Культура11

Актор Тоўсцікаў: На паказе, калі прыйшлі збольшага расійскія гледачы — публіка смяялася. А калі былі беларусы, Ціханоўская — стаяла поўная цішыня

Актор у інтэрв’ю «Салідарнасці» расказаў пра беларускую душу ў эміграцыі, любоў да мовы на генетычным узроўні, цяжкасці «перакладу» для гледачоў замежжа, для каго хоча быць карысным. І ці стаіць для яго выбар паміж тэатрам і супермаркетам.

У Беларусі ў Сяргея Тоўсцікава была ўлюбёная праца: тэатр, кіно, музычныя кліпы. Больш за 25 год творчага досведу. Гастролі, мары, планы.

У 2020‑м на знак падтрымкі мірнага пратэсту разам з калегамі з Новага драматычнага тэатра яны зладзілі забастоўку — і былі звольненыя, фактычна выкінутыя з прафесіі, бо трапілі ў непублічныя «чорныя спісы». А яшчэ трохі больш як праз год пасля здымак у Вільні выявілася, што дадому лепш не вяртацца.

«Мабыць, гэта памяць продкаў ува мне сядзіць»

— Узімку 2022 года вы прыехалі ў Вільню на здымкі серыяла «Акрэсціна» Курэйчыка. Цяпер зіма 2026-га, чатыры гады ў эміграцыі. Не крыўдна, што пунктам незвароту стаў выпадак, калі ў медыя злілі бэкстэйдж — а серыял гледачы так і не ўбачылі?

Я-то пабачыў пілотную серыю, — усміхаецца Сяргей. — І не, не крыўдна. Крыўдна было ў той перыяд, люты-сакавік 2022. Бо ехаў сюды з адным заплечнікам, далей планаваў з Беларусі з’ехаць у Кіеў. І тут — публікуюць відэасюжэт, з Беларусі атрымліваю тонкі намёк, што не варта вяртацца, потым пачалася вайна… Тады быў сапраўды космас і поўная разгубленасць.

Маргарыта Ляўчук сказала тады: «Ты не крыўдуй на «Маланку» за бэкстэйдж, яшчэ скажаш дзякуй». Час ад часу сапраўды кажу. Але часам і не.

У любым выпадку я разумею: можа, нешта б не склалася і я не з’ехаў бы ва Украіну. Але ў Беларусі за вобшукамі, за «выклікамі на размову» перспектыва была адна — пытанне толькі, калі чарга падышла б.

— Як сёння, ці зраслося з нейкім тэатрам у Літве, ці жывяце праектамі?

— Сталай працы ў тэатры ў мяне няма. Хацеў быў уладкавацца ў Віленскі стары, рэквізітарам, сябры-акторы падказалі, што месца ёсць. Акторам — рэч у тым, што тут тэатр, так бы мовіць, больш фізічнага напрамку: акторы куляюцца, танчаць — а я схільны больш да ўніверсальнай школы, расейска-польскай. Дый праз стан здароўя не пацягнуў бы гэтыя нагрузкі.

Прайшоў сумоўе, прынёс CV, дайшло ўжо да дырэктара — і тут застопарылася: не кажуць ні так, ні не. Прыходзіў ужо да службовага ўваходу, як на працу, але з кіраўніцтвам так і не сустрэўся. Зразумеў урэшце, што аблом — узялі кагосьці «свайго». Ну, як склалася, так склалася.

Каб ісці ў літоўскамоўны тэатр — тое амаль немагчыма. Нават у тых, хто тут жыве шмат гадоў, ёсць адчувальны акцэнт, а патрабаванні вельмі высокія. У мяне ёсць база, але маўленне, без сталай практыкі, далёкае ад ідэальнага. Так і з англійскай, дарэчы.

Рэтракадр са спектакля паводле Аркадзя Аверчанкі

Але ж працую з нашымі, беларускімі акторамі. З Маргарытай Сасім, якая тут стварыла дзіцячы тэатр Mroj-Hall, атрымаліся дзве казкі, з Эміліяй Пранскуце зрабілі пастаноўку паводле Аверчанкі на рускай мове, хаця я трохі супраціўляўся.

І з Сярожам Здаранковым два спектаклі — летась яшчэ паставілі «Прыгоды Яніны ў казачным лесе» (на рускай і беларускай мовах, але на беларускай, на жаль, цяжка яго прадаваць, малы попыт), а цяпер робім «Чортаву дачку» — гэткую казку для дарослых паводле беларускіх нячысцікаў. 20 лютага ў Вільні пакажам ужо гэты спектакль.

— Я бачыла вас летась у «Цеслі», дзе рыдала ўся заля. А адносна нядаўна — у лёгкай, камедыйнай «Пойдзем да мяне». Падалося, што Цесля — больш арганічны для вас. Гэта з-за мовы, ці з-за тэмы?

— І тое, і другое. «Цесля» — п’еса, якую мая былая жонка Оля Каралёнак наогул пісала пад мяне. І гісторыя, якая закранае ўсіх беларусаў тут. Што да мовы — мабыць, гэта памяць продкаў ува мне сядзіць.

Фрагмент са спектакля «Цесля» 

Хаця слухайце, якая памяць, калі я вырас у Магілёве, абсалют рускамоўным горадзе? А потым працаваў у Віцебску, таксама адным з самых рускамоўных гарадоў у нас — і ўжо адтуль перайшоў у Новы драматычны, тэатр «Дзе-Я?».

Помню, як рэжысёр Віталь Баркоўскі пытаўся, як у мяне з беларускай мовай. А я і не ведаю.

Далі беларускамоўную п’есу — і яна такая родненькая! Потым з Мікалаем Труханам у тэатры «Дзе-Я?» — трылогія паводле Аляхновіча, Шэкспір і «Мёртвыя душы» па-беларуску… Потым нават стала цяжка па-расейску граць.

Таму, мабыць, на генетычным узроўні нешта закладзена. Ці ад маці — яна з-пад Вільні, ці ад па бацькавай лініі — ён з-пад Мсціслава, але агулам перамяшаныя літоўская, беларуская, расейская, польская лініі.

«Людзі проста плакалі, выходзілі з залі, бо не маглі стрымаць эмоцый»

— «Цеслю» вы паказвалі не толькі ў Вільні, але і ў Варшаве. Ёсць розніца ва ўспрыманні?

— Так, мы адыгралі ў Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі. Там іншая публіка. Яна збольшага сытая беларускім тэатрам, бо ў Польшчы і Купалаўцы, і BY тэатр Андрэя Новіка, Юра Дзівакоў са сваімі праектамі, беларускія тэатры ў Любліне, Познані, у Лодзі, Уроцлаве, Кракаве.

Нас выратавала тое, што адно аднаго даўно не бачылі, і па «сарафанным радыё» сабраліся прыязныя, зацікаўленыя гледачы. Таму атрымалася яшчэ паказаць тэатральны эскіз малым складам на фэсце «ТУТАКА» — таксама спадабаўся гэты досвед. Можа, і працяг будзе — але трэба прыкласці шмат высілкаў, каб не з’ездзіць у мінус.

— За гэтыя чатыры гады вы і здымаліся ў кіно, і агучвалі аўдыяказкі, і, канешне, выходзілі на тэатральную сцэну ў дзіцячых і дарослых пастаноўках, прычым у розных краінах. Якая публіка самая складаная?

— Шматбаковае пытанне. Напрыклад, калі была чытка «Как мы хоронили Иосифа Виссарионовича» ў Вільні — прыйшлі і беларусы, і шмат расейцаў, і літоўцы, для кожнага было нешта сваё цікавае. Калі яе ж ладзілі ў Берліне, я наогул не зразумеў, як глядач нас успрымае — квіткі па 50-80 еўра, мы на сцэне як у кабарэ. А людзі сядзяць, п’юць шампанскае, і ці разумеюць яны нас, ці ветліва пляскаюць у ладкі, хто ведае.

Сяргей Тоўсцікаў і Іван Аляксееў (Noize MC)

«Ціхары» ставіла ўкраінка Саша Дзянісава, трупа была інтэрнацыянальная: беларусы Ілля Ясінскі, Віталь Лявонаў, Марына Здаранкова і я, расеец Аляксандр Філіпенка, літоўцы Андрус Дарала і Саша Мятальнікава.

І была там сцэна, калі выходзяць АМАПаўцы і танчаць.

Я «ціхароўскую» тэму добра ведаю, хадзіў на маршы і «смак» той адчуў на сабе. Кажу: для беларусаў будзе трыгер. 

На адным паказе, калі прыйшлі збольшага расейскія гледачы — публіка смяялася. А другі, калі былі беларусы, Святлана Ціханоўская ў тым ліку — стаяла поўная цішыня…

Калі ж пайшлі маналогі, людзі проста плакалі, выходзілі з залі, бо не маглі стрымаць эмоцый.

На «Цеслі», калі прыходзілі літоўцы, якіх я ведаю як выкладчык тэатральнай студыі для дарослых — сказалі: «Ведаеш, усё зразумела». І гэта ўжо добра. Калі б атрымалася з кожным правесці гаворку, з літоўцамі — пра 13 студзеня, з расейцамі — пра Балотную плошчу, — успрыманне было б глыбейшым. Але ж немагчыма падрыхтаваць лібрэта для кожнай катэгорыі гледачоў.

А для беларусаў спектакль ішоў на разрыў, некаторыя прыходзілі па 2-3 разы. Асабліва калі быў паказ акурат 9 жніўня — гэта ўжо была не толькі культурніцкая, але і палітычная акцыя, эфект якой памножыўся ў некалькі разоў. І тэма бацькоў і дзяцей шмат каму баліць. Дый у мяне тым часам бацька памёр. Вельмі цяжка было граць. Рэжысёр кажа: калі прарывае на слёзы, не трэба стрымлівацца…

Дзецям вельмі добра зайшла казка пра Яну ў казачным лесе, бо там пра важныя рэчы, накшталт булінгу, героі гавораць простымі словамі.

Хоць таксама ёсць розніца. Нашы дзеці, беларускія — больш стрыманыя. Літоўцы — больш разняволеныя. І калі ім нецікава, яны не сядзяць моўчкі, падбадзёрваюць адно аднога: «Мама сказала, яшчэ паўгадзіны, і ўсё». І як тут сказаць, якая публіка больш складаная?

— Дарэчы, пра дзяцей. Ужо чацвёрты сезон у Вільні працуе фальклорна-тэатральная студыя «Ў нескладовае», дзе выкладаеце вы з Вячкам Красуліным. Ці да тэатру дзецям у эміграцыі?

— Чацвёрты сезон — мусіць, самы няпросты. Бо за гэты час з’явілася шмат студый, у бацькоў і дзяцей ёсць выбар. А з нашых чальцоў добрая частка вучняў пасталелі, у дарослую студыю ім яшчэ рана, а з намі не надта цікава. І калі мінулы сезон мы скончылі ўдзевяцёх, то на гэтыя Каляды — займаліся толькі трое.

Можа, і бацькі крыху пакрыўдзіліся, бо на перадапошнім спектаклю дзеці былі непадрыхтаваныя, не вывучылі да канца словы, а я ім нічога не падказваў, як на рэпетыцыях. Але, на мой погляд, гэта добрае выпрабаванне. Каб вучні зразумелі, што акторская праца — гэта не толькі весела, не толькі Леанарда дзі Капрыа і Гары Потар, але яшчэ гэта адказна і няпроста.

Тыя, з кім мы прайшлі перыяд у тры гады, гэта ўжо ўсведамляюць, а новенькіх трэба вучыць. Спадзяюся, што атрымаецца. Я гатовы працаваць дзеля кожнага дзіцёнка, каму насамрэч цікавыя гэтыя заняткі, бо гляджу на «маіх» — і бачны іхны акторскі рост.

Дарэчы, цяпер бяром новую пастаноўку і абвяшчаем кастынг дзяцей 7—12 год. Увесну плануем паказаць з імі «Новыя прыгоды старых знаёмых» паводле п’есы Пятра Васючэнкі, пра Калабка, але ў іншых абставінах.

«Я не разумею тэатр, якому нічога не баліць»

— 23 гады вы служылі ў Новым драматычным тэатры. Важкая лічба, сама меней пенсійны стаж. Цяпер ці сочыце за падзеямі ў тэатральнай прасторы Беларусі, ці ўжо ўсё, адрэзаная луста?

— Мне няма за кім асабліва сачыць. Больш ведаю, што зрабіла трупа Вольных Купалаўцаў, што робяць беларускія акторы ў Польшчы, чым пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Але час ад часу Фэйсбук падкідвае (хтосьці мяне яшчэ не выкінуў з сяброў і не баіцца тэгнуць) звесткі пра пастаноўкі Новага драматычнага.

Ну што тут сказаць. Пра тэатр імя Янкі Купалы наогул прамаўчу — гэта генацыд тэатру як такі. Што да астатніх, тэндэнцыя — ставіць тое, што прадаецца.

Яшчэ да 2020 году Лукашэнка ж казаў, каб тэатры выходзілі на самаакупнасць. Цяпер гэта дзейнічае. І таму — песні, скокі і гэта ўсё. Калі б у кожнае памяшканне па «Харошках» і па «Хрыстафору» — усё было б, як ім падабаецца.

А я не разумею тэатр, якому нічога не баліць. Не разумею гэтага вяртання ў пачатак 2000-х.

— Да таго ж у беларускіх тэатрах усё менш беларускага. Нават «Коласаўскі» тэатр у Віцебску здаўся, у Тэатры беларускай драматургіі новая дырэктарка анансавала пастаноўкі па-руску.

— Не сумняваюся, што паставяць. Стопудова даб’юць беларускамоўны тэатр, тое што ад яго засталося.

Ніякіх перспектыў развіцця там зараз не бачу. Нават пры найлепшых раскладах, калі ўсё зменіцца і калі вернецца частка актораў і рэжысёраў — патрэбныя грунтоўныя рэформы.

Можа, знойдзецца добры архітэктар, які здолее не руйнаваць усё, а трансфармаваць. Але ўсё адно не мусіць быць, даруйце, разгваздзяйства: ат, дадуць грошы — і што паставім, тое паставім. Галоўнае, каб худсавет прыняў і дзесяць раз спектакль адыгралі, тады ён адбыўся. Ці прыйшоў нехта, няважна.

Кадр з фільма «Працэсы»

Навошта гэта? Дзеля чаго выдаткоўваць шалёныя рэсурсы?

«Каб змяніліся не толькі вымушаныя эмігранты»

— Акторства — мякка кажучы, зусім не хлебная прафесія для эмігранта. Як тады выжываць і што матывуе не апускаць рукі, а не ісці ў таксоўку ці на касу ў Lidl?

— Пакуль былі сілы, у час тэатральных вакацый я працаваў на зборы металаканструкцый, — высокія заробкі, але і фізічна вельмі цяжкая праца. Цяпер здароўе не дазваляе. Таксоўка стоадсоткава адмяняецца, а вось каса ў супермаркеце — не самы горшы варыянт. (Смяецца).

Не ведаю. Нашыя хлопцы хто дзе. Згадалі, хто што можа і ўмее: Дзіма Рачкоўскі займаецца здымачнай працай на тэлеканале, Сяргей Здаранкоў у канцэртнай зале манціроўшчыкам.

Збольшага гэта ўсё адно тое, што блізка да тэатра. Не таму, што мы такія рафінаваныя, а таму, што тэатр забірае амаль увесь час.

Што матывуе? Акурат тое, што нічога іншага не ўмею. Тэатр — маё, тое, што я здольны і змагу рабіць цікава. І адназначна гэта лепей, чым буду сядзець, тупіць на касе.

— Даруйце за меркантыльны ўхіл, але ж усё адно — беларускі тэатр хіба не пра грошы. А пра што? Тэатр сёння — зброя, ці аддушына, ці псіхатэрапія, а мо нешта іншае?

— Калі толькі прыехаў і застаўся ў Вільні, сябар задаваў падобнае пытанне: Сяржук, а што ты хочаш? Я задумаўся і адказаў толькі праз дзень. Але той адказ дзейсны і сёння.

Перадусім — я хачу быць карысным. Можна было б не займацца тэатральнай студыяй, якая не прыносіць ніякіх дывідэндаў. Ці пайсці працаваць у заапарк — там веданне літоўскай не абавязковая ўмова. Але я люблю і ўмею працаваць у тэатры.

Тэатр і ўсё тое, што мы робім, лічу, адсоткаў на 70 прыносіць карысць беларусам. То гэта трэба для таго, каб не забываць, што мы беларусы, каб знаходзіць тут беларускія душы.

— Летась BYSOL ладзіў збор у вашую падтрымку. Як я разумею, быў збег шэрагу праблем: перыяд без працы, пытанні са здароўем… Ці атрымалася даць рады з хваробай?

— Тут я мушу патлумачыць, што справа не толькі ў ёй. Летась, пасля таго, як вучні пайшлі на вакацыі, у мяне тры месяцы атрымаліся зусім без працы — і пасля абавязковых выплат на медстрахоўку, кватэру, праезд проста не было за што жыць.

Акурат пайшло абвастрэнне артрыту, калені не далі б займацца цяжкой фізічнай працай… А да верасня трэба было хоць неяк дацягнуць. Дзякуючы збору на BYSOL ператрываў гэты цяжкі перыяд, а з лекаваннем балячак далей ужо разбіраюся сам.

З артрытам Сяргей жыве ўжо не першы год, таму ў заплечніку заўжды з сабой — уколы і пігулкі. «Таблетосы ібупрафену — гэта мае смактацельныя цукеркі. Але ж увесь час піць адны пігулкі нельга, бо рана ці позна адваляцца ныркі», — сумна жартуе ён.

У 2022 годзе беларус зрабіў быў аперацыю ў Латвіі — стала лепей, але ж хвароба не спынілася. Пасля шэрагу абследаванняў у Літве высветлілася, што тут большасць клінік не робіць патрэбнай беларусу аперацыі, а ў прыватных медцэнтрах, дзе возьмуцца, гэта каштуе некалькі тысяч еўра.

Ён не здаецца і шукае варыянты. Аднак на праблемах са здароўем просіць не засяроджвацца: «Кропка тут не пастаўленая».

— Калі ў Беларусі зменіцца сітуацыя — задумваліся, вярнуцца або застацца?

— У мяне ў гэтым плане нічога не памянялася, што чатыры гады таму, што цяпер. Я хачу вярнуцца.

Хачу падзяліцца тым досведам, які атрымаў за мяжой. Каб змяніліся не толькі вымушаныя эмігранты, але і беларусы, якія засталіся і якіх шмат год кормяць гэтым: маўляў, ёсць Нарач і Сож, ёсць Прыпяць — і ўсё, нікуды табе больш не трэба, навошта табе мора, Еўропа гэтая і г.д.

Я пабачыў у многіх краінах, як беларусы добра асімілююцца — у любых умовах і абставінах. Хоць у Камбоджу беларуса закінь, ён адаптуецца і возьме карысны досвед, нейкія рэчы, якія добра было б рэалізаваць у нас.

Казачнік у праграме «Простыя цуды»

Баюся толькі, што не хопіць здароўя, каб займацца аднаўленнем тэатру. Тады паспрабаваў бы быць карысным, але ў нейкім лайтовым рэжыме. Не так, што лёг і адпачываеш; усё трэба нейкі занятак. Можа, прыдумаю сабе для душы, як той Цесля?

Каментары1

  • Ну
    16.01.2026
    Гатовы заданаціць на аперацыю

Цяпер чытаюць

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска1

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Усе навіны →
Усе навіны

Беластоцкага актывіста Вайцяхоўскага, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні і інтэрв'ю БТ, абвясцілі яшчэ і тэрарыстам9

Манашкі разбурылі ў Навагрудку школу, якую пабудавалі святыя мучаніцы, і цяпер просяць грошы на навабуд19

У Кіраве быў атакаваны завод «Авітэк»

200 чалавек за дзень. Што вядома пра страты Расіі ва Украіне да канца ліпеня?8

Новы трэнд сярод падлеткаў — расшпіленыя джынсы27

Мазырскі НПЗ трапіў пад санкцыі ЕС8

Зяленскі сустрэнецца з Трампам на наступным тыдні

Латушка перадасць інфармацыю пра Мельнікаву польскай пракуратуры12

Чаму грэнландская акула жыве да 400 гадоў?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска1

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць