Літаратура1111

І пра рэальных бандытаў, і пра крыварукага Косцю-плітачніка, і пра сэкс у цягніку. Журналістка з Гомеля напісала кнігу — чытаць яе страшна і смешна

Яе героі — мантажнікі, бяздомныя, выпадковыя спадарожнікі, пацыенты бальніц, святары, грэшнікі і сама аўтарка: раздражнёная, іранічная і недасканалая.

Алена Германовіч. Фота з яе ўласнага архіву

Журналістка Алена Германовіч пятнаццаць гадоў адпрацавала ў БелаПАН: пісала пра суды, злачынствы, гісторыі шчасця і няшчасця. Пасля разгрому агенцтва і ад’езду з Беларусі яна сабрала свае назіранні, успаміны і раней апублікаваныя тэксты ў дэбютную кнігу «Страшна і смешна», якая выйшла ў выдавецтве «Гутэнберг».

Яе героі — мантажнікі, бяздомныя, выпадковыя спадарожнікі, пацыенты бальніц, святары, грэшнікі і сама аўтарка: раздражнёная, іранічная і недасканалая. Мы пагаварылі з Аленай пра людзей, якіх звычайна не заўважаюць, смех як спосаб перажыць страшнае, веру без урачыстасці і Беларусь, якая з адлегласці ўжо зусім не здаецца смешнай.

Кніга Алены Германовіч. Фота: «Наша Ніва»

«Напішу выкрывальніцкі артыкул і думаю: Божа, што я зноў нарабіла?»

— Алена, яшчэ ў 2017 годзе вы казалі: «Я паміраю з суму. А калі напішу які рэзкі ці выкрывальніцкі артыкул — паміраю са страху». Ці не з той фразы праз дзевяць гадоў вырасла назва «Страшна і смешна»?

— Хутчэй за ўсё, так, з яе. Насамрэч гэта перафразаваная думка пісьменніка Курта Вонегута: ён казаў, што людзі паміраюць або з суму, або са страху. Мне гэта вельмі блізка.

Я, напрыклад, баюся вышыні, але пачала займацца скалалазаннем. Спачатку было страшна, затое без яго зрабілася б сумна. Фітнэс, пілатэс, бег — зусім не маё, а ў скалалазанні я сябе знайшла, хай і не як спартоўка, а як фізкультурніца.

З журналістыкай было гэтак жа. Напішу нейкае расследаванне — і пасля выхаду пачынаюцца панічныя атакі. Думаю: «Божа, больш ніколі нікога не буду выкрываць. Буду пісаць пра культуру, музыку і тэатр». Мінае час — робіцца невыносна сумна. І я зноў лезу ў нейкую вострую гісторыю.

Алена Германовіч. Фота тут і далей з яе ўласнага архіву

Памятаю матэрыял пра дзедаўшчыну ў берасцейкай вайсковай часці. Я паехала туды, не прадстаўлялася журналісткай, размаўляла з хлопцамі, рабіла здымкі іх пабітых рук і ног. Усё запісала, адправіла ў БелаПАН і адразу падумала: «Што я зноў нарабіла? Заўтра прыедзе камандзір часці і прыб’е мяне». Вось гэтае спалучэнне страху і немагчымасці жыць без рызыкі, напэўна, таксама засталося ў назве кнігі.

— Шмат гадоў вы пісалі пра суды, людзей у бядзе. Што такая праца зрабіла з вашым уяўленнем пра чалавека? 

— Людзі заўсёды былі мне цікавыя. Асабліва выпадковыя. Едзеш у Рэчыцу ці Віцебск, садзішся ў цягнік — і заходзяць бабкі, нейкія крыху не ў сабе людзі. Чалавек можа дзве гадзіны расказваць, што ён еў: спачатку яблычак, потым сала, моркву, каўбасу. Здавалася б, што тут цікавага? Але мне падабаецца слухаць, як чалавек будуе з гэтых дэталяў сваё жыццё. 

Калі я жыла ў Гомлі, то часам выходзіла з дому не па прадукты, а па назіранні. Немагчыма было проста схадзіць па малако ці сасіскі. Аднойчы ўбачыла чалавека, які ляжаў п’яны каля праезнай часткі. Падумала, што яго збіла машына, пабегла падымаць. І тут на мяне накінулася п’яная жанчына: пачала абражаць, хапаць за куртку, крычаць, што я чапляюся да яе мужыка і яна мне павыдзірае валасы. Выйшла па малако — вярнулася з гісторыяй.

Алена Германовіч запісвае расповеды пажылых людзей

Я доўга занатоўвала такія рэчы. Мне здавалася: «Хто я такая, каб гэта публікаваць?» Быў моцны сіндром самазванкі.

— І што дапамагло яго пераадолець?

— Не ведаю, ці пераадолела я яго. Проста побач былі людзі, якія пастаянна казалі, што мне трэба выдаць кнігу: Святлана Курс, мой муж, блізкі іспанскі сябар. Усе размовы з імі ўрэшце зводзіліся да аднаго: «Табе трэба зрабіць кніжку». Калі я часова засталася без працы і з’явіўся вольны час, вырашыла сабраць тэксты да купы. Хоць бы дзеля таго, каб яны нарэшце ад мяне адчапіліся.

— Частка гэтых тэкстаў раней выходзіла ў вашым блогу на «Радыё Свабода» і ў сацыяльных сетках, так? 

— Калі я працавала журналісткай, у мяне не было часу сесці, усё перагледзець і сабраць. Тэксты ляжалі на камп’ютары нейкімі шматкамі. Так, некаторыя тэксты публікаваліся раней. Але я не бачу ў гэтым перашкоды. Я іх напісала, значыць, маю права забраць назад і скласці з іх кнігу.

— На вокладцы Святлана Курс ацаніла кнігу і дала партрэт аўтаркі: «Калі вы спазналі ўсю жорсткасць і жахі жыцця і здолелі не закрычаць, схапіўшыся за галаву, а кпліва засмяяцца — вы Алена Германовіч. Яна такая». Ці пазналі вы сябе ў гэтым апісанні?

— Так. Мы былі добра знаёмыя, ездзілі адна да адной, шмат размаўлялі. Думаю, Святлана добра разумела мой скептычны, нават чорны погляд на свет.

Неяк я сказала Святлане, што хацела б быць нечым накшталт Пабла Эскабара. Вядома, не ў сэнсе забіваць людзей, мяне прываблівала хутчэй хуліганская, бандыцкая рамантыка. Магчыма, таму, што я расла ў дзевяностыя. Яна сказала, што не хоча быць Пабла Эскабарам, а хоча сумленна хадзіць на працу і сумленна зарабляць свае невялікія грошы.

Калі Святлана чытала кнігу, яна ўжо хварэла. Казала, што рагатала, дзякавала мне.

«Звычайныя людзі мне нецікавыя»

— Ці змянялі вы рэальныя абставіны гісторый, пра якія пішыце дзеля драматургіі? Наколькі ўвогуле ўсё, што напісана, — праўдзіва? 

— Мне здаецца, там усё праўда. Недзе магла схібіць памяць, нешта магло застацца не зусім дакладна, але ўсе гэтыя гісторыі адбываліся.

Я думала, ці магла б напісаць раман, і зразумела, што наўрад ці. У мяне няма фантазіі. Я магу пісаць толькі пра тое, што бачыла і адчувала.

— Якая гісторыя з кнігі для вас самая смешная, а якая — самая страшная?

— Самая смешная, напэўна, пра Косцю, які крыва паклаў кафлю на кухні, але быў упэўнены, што трапіць у рай, бо нічога дрэннага не зрабіў. Я глядзела на гэтую кафлю і думала: «Ты нават яе нармальна пакласці не змог і ўжо сабраўся ў рай?» Да таго ж ён хацеў скрасці трубу і зрабіць з яе самагонны апарат.

Самая страшная — пра пахаванне маленькай дзяўчынкі, якую забіла трынаццацігадовая дзяўчына. Мне самой тады было трынаццаць, і я не магла зразумець, як дзіця можа задумаць забойства, схаваць цела і сляды. Праз шмат гадоў я выпадкова сутыкнулася ўжо з гісторыяй дачкі той дзяўчыны-забойцы. Гэтае дзіўнае вяртанне мінулага мяне вельмі ўразіла.

— Вашы героі не выдуманыя. Яны ехалі з вамі ў купэ, ляжалі ў бальніцы, рабілі рамонт, сустракаліся ў вёсцы. Як бы яны на вашу думку адрэагавалі на тое, што сталі героямі вашай кнігі?

— Наўрад ці гэтыя людзі чытаюць кнігі. Тым больш кніга не прадаецца ў Беларусі. Мяне гэта не вельмі хвалюе, бо я не падавала іх асабістых звестак.

Гісторыю пра забойства дзяўчынкі я лічыла важнай яшчэ і таму, што яна нідзе не засталася. Я шукала імя, прозвішча — нічога не знаходзіла. Пра яе не напісалі ні ў падручніках па крыміналогіі, ні ў інтэрнэце. Мне падалося несправядлівым, што такая гісторыя знікла.

Што да астатніх: наўрад ці той мантажнік, які ехаў са мной у цягніку, чытае кнігі па-беларуску. А калі Косця сябе пазнае — хай пазнае. Плітку трэба было лепш класці.

— Але ці не гучыць гэта пагардліва: маўляў, мае героі ўсё роўна кніг не чытаюць, таму я магу пісаць пра іх?

— Я не лічу, што гляджу на іх зверху ўніз. Наадварот, я адчувала да такіх людзей сімпатыю. Мне нецікава пісаць пра зорак ці людзей з нейкімі вялікімі дасягненнямі. Мяне чапляюць тыя, хто робіць або кажа нешта нечаканае.

Каля касцёла ў Гомлі заўсёды збіраліся бяздомныя. Я іх ведала, яны ведалі мяне. Аднойчы я сядзела ў летняй кавярні з тэатральным рэжысёрам. Мы разважалі пра пастаноўку, метафары, эпітэты — і тут падыходзяць двое п’яных бяздомных: «Алёнка, прывет!» Мне стала страшэнна няёмка.

А яны дасталі са сваіх мяхоў паламаныя завушніцы, пярсцёнкі, нейкія гадзіннікі і пачалі прапаноўваць: «Алёнка, вазьмі сабе што-небудзь, мы для цябе стараліся». Я сяджу і думаю: «Божа, каго яны абрабавалі?» Але адначасова гэта было кранальна: бяздомны чалавек прыйшоў і прынёс табе падарунак.

Я пісала пра людзей, якія мяне зачапілі. Не хачу, каб гэта прагучала ганарліва, але звычайныя людзі мне сапраўды нецікавыя. Бывае, сустракаешся з чалавекам і ўжо разумееш, што другі раз сустракацца не хочацца. А гэтыя людзі заўсёды казалі ці рабілі нешта нечаканае.

Магчыма, у мяне збіты фокус. Магчыма, праз яго Беларусь выглядае краінай абсурду, няшчасця і дзівацтваў. Але я бачу яе так, і не збіраюся саромецца, што не паказала ў кнізе зорак, палітыкаў ці ўзорных герояў.

Палітыкай я займалася пераважна па працы. Калі сябры прыходзяць да мяне і пачынаюць пра Лукашэнку або Пуціна, я кажу: «Не, не ў маёй хаце. Раскажы лепш, як твая жонка, як дачка пайшла ў школу». Чалавеку чамусьці прасцей гадзінамі разважаць пра Лукашэнку, чым расказаць пра ўласнае дзіця. А мне цікавае менавіта гэтае прыватнае жыццё.

— У гісторыі пра псіхіятрычную бальніцу іронія ўзнікае побач з чужой хваробай і безабароннасцю. Ці ёсць людзі і тэмы, з якіх іранізаваць і смяяцца нельга?

— Вядома, ёсць. Але ў гісторыі пра бальніцу я пісала найперш пра сябе. Я не аддзяляла сябе ад іншых пацыентаў: не думала, што мая хвароба «нармальная», а іх — «ненармальныя». Мы ўсе былі ў адной сітуацыі, усе цярпелі санітарак, людзей у белых халатах і бальнічныя правілы.

Мы нават зладзілі маленькую рэвалюцыю, бо нам не дазвалялі паліць. Хадзілі і крычалі: «Мы нервовыя! Нам паліць трэба!» Нам прапанавалі чатыры выхады на дзень, мы запатрабавалі шэсць — і дамагліся шасці. Мне гэта запомнілася як нешта смешнае. Я смяюся не з людзей, а з абсурду сітуацыі, у якой сама знаходжуся разам з імі.

«Мой смех — гэта абарона»

— Вы заяўляеце, што кніга прысвечаная людзям, якіх ніхто не заўважае. Але чым далей чытаеш, тым больш разумееш: яе галоўная гераіня — Алена Германовіч. Цяжка было паказаць сябе раздражнёнай, злой і зусім не гераічнай?

— Не. Я так сябе і адчуваю. Аднойчы я ішла з касцёла пасля споведзі вельмі злосная — на сябе, на Бога, на святара, на ўвесь свет. Ішла па вуліцы і плакала. Потым падумала: «Божа, старая цётка ідзе і раве, людзі глядзяць». А пасля раззлавалася ўжо на гэтую думку і сказала сабе: «Як добра, што я — гэта я, а не нехта іншы».

У той момант я нібыта прыняла сябе: з непарадкам у галаве, грахамі, слабасцямі, добрымі і дрэннымі рысамі. Падумала: «Добра, што я — гэта я, а не нехта іншы». Тады і напісала свой «Псалом». Апублікавала яго ў Facebook, і ён многім спадабаўся, бо там была самаіронія. Не гісторыя пра тое, што я стаю ў белым паліто, а вакол усе вінаватыя.

— У кнізе смех выглядае як ваша галоўная зброя. На каго яна накіраваная?

— Для мяне смех — не зброя, а абарона. Свет быў незразумелы мне з дзяцінства. Я шмат чаго не разумела, а спытаць не было ў каго. Цяпер чым даўжэй жыву, тым менш разумею.

Калі нешта раніць, крыўдзіць ці палохае, я пачынаю жартаваць. Гэта іронія і самаіронія, спосаб абараніць псіхіку. Апошнім часам гора надта шмат: прыходзяць навіны, што сябар загінуў ва Украіне, нехта памёр, яшчэ кагосьці не стала. З самой смерці я, вядома, не смяюся. Але без чорнага гумару часам немагчыма вытрымаць усё, што адбываецца навокал. Прычым самыя жорсткія жарты я ў кнігу не ўключала.

Замовіць кнігу «Страшна і смешна» можна тут. Ёсць і электронная версія выдання

Бог, кляновы ліст і «паскудны сэкс» у цягніку

— У кнізе вы іранізуеце з касцёла, святароў і ўласнай веры. Пры гэтым Бог у вас вельмі свойскі: з ім можна сварыцца, размаўляць пра цукеркі і памідоры. Гэта тая вера, з якой вы выраслі ў Радніках?

— Не, яна сфарміравалася пазней. У касцёл я пачала хадзіць гадоў у адзінаццаць-дванаццаць. Нас вучылі малітвам па-польску, бо беларускіх святароў не было. Трэба было вывучыць каля пяцідзесяці пытанняў катэхізіса. Дзеці не абавязкова былі глыбока вернікамі — часта проста хадзілі разам з сябрамі. Мае бацькі ў касцёл не хадзілі, а я хадзіла, бо хацела быць з сяброўкамі.

Потым пятнаццаць ці дваццаць гадоў не хадзіла зусім. Вярнулася, калі сустрэла добрага святара, які мог прыняць маю іронію, пасмяяцца і паспрачацца са мной. Да гэтага з беларускімі святарамі ў мяне часта былі канфлікты, мне здавалася, што яны мяне не любяць.

Аднойчы я выйшла з касцёла вельмі злосная на святара і на Бога. Ішла і думала словамі Анатоля Сыса з ягонага верша: «Які ж тады Бог, калі служкі — звяры?» У гэты момант мне проста на руку ўпаў ідэальны кляновы ліст. Я разглядала яго пражылкі і раптам зразумела, што гэта адказ. Хто мог прыдумаць і зрабіць такую дасканалую рэч?

— У прадмове кнігі вы дражніце чытача абяцаннем, што ў кнізе будзе толькі адзін «паскудны сэкс у цягніку на ніжняй паліцы», а потым называеце цэлы раздзел «Нарэшце пра сэкс». Чаму гэта гісторыя вас так зачапіла?

— Я не разумела, як можна займацца такімі рэчамі ў грамадскім месцы. Калі вярнулася з паездкі і напісала пра гэта ў Facebook, многія пачалі мяне асуджаць: маўляў, ты яшчэ маладая, а паводзіш сябе як манашка, падумаеш — сэксу не бачыла.

Мяне гэта яшчэ больш раззлавала, і я напісала разгорнутую гісторыю. Я не паклікала правадніцы, не стала крычаць і патрабаваць, каб яны разышліся. Проста абліла іх вадой і сказала, што гэта мая мача.

«Ніхто не кідае табе рыбу ў твар — і мне сумна»

— Вы сустракалі герояў сваёй кнігі ў розных часах і прасторах, але ўсе яны — да 2020 года. Ці можа з’явіцца працяг пра беларусаў у эміграцыі? Вам у Польшчы таксама хочацца падслухоўваць людзей у чэргах, цягніках і касцёлах? 

— На жаль, цяпер у мяне ў Польшчы вельмі сумнае жыццё. Не скажу, што тут дрэнныя людзі, проста гэта не маё — гэтак жа, як не маё і жыццё ў Іспаніі.

Я жыву ў невялікім горадзе, дзе ўсё стандартна. Прыходзіш у краму: «Дзень добры», «дзякуй», «вельмі прашу». Ніхто не злуецца, ніхто не кідае табе рыбу ў твар. Ніякай прыгоды.

Нядаўна прачытала ў мясцовай групе, што ў вясковай краме непадалёк працуе страшэнная хамка. Мы адразу селі ў машыну і паехалі туды. Заходжу, а яна ўсміхаецца: «Дзень добры, вельмі прашу». Думаю: «Бляха-муха, зноў аблом».

— Для каго напісаная «Страшна і смешна»? 

— Я пісала кнігу для сябе. Я эгаістычны чалавек і ўсё раблю найперш для сябе. Нават калі дапамагаю бедным, разумею, што і гэта раблю для сябе, бо мне важна зрабіць нешта добрае. Зрэшты, магу зрабіць і кепскае — напісаць нейкую гадасць, калі мне дрэнна.

Але чытачы ёсць. На прэзентацыю ў Варшаве прыйшло каля пяцідзесяці чалавек, кнігі куплялі, потым з’явіліся добрыя водгукі. Мне хацелася, каб кніга чыталася лёгка, каб у ёй было больш забаўляльнага. Гора ў беларускім жыцці і так дастаткова.

Некаторыя называлі кнігу бясстрашнай. Не ведаю, чаму. 

— Магчыма, таму што вы паказалі ў ёй сябе якой вы ёсць? 

— Можа быць. 

— У кнізе вы запрашаеце чытача ў «страшна-смешны клуб для сваіх». Хто гэтыя «свае»?

— Беларусы. І цяпер найперш беларусы ў эміграцыі. Я не магу вярнуцца ў Беларусь: там на мне вісіць крымінальная справа. За апошнія гады ў маёй хаце перабывала столькі беларусаў, што я ўсіх не палічу. Камусьці трэба было пераначаваць, нехта застаўся без працы, грошай ці жылля. Я казала: «Прыязджай, пажывеш у мяне». Людзі прыязджалі, і мы станавіліся сябрамі.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў мяне таксама жыло шмат людзей. Цяпер мы як сям’я: разам сустракаем Новы год, ездзім у горы, запрашаем адно аднаго на святы. Людзі ведаюць, што да мяне можна прыехаць і адпачыць.

— Якой Беларусь выглядае сёння з адлегласці: больш страшнай ці больш смешнай?

— Больш страшнай. Рэпрэсіі не спыняюцца, людзі сядзяць у турмах, іх звальняюць з працы. Ідзе вайна: адны беларусы ваююць за Украіну, другія — за Расію, і ўсе гінуць.

Я бачу маладую прыгожую жанчыну, якая ўжо шэсць гадоў чакае мужа з турмы. У яе нават думкі няма, каб знайсці іншага чалавека. Увесь час: «Дзіма, Дзіма, Дзіма», — лісты, чаканне, спатканні. Для мяне такія людзі святыя.

У кагосьці чацвёра ці пяцёра дзяцей, чалавека звольнілі, ён вымушаны працаваць прыбіральшчыкам. Па ўсім грамадстве раскіданыя такія цяжкія гісторыі. Таму я ўжо не магу сказаць, што Беларусь цяпер смешная.

— У беларускай літаратуры вам не хапае смеху?

— Ёсць аўтары, якія пішуць смешна. Але вось, напрыклад, Бахарэвіч — геніяльны пісьменнік, аднак асабіста мяне ён заганяе ў дэпрэсію. Яго талент мяне проста забівае. Пасля «Дзяцей Аліндаркі» ў мяне была такая жорсткая дэпрэсія, што не хацелася выходзіць на вуліцу. А пасля «Сабак Еўропы» я ўвогуле была ў прастрацыі — гэта вельмі цяжкая для маёй псіхікі літаратура.

Я чытала ў Бахарэвіча пра тое, як маскалі забіралі беларусаў, і думала: «Божа, як ён усё гэта прыдумаў?» А нядаўна мне патэлефанавала знаёмая і пачала расказваць, што адбываецца ў розных беларускіх вёсках: як хлопцы едуць на вайну ва Украіну, ваююць за Расію, як іх там забіваюць, а абяцаныя выплаты не прыходзяць. 

І я зноў узгадала Бахарэвіча, думала: як ён прадбачыў, што і сёння беларусы будуць класці галовы за Расію і не вяртацца? Гэта вельмі блізка і вельмі балюча. Таму мне і хацелася напісаць кнігу, пасля якой чалавеку не стане яшчэ цяжэй.

— Як вас правільна прадстаўляць — журналісткай ці пісьменніцай?

— Беларускай журналісткай. Я пятнаццаць гадоў працавала ў БелаПАН, пакуль яго не разграмілі чэкісты, пісала для «Радыё Свабода».

А ці можна называць мяне пісьменніцай — не ведаю. Святлана Курс — пісьменніца. Аляксандр Чарнуха — пісьменнік. А тое, што пісала я… Я ўсё ж больш журналістка.

Замаўляйце кнігу «Страшна і смешна» Алены Германовіч на сайце выдавецтва «Гутэнберг» 

Каментары11

  • Кашмар
    03.08.2026
    Вельмi любiў чытаць яе артыкулы на РС, вось гэтае спалучэнне абсурду паўсядзеннага жыцця ў беларускай правiнцыi, такое мясцовае кафкiянства. Думаў, куды спадарыня Алена падзелася пасля 2020-га, няўжо забралi ў турму, на шчасце не.
    У адным з артыкулаў яна акрэслiла свой характар як "пушчанскi", то бок з Налiбоцкай пушчы, мае продкi па бацькавай галiне таксама адтуль (з паўночнай Стаўпеччыны), i так, мне вядомы гэты характар - сумная самаiронiя, але разам з там i маральны стрыжань веры.
  • Хтосьці
    03.08.2026
    Чытаеш яе ў Фэйсбуку і думаеш, што ў яе нешта не ў парадку з псіхікай. А тут яна сама расказвае, што ў псіхбальніцы ляжала. Творчы чалавек, што яшчэ сказаць.
  • Тамада Тарквэмада
    04.08.2026
    З такім дакладна апраўданьнем вы і кучу ў купэ можаце накласьці. Уявіце, ёсьць людзям справа, што адбываецца побач. Жывіце цяпер з гэтым.

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?11

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі кажаноў гіне ад ветракоў? Маштаб аказаўся значна большым, чым чакалі3

Грузія выдварыла 39 беларусаў за дзевяць месяцаў 2026 года6

За мірганне далёкім святлом можа пагражаць штраф да 450 рублёў2

Сям'ю забіў, пакуль тыя спалі, цікавіўся «гітлераўцамі і арыйскай расай». Што яшчэ вядома пра справу 24‑гадовага стралка ў Кракаве18

Катастрофа на чыгунцы ў Егіпце — сем загінулых, больш за 100 параненых

Чвэрць без «васьмёрак» — 100 рублёў. Шматдзетная маці расказала, колькі плаціць дзецям за ацэнкі5

Чаму Макей пасля 2020‑га застаўся ў сістэме і ці спрабаваў спыніць рэпрэсіі?13

«Вокны з чорным налётам не адмыць». Пінчукі скардзяцца на адходы «Пінскдрэва»

Кушнер прапанаваў аднавіць дыялог Еўропы з Расіяй па ўзоры Савета Расія—НАТА4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?11

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць