі захворванняў на рак прастаты, то лепш будзе цалкам выключыць гэты прадукт з свайго рацыёну.

Як высветлілі аўтары, прычына павышанай рызыкі развіцця раку прастаты з-за спажывання малака — не ў кальцыі, які яно ўтрымлівае. Па іх словах, адной з магчымых прычын можа быць наяўнасць у ім палавых гармонаў.

Паводле статыстыкі, прыкладна 75% кароў у перыяд лактацыі могуць быць цяжарнымі. У выніку гэтага іх малако можа ўтрымліваць павышаны ўзровень некаторых гармонаў, якія могуць садзейнічаць росту гармоназалежных пухлін, такіх, як рак прастаты. Існуе таксама гіпотэза, што малочныя бялкі могуць павысіць узровень інсулінападобнага фактару росту (IGF-1), які з'яўляецца адным з фактараў, звязаных з павышанай рызыкай развіцця раку.

Ёсць і добрыя навіны: даследчыкі не знайшлі сувязі паміж рызыкай раку прастаты і ўжываннем такіх малочных прадуктаў, як кефір, ёгурт і тварог. Як яны тлумачаць, шкодныя гармоны расшчапляюць бактэрыі, што ўтрымліваюцца ў ферментаваных малочных прадуктах.

Як адзначаюць аўтары артыкула, даследаванне амерыканскіх вучоных заснавана на вялікай і разнастайнай групе ўдзельнікаў, што робіць вынікі больш надзейнымі. Аднак па методыцы правядзення яно назіральнае, таму не можа даказаць прычынна-выніковыя сувязі. Застаецца не высветленым, ці маглі іншыя невядомыя фактары паўплываць на вынікі.

Яшчэ адзін магчымы недахоп — выкарыстанне анкет для збору звестак аб харчаванні. Гэты метад павышае рызыку недакладнасцей, бо ўдзельнікі могуць не памятаць, што яны елі.

Таксама застаецца невядомым, як у цэлым харчаванне ўплывае на рызыку раку прастаты, і ці можа, напрыклад, дыета з высокім утрыманнем клятчаткі нейтралізаваць умеранае спажыванне малака.

Так, вынікі даследавання, праведзенага ў 2024 годзе, паказалі, што рацыён з акцэнтам на прадукты з высокім утрыманнем клятчаткі (такія, як цэльназерневыя, садавіна і гародніна) пры абмежаванні спажывання малака і малочных прадуктаў можа знізіць рызыку раку.

Навукоўцы падкрэсліваюць, што неабходна правесці дадатковыя даследаванні, каб дакладна вызначыць ролю малочных прадуктаў у агульнай рызыцы развіцця раку.

Каментары19

  • Илья
    23.01.2025
    Только мужчинами нельзя пить? А мальчикам можно или нельзя?
  • Канспіролаг
    23.01.2025
    Алказаўр, пейце соевае малако - калі ў ім нешта знойдуць - пераходце на какосавае. Дарэчы - кісламалочныя прадукты таксама пад рызыкай. У іх ёсць небяспечны алкаголь
  • карова
    23.01.2025
    зноў мужыкі толькі пра сябе думаюць... у жанчын цэльнае малако павялічвае рызыку раку цыцак

Цяпер чытаюць

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць21

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць

Усе навіны →
Усе навіны

У пяць разоў вырасла колькасць скаргаў, якія стаў задавальняць Вярхоўны суд. Лукашэнка спытаў, што адбываецца6

«Купалаўцы» прэзентавалі сваю версію «Адысеі» — там міфалагічныя выпрабаванні суіснуюць са штодзённымі цяжкасцямі беларусаў1

Сі Дзіньпін заклікаў цалкам забараніць і знішчыць ядзерную зброю18

«Божа, барані нас ад такіх сяброў». Туск адрэагаваў на сустрэчу Трампа з Пуціным1

«Гэта не пра наш менталітэт». Лукашэнка заявіў, што суддзі не могуць адгарадзіцца ад народа сцяной закона3

Як унучка Лукашэнкі з мужам і сынам адпачылі ў Дубаі10

Трамп, Пуцін і Сі пачалі трохбаковую сустрэчу ў Шэньджэні

У Пецярбургу беларуска цяжка параніла нажом сужыцеля. Яе хацелі пасадзіць на тры гады, але абышлося5

Стэндап-комік Элдос Алмазаў памёр ва ўзросце 29 гадоў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць21

«Будуць сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе». Лукашэнка не збіраецца спыняць рэпрэсіі, хоць Коўл і просіць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць