Упершыню за дзесяцігоддзе «Беллакт» спрацаваў з мінусам, ды яшчэ і агромністым. І вось чаму
З'явілася свежая справаздачнасць гіганта беларускай малочнай прамысловасці, ваўкавыскага «Беллакта», лідара па вытворчасці сухога дзіцячага харчавання не толькі ў Беларусі, але на ўсёй постсавецкай прасторы. Стабільна паспяховы завод, мажарытарным акцыянерам якога з'яўляецца дзяржава, раптоўна стаў вялікім даўжніком з затаваранымі складамі і адмоўнай рэнтабельнасцю.

Фінансавая справаздачнасць «Беллакта» за 2025 год не падобная да справаздачнасці здаровага прадпрыемства, якім завод безумоўна з'яўляўся апошняе дзесяцігоддзе. Для ілюстрацыі анамаліі і параўнання «Наша Ніва» прааналізавала фінансавыя дакументы «Беллакта» з 2015 года.
Дзесяцігоддзе «Беллакт» стабільна нарошчваў выручку, імкліва развіваючыся і вырастаючы на двухзначны працэнт на год. Прарыўнога росту не адбылося толькі ў 2023 і 2025 годзе — у першы з гэтых гадоў пад уздзеяннем санкцый рынак перабудоўваўся, а ў другі запаволілася расійская эканоміка.
Але і вялікіх падзенняў не здарылася. Пры гэтым усё роўна: у 2025 выручка на плюс-мінус адным узроўні, сабекошт таксама, а па выніках года — 12 мільёнаў рублёў страт. Чаму так здарылася? Што з'ела прыбытак?
Узляцелі кіраўнічыя выдаткі (41 мільён рублёў) і выдаткі на рэалізацыю (47 мільёнаў рублёў), у 2024 годзе было 29 мільёнаў рублёў і 38 мільёнаў рублёў адпаведна.
Кіраванне і рэалізацыя з'елі большую частку прыбытку, рэшту даелі іншыя віды натуральных выдаткаў, а ў мінус загналі выплаты па крэдытах — у прадпрыемства ў 4,3 разу выраслі страты па фінансавай дзейнасці.
І калі б толькі гэта.
За адзін год прадпрыемства стала гіганцкім даўжніком. Кароткатэрміновыя даўгі (да пагашэння цягам году) выраслі амаль у сем разоў: з 15,5 мільёна да 103,6 мільёна рублёў!
Разам з гэтым на 100 мільёнаў рублёў выраслі запасы, у асноўным — гатовай прадукцыі.
Грашовых сродкаў на рахунках стала менш: скарачэнне з 23 мільёнаў да 6 мільёнаў. А неразмеркаваны прыбытак (назапашаная прадпрыемствам падушка) скараціўся на 30 мільёнаў рублёў (з 153 мільёнаў да 122 мільёнаў). Іншымі словамі, «Беллакт» праеў усё тое, што зарабіў за некалькі апошніх год.
Дык што здарылася з заводам? Тлумачэнне простае. Летам 2025‑га да паспяховага прадпрыемства далучылі Гродзенскі кансервавы завод.
Яго балансавы кошт і складскія запасы ацанілі ў дзясяткі мільёнаў рублёў, якія дадаліся ў актывы «Беллакта», але прырост такіх актываў не павінен уводзіць у зман, таму што сам завод стаў стратным, а гарантыі, што запасы гатовай прадукцыі ператворацца ў грошы — няма.
Калі гэтаму пашыранаму «Беллакту» зноў удасца вярнуцца ў зону прыбытковасці — пытанне. Гэта можа быць магчыма пры спрыяльнай рынкавай кан'юнктуры, умелым маркетынгу і аптымізацыі тых сфер, якія з'ядаюць прыбытак.
Фінансавыя запасы, адкладзеныя «Беллактам» ў паспяховыя годы, у нейкім сэнсе дазваляюць такія шокавыя эксперыменты.
Прынамсі частку страт па фінансавай дзейнасці ў 2025 годзе, а таксама рост запазычанасці можна патлумачыць актыўным інвеставаннем у новы праект. Праўда, ці так гэта ў рэальнасці — невядома.
Пры гэтым вядома, што «Беллакт» прынамсі з 2018 года ўжо ўдзельнічаў у дзейнасці Гродзенскага кансервавага завода, шукаючы таму прымяненне ў рамках сваіх бізнэс-працэсаў і арандуючы частку абсталявання.
Каментары