Што стала вядома пра справу Анжалікі Мельнікавай за год пасля яе знікнення
26 лютага 2025 года Анжаліка Мельнікава вылецела з Варшавы ў Лондан. Такую інфармацыю з спасылкай на польскую паліцыю агучыў Павал Латушка праз месяц пасля гэтай падзеі. Радыё Свабода расказвае, што пра гучную справу стала вядома праз год.

Аб тым, што тагачасная спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь, публічна стала вядома 28 сакавіка 2028 году. Інфармацыю пра гэта агучыў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка, у чыю каманду Мельнікава ўваходзіла працяглы час. Паплечнікі заўважылі знікненне Анжалікі на тры дні раней — 25 сакавіка. Паўзу ў тры дні пазней тлумачылі просьбай польскай паліцыі не спяшацца з агалошваннем гэтых звестак.
Большасць паплечнікаў Анжалікі Мельнікавай у Каардынацыйнай радзе даведаліся аб яе знікненні з медыя. З іх словаў, увачавідкі ў Варшаве бачылі спікерку апошні раз у канцы лютага. Пасля яна была дасяжная толькі дыстанцыйна, праз мэсэнджары, сваю адсутнасць на сустрэчах тлумачыла хваробай. Адзін з апошніх сазвонаў з калегамі ў Анжалікі Мельнікавай быў 21 сакавіка.
«Я ёй пісаў у мэсэнджары. Супакоіла, што ўсё вырашыць»
«Я быў, падобна, апошнім, хто з ёю размаўляў, — расказвае ў размове з Свабодай аператар Андрэй (імя суразмоўцы змененае дзеля бяспекі. — РС). — У канцы сакавіка напісаў ёй пытанне аб аплаце здымак. Яна адказала, што ўсё ў парадку. Што яна рыхтуе паперы і хутка я атрымаю аплату. А праз некалькі дзён мы даведаліся, што Анжаліка знікла».
Андрэй супрацоўнічаў з Анжалікай Мельнікавай, Паўлам Латушкам і шэрагам іншых беларускіх палітыкаў у Варшаве. Ён расказвае, што яго працу для Мельнікавай нельга назваць рэгулярнай, аднак некалькі відэа з яе ўдзелам ён зняў. Аплата была афіцыйная, з падпісаннем дамовы, ніякіх капэртаў. Разлічвалася Анжаліка звычайна ў абазначаны тэрмін.
«А тут гаварыла, што рыхтуе перавод, што ўсё будзе добра, што хварэе, — узгадвае сваю апошнюю размову са зніклай спікеркай Андрэй. — Я ёй пісаў у мэсэнджары. Супакоіла, што ўсё вырашыць. Наколькі я ведаю, нас такіх сабралася тады некалькі. Мы чакалі аплаты ад яе, пэрыядычна пыталіся пра гэта».
У той час, калі Андрэй перапісваўся з Анжалікай Мельнікавай у пытаннях аплаты выкананай працы, яе ўжо не было на тэрыторыі Еўразвязу.
Пра гэта на пачатку красавіка паведаміў Павал Латушка са спасылкай на звесткі польскай паліцыі. Паводле іх, спікерка Каардынацыйнай рады вылецела з Варшавы ў Лондан 26 лютага 2025 году і больш на тэрыторыю Еўразьвязу не вярталася.
Грошы за выкананую працу аператар так і не атрымаў. Са словаў Андрэя, ён ведае яшчэ прынамсі чатырох чалавек, зь якімі не разлічыліся праз знікненне Анжалікі Мельнікавай. У рэальнасці іх можа быць значна больш.
«Пракурор не згаджаецца на падачу інфармацыі»
Справу аб знікненні Анжалікі Мельнікавай, якая да лютага 2025 году ўжо паспела атрымаць польскае грамадзянства, з варшаўскай паліцыі хутка перадалі ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы, расследаваннем пачало займацца яе Люблінскае аддзяленне. Як расказвалі тады Свабодзе польскія эксперты, перадача расследавання ў рэгіянальны філіял пракуратуры — звычайная практыка для Польшчы, выкліканая занятасцю ведамства. А сам факт перадачы справы ў Нацыянальную пракуратуру сведчыў аб высокім узроўні ўвагі, якую польскія ўлады надалі знікненню беларускай. Аднак за год расследавання амаль ніякай афіцыйнай інфармацыі аб яго ходзе ад польскіх праваахоўных органаў больш не паступала.
«Нягледзячы на тое, што я ініцыяваў падачу заявы аб факце знікнення Анжалікі Мельнікавай у камендатуру сталічнай паліцыі ў Варшаве, ні я, ні наша каманда не з'яўляецца бокам у гэтым следстве, — гаворыць у каментары для Свабоды Павал Латушка.
— Таму ў нас абмежаваныя магчымасці атрымліваць інфармацыю аб ходзе следчых дзеянняў. Разам з тым я звяртаўся ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы з просьбай аб падачы інфармацыі і на мінулым тыдні зноў накіраваў запыт пракурору. З даступных мне звестак, у гэты момант месца знаходжання Анжалікі Мельнікавай ня вызначана. Гэта, безумоўна, не можа пакідаць нас, яе калегаў, абыякавымі ў гэтай сытуацыі».
На запыт Свабоды, накіраваны ў Люблінскае аддзяленне польскай пракуратуры, адказалі, што следства працягваецца, аднак рашэнне аб агалошванні нейкіх звестак пра яго ход можа быць прынята толькі ў Нацыянальнай пракуратуры. Там праз некалькі дзён паўзы паведамілі, што звесткі аб расследаванні справы Анжалікі Мельнікавай агалошаныя пакуль быць не могуць.
«У інтарэсах расследавання і прынятых кірункаў расследавання пракурор, які вядзе справу, не згаджаецца на падачу інфармацыі аб бягучых выніках справы», — паінфармавала Свабоду прадстаўнічка Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Катажына Цалюў-Яшэўская.
У канцы вясны і летам 2025 году з'явілася некалькі неафіцыйных версій знікнення Анжалікі Мельнікавай. Ад выкрадання беларускімі спецслужбамі да свядомага ад’езду з Варшавы разам з дзецьмі праз раман з дзейным супрацоўнікам КДБ Беларусі. Ніводная з агучаных журналістамі або былымі супрацоўнікамі спецслужбаў версіяў пакуль не атрымала дакладнага пацверджання.
«За гэты перыяд нам прыходзіла рознага характару інфармацыя, — працягвае Павал Латушка. — І агульнавядомая ў СМІ аб тым, што нібыта ў дачыненні да яе спецслужбы прымянілі так званую «мядовую пастку», і аб магчымай ліквідацыі ў сувязі з тым, што ёй была пастаўлена задача, якая магла стварыць пагрозу жыццю і здароўю калегам у Народным антыкрызісным упраўленні. І пра тое, што нібыта яе нехта бачыў у Беларусі. Ні адна з версій не з'яўляецца канчатковай. Найбольшы абʼём інфармацыі, магчыма, маюць польскія спецслужбы, ну і, можам меркаваць, і беларускія спецслужбы».
Акрамя польскіх спецслужбаў і беларускіх журналістаў, расследаваннем справы аб знікненні Анжалікі Мельнікавай вясной 2025 году заняліся таксама прадстаўнікі суполкі «Кіберпартызаны». Спікерка Каардынацыйнай рады па сумяшчэнні займалася адміністраваннем фонду Białoruś Liberty, празь які часткова фінансаваліся выдаткі «Кіберпартызанаў» і Каардынацыйнай рады.
У сярэдзіне траўня прадстаўнікі суполкі паведамілі, што змаглі аднавіць кантроль над рахункамі фонду, адкуль зніклі 150 тысяч даляраў. Каля 30 тысяч з іх былі прызначаныя на дзейнасць звязаных з «Кіберпартызанамі» ініцыятыў. Рэшту планавалася патраціць на патрэбы Каардынацыйнай рады.
Паводле абнародаванай у траўні 2025 году інфармацыі, усе сродкі з рахунку фонду Białoruś Liberty былі выведзеныя, апошняя трансакцыя адбылася 24 сакавіка 2025 году. Расследаванне «Кіберпартызанаў» працягваецца.
20 лютага 2026 году прадстаўніца арганізацыі Юльяна Шаметавец у размове з Свабодай паведаміла, што 24 сакавіка 2025 году апошнія прыкладна 150 тысяч злотых Анжаліка Мельнікава (або нехта іншы з доступам да рахунку фонду Białoruś Liberty) перавяла з рахунку ў польскім банку на рахунак літоўскай крыптабіржы UAB Onlychain Fintech Limited.
Гэта адносна невялікая літоўская фінтэх-кампанія з 12 супрацоўнікамі, зарэгістраваная ў снежні 2021 году. Свабода накіравала на адрас UAB Onlychain Fintech Limited запыт аб далейшым лёсе пераведзеных туды Анжалікай Мельнікавай сродкаў. Адказу на момант публікацыі журналісты не атрымалі.
«Звычайныя грошы з рахунку ў банку Еўразвязу могуць пераводзіцца ў крыптавалюту для таго, каб зручна і хутка скарыстацца імі ў кожным месцы свету, у тым ліку ў Беларусі, — тлумачыць на ўмовах ананімнасці ў размове з Свабодай супрацоўнік беларускай ІТ-кампаніі, які сам карыстаецца паслугамі біржаў крыптавалют. — Літоўская, бо польскі банк нічога не западозрыць. Усё адбываецца нібы ўнутры тэрыторыі Еўразвязу. А пасля з гэтымі грашыма можна рабіць што заўгодна, калі дзейнічаць разумна. Вядома, еўрапейскія спецслужбы могуць адсачыць, куды пайшлі грошы, дзе іх здымалі. Але не больш».
Неўзабаве пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай польская газета Rzeczpospolita апублікавала матэрыял, дзе згадваўся яшчэ адзін факт, звязаны з дзейнасцю былой спікеркі Каардынацыйнай рады. Паводле інфармацыі выдання, у 2023 годзе фонд на чале з Мельнікавай Białoruś Liberty атрымаў ад зарэгістраванай у Вялікай Брытаніі кампаніі Media Consulting Services Ltd. 405 тысяч злотых (каля 100 тысяч еўра. — РС).
«Мне будзе цяжка паверыць у тое, што яна агентка»
Яшчэ адным чалавекам, які актыўна ўключыўся ў пошукі Анжалікі Мельнікавай у першыя дні пасля яе знікнення, быў сузаснавальнік фондаў BySol і By_help Аляксей Лявончык, які стала жыве ў Лондане. Аляксей зьвярнуўся з заявай аб знікненні Мельнікавай у брытанскую паліцыю (нагодай для гэтага стаў яе пералёт з Варшавы ў Лондан) і абвясціў збор 10 тысяч еўра, якія абяцаў выплаціць таму, хто падзеліцца інфармацыяй аб лёсе зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады. Брытанская паліцыя неўзабаве адказала, што займацца справай знікнення беларускі з польскім грамадзянствам не будзе. А вось ахвотныя атрымаць грашовую ўзнагароду знайшліся даволі хутка. Праўда, амаль адразу высветлілася, што ніякай дакладнай інфармацыі пра знікненне Мельнікавай і актуальнае месца яе знаходжання яны не маюць.
«Новай інфармацыя ніякай няма, — кажа ў размове з Свабодай Аляксей Лявончык пра тое, што сам ведае аб лёсе Мельнікавай праз год пасля яе ад’езду з Варшавы. — Тое, што мы ведалі, так яно і засталося. Тыя, хто мне пісаў, што мае відэа з Мельнікавай, знятае ў Беларусі, у выніку выслалі мне кавалак працягласцю 4 сякунды. Я адказаў ім, што вэрыфікаваць паводле яго нічога немагчыма. Папрасіў поўнае відэа. Але нічога не атрымаў, і тыя людзі зніклі».
Са словаў Аляксея, тыя ж людзі ў перапісцы абяцалі апублікаваць відэа з Анжалікай Мельнікавай, знятае ў Беларусі. Але гэтага ў выніку так і не адбылося.
«10 тысяч усё яшчэ ляжаць, — кажа Аляксей. — Але неўзабаве ў нас будзе пункт прыняцця рашэньня, мы мусім вырашыць, ці пускаць гэтыя грошы на падтрымку палітвязьняў. Я схіляюся да такога варыянту, нельга так доўга трымаць гэтыя грошы».
Нягледзячы на ўсё тое, што стала вядома пра справы Анжалікі Мельнікавай за год пасля яе знікнення, Павал Латушка не схільны рабіць адназначных высноваў. Ён звяртае ўвагу на тое, што Мельнікава падчас працы ў Каардынацыйнай радзе заўсёды займала выразную і адназначную пазіцыю ў дачыненні да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. І гэта дзякуючы яе дзеянням у студзені 2025 году было прынятае рашэнне Сенату Польшчы аб прызнанні Каардынацыйнай рады ў якасці беларускага парламенту на эміграцыі.
Павал Латушка дадае, што Анжаліка Мельнікава, займаючы пасаду спікерскі Каардынацыйнай рады, брала на сябе частку выдаткаў на яе дзейнасць, а ў студзені 2025 году выступала на сэсіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, дзе падтрымала прыняццё рэзалюцыі ПАРЭ аб непрызнанні Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта ў выніку выбараў 2025 году, што можна лічыць моцнымі ўдарамі па дзяржаўнай сістэме Беларусі.
«З улікам таго, што Анжаліка Мельнікава ўзначальвала фундацыю «Кіберпартызанаў», я перакананы, што яна прайшла адпаведную праверку гэтай арганізацыі, якая карыстаецца вялікім аўтарытэтам, — гаворыць Павал Латушка. — Адначасова яна была грамадзянкай Польшчы і таксама прайшла праверку ўсіх адпаведных спецслужбаў.
Нават калі нам пакажуць у бліжэйшы час Анжаліку Мельнікаву жывой і здаровай і яна зробіць пэўную заяву, мне будзе складана паверыць у тое, што гэта была глыбока заканспіраваная, укаранёная ў структуры дэмакратычных сілаў Беларусі агентка. Нельга выключаць, што яе маглі схіляць да супрацы ў апошнія месяцы перад знікненнем. Занадта шмат шкоды менавіта яе дзейнасць нанесла рэжыму Беларусі, у тым ліку і Расеі».
Цяпер чытаюць
У якой разведкі была найлепшая інфармацыя з Беларусі ў лютым 2022 і хто паведаміў Буданаву, што асноўны ўдар расіян будзе на Гастомель. З’явілася вялікая публікацыя
Каментары