У вёсцы ў Гродзенскай вобласці можна купіць адразу сем пустуючых дамоў па 45 рублёў кожны. Можна ўзяць адзін ці два, а можна стаць буйным землеўладальнікам, купіўшы амаль палову вуліцы ўсяго за 315 рублёў. Realt расказвае, што гэта за вёска і як выглядаюць амаль бясплатныя хаты.
Пустуючыя дамы «оптам» прадаюцца ў вёсцы Доўгая. Гэта Гродзенская вобласць, 12 кіламетраў ад Шчучына. У наваколлі шмат гістарычных славутасцяў, побач Нёман і Ліпічанская пушча. Адлегласць да Мінска — 205 кіламетраў.
Вёска займае даволі вялікую тэрыторыю, у яе склад уваходзіць з дзясятак хутароў. Забудова разрэджаная — дамы стаяць на прыстойнай адлегласці адзін ад аднаго. Афіцыйна пустуючымі прызнаныя 7 хат. Яшчэ ў дачыненні да трох запушчаны працэс пошуку праваўладальнікаў, гэта значыць, у іх ужо ніхто не жыве, выглядаюць яны безгаспадарнымі.
Назвы ў вуліцы няма, таму будзем арыентавацца па нумарах. Пачнём з дома №3. Ён даволі вялікі — 88 квадратных метраў. Пабудаваны ў 1964 годзе. Абшыты вагонкай, на даху шыфер. Участак — 41 сотка. Ёсць некалькі хлявоў.

Дом №3А — 50 квадратных метраў, пабудаваны ў 1930 годзе. Зямлі дастаткова — 30 сотак.

Наступны дом за 45 рублёў — пад нумарам 12А. Ён самы «малады» з пустуючых — пабудаваны ў 1975 годзе, з блокаў. Франтон цагляны, дах шыферны. Агульная плошча — 70 квадратных метраў. Да яго прыкладаецца цэлых 50 сотак зямлі.

Далей па вуліцы знаходзім дом №15. Ён пабудаваны ў 1940 годзе, агульная плошча — 45 квадратных метраў. У дадатак — хлеў, склеп і 35 сотак.

Дом №21 ужо перасягнуў 100‑гадовы ўзрост, але яшчэ мае выгляд, дах, здаецца, цэлы. Агульная плошча — 44 м². Зямлі 30 сотак, з хлявамі, склепам і калодзежам.

Дом пад нумарам 43 — гэта ўжо сапраўдны хутар, аддзелены ад асноўнай вёскі лесам. Пабудаваны ў 1945 годзе, агульная плошча — 56 квадратных метраў. Ёсць хлеў і калодзеж. Участак — 51 сотка.

Яшчэ адзін варыянт за 45 рублёў знаходзіцца ў канцы вёскі пад нумарам 62. Пабудаваны ў 1956 годзе, 60 квадратных метраў. Зямлі шмат — 60 сотак.

Любы з гэтых дамоў можа стаць вашым за адну базавую. Але пры ўмове, што больш ніхто не падасць на яго заяву ў мясцовы сельсавет — Арлеўскі. У такім выпадку давядзецца патаргавацца на аўкцыёне.
Цяпер чытаюць
Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай
Каментары