Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў
У 2002 годзе Ксенія Волкава — простая аспірантка Інстытута мікрабіялогіі Акадэміі навук — стала нацыянальнай зоркай. За беларуску, якая выжывала ў шоу «Апошні герой — 2», сачыла паўкраіны. Цяпер у Ксеніі зусім іншае жыццё.

Ксенія Волкава заняла трэцяе месца ў шалёна папулярным расійскім шоу «Апошні герой-2». На праекце яна тады выйграла чырвоны джып, які потым доўга чакала ад арганізатараў. Але ў выніку ўсё ж атрымала падарунак і карысталася машынай больш за дзевяць гадоў.
Ксенія выйшла замуж за Уладзіслава Мурашкевіча, якому належала прыватная тэлекампанія «Свой круг» у Мінску. Гучыць даволі пафасна, але фактычна гэта было невялікае рэкламнае агенцтва.
Для Ксеніі гэта быў ужо другі шлюб — але працягваецца ён ужо больш за 20 гадоў. Муж з жонкай шмат вандравалі, дзеці ў іх нарадзіліся адносна позна. Цяпер ім 9 і 7 гадоў (а Ксеніі 49). Жанчына прызнаецца, што калі б было магчыма біялагічна, дык нарадзіла б яшчэ пазней. Бо жыццё да дзяцей і пасля — гэта два вельмі розныя жыцці.
Сям’я жыве ў доме пад Мінскам, а ў сталічную кватэру Ксенія ездзіць працаваць. Ксенія таксама вядзе блог на YouTube, прысвечаны свайму хобі — парфумерыі. Часам адказвае на пытанні падпісчыкаў.
Так, у адным з відэа Ксенія распавяла, што цікавіцца парфумай пачала, калі яе малодшай дачцэ быў годзік. Сям’я адпачывала ў Марока, і падчас нейкай экскурсіі жанчына пачула пра стваральніка парфумернага брэнда Сержа Лютанса. У Ксеніі на той момант не было вялікай калекцыі парфумы, але яна зацікавілася гісторыяй.

Беларуска згадвае прынцып: калі хочаш нешта вывучыць, растлумач гэта іншаму.
Таму, калі яна рыхтуецца запісаць відэа для свайго канала, вывучае шмат новага пра парфуму. Кажа, што разважанне над рознымі водарамі дапамагае ёй расслабляцца.
Ксенія лічыць сябе не эксперткай, а калекцыянеркай парфумы. Сцвярджае, што не мела ніякіх блогерскіх амбіцый.
Проста хацела развівацца ў сваім хобі і… зноў навучыцца гаварыць. Бо калі амаль увесь час праводзіш з маленькімі дзецьмі, дык пачынаеш размаўляць вельмі спрошчанымі фразамі. Ксенія ж у нейкі час адчула, што дэградуе ў дэкрэтным адпачынку. А пагаварыць хаця б з камерай было прыемна.
Адказваючы на пытанне пра кошт такога хобі, Ксенія пасміхалася: тлумачыла, што яе муж-нумізмат на набыццё розных манет выдаткоўваў значна больш грошай.
Сваё жыццё жанчына звязала з біялогіяй. Падпісчыкам Ксенія распавяла, што ніколі не марыла быць біёлагам — у дзяцінстве хацела быць рэжысёрам і падводным археолагам.
Дзяўчынка любіла шмат чытаць і часам ленавалася ісці ў бібліятэку — таму чытала кнігі, якія былі дома. А ў сямейнай бібліятэцы хапала навукова-папулярнай літаратуры.
Вось дзякуючы гэтаму і выйшла, што Ксенія пачала перамагаць у біялагічных алімпіядах, потым паступіла ў Магілёўскі абласны ліцэй на спецыяльнасць «хімія-біялогія» — а адтуль ужо цалкам лагічным быў шлях на біяфак БДУ.
Дванаццаць гадоў Ксенія адпрацавала ў Акадэміі навук, атрымала кандыдацкую ступень. Звольнілася, бо ў нейкі момант зразумела, што не ведае, куды рухацца далей.
Ксенія адзначала, што больш цікава працаваць малодшым навуковым супрацоўнікам. Бо калі ты ідзеш на павышэнне, у жыцці становіцца надта шмат розных пасяджэнняў і справаздач.
Таму жанчына атрымала бізнэс-адукацыю і пайшла займацца сямейным бізнэсам. Потым здарыўся першы дэкрэтны адпачынак — і калі старэйшаму сыну Ксеніі быў усяго год, яна дыстанцыйна працаўладкавалася біёлагам у буйную IT-кампанію.
Дык як жа такая сур’ёзная жанчына ў свой час трапіла на экзатычны востраў? Усё дзякуючы яе любові да прыгод — яшчэ ў школьныя гады яна пачала хадзіць у турыстычныя паходы. Першы сезон праекту «Апошні герой» беларуска глядзела з захапленнем — ажно вочы гарэлі.

Для малодшай навуковай супрацоўніцы з капеечнымі заробкамі ідэя паляцець на іншы край свету выглядала як нешта амаль немагчымае.
Ксенія была ўпэўненая, што на экстрэмальнае шоу яе не возьмуць, бо яна беларуска (а актыўна рэкламавалі кастынг для расіян і ўкраінцаў). Дык яшчэ і лічыла сябе не вельмі фотагенічнай. Але так выйшла, што падчас камандзіроўкі ў Маскву яна набыла часопіс, дзе была надрукавана анкета для ўдзельнікаў кастынгу. Месяц насіла той часопіс у сумцы — запоўніць анкету ўгаварылі будучы муж і цяпер ужо былая калега.
Канкурэнцыя была шалёная — на кастынг другога сезона «Апошняга героя» даслалі каля 50 тысяч заявак. Ксенія да сваёй анкеты прыклала зусім не парадныя фоты — з нейкіх вандровак ды паходаў, каб было зразумела, што яна актыўны чалавек.
Але ж трапіла ў тысячу шчасліўчыкаў, якіх запрасілі на вочны этап кастынгу ў Маскву. Адбор доўжыўся месяц — былі як псіхалагічныя тэсты, так і розныя палявыя выпрабаванні.
Ксенія лічыць, што ёй дапамог здаровы пафігізм. 26‑гадовую дзяўчыну здзівіла тое, як шмат людзей шчыра верылі, што ўдзел у тэлевізійным праекце цалкам зменіць іх жыццё. Сама яна ставілася да ўсяго як да незвычайнага досведу — як да магчымасці трапіць у пірацкія кніжкі свайго дзяцінства.

Пасля выхаду шоу ў шматлікіх інтэрв’ю Ксеніі часцей за ўсё прыходзілася адказваць на два пытанні: ці праўда тое, што адбывалася на астравах, і ці сапраўды здымачная каманда не карміла ўдзельнікаў.
Беларуска пацвярджае: усё праўда. Рэжысура на шоу была толькі на ўзроўні мантажу — рэжысёр выбіраў, якую менавіта сітуацыю ўключыць у выніковы выпуск праграмы. Праз гэта некаторыя людзі паказаны вельмі аднабакова — хтосьці злыднем, хтосьці анёлам.
І так, удзельнікі сапраўды самі здабывалі сабе ежу. Ксенія расказвае: за паўтара месяца здымкаў схуднела на 12 кілаграмаў з улікам таго, што лішняй вагі ў яе не было.
Сама жанчына ў выніку бачыла не ўсе серыі са сваім удзелам. Бо ў нулявыя паглядзець шоу можна было толькі ці калі ты своечасова дабег да тэлевізара, ці калі перадачу для цябе нехта запісаў на касету.
Цяпер у інтэрнэце можна знайсці ўсё, але ў Ксеніі больш чым за 20 гадоў не ўзнікла жадання пераглядзець шоу. Ніякай жудаснай траўмы яна не атрымала, але ж прызнаецца, што была ўпэўненая: гледачы яе хутка забудуць.
Але праз тое, што Ксенію заўважыла ўся Беларусь, яна стала зоркай, а журналісты згадвалі пра яе і праз гады. Ад усеагульнай увагі яна стамлялася.
І па сёння Ксенія лічыць, што ў яе жыцці было значна больш цікавых і вартых увагі дасягненняў, чым галадоўка на востраве ў Паўднёва-Кітайскім моры.

Але ж усё ж экстрэмальнае шоу прынесла і свае бонусы. Дзякуючы яму Ксенія трапіла ў некалькіх файных тэлевізійных праектаў (напрыклад, шоу «Беларусы ў Афрыцы»). Спонсары давалі на іх грошы, калі даведваліся, што ўдзельнічаць будзе беларуска з «Апошняга героя».
Дарэчы, тая вандроўка ў Малайзію стала для Ксеніі другім замежным вылетам у жыцці. Потым яна шмат вандравала разам з мужам, актыўна займалася самымі рознымі відамі спорту. Ксенія лічыць сябе трапічным чалавекам — яна любіць спякоту, добра пераносіць высокую вільготнасць. Яна любіць шпацыраваць па старажытных еўрапейскіх вулачках, але цягне жанчыну бліжэй да акіяна.
Яшчэ адно яе небанальнае хобі — вывучэнне карэйскай мовы. Ксенія кажа, няма ніякай мэты, але ёй цікава, гэта такая гульня для мозгу. Выбірала паміж японскай, кітайскай і карэйскай. Японская не вельмі падабалася па гучанні. Кітайскую Ксенія баялася кінуць праз складаныя іерогліфы. А вось з карэйскай зоркі сышліся.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары