Камандуючы Нацгвардыяй Украіны: Мы можам ваяваць яшчэ некалькі гадоў
«Перамога для Украіны ў ваенным плане — гэта, вядома, забраць свае тэрыторыі», — лічыць Аляксандр Піўненка.

Камандуючы Нацыянальнай гвардыі Украіны (НГУ) брыгадны генерал Аляксандр Піўненка даў інтэрв'ю Бі-бі-сі і расказаў, якой можа быць перамога Украіны, што для гэтага трэба і колькі яшчэ гадоў Украіна можа весці вайну.
«Перамога для Украіны ў ваенным плане — гэта, вядома, забраць свае тэрыторыі. Я разумею, што гэта, магчыма, не актуальна сёння, але патэнцыйна на будучыню. Разумею, што можа прайсці некалькі дзясяткаў гадоў — неважна», — кажа Піўненка.
Вяртанне тэрыторый — гэта стратэгічная задача ўкраінскага ўрада і насельніцтва. Аднак зараз прыярытэт — выжыванне і спыненне агню, кажа генерал. Аляксандр Піўненка камандуе НГУ з ліпеня 2023 года.
Да гэтага ён узначальваў Усходняе тэрытарыяльнае ўпраўленне Нацгвардыі, адбіваў у расійскіх ваенных ваколіцы Харкава і ўтрымліваў Бахмут. Мае званне Героя Украіны.
Пра тэрыторыі
На пытанне журналістаў, ці гатова Украіна саступіць тэрыторыі, Аляксандр Піўненка адказаў, што гэта «немагчыма ў цяперашні час».
«Спыненне агню па лініі баявога судакранання — гэта яшчэ гісторыя, якую мы можам зразумець. А аддаваць тэрыторыі ніхто не будзе», — сказаў генерал.
У той жа час, ён прызнаў, што калі будзе такі загад ад вярхоўнага галоўнакамандуючага — украінскія ваенныя яго выканаюць.
«Таму што мы прававая краіна. Але як успрыме гэта насельніцтва нашай краіны, і навошта тады было пачынаць абараняцца?… Гэта можна было і тады дамовіцца і аддаць проста, напрыклад, Луганск і Данбас і на гэтым скончыць вайну, вобразна кажучы», — мяркуе Піўненка.
І дадае: «Мы вельмі шмат страцілі свайго насельніцтва і тэрыторыі для таго, каб проста так спыніцца і проста так аддаць тэрыторыю».
Чаго Украіне не хапае для перамогі
Аляксандр Піўненка перакананы, што ўкраінскім войскам перш за ўсё трэба больш рознай зброі.
«Гэта могуць быць ракеты далёкага дзеяння, для таго, каб знішчаць камандныя пункты, знішчаць іх пілотаў, так як яны робяць сваімі самалётамі, сваімі КАБамі, чаго ў нас, на жаль, няма ў той колькасці і ў тым аб'ёме, каб наносіць удар у адказ», — кажа камандуючы НГУ.
Ён адзначае, што ва Украіны ёсць «Deep Strike» (катэгорыя дальнабойных ударных беспілотнікаў і дронаў-камікадзэ), якія выконваюць пэўныя задачы, але на полі бою важна знішчэнне на аператыўную глыбіню.
«На тактычным узроўні ў нас ёсць усе неабходныя віды ўзбраення і дроны, і FPV-дроны. Мы працуем вельмі нядрэнна. А вось на аператыўнай глыбіні нам бы трэба было такое ўзбраенне, якое магло б дзейнічаць як далёкамагістральныя ракеты, тыпу ўстановак HIMARS, якія б мы запускалі са сваіх самалётаў і выконвалі гэтыя задачы», — тлумачыць камандуючы Нацгвардыяй.
Гаворачы пра асабісты склад, Піўненка прызнае, што Украіне не хапае салдат, каб рабіць ратацыі: «Каб у нас быў другі камплект войскаў, напрыклад, і мы маглі спакойна рабіць ратацыі, камплект на камплект, даваць людзям адпачываць, даваць адпачынкі. На жаль, гэтага ў нас няма ў поўнай меры».
Пра тое, як змянілася вайна
Аляксандр Піўненка выконваў задачы пяхотніка ў 2014 годзе, а таксама пяхотныя штурмавыя дзеянні ў 2022 годзе. Быў камандзірам брыгады ў 2023 годзе, абараняў Бахмут.
«У прынцыпе можна было спакойна дзейнічаць да таго моманту, пакуль не з'явіліся дроны. Зараз пяхотнік — гэта мэта нумар адзін. Яго перамяшчэнне ўскладнілася ў сотні разоў», — расказвае Піўненка.
Ён тлумачыць, што асноўная задача пяхотніка — дайсці непашкоджаным да пазіцыі, выкарыстоўваючы, напрыклад, помпавыя стрэльбы або спецыяльныя патроны для знішчэння дронаў, якія ёсць на ўзбраенні УСУ: «Падысці да пазіцый, заняць пазіцыю і проста замаскіравацца і не паказваць сваё знаходжанне, каб праціўнік не разумеў, дзе мы».
Пры штурмавых дзеяннях расійскіх ваенных, кажа генерал, украінскім вайскоўцам на першай лініі абароны не даюць каманды весці па іх агонь, каб не выдаць сябе.
«Мы іх у тыле, у другім эшалоне знішчаем дронамі. Таму што ведаем, калі будзе асветлена гэтая пазіцыя на першай лініі, то праціўнік убачыць, што там нехта ёсць, туды прыляціць усё — ад артылерыі да бясконцай колькасці дронаў», — тлумачыць камандуючы НГУ.
Генерал адзначае, што расійскія ваенныя вельмі хутка вучацца і дзейнічаюць зараз «вельмі разумна».
«Яны ўмеюць карыстацца тым рэсурсам, які ў іх ёсць. Так, яны шмат трацяць людзей, але захопліваюць нашы тэрыторыі. Я лічу, што вораг вельмі моцны і хутка вучыцца», — прызнаецца Півненка.
Колькі яшчэ Украіна гатова ваяваць
На пытанне аб тым, як змагацца з праціўнікам, які пераўзыходзіць колькасна, Піўненка кажа, што «ціснуць трэба эканамічна».
«Мы можам абараняцца і год, і два. Вядома, з дапамогай нашых партнёраў: еўрапейскіх, Злучаных Штатаў. Але калі мы будзем забіваць больш і больш расіян, то гэтым мы не скончым вайну», — лічыць генерал.
Ён адзначыў, што, нягледзячы на тое, што Украіна страціла частку тэрыторый, Кіеў наносіць шкоду расійскай эканоміцы.
«Пасляваенны перыяд для іх будзе яшчэ цяжэйшы, таму што трэба будзе тлумачыць свайму народу, для чаго наогул гэтая вайна была і для чаго столькі страт. Мы ведаем цэлы рэгіён, дзе ўжо няма людзей, у прынцыпе, прызыўнога ўзросту», — адзначае Піўненка.
Задача Украіны, кажа ён, гэта захаванне тэрыторый і асабістага складу.
Камандуючы НГУ не згодны з сцвярджэннем Дональда Трампа аб тым, што калі не будзе спынення агню як мага хутчэй, то Украіна прайграе вайну.
«Ну не зусім. Мы можам яшчэ ваяваць некалькі гадоў 100%. Але я лічу, што наогул войны павінны заканчвацца. Наогул на гэтай планеце і наогул забіваць людзей дзеля тэрыторый і рэсурсаў — гэта для нас вельмі незразумелая гісторыя. Гэта павінна скончыцца», — адзначыў Піўненка.
Генерал упэўнены, што людзі стаміліся ад вайны.
«Усе хочуць, каб скончылася вайна. Але галоўнае пытанне для нас — якой цаной? Ці гэта спыненне агню, я думаю, на што ўсе будуць згодныя. І тады пераасэнсаванне далейшых дзеянняў і дамоўленасцей. Ці страты тэрыторыі. Скажам так, мы аддаваць нічога не будзем, я ўпэўнены», — заключае Піўненка.
Цяпер чытаюць
У якой разведкі была найлепшая інфармацыя з Беларусі ў лютым 2022 і хто паведаміў Буданаву, што асноўны ўдар расіян будзе на Гастомель. З’явілася вялікая публікацыя
Каментары