Свет2525

«Усе спампоўваюць аплікацыю для байкоту тавараў з ЗША». Беларуская архітэктарка распавяла пра вайб у Грэнландыі

Чым займаецца гарадская планіроўшчыца за Палярным колам, ці цяжкая грэнландская мова, і як грэнландцы і датчане ставяцца да ідэі Трампа далучыць найбуйнейшы востраў у свеце да ЗША, піша Devby.

Выпускніца архітэктурнага факультэта БНТУ Зінаіда Ляшонак у 2022—2024 гадах працавала гарадской планіроўшчыцай у Ілулісаце, цэнтры грэнландскай камуны Аванаата за 350 км на поўнач ад Палярнага кола. Апошні год Зінаіда жыве і працуе ў Даніі.

«Пошук найлепшых месцаў для размяшчэння ездавых сабак»: чым беларуска займалася ў Грэнландыі?

У Даніі я крыху больш за год. Пераехала дзякуючы працы на пасаду гарадской планіроўшчыцы ў муніцыпалітэце Одэнсэ. 

Паселішча Аапілаток у Грэнландыі. Фота суразмоўцы

Да гэтага крыху больш за два гады працавала на такой жа пасадзе ў самым паўночным муніцыпалітэце Грэнландыі.

У Грэнландыю мяне занесла, бо ў дацкія муніцыпалітэты мяне не бралі, а ў Грэнландыі такія праблемы з «цякучкай кадраў» і пошукам спецыялістаў, што з другой спробы мяне туды ўзялі. Праблема з кадрамі для Грэнландыі істотная, пра яе варта памятаць на працягу чытання ўсяго гэтага апавядання.

Праца ў Грэнландыі — гэта цудоўная магчымасць паспрабаваць праектаваць у краіне, дзе няма прыватнай уласнасці на зямлю і працоўныя задачы вельмі разнастайныя. А яшчэ з досведам працы ў Грэнландыі ты атрымоўваеш і доказ, што здольная працаваць на дацкай мове і на дацкай пасадзе.

У грэнландскім муніцыпалітэце не так шмат працаўнікоў, але шмат задач. Таму ёсць і прастора для ініцыятыў, і для «звычайных» задач. Сярод апошніх былі, напрыклад, такія:

  • арганізацыя працэсу галасавання для выбару назвы для новых вуліц;
  • дапамога з мапамі для кампаніі, якая займаецца снегаачысткай вуліц;
  • супрацоўніцтва з будаўніцтвам новага міжнароднага аэрапорта;
  • пошук магчымасцей для пашырэння могілак;
  • пошук найлепшых месцаў для размяшчэння ездавых сабак.
Паселішча Аапілаток у Грэнландыі. Фота суразмоўцы

Усё гэта было вельмі цікава і давала адчуванне таго, што твая праца — не дарма.

У Данію з Грэнландыі я пераехала з некалькіх прычын. Нягледзячы на разнастайнасць працоўных задач, з часам праца стала больш руціннай. За больш чым два гады я засумавала без магчымасці танна падарожнічаць. Ды і першапачатковым маім планам было паспрабаваць свае сілы ў планаванні менавіта ў Даніі.

Узаемаадносіны датчанаў і грэнландцаў і моўнае пытанне

У Даніі датчане звычайна не вельмі шмат ведаюць пра Грэнландыю, і зусім няшмат хто з іх бываў там хоць турыстам. Таму іх разуменне інуітаў вельмі абстрактнае. Датчане, якія жывуць у Грэнландыі ці некалі хаця б некалькі месяцаў працавалі і жылі ў Грэнландыі, нашмат лепш разумеюць і тую не самую прыемную пазіцыю, у якой жыхары выспы знаходзяцца/ знаходзіліся, і траўму інуітаў ад ранейшых дацкіх палітыкаў у Грэнландыі.

Важна адзначыць, што вельмі шмат грэнландцаў жывуць у Даніі, і даволі шмат з іх — у Одэнсэ, дзе я зараз працую. Але я не ведаю, як яны ставяцца да ўсёй гэтай сітуацыі.

У Грэнландыі я працавала на дацкай мове. Амаль усе грэнландцы ведаюць дацкую, але ёсць тыя, хто лепш яе разумее, чым размаўляе на ёй, альбо проста адмаўляецца размаўляць на мове каланізатараў. У такіх выпадках даводзіцца клікаць каляжанку, каб дапамагла з перакладам, бо ў грамадзян ёсць права на абслугоўванне ў муніцыпалітэце на той мове, якую яны жадаюць выкарыстоўваць. Але ў маёй сферы працы гэта былі, хутчэй, выключэнні.

Грэнландская мова адносіцца да абсалютна іншай моўнай сям’і — інуіцка-юпікска-унанганскіх моваў. І вучыць яе вельмі нялёгка. Дый у ёй яшчэ і вельмі значныя адрозненні паміж дыялектамі і унутры дыялектаў. Напрыклад, нават у межах заходнегрэнландскага дыялекту адное і тое ж слова ў розных мясцовасцях можа абазначаць жоўты колер ці зялёны. 

Я з вывучэннем грэнландскай не справілася, ведаю толькі пару выразаў. Але калі б быў план заставацца ў Грэнландыі, мову вучыць пажадана хаця б з ветлівасці. Да таго ж веданне грэнландскай дасць вам нашмат больш магчымасцей для камунікацыі з калегамі.

Фактар Трампа

Не магу сказаць, што памятаю нешта пра выказванні Трампа аб Грэнландыі ў яго першую кадэнцыю (упершыню намер набыць Грэнландыю Трамп агучыў у 2019 годзе — Рэд.). Але я добра памятаю рэакцыю сваіх калег на яго выказванні наконт Грэнландыі ўжо пасля другой перамогі на выбарах, напрыканцы 2024 года.

Могілкі ў горадзе Упернавік у Грэнландыі. Фота суразмоўцы

Калегі — датчане былі занепакоеныя, але ў рознай ступені.

Грэнландскія ж калегі былі ў асноўным здзіўленыя, некаторыя — крыху занепакоеныя. А адзін з іх быў рады, бо «усё лепш, чым датчане». Але напрыканцы 2025 года нават гэты адзіны чалавек змяніў сваю пазіцыю.

Наогул, усе грэнландцы, з якімі я сябрую ў сацсетках, вельмі адназначна падтрымліваюць ідэю, што Грэнландыя павінна сама вырашаць сваю будучыню і не павінна рабіць гэта пад прымусам. Шмат хто з тых, хто раней не выказваўся пра палітыку, зараз пачалі гэта рабіць. 

Зараз пытанне пра Грэнландыю займае вельмі шмат і месца, і часу ў абсалютна ўсіх дацкіх СМІ. Былі і дэманстрацыі ў падтрымку Грэнландыі. На працы шмат хто з калег занепакоеныя, некаторыя вельмі ўстурбаваныя. Вяліся і абмеркаванні гэтай тэмы. Але звычайна датчане вельмі дыпламатычныя, таму тэмы размоў рэдка бываюць вельмі вострымі.

Я не ведаю ніводнага чалавека ў Даніі, хто б падтрымліваў ідэю Трампа [далучыць Грэнландыю да ЗША]. У самой Грэнландыі шмат хто выступае за поўную незалежнасць. Але большасць з іх разумее, што вельмі значную частку бюджэту Грэнландыі складае грашовая выплата ад Даніі. I што вельмі вялікая частка працаўнікоў у Грэнландыі, асабліва ў сферы аховы здароўя — датчане, і што некаторыя сферы адказнасці (як, напрыклад, выдача віз і дазволаў на працу) зараз у Даніі.

То бок поўная незалежнасць патрабуе доўгай і грунтоўнай падрыхтоўкі, бо краіна, дзе крыху больш за 56 000 жыхароў, не можа забяспечыць сябе сама профільнымі спецыялістамі «заўтра».

Дарэчы, я ведаю і датчанаў, якія за поўную незалежнасць Грэнландыі.

Зараз у дацкім паветры троху адчуваецца антыамерыканскі настрой. Гэта тычыцца ў асноўным спроб перастаць купляць амерыканскія паслугі ці тавары. Вельмі яскравы прыклад гэтага — свежая навіна пра тое, што вельмі хутка набірае аўдыторыю аплікацыя, якая дазваляе фільтраваць тавары такім чынам, каб не купіць выпадкова нешта з ЗША.

Частка спроб адмовіцца ад тэхнікі і сэрвісаў з ЗША тычыцца наўпрост інфармацыйнай бяспекі. Але макдональдс у цэнтры Одэнсэ, наколькі я бачу, не апусцеў.

Каментары25

  • Якуб
    25.01.2026
    Але зараз такі час. Самі еўрапейцы угаворвалі Украіну аддаць Крым. Самі еўрапейцы дапамагалі расеі паглынуць Беларусь. (Візы, санкцыі, круглыя сталы у 90). Зараз ім вернецца такая палітыка. Таму я за амэрыканскую грэнландыю. Карэннаму насельніцтву выплаціць грашовы бонус, а панаехаўшым датчанам на выбар: або назад на радзіму, або атрымоўвай амэрыканскі пашпарт
  • Неверагодныя пінгвіны
    25.01.2026
    Гэтыя вайберы, відаць, чакаюць расейскі свет там даўно. Маліць трэба Трампа, каб прыйшоў і абараніў гэтую басоту ад кітайцаў і вагнераўцаў. Будуць ім потым Навуседы выказваць заклапочанасць і змагацца ўа іхную свабоду на Лукішках!
  • бойкотчики LOL
    25.01.2026
    скачивают программы для бойкота товаров из США по интернету, американскому изобретению. Тогда надо заказывать программу по голубиной почте на флешках и обновления в базу данных тоже по почте получать

Цяпер чытаюць

Каб не сядзець у Расіі за наркотыкі, малады даносчык з Ашмянаў запісаўся на фронт. Дый згінуў13

Каб не сядзець у Расіі за наркотыкі, малады даносчык з Ашмянаў запісаўся на фронт. Дый згінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Англійскі паўабаронца на мундыялі ўмудрыўся атрымаць жоўтую картку і сур'ёзную траўму, нават не выйшаўшы на поле1

Іспанія выйшла ў чвэрцьфінал. Крышціяну Раналду і яго Партугалія ляцяць дахаты5

Генсак НАТА: Беларусь знаходзіцца пад велізарным уплывам Масквы17

Зяленскі: Лукашэнка зайшоў у казіно не ў той дзень33

У горадзе Вішнёвым пад Кіевам зафіксавалі найбуйнейшыя разбурэнні жылога сектара за час вайны10

Губернатар Валагодскай вобласці спыніўся на трасе без бензіну. За гадзіну да таго ён заклікаў людзей не запасацца палівам3

Моцная залева затапіла шматпавярховік у Гродне. Вада лілася нават з разетак

Трамп заявіў, што Пуцін хоча завяршыць вайну ва Украіне11

Беларусы сабралі 72 кілаграмы лісічак і атрымалі за іх 840 рублёў ФОТАФАКТ6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каб не сядзець у Расіі за наркотыкі, малады даносчык з Ашмянаў запісаўся на фронт. Дый згінуў13

Каб не сядзець у Расіі за наркотыкі, малады даносчык з Ашмянаў запісаўся на фронт. Дый згінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць