У мінскім тэатры лялек расказалі, чаму ўжо год не могуць задаволіць попыт гледачоў на квіткі
Беларускі дзяржаўны тэатр лялек стаў апошнім часам вельмі папулярным месцам для мінчукоў і гасцей сталіцы. Многія прызнаюцца, што набыць квіток на спектакль — амаль немагчыма. Што адбываецца і якія крокі прымае кіраўніцтва тэатра, расказала агенцтву «Мінск-Навіны» дырэктарка тэатра Таццяна Тоўсцік.

Паводле слоў дырэктаркі тэатра, праблема існуе ўжо цэлы год, але цяпер яе маштабы значна павялічыліся. Яшчэ ў 2024 годзе людзі стаялі ў вялікіх чэргах пра квіткі на вячэрнія спектаклі. Па просьбах гледачоў частку квіткоў аддалі ў касу, а таму набыць іх праз інтэрнэт стала цяжэй.
З канца 2024 года тэатр перастаў загадзя паведамляць пра пачатак продажаў, каб пазбегнуць напружання. Але людзі пачалі скардзіцца, што не могуць купіць квіткі ў працоўны дзень. Калі ж продаж зрабілі ў выхадныя, то незадаволеныя таксама знайшліся.
У сувязі з такім вялікім ажыятажам у сакавіку і красавіку гэтага года павялічылі колькасць спектакляў, асабліва тых, якія карыстаюцца попытам: «Запіскі юнага доктара», «Пансіён «Бельведэр», «На чорнай-чорнай вуліцы», «Мроіва». Але нават гэта не дапамагло задаволіць попыт.
Дайшло да таго, што тэатру пачалі пагражаць і шантажаваць — патрабуюць квіткі, пагражаючы скаргамі і абвінавачаннямі ў іх перапродажы.
Яшчэ больш спектакляў тэатр лялек паказваць не можа, бо ён невялікі, у трупе ўсяго 20 чалавек. Некаторыя спектаклі задзейнічаюць палову артыстаў. Іграць некалькі разоў на дзень немагчыма — фізічна і эмацыйна гэта вельмі цяжка. Асабліва складана з тэхнічна насычанымі спектаклямі, мантаж якіх патрабуе часу.
У тэатры правяралі таксама магчымасць праводзіць спектаклі на вялікіх пляцоўках (500—700 месцаў), але вынік быў няўдалы: з задніх радоў тады не бачна лялек, асабліва маленькіх, што псуе ўспрыманне спектакля. Усе пастаноўкі адаптаваныя пад сцэну тэатра, таму перанос негатыўна ўплывае на мастацкі ўзровень.
Цяпер тэатр абнаўляе сайт і платформу продажу білетаў. Але калі пачынаецца продаж, на сайт адначасова заходзяць дзясяткі тысяч карыстальнікаў — сістэма не вытрымлівае.
Паводле даных пастаўшчыка інтэрнэт-паслуг, 30 сакавіка было зафіксавана амаль 265 570 адначасовых спроб падключэння. Гэта, хутчэй за ўсё, боты — праграмы, якія скупляюць квіткі. Звычайны глядач не можа з імі канкураваць.
Людзі дасылаюць скрыншоты перапродажу квіткоў у інтэрнэце па завышаных цэнах. Некаторыя нават выдаюць сябе за прадстаўнікоў тэатра. Кіраўніцтва заяўляе: ні артысты, ні адміністрацыя не маюць да гэтага дачынення. Афіцыйны продаж ідзе толькі праз касу тэатра, сайт або ticket.pro.
Некаторыя гледачы прапануюць падняць цэны, каб зменшыць попыт, але тэатр гэтага не падтрымлівае — квіткі павінны быць даступнымі для ўсіх.
Каб зарабіць на новыя пастаноўкі, тэатр праводзіць майстар-класы, экскурсіі і арганізаваў бэбі-тэатр у Малой зале — гэта карыстаецца попытам.
Увогуле ж тэатр працягвае шукаць шляхі паляпшэння сітуацыі, каб кожны змог патрапіць на жаданы спектакль.
Па квіткі на яго спектаклі гадзінамі стаяць у чэргах. Інтэрв'ю з новым рэжысёрам Тэатра лялек
«Былі тыя, хто прыехаў а 6-й раніцы». Мінчукі выстраіліся ў вялізную чаргу, каб набыць квіткі ў тэатр
Памёр нядаўна асуджаны за «экстрэмізм» экс-дырэктар Гомельскага тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік
Амаль год шукалі новага дырэктара для Музтэатра. Каго знайшлі
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары
ПС. Пансіён Бельведэр - выраджэнне яшчэ тое, ванітаваць хацелася.
Мабыць, хоць так народ забяспечвае сваю патрэбу ў культуры сярод квазіакупацыйнай пустэчы сучаснай Беларусі.
Падумаць пра гэта тым, хто абвінавачвае, што беларусам патрэбны толькі расейскія "зоркі".
На свабодным культурным рынку без рэпрэсій і цэнзуры ў нашай культуры былі б вялікія шансы на развіццё і папулярнасць.