Вадзім Галыгін: Я крыху стаміўся ад гумару. Хочацца паспрабаваць нешта іншае
Вадзім Галыгін у інтэрв'ю ютуб-каналу Fametime TV расказаў, чаму калісьці пакінуў Comedy Club, колькі зарабіў на рэкламе і чаму стаміўся ад гумару.

Вадзіму Галыгіну 50 гадоў. Праславіўся ён у КВЗ: у 2001 годзе разам з камандай БДУ выйграў Вышэйшую лігу. У 2005‑м стаў рэзідэнтам Comedy Club на расійскім ТНТ. Пасля былі ўласная прадзюсарская кампанія, кіно, тэлепраграмы і амаль два дзясяткі гадоў у рэкламе сеткі тэхнікі «Эльдарада».
Галыгін пакінуў Comedy Club у 2007 годзе, калі шоу толькі набірала папулярнасць. Тады казалі, што ён з кімсьці пасварыўся або атрымліваў мала эфіру. Сам ён доўга адмоўчваўся але ў інтэрв'ю ўрэшце сказаў, што сапраўды адбылося:
«Мы дамаўляліся пра нейкія рэчы ў плане фінансаў, і гэтыя дамоўленасці не былі выкананыя. І сказалі, што ў перспектые не атрымаецца гэтага зрабіць. Гаворка ішла пра размеркаванне доляў ва ўласнасці на сам прадукт. З таго боку былі свае довады, у мяне — свае аргументы. Я сказаў: добра, тады я пайду».
Канфлікт, падкрэслівае Галыгін, быў не з каналам, а ўнутры каманды: ТНТ, наадварот, быў гатовы выконваць любыя пажаданні рэзідэнтаў. Ён таксама кажа, што на развітанне прадзюсар шоу Артур Тумасян папрасіў яго не забіраць з сабой нікога з калег, і ён гэта паабяцаў.
На момант сыходу, як адзначае Галыгін, ён ужо захапіўся магчымасцю рэалізаваць сваю даўнюю мару:
«Я сустрэў аднадумцаў, з якімі мы сышліся на тым, што нам заўсёды хацелася трапіць у чароўны свет кіно».
«Гэта была не зусім дзіцячая казка»
Новыя партнёры, паводле Галыгіна, былі заможнымі прыхільнікамі Comedy і на шоу выкуплялі цэлыя сталы. З імі ён заснаваў студыю Ego Production і задумаў серыю пародый пад брэндам «Очень русское»: кіно, казку і дэтэктыў. «Мне здавалася, што я прыдумаў цэлую імперыю», — іранізуе ён цяпер.
Імперыя не склалася. Першы фільм, паводле Галыгіна, прадалі Comedy Club Production, і ён выйшаў пад назвай «Самый лучший фильм». Фільм сабраў немалую касу, але дыстрыбуцыяй займалася ўжо Comedy, якая на ім і зарабіла. «Очень русский детектив», натхнёны трылерам «Сем», прадзюсар выпускаў сам і асабіста ездзіў з ім па гарадах-мільённіках.
Самым дарагім праектам павінна была стаць казка, бюджэт якой тады ацанілі ў больш як 12 мільёнаў долараў. Па словах Галыгіна, дырэктар «Масфільма» Карэн Шахназараў, пабачыўшы эскізы замкаў Кашчэя, абяцаў вызваліць пад здымкі тэрыторыю кінастудыі. Да здымак так і не дайшло, і сёння аўтар задумы, здаецца, гэтым не надта засмучаны:
«Паклаўшы руку на сэрца, яна была напісаная ў той жа манеры, што мы рабілі ў Comedy, з гэтым дарослым гумарам. Гэта была не зусім дзіцячая казка, і яна магла сыграць у вялікі мінус. Можа, цяпер ёй далі б 18+. Сцэнарыі ўсе ў мяне, і я паціху перапісваю гэтую гісторыю вершамі. Ёсць і варыянт з матам, для дарослых».
Ці шкадуе пра сыход
Вядучая нагадала, што Павел Воля і Гарык Харламаў засталіся ў Comedy і атрымалі ўласныя праекты, а Гарык Марцірасян стаў генпрадзюсарам. Ці не шкадуе Галыгін, што адмовіўся ад усяго гэтага? Ён адказвае, што сыходзіў ненадоўга: яго папрасілі вярнуцца, і ў здзелцы з продажам актыву Comedy Club ён ужо ўдзельнічаў. Сыходы ж і вяртанні ён лічыць звычайнай справай.
Вярнуцца на экран, тым больш на ТНТ, Галыгін не імкнецца і тлумачыць гэта з самаіроніяй:
«Я лічу, што час прайшоў. ТНТ як камерцыйная структура — гэта моладзевы канал. Для старпёраў, якія любілі нас (я ў добрым сэнсе), ёсць ТНТ4. Для аўдыторыі моладзевага канала я рэальна «дзядуля Вадзім». (…)
Што з мяне ўзяць? У мяне чацвёра дзяцей і ўнук. Я не цікавы ім. (…) Я цудоўна разумею, што на моладзевым канале хлопчыкі павінны глядзець на дзяўчынак, а дзяўчынкі — на хлопчыкаў».
Шоумен даводзіць, што не згодны, калі кажуць, што ён «знік». На яго думку, публіка занадта хутка хавае тых, хто пайшоў з экрана:
«Людзі прызвычаіліся: калі чалавек знік з бачнай прасторы, значыць, у яго напэўна нешта дрэннае здарылася. А можа, наадварот, добрае? (…) Можа, ён зразумеў, што не ў гэтым шчасце: мільгаць, хадзіць, удзельнічаць ва ўсіх шоу».
Ці разбагацеў на рэкламе?
Сёння, паводле Галыгіна, асноўны даход яму дае не рэклама і не карпаратывы, а ўласная кампанія, якая здымае рускамоўныя праграмы, серыялы і кіно.
Шоумен нагадвае, што 18 гадоў быў тварам сеткі «Эльдарада», і не толькі яе: у Беларусі ён рэкламаваў мабільнага аператара life:), дзе граў «містэра Падключальніка», супергероя ў плашчы з вялікім нулём на грудзях. Ад новых прапаноў ён не адмаўляецца, але цяпер, кажа, хоча адпачыць.
На пытанне, ці шмат ён зарабіў на «Эльдарада», Галыгін адказвае: «Прыстойна». Але калі вядучая ўдакладняе, ці хапіла гэтага на кватэру або дом, расказвае іншае:
«Усе грошы тады разыходзіліся проста на сямейныя патрэбы. Няма такога, што я зарабіў на дом. Гэта былі грошы, якія адразу разляталіся. Сям'я ж у мяне — ведаеш, колькі на мне завязана. Трэба маме дапамагаць. У той час якраз ішла будоўля ў вёсцы, і туды вельмі шмат сыходзіла: з'явіліся грошы — вырылі катлаван, потым яшчэ нешта. Гэта былі не вар'яцкія грошы».
Пра стэндап
Да стэндапу шоумен ставіцца прахалодна: гэты жанр ён, паводле яго слоў, не любіць і ніколі ім не займаўся. Свае маналогі на выступах каманд ён называе «расказам праўдзівых гісторый».
Менавіта такі жанр ён лічыць больш шчырым, чым тое, што цяпер выдаюць за стэндап:
«Я ніколькі не хачу прынізіць узровень усяго гэтага руху: з'явілася шмат добрых стэндапераў. Вельмі доўга гэта ўсё разгойдвалася. Але, на мой погляд, галоўнае ў стэндапе — заўсёды казаць праўду праз прызму свайго «я». Толькі ў гэтым выпадку стэндапер будзе папулярны.
Бо калі ты будзеш проста ўплятаць туды жарт, калі чувак кажа: «Я ўчора з такой цёлкай пазнаёміўся…» Што ты хлусіш — у цябе жонка і двое дзяцей! Навошта ты падманваеш? (…) Калі б ты расказаў, што ўчора малодшы абкакаўся, а старшы ўзяў і размазаў, а мы сказалі: «Больш так не рабі», — я больш паверу».
Жанр стэндапу, кажа Галыгін, яму не вельмі цікавы, бо часцей за ўсё звязаны з няўдалымі лёсамі. Найперш, на яго думку, гэта тычыцца жаночага стэндапу:
«Увесь час яна трапляла на нейкага кончанага, і зноў у яе нічога не атрымалася. Мне ў гэты момант проста шкада дзяўчат». У мужчын жа, кажа ён, праблема ў фальшы: «Няпраўду, якую выдаюць за гумар, я адразу адчуваю. Значыць, адчувае і іншы глядач. І гэтая няпраўда становіцца такой вялікай фальшывай манетай».
Вядучая пацікавілася, ці ведае ён беларускіх стэндап-комікаў, папулярных у Расіі, — Славу Камісаранку, Івана Усовіча і Максіма Зайца.
«Зразумела, я ведаю іх усіх. Я бачыў іх недзе. Вялікія туры ў іх былі. Але што з іх творчасцю… Я і апошнія Comedy не гляджу і не глядзеў. Таму што проста няма на гэта часу».
«Мне хапіла анекдотаў»
Вядучая спытала, чаму Галыгін сам не здымае камедыйныя шоу.
У адказ шоўмен згадаў, што ў свой час выпусціў 11 сезонаў «Анекдот-шоу». А вось рабіць нешта новае ў гэтым жанры ён не спяшаецца.
«Я крыху стаміўся ад гумару, шчыра табе скажу. Гэтае вечнае «бугага». Хочацца паспрабаваць нешта іншае. (…) Лезці ў нейкае поле, канкураваць з тымі, хто там даўно знаходзіцца, — так сабе бізнэс-задача. Будуць параўноўваць. Лепш прыдумаць нешта трохі іншае.
Шчыра табе скажу, мне хапіла вось гэтага, і анекдотаў гэтых хапіла. Мне здавалася: ой, гэта ж такая крыніца, бяздонная бочка. А сезонаў праз пяць, хіба, я зразумеў, што ўжо вельмі цяжка знаходзіць анекдоты, якія могуць па-сапраўднаму публіку весяліць, смяшыць, па сутнасці. Таму што не так і шмат гэтай народнай творчасці. Пасля таго як прагучалі самыя смешныя, тыя, што менш смешныя, ужо здаюцца нясмешнымі».
Каментары