Гісторыя1313

Успаміны Бэлы Шагал паказваюць нечаканы Віцебск. І раскрываюць яшчэ адну таямніцу карцін Шагала

«Я не разумею: ён хоча нешта сказаць — ці ўкусіць мяне сваімі белымі вострымі зубамі?» — згадвала Бэла першую сустрэчу з Маркам Шагалам.

Кніга праілюстравана малюнкамі Марка Шагала, якія ён адмыслова рабіў да ўспамінаў Бэлы. Фота: «Наша Ніва»

Бэла Шагал запісала свае ўспаміны на ідышы. «Нязграбнай роднай мовай, на якой я, бадай, і не гаварыла з таго часу, як пакінула бацькоўскі дом». У 2025‑м выйшаў пераклад на беларускую дзвюх яе кніг — «Запаленыя свечкі» і «Першая сустрэча» — разам з малюнкамі.

Бэла была з заможнай і вельмі артадаксальнай яўрэйскай сям’і — з любавіцкіх хасідаў. Яе бацька Шмуэл-Ноах Розэнфельд быў талмудыстам. Пэўны час ён узначальваў пачатковую школу для бедных дзяцей. Маці Фрыда (усе звалі яе Алта) — дачка багатага віцебскага купца.

Бэла Шагал

Фрыда кіравала дзвюма ювелірнымі крамамі. Цікава, што адна з касірак, якая жыла ў іншым канцы горада, на працу ўжо тады дабіралася на трамваі. Першы ў Беларусі трамвай з’явіўся акурат у Віцебску ў 1889 годзе.

Крамы гэтыя ў 1919 ці 1920 годзе закрылі чэкісты і рэквізавалі адтуль усе каштоўнасці.

Была ў сям’і і крама гадзіннікаў — яны асабліва заварожвалі маленькую Башаньку (так ласкава называлі Бэлу ў дзяцінстве).

Сям’я Розэнфельд жыла ў вялікім доме купца Вітэнберга — здымала амаль увесь паверх аднаго крыла. Асноўную ж частку гэтага будынка займала гасцініца. Дом гэты знаходзіўся на цяперашняй вуліцы Леніна, там дзе стаіць помнік князю Альгерду.

У сям’і расло васьмёра дзяцей. Бэла — самая малодшая (але пра гэтую загадку з узростам пазней). Трымаць парадак у доме дапамагалі кухарка і служанка.

Успаміны Бэлы пра дзяцінства пагружаюць ва ўтульны, містычны і араматны свет.

Ні ў якім разе не чытайце кнігу на галодны страўнік! Шмат успамінаў там прысвечана традыцыйнай яўрэйскай ежы. Кухарка Розэнфельдаў то выпякае традыцыйную яўрэйскую халу (са здобнага цеста ў выглядзе пляцёнкі), то смажыць на гусіным тлушчы латкес (знаёмыя нам дранікі ў яўрэяў былі традыцыйнай стравай на Хануку), то гатуе тэйглах (падсушаныя шарыкі цеста, звараныя ў мёдзе і пасыпаныя макам ці карыцай).

«Бэла ў белым каўнерыку» Марка Шагала, 1917

З Шагалам Бэла пазнаёмілася ў 1909 годзе. Яна згадвае, што ў той дзень забегла да сяброўкі Тэі Брахман, з якой не бачылася ўсё лета, каб расказаць усё, што з ёй здарылася за гэтыя месяцы. Тэа чамусьці ўвесь час пачувала сябе няёмка і чырванела. Аказалася, у кабінеце яе бацькі хаваўся малады чалавек — Шагал. Тэа была прагрэсіўная дзяўчына, у адрозненне ад рэлігійнай Бэлы, і голая пазіравала будучаму мастаку. Але таго ачаравала Бэла. Самой жа Бэле ў памяць урэзаліся вочы Марка (нябесна-блакітныя, выцягнутыя, як зярняты мігдалу) і яго зубы.

«Я не разумею: ён хоча нешта сказаць — ці ўкусіць мяне сваімі белымі вострымі зубамі?»

Тэа Брахман і Бэла Розенфельд

Аднойчы ўвечары ў пятніцу Бэла ўгаварыла брата пайсці разам у кафэ па сэльтарскую ваду — гэта мінеральная вада нямецкай маркі Selters. Нечакана яны сустрэлі Шагала. Бэла ўнутры ўся трымцела.

«Мне канец! Да мяне падышоў нейкі хлопец і без цырымоніі павітаўся, быццам мы з ім даўно знаёмыя. І дзе? На іншым канцы горада, сярод ночы! Божа мой, што цяпер будзе? Проста так гэта не скончыцца. (…) Брат лічыць, што я не такая, як астатнія дзяўчаты. Не боўтаюся абы-дзе, хаджу на заняткі разам з сяброўкамі, ён ведае іх усіх, бо яны заўсёды тыя самыя. А калі дарогай сустракаюцца іхнія браты, то не спыняюся».

Бэла пісала, што новы знаёмец зводзіць яе з уму-розуму. А яна, бадай, і сама шукала гэтай сустрэчы.

«Наляцеў як бура, хвастануў сваімі калючымі словамі ды забраў мае спакойныя дзянёчкі».

Марк і Бэла Шагал, 1923 год. Фота: Hugo Erfurth / christies.com

Ва ўспамінах Бэла апісвае, як Шагал пісаў карціну «Дзень народзінаў». Яна ў той дзень, сама вылічыўшы дату, прынесла яму ахапак кветак.

«Ты накідваешся на палатно так, што яно ажно трасецца, стукаеш пэндзлямі, ліеш фарбы — чырвоную, сінюю, белую, чорную. Мяне нясе іхнім патокам. Раптам я адрываюся ад зямлі, ты таксама адштурхоўваешся ад яе нагой. Табе зацесна ў гэтым пакойчыку.

Выцягнуўшыся на ўвесь рост, ты ўзносішся ўвышыню, да столі. Твая галава круціцца. Прыціснуўшыся да майго вуха і нешта зашаптаўшы, ты закружыў галаву і мне».

«Дзень народзінаў» Марка Шагала, 1915 год

Мова Бэлы вельмі вобразная. Кудзёркі Шагала нагадваюць ёй маленькія бэйглы, гадзіннікавы майстар у краме пінцэтам сціскае гадзінніку сэрца, а маленькая зорка ў цямрэчы неба плешчацца маленькай рыбкай. Віцебск вясной, калі разліваецца Заходняя Дзвіна, яна апісвае так: «Горад разам з усімі дамамі, дахамі, вокнамі адарваўся ад зямлі і, бы на колах, пераехаў у раку».

У кнізе, дарэчы, не шмат пра Шагала (расчарую тых, хто спадзяваўся пабачыць яшчэ адну біяграфію мастака). Але шмат пра Віцебск пачатку XX стагоддзя і пра яўрэйскія традыцыі. Пра Беларусь, якую мы не засталі. Бо ў пачатку мінулага стагоддзя палову насельніцтва Віцебска складалі яўрэі.

Бэла расказвае, як яе маці хадзіла ў парыку (замужнім жанчынам-верніцам валасы можна было паказваць толькі мужу), а яна сама не ведала, калі яе дзень народзінаў (бо ў яўрэяў не прынята адзначаць гэта свята). Дакладная дата нараджэння Бэлы і сёння невядомая. Можна сустрэць і 1889, і 1890, і 1892 год. На яе помніку — наогул 1895. Ва ўспамінах Бэла піша: мама сказала, што я нарадзілася на Хануку.

«Я праверыў усе магчымыя даты Ханукі. Яны не супадаюць ні з адной магчымай датай. Праверыў на некалькі гадоў раней, на некалькі гадоў пазней — гэта ўсё чыстая фантастыка», — расказваў на фестывалі «Прадмова» перакладчык Ігар Крэбс, дзякуючы якому гэтыя ўспаміны выйшлі па-беларуску.

Ігар Крэбс спецыяльна вывучыў ідыш для перакладу ўспамінаў Бэлы. І выпісаў больш за 200 слоў на ідышы, якія беларусам не трэба тлумачыць. Bulbe (бульба), cibele (цыбуля), servetkes (сурвэткі), kanape (канапа), šušken (шушукацца), pustapas (пустапас)… І нават šuflod — шуфлядка!

Бэла памерла ў Нью-Ёрку ў 1944 годзе ад сэпсісу. Яе ўспаміны выйшлі толькі пасля яе смерці. Адна з галоўных прычын, чаму яна рабіла нататкі, дзяліўся Крэбс, — спроба захаваць свет свайго дзяцінства і Віцебск, які яна згубіла назаўсёды. Іншая прычына — яны разам з мужам стваралі прыгожы міф пра закаханую пару.

Марк, Бэла і іх дачка Іда, 1927

Гэтая кніга тлумачыць, чаму Бэла была музай для Шагала. Ці не проста музай?

«Я вам скажу, я шакаваная: Бэла не толькі істотна зрэдагавала Маркава «Маё жыццё», перакладаючы з расейскай на французскую (у яе варыянце мы і ведаем кнігу, стылі іх ну такія блізкія!).

Склалася ўражанне, што і мастацкая творчасць у іх была на дваіх, што жонка насамрэч была не музай, а суаўтаркай жывапісных вобразаў (праз рускі пераклад мне гэта ўвогуле не адчувалася). У яе ўсё жывое, яркае, лётае, рухаецца!» дзеліцца ў фэйсбуку гісторык Паўліна Скурко.

«Самавар астывае, і цяпер гэта цела без душы, страшна зазіраць у ягонае масянжовае чэрава, успамінае Бэла. Крэсла стогне разам з нявестай, абдымае яе заплаканую высокімі падлакотнікамі. А марожаншчык падобны да ажылай белай гары, засыпанай снегам. Усе гэтыя людзі, рэчы, якія яна апісала, а ён намаляваў…» — заўважыла Паўліна Скурко.

«Мае сшыткі…» — былі апошнія словы Бэлы. Цяпер іх можна прачытаць і па-беларуску.

Бэла Шагал. Запаленыя свечкі. — Вільня: Пфляўмбаўм, 2025 

Каментары13

  • Сергей.
    07.11.2025
    Души у них обоих было возвышенные идеалистичные, не пошлые. Я не видел за долгую жизнь свою, среди евреев маргиналов дегенератов.
  • БББ
    07.11.2025
    Сергей., прабачце, а Вальфовіч? А Мехліс? А Ягода?
  • хамса
    07.11.2025
    і што тут пра Беларусь?

Цяпер чытаюць

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам5

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі дрон ганяўся за прадаўцом на вуліцы Херсона і выбухнуў ВІДЭА3

Шмыгаль назваў, якую новую мэту па знішчэнні ва Украіне паставіла сабе Расія9

Частку парку каля гасцініцы «Беларусь» рыхтуюць да забудовы. Раней будаваць там забараняў Лукашэнка2

Беларускі бізнэс просіць улады дапамагчы пацярпелым прадаўцам Wildberries16

Расійскі вайсковец адкрыў агонь у вёсцы пад Севастопалем. Чатыры чалавекі загінулі1

Ozon у Расіі пачаў вывозіць дарагія тавары са складоў у пункты выдачы заказаў на фоне атак беспілотнікаў1

Беларус запусціў рэсурс для маніторынгу выдачы ДНЖ у розных гарадах Польшчы5

У Мінску прадаюць кватэру, інтэр'ер якой немагчыма забыць, хаця некаму і захочацца5

Беларус Залівака папрасіў у расійскай паліцыі дапамогі. Але ў выніку пашкадаваў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам5

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць