Польскія ўлады апраўдалі беларуса, які падаваўся на карту побыту з пашпартам Новай Беларусі
Гісторыя беларуса Дзмітрыя, якога маглі пазбавіць міжнароднай абароны ў Польшчы нібыта з-за выкарыстання чырвонага пашпарта, скончылася на яго карысць. Упраўленне па справах замежнікаў афіцыйна спыніла разбіральніцтва. Кейс стварыў важны прэцэдэнт.

«Я той беларус, які скарыстаўся чырвоным беларускім пашпартам пры падачы заявы на чарговую карту побыту, і ў мяне добрыя навіны», — напісаў мужчына «Нашай Ніве».
Гісторыя Дзмітрыя нарабіла рэзанансу. Падчас падачы дакументаў на чарговы від на жыхарства ён указаў звесткі свайго пашпарта Новай Беларусі.
Ініцыятыва «Партызанка» заявіла, што беларуса могуць пазбавіць міжнароднай абароны за выкарыстанне гэтага пашпарта. І што, маўляў, яму можа пагражаць нават крымінальны пераслед.
Але аказалася, што справа ў іншым.
Польскія чыноўнікі падумалі, што мужчына атрымаў новы афіцыйны (сіні) пашпарт у беларускім пасольстве або з’ездзіў за ім у Беларусь. Абодва гэтыя крокі — прамая падстава для скасавання статусу абароны.
Польскія спецыялісты пачалі разбіральніцтвы.



«У пастанове аб спыненні разбіральніцтва некалькі разоў згадваецца пашпарт Новай Беларусі. Яны прынялі да ведама мае тлумачэнні і самастойна вывучылі пытанне па публічных крыніцах пра тое, што гэта за дакумент — у рэшце рэшт іх задаволіла, што гэты пашпарт не выдаецца фактычнымі ўладамі Беларусі і толькі з часам паводле задумы стваральнікаў павінен стаць афіцыйным пашпартам Беларусі. Да самога факту яго выкарыстання яны ніякага стаўлення не выказалі: выкарыстаў і ладна», — расказаў Дзмітрый.
Дзмітрый застаўся незадаволены пазіцыяй ініцыятывы Partyzanka, якая заяўляла, што выкарыстанне такога пашпарта можа несці крымінальныя рызыкі (нібыта гэта можа трактавацца як падробка дакументаў ці махлярства). Мужчына назваў гэта спекуляцыямі, якія не маюць рэальнай прававой асновы.
«Гэтыя разважанні ў галіне польскага права аб махлярстве і падробцы дакументаў па ўсіх прыкметах ляжаць па-за межамі іх прафесійнага вопыту як юрыстаў і не абапіраюцца на якія-небудзь звесткі аб правапрымяняльнай практыцы», — мяркуе ён.
Дзмітрый лічыць важным і надалей пашыраць сферу выкарыстання новага беларускага пашпарта.
«Хтосьці афармляў на яго сім-карткі, хтосьці прад’яўляў пры пасадцы ў самалёт, хтосьці выкарыстоўвае яго ў польскіх банках. Трэба правяраць на трываласць межы існуючых магчымасцяў і ствараць новыя. Свабода нараджаецца і захоўваецца ў зазорах. І наша задача — гэтыя зазоры пашыраць, устаўляючы туды нашы ўласныя грамадскія інстытуты», — казаў ён «Нашай Ніве».
***
Калі вы жывяце ў Польшчы, то можаце падтрымаць «Нашу Ніву» часткай вашага падаходнага падатку. Гэта не будзе каштаваць вам ані цэнта.
Вы проста перанакіруеце 1,5% ад ужо сплачанага вамі падатку пры падачы штогадовай дэкларацыі.
Вось падрабязная інструкцыя, я гэта зрабіць, калі вы працуеце ў Польшчы.
Калі вы працуеце ў Літве — то вам сюды.
Каментары
Мне таксама хацелася б пашыраць гарызонты, але ёсць бягучая прававая рэальнасць
Відаць, не лечыцца. Чалавеча, падзякуй, што сапраўды крыміналку ад палякаў не атрымаў