Меркаванні77

Шыталь адказаў Каліну: Беларус-гараджанін у Беластоку ахвотней пойдзе на канцэрт у клуб, а не паездзе слухаць народны хор

Юрка Каліна на хвалях Беларускай службы Польскага радыё раскрытыкаваў беларускую дыяспару ў Польшчы (тых, хто эміграваў з Беларусі пасля 2020 года). Маўляў, беларускай справай не займаюцца, з беларускай меншасцю на Падляшшы не інтэгруюцца, і ўвогуле не апраўдалі чаканняў. Яму адказаў у фэйсбуку адзін з членаў гэтай беларускай дыяспары, які з 2021 года жыве ў Беластоку — краязнаўца з Глыбоччыны Кастусь Шыталь.

Хата ў вёсцы Случанка на Падляшшы. Фота з фэйсбука Кацярыны Ткачэнка

«Па-першае, пан Каліна шмат перабольшвае. Няпраўда, што 90% беларусаў, якіх пан Каліна бачыць у сацсетках, пішуць па-расейску.

У нас тыя самыя сябры ў сацсетках, і прынамсі дзве траціны допісаў яны пішуць па-беларуску. Некаторыя пішуць па-польску.

Кастусь Шыталь. Фота з фэйсбука

Таксама Юрка Каліна няслушна закідае, што «10-20% беларусаў, якія раней былі актыўнымі ў беларускім асяроддзі ў Беларусі, цяпер намагаюцца нешта рабіць дзеля беларускай справы ў Польшчы». Вось гэта і блізка не падобна да праўды.

Можа, калі ўзяць усіх грамадзян РБ, якія пераехалі ў Польшчу, у тым ліку па «карце паляка», ды эканамічных мігрантаў, то 20% актыўных бы і выйшла. Але практычна ўсе тыя, хто ў Беларусі беларускай справай займаўся, у Польшчы працягваюць гэта рабіць.

Часта мы робім беларускую справу не ў той форме, у якой хацеў бы Юрка Каліна. Ну, што ж. Мы займаемся салідарнасцю з рэпрэсаваным і ўцекачамі, скідваемся грашыма на дапамогу беларусам, якія апынуліся ў эміграцыі ў цяжкім становішчы. Некаторыя падляшскія беларусы таксама прымаюць у гэтым удзел, і за гэта трэба быць удзячнымі, але то вельмі нямногія. Колькі заданацілі на Байсол беларусы з Дубіч Царкоўных, Орлі ці Гарадка? Не папракаю — проста кажу, што мы на розныя рэчы факусуем увагу.

Мы маем свае медыйныя і грамадскія праекты. Але ў нас іншы фокус. Беларускі эмігрант у Варшаве ці Гданьску не будзе чытаць «Ніву» і не будзе слухаць «Радыё Рацыя» — яму патрэбны Most, які напіша пра жыццё ў Польшчы і штодзённыя праблемы дыяспары. (Дарэчы, рэдакцыя Most месціцца ў Беластоку).

Нашы беларусы ў Беластоку, разам з Кацярынай Ваданосавай, якая вартая ўсялякага захаплення, стварылі клуб гістарычнай рэканструкцыі і ўшаноўваюць памяць паўстанцаў 1863 года. Ці рабілі б гэта праваслаўныя беларусы з Падляшша, дзяды якіх называлі паўстанцаў «мяцежнікамі»?

Супольныя праекты беларусаў-уцекачоў з беларусамі Падляшша ёсць. Узяць бы і Тутаку (на якую пераважна беларусы-эмігранты і збіраюцца), і праекты Цэнтра беларускай культуры, і Камунікат (я асабіста нядаўна пазычаў старыя кніжкі са сваіх збораў, каб адсканаваць і выкласці на Камунікаце). І нашы людзі з Беластока, хто цікавіцца народнай культурай, па Падляшшы ездзяць, і ведаю такіх, хто Бельскі і Гайнаўскі павет уздоўж і ўпоперак аб'ездзілі.

Але пан Юрка Каліна мусіць разумець, што часам мастацкія густы ў людзей адрозніваюцца — і беларус-гараджанін у Беластоку ахвотней пойдзе на канцэрт беларускага гурта ў беларускі клуб у Беластоку, а не паездзе слухаць народны хор у Дубічах Царкоўных.

Дарэчы, ёсць людзі з Падляшша, якім прысутнасць беларусаў-эмігрантаў падабаецца.

Адна жанчына з Гайнаўкі, якую і Юрка Каліна пэўна добра ведае, неяк сказала мне: «Добра, што вы прыехалі. Вы прывезлі сюды гарадскую культуру, якой тут не хапала, бо на Падляшшы ўсё круціцца вакол фальклору».

Мы розныя. У нас розная гістарычная памяць. Ідэнтычнасць беларусаў Падляшша круціцца вакол вёскі, царквы, пушчы і бежанства. А мы выраслі пераважна ў гарадах, сярод нас шмат каталікоў і атэістаў, на царкву мы вельмі часта глядзім як на інструмент русіфікацыі.

Ад адной настаўніцы-беларускі з Крынак я неяк пачуў такія словы: «А мясцовыя беларусы цябе б за свайго не прызналі. Бо ты каталік. Для іх ты — паляк».

Мы тут можам інтэгравацца, але мы не асімілюемся, і не трэба нас дакараць за тое, што мы «Канцэрт пажаданняў» на Радыё Рацыя не слухаем, «Ніву» не чытаем, на фэсты ў Дубічы Царкоўныя не ездзім. Беларускае жыццё — разнастайнае, і падляшскімі праектамі не абяжоўваецца.

Я абедзвюма рукамі за тое, каб нам — беларусам з Беларусі і беларусам з Падляшша — лепш адзін аднаго пазнаваць, і больш шырока ды глыбока супрацоўнічаць. Але не трэба нас папракаць, што — цытую — «Беларусы, якія прыехалі з Беларусі, не ведаюць і, магчыма, не хочуць ведаць, што тут на Падляшшы жывуць этнічныя беларусы, якія з'яўляюцца грамадзянамі Польшчы».

Бо гэта няпраўда. Замала ведаем, замала супрацоўнічаем — але няпраўда, што «не ведаем і не хочам ведаць». Крыўдна гэткае чуць.

Спадзяюся, не пакрыўдзіў гэтым допісам нікога з падляшскіх беларусаў, многіх з якіх я ведаю і дужа шаную».

Каментары7

  • Найперш не галасі!
    27.06.2025
    Пошукі тэктанічных разломаў пра дзядоў 1863 года і "мяцежнікаў" лішнія. Альбо незразумелыя.
    А так збольшага слушна: гараджане не надта ангажаваныя ў каляндарна-абрадавы цыкл. Ад гэтага як людзі яны не сталі горшымі.
  • Слухач
    27.06.2025
    А я часта слухаю радыё "Рацыя", яны файныя. А якраз Мост рэдка трапляе да ўвагі
  • Мэйк Беларусь з.. эгэн.
    27.06.2025
    "Панаехаўшыя" пасля 20-га прынеслі ў Падляшша з Беларусі "гарадскую культуру"?Гэта якую?Рукі вверх з Кіркоравым і Лепсам?

Цяпер чытаюць

Па камерах відэаназірання беларусаў за стырном штрафуюць за рамяні і тэлефон

Па камерах відэаназірання беларусаў за стырном штрафуюць за рамяні і тэлефон

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманы былы першы намеснік Міністэрства абароны Расіі Руслан Цалікаў5

Украіна збіла верталёт Ка-272

Памілаваны 15 палітвязняў, у тым ліку дзве сямейныя пары10

Лукашэнка прызнаўся, што глядзіць тыкток, і параіў скардзіцца яму праз гэту сацсетку12

Гэтая птушка будуе гняздо свайго колеру насуперак меркаванню большасці

Стала вядома, дзе менавіта пабудуюць дарогу з Брылевічаў у Курасоўшчыну1

Замежны жаніх пабіў 9‑гадовага сына нявесты — завялі крыміналку10

Цэнтрабанк Швецыі заклікаў грамадзян зняць наяўныя грошы на выпадак вайны6

Расіянін, асуджаны за падпал машыны беларускага генерала, расказаў, як яго катаваў Кубракоў10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Па камерах відэаназірання беларусаў за стырном штрафуюць за рамяні і тэлефон

Па камерах відэаназірання беларусаў за стырном штрафуюць за рамяні і тэлефон

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць