Свет1616

Гістарычны пералом: колькасць пажылых людзей у свеце ўпершыню перавысіла колькасць маленькіх дзяцей

Упершыню ў зафіксаванай гісторыі чалавецтва колькасць людзей, старэйшых за 65 гадоў, перавысіла колькасць дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў. І гэта не часовая з'ява. Што стаіць за гэтым працэсам, наколькі ён паскорыцца ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі і якія рэгіёны зменяцца найбольш?

Ілюстрацыйнае фота. Фота: Наша Ніва

На працягу большай часткі гісторыі чалавецтва ўзроставая структура насельніцтва нагадвала піраміду: шмат дзяцей і моладзі ўнізе і значна менш пажылых людзей наверсе. Але гэтая канструкцыя імкліва мяняецца. Людзі жывуць даўжэй, сем'і становяцца меншымі, а ў дзясятках краін кожнае наступнае пакаленне меншае за папярэдняе.

І свет ужо перайшоў сімвалічную мяжу, якая добра паказвае маштаб гэтых змен. Упершыню ў гісторыі людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых на Зямлі стала больш, чым дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў.

На гэта звяртае ўвагу Axios, аналізуючы новы даклад Бюро перапісу насельніцтва ЗША.

Паводле прагнозу, гэты разрыў будзе толькі павялічвацца. Да 2060 года насельніцтва Зямлі вырасце з 8,13 мільярда да 10,23 мільярда чалавек. Пры гэтым колькасць людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых павялічыцца з 852 мільёнаў у 2025 годзе да 2 мільярдаў, а іх доля ў насельніцтве планеты амаль падвоіцца — з 10,5% да 19,6%.

Такім чынам, менавіта старэйшае пакаленне забяспечыць значную частку будучага росту насельніцтва. Паводле разлікаў Axios на аснове прагнозаў Бюро перапісу, на павелічэнне колькасці людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых прыпадзе каля 55% усяго чыстага прыросту насельніцтва планеты да 2060 года.

Чаму свет так хутка старэе

Рэч не толькі ў тым, што людзі сталі жыць даўжэй. Другі ключавы чыннік — рэзкае падзенне нараджальнасці.

У 2013 годзе 45% насельніцтва планеты жылі ў краінах, дзе ўзровень нараджальнасці быў ніжэйшы за паказчык простага ўзнаўлення (прыкладна 2,1 дзіцяці на адну жанчыну). У 2023 годзе такіх людзей было ўжо больш за 71%.

Такім чынам, большасць насельніцтва свету цяпер жыве ў краінах з нізкай нараджальнасцю, прычым гэты пералом, паводле Бюро перапісу насельніцтва ЗША, адбыўся значна раней, чым дэмографы прагназавалі яшчэ дзесяць гадоў таму.

Пры гэтым нізкая нараджальнасць ужо не асаблівасць толькі Еўропы і іншых багатых рэгіёнаў. Ніжэй за ўзровень простага ўзнаўлення яна апусцілася ў дзвюх самых населеных краінах свету — Кітаі і Індыі. З 2013 года гэтую мяжу таксама перайшлі, сярод іншых, Бангладэш, Мексіка і В'етнам.

У некаторых краінах узнікае тое, што аўтары даклада называюць «пасткай фертыльнасці»: за вялікімі старэйшымі пакаленнямі ідуць меншыя маладыя. Гэта паскарае старэнне, а з часам можа прывесці і да скарачэння насельніцтва.

Для эканомікі гэта азначае менш патэнцыйных работнікаў і людзей, здольных даглядаць паджылых, пры адначасовым росце колькасці тых, каму патрэбныя пенсіі, медыцынская дапамога і доўгатэрміновы догляд.

Старэць будзе не толькі Еўропа

Еўропа пакуль застаецца самым старым рэгіёнам свету, аднак найбольшы колькасны рост пажылога насельніцтва чакаецца ў Азіі.

Колькасць жыхароў Азіі ва ўзросце 65+ можа вырасці з 487 мільёнаў у 2025 годзе да 1,24 мільярда ў 2060-м. Гэта прыкладна дзве траціны ўсяго сусветнага прыросту гэтай узроставай групы.

Як будзе старэць свет. У 2025 годзе людзі ва ўзросце 65 гадоў і старэйшыя складаюць 10,5% насельніцтва планеты. Да 2060 года іх доля вырасце да 19,6%. Карта паказвае, што старэнне закране практычна ўсе рэгіёны свету, а ў многіх краінах доля людзей старэйшых за 65 гадоў перавысіць 28%. Крыніца: Бюро перапісу насельніцтва ЗША, International Database, 2023.

Афрыка застанецца самым маладым кантынентам, але і там колькасць паджылых людзей можа павялічыцца больш чым у чатыры разы — з 60 мільёнаў да 249 мільёнаў. Да 2060 года гэта будзе нават больш, чым у Еўропе, дзе прагназуецца 214 мільёнаў чалавек ва ўзросце 65+.

Паказальны і прыклад ЗША. Цяпер 18,9% амерыканцаў — людзі, старэйшыя за 65 гадоў. Да 2060 года іх доля вырасце да 23,4%. Але пры гэтым ЗША апусцяцца ў сусветным рэйтынгу старэння з 48‑га прыкладна на 110‑е месца — настолькі хутчэй будуць старэць іншыя краіны.

Але ёсць і іншы бок

Рост колькасці пажылых людзей сам па сабе не азначае катастрофы. У значнай ступені гэта вынік аднаго з галоўных дасягненняў апошняга стагоддзя: менш людзей паміраюць у дзяцінстве і сярэднім узросце, больш — дажываюць да старасці.

Акрамя таго, старэйшыя людзі могуць даўжэй заставацца на рынку працы, дапамагаць закрываць дэфіцыт кадраў, даглядаць блізкіх і займацца валанцёрствам.

Адзін з аўтараў даклада Эндру Скот мяркуе, што старэнне можа прымусіць грамадствы перагледзець само стаўленне да сталага ўзросту і ўспрымаць яго не толькі як выдаткі, але і як эканамічны рэсурс.

Для гэтага спатрэбяцца інвестыцыі ў прафілактыку захворванняў, магчымасці для больш працяглай працоўнай кар'еры і працоўныя месцы, прыстасаваныя для людзей старэйшага ўзросту.

Каментары16

  • Як і казаў
    05.09.2026
    Ілан Маск мае рацыю
  • Нефанатка
    05.09.2026
    Правильно, надо больше хейтить родителей и детей! Чтоб точно ни у кого желания не осталось становиться родителями
  • Ага
    05.09.2026
    Нефанатка, і мацерам пенсію абразаць і стаж пенсійны выкідаць.

Цяпер чытаюць

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні5

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні

Усе навіны →
Усе навіны

У Данецку ўзарвалі забойцу генерала ўкраінскай разведкі. Пра аперацыю маўчалі больш за месяц8

Мэр Мінска патлумачыў, чаму дрэвы на праспекце Незалежнасці замянілі на расліны ў кадках5

Дзяніс Кучынскі заявіў, што новы палітычны сезон можа быць вырашальным11

73‑гадовага афганца асудзілі па дзвюх палітычных крыміналках2

«Схуднеў на 10 кілаграмаў». Суўладальнік архітэктурнай студыі ZROBIM architects распавёў пра чатыры месяцы ў СІЗА2

Заплацілі 8000 даляраў за пуцёўку — і атрымалі кашмар. Як беларусы з'ездзілі ў Турцыю ў пяцізоркавы гатэль10

Беларуская сям'я 10 гадоў не магла знайсці схаваную заначку. Грошы ўвесь гэты час ляжалі ў печы8

Трамп кардынальна памяняў колер валасоў ФОТАФАКТ13

У Пермі беспілотнік трапіў у шматпавярховы дом4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні5

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць