Грамадства55

У гамяльчанкі ў кватэры 11 гадаванцаў, а па новым законе можна толькі двух. Куды падзець астатніх?

«Моцныя навіны» абтэлефанавалі спецыялізаваныя службы і… ніхто не ведае.

Святлана жыве ў кватэры з мужам, і ў іх 10 катоў і адзін сабака. Згодна з новым законам, які ўступае ў сілу ўжо з 1 ліпеня, сям’і можна ўтрымліваць не больш за двух гадаванцаў. Пытанне — куды падзець астатніх?

З такім пытаннем «Моцныя навіны» звярнуліся ў ЖКГ і «Адно акно». У службах адказалі, што могуць дапамагчы толькі з рэгістрацыяй, куды падзець «лішніх» — не ведаюць, «не дадому ж сабе забраць».

Прапанавалі «аддаць валанцёрам», як варыянт — «кожны раз плаціць штраф пры праверках або скаргах суседзяў».

У ведамствах таксама раяць «утрымліваць гадаванцаў ціха і чыста», каб ніхто на іх не «стукаў».

Святлана ад такога падыходу ў шоку. Жанчына абураецца, што «закон прынялі, рубячы з пляча», без належных грамадскіх абмеркаванняў, без канструктыўнага дыялогу з валанцёрамі і без уліку вопыту іншых краін, дзе пытанні з жывёламі даўно вырашаны.

У прыклад прыводзіць Турцыю, дзе ўпор робіцца менавіта на стэрылізацыю бяздомных катоў і сабак — і абсалютна бясплатна, за кошт дзяржавы. Да слова, падобная практыка і ў суседняй Польшчы, дзе не сустрэнеш беспрытульных хвосцікаў.

Святлана — не валанцёр. Адкуль у яе столькі жывёл?

— Муж як ні едзе ў камандзіроўку, то абавязкова сустрэне бяздомную жывёлу і вязе дадому. Памятаю, быў мароз і кацяня бегла пасярод лесу, проста па асфальце, муж праехаць міма не змог. Чатырох катоў забралі з пад’езда — нехта выкінуў. За сабакам ездзіў за 200 кіламетраў — таксама ўбачыў у паездцы, вярнуўшыся дадому, не змог пра яго забыць і паехаў забіраць. Яна без адной лапкі, была ў жахлівым знясіленым стане. Я проста яе абняла і сядзела румзала. Пазней яна парвала звязкі, мы аддалі больш за 6 тысяч на аперацыі, каб паставіць на ногі!

На корм кожны месяц толькі на катоў ідзе каля 300 рублёў, падаткі плацім — самі, нікога не просім. Дык чаму я павінна кагосьці аддаваць? Яны мне ўсе вельмі дарагія!

Гамяльчанка кажа, што з дома пра яе гадаванцаў ведаюць некалькі чалавек і нармальна рэагуюць. Хоць былі і звароты ў міліцыю, бо сабаку выгульваюць каля дома — але «несці 18 кіламетраў да пляцоўкі 10‑кілаграмовага трохлапага сабаку на сабе — проста нерэальна». Пляцовак не хапае.

Што Святлана думае пра новы закон?

— Жывёлы не вінаватыя, што яны апынуліся на вуліцы, гэта грамадства не дапрацавала. Замест каральных мер патрэбныя прытулкі — і людзі гатовыя плаціць за іх падаткі. Але ў першую чаргу патрэбная стэрылізацыя — калі не бясплатная, дык хаця б рабіць на гэта зніжкі валанцёрам. Яны ж усё плацяць са сваіх грошай. Гэтыя людзі дапамагаюць дзяржаве, прыбіраючы жывёл з вуліц, але замест належнай падтрымкі сутыкаюцца з забаронамі.

У мяне вельмі шмат знаёмых валанцёраў, і яны ўсе абураныя. Нельга прымаць такія законы, проста рубячы з пляча. Гэта рэчы, якія робяцца гадамі. Для пачатку трэба грамадства пераналадзіць на тое, каб зразумець: жывёла — гэта не рэч, яе нельга проста так узяць і выкінуць.

Вы з’ездзіце ў любую вёску — яны там дагэтуль хвасты адрубаюць катам, верачы, што тыя ад гэтага лепш мышэй ловяць. А ім скажуць зарэгістраваць усіх — і ведаеце, што будзе? Усе гэтыя каты апынуцца бяздомнымі. Ну большасць, дакладна. Хіба так закон аб абароне жывёл павінен абараняць жывёл?

Святлана з мужам будуюць дом, на ўчастку ўжо жывуць 12 сабак, таксама выратаваныя. Усіх стэрылізавалі за свой кошт, пабудавалі вальеры. Сюды ж плануюць перавезці астатніх гадаванцаў і застацца тут жыць.

Выйсце быццам бы знойдзена (у прыватным доме колькасць жывёл па новым законе не рэгламентавана) — але гэта ў іх. А як быць астатнім?

Гамяльчанка распавядае, што ў знаёмай пенсіянеркі ў кватэры жывуць 25 катоў, утрымлівае іх за «апошнія грошы», усіх выхадзіла.

— І зараз ёй трэба амаль усіх аддаць? Куды — у Спецкамунтранс?

Я наогул не разумею, як можна ката ці сабаку кудысьці аддаць, калі яны ў вочы табе глядзяць? Гэта ж не рэч! — кажа яна. 

Гамяльчанка заклікае да дыялогу і пошуку канструктыўных рашэнняў, а не да мер, якія па выніку могуць толькі пагоршыць сітуацыю.

Каментары5

  • feafania
    17.05.2026
    На самой справе, гэта не нейкі новы закон, а правілы, якія ўжо існуюць шмат гадоў, проста аформлены ў закон. Раней, калі ў мяне жыло 3 каты, я таксама баялася, каб суседзі не данесьлі, 2 катоў я зарэгістравала, а трэці жыў незаконна, адно ратавала, калі прыходзілі мянты, трэці кот заўсёды хаваўся і нават у час вобшуку яны яго не знайшлі. У Расеі ці ў нас раней, ужо дакладна ня помню, існаваў закон пра 6 метраў на гадаванца, што больш разумна. А так і ў аднапакаёўцы, і ў 4 пакоях табе дазволена трымаць толькі 2 жывёл. Вось не магу толькі зразумець, чаму людзей можна трымаць сколькі заўгодна - чым прынцыпова яны розьняцца ад жывёл?
  • Ёсік
    17.05.2026
    Гэтую ўладу нармалёвы чалавек не разумее. Яна не для народа, а для аднаго старога вычварэнцы, які гэты народ ненавідзіць, бо ведае, колькі за яго на самой справе на выбарах галасуе, калі няма прымусу, адсоткаў 15, не больш.
  • Бедныя суседзі 11 гадаванцаў
    17.05.2026
    Гарадская кватэра - гэта не месца для прытулку для жывёл. Калі чалавек хоча займацца развядзеннем ці ўтрымліваннем вялікай колькасці жывёл, то пачынаць гэта трэба з падбору месца для іх пражывання

Цяпер чытаюць

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў і вобласць, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет16

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў і вобласць, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет

Усе навіны →
Усе навіны

З панядзелка ў Мінску пачнуць адключаць гарачую ваду

66‑гадовую гамяльчанку асудзілі па чатырох палітычных артыкулах і адправілі ў калонію за каментары ў тэлеграме6

У Наварасійску ад удару беспілотнікаў загарэўся нафтаналіўны тэрмінал 2

Чаму нараджальнасць падае значна больш імкліва, чым чакалася? Аналіз даных выявіў нечаканую прычыну61

Ртутны тэрмометр прабыў у целе жанчыны восем гадоў. Неймаверная гісторыя ва Украіне1

Месі стаў футбалістам-мільярдэрам — як Раналду

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў6

Трамп падоўжыў яшчэ на год санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі12

Зяленскі праінфармаваў еўрапейскіх лідараў пра расійскія планы адносна Беларусі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў і вобласць, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет16

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў і вобласць, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць