Усяго патроху44

Толькі памылі, а футболка ўжо смярдзіць. Чаму пах цела застаецца на адзенні?

Ці можна пазбавіцца ад паху раз і назаўжды?

Фота: Vecteezy

З’ява, калі толькі што памытае адзенне вельмі хутка зноў пачынае непрыемна пахнуць, мае нават асобныя назвы — «устойлівы пах» (permastink) і «вяртанне паху» (odor rebloom). Як піша Tegesspiegel, галоўныя вінаватыя гэтага — мікраарганізмы, дакладней, лятучыя рэчывы, якія яны выдзяляюць.

Мікраарганізмы, якія жывуць на скуры, трапляюць на тканіну разам з потам і скурным тлушчам. Там яны расшчапляюць тлушчы і бялкі, утвараючы лятучыя рэчывы. Некаторыя з іх чалавечы нос распазнае ў надзвычай малых канцэнтрацыях.

Сінтэтыка — рай для пахаў

Асабліва складана з поліэстэрам, з якога шыюць значную частку спартыўнага адзення. Прычына ў тым, што паверхня валокнаў поліэстэру па сваіх уласцівасцях падобная да тлушчу. Яна звязвае малекулы паху, якія вызваляюцца з глыбіні пластыку толькі пры тэмпературы 60 градусаў. Акрамя таго, яны прыцягваюць скурнае сала. На гэтай тлушчавай плёнцы асабліва добра размнажаюцца бактэрыі роду Micrococcus, якія і ствараюць моцны непрыемны смурод.

А вось на бавоўне ўмовы для іх значна горшыя. Яе валокны добра ўбіраюць ваду, набракаюць падчас мыцця і таму лягчэй ачышчаюцца. У той жа час бавоўну трэба хутка высушыць, бо ў вільготнай тканіне мікраарганізмы зноў пачынаюць актыўна размнажацца.

Цікавы выпадак — воўна. На ёй таксама можа быць шмат бактэрый, але смурод адчуваецца слабей. Хітрасць у тым, што структура валокнаў здольная ўтрымліваць пахучыя рэчывы ўнутры.

Пралка таксама можа быць крыніцай паху

Усё, што смярдзіць, адпраўляецца ў пралку — але менавіта там часта пачынаюцца сапраўдныя праблемы. Нізкія тэмпературы дапамагаюць эканоміць электраэнергію і берагуць тканіну, але не знішчаюць усе мікраарганізмы. Больш за тое, падчас мыцця яны разам з арганічнымі забруджваннямі могуць пераходзіць з адной рэчы на другую.

Асабліва добра бактэрыі пачуваюцца ў гумовай пракладцы дзверцаў і ў адсеку для мыйнага сродку. Там утвараюцца біяплёнкі — слізістыя структуры, якія абараняюць мікраарганізмы ад вады і хімічных рэчываў. Супраць гэтага лепш за ўсё дапамагае штомесячнае прафілактычнае пранне пры высокай тэмпературы.

Калі адзенне нельга мыць пры 60 градусах, даследчыкі звяртаюць увагу на сродкі з кіслародным адбельвальнікам («актыўным кіслародам»). Яны могуць быць эфектыўнымі і пры ніжэйшых тэмпературах. Такі ж прынцып дзеяння мае трохпрацэнтны перакіс вадароду, які можна заліць у адсек для асноўнага прання ў момант, калі туды паступае вада.

Яшчэ адзін перспектыўны падыход — мыйныя сродкі з дэзаксірыбануклеазай (ДНКазай). Гэты фермент расшчапляе доўгія ніткі ДНК, якія дапамагаюць утрымліваць біяплёнку разам, і такім чынам спрыяе ачышчэнню тканіны ад бактэрыяльнага налёту. Аднак сродкі з ДНКазай пакуль сустракаюцца даволі рэдка.

Фота: pixabay.com

Больш парашку — не значыць чысцей

Перадазіроўка мыйнага сродку можа даць адваротны вынік. Калі ён дрэнна выпалоскваецца, рэшткі застаюцца ў тканіне і ствараюць дадатковыя ўмовы для мікраарганізмаў.

Падобная гісторыя з кандыцыянерам: ён маскуе пах водарам, але асабліва на сінтэтычных тканінах можа пакідаць плёнку, якая ўтрымлівае тлушч і забруджванні. Адзіны плюс кандыцыянераў: яны часта маюць слабакіслае асяроддзе і нейтралізуюць шчолачныя рэшткі пральнага парашку ў бялізне. Замест іх у адсек для паласкання можна дадаць трохі воцату або лімоннай кіслаты.

І нарэшце, колькасць бактэрый сама па сабе не вызначае, ці будзе пральная машына смярдзець. Даследаванні паказваюць, што ў машынах без непрыемнага паху таксама жывуць шматлікія мікраарганізмы. Важней тое, якія менавіта віды складаюць гэтую супольнасць: адны ствараюць смурод, а іншыя могуць канкурыраваць з імі.

Так што свежасць бялізны — гэта не проста пытанне тэмпературы і колькасці парашку. Значэнне маюць матэрыял адзення, хуткасць сушкі, паласканне і стан самой пралкі. А калі нехта ўпарта не заўважае непрыемнага паху сваёй футболкі, прычына можа быць нават у генах.

Напрыклад, згодна з адным з даследаванняў, больш за 20% людзей не маюць пэўных варыянтаў генаў, неабходных для ўспрымання некаторых тлустых кіслот з пахам старога поту. Таму асобныя пахі яны адчуваюць значна слабей або не адчуваюць увогуле. Ці існуе такая ж генетычная неадчувальнасць менавіта да паху нясвежага адзення, пакуль не даказана.

Каментары4

  • Барабаба
    07.09.2026
    Барадзед, ну ты спец, особенно это подходит для натурального шелка и шерсти ))))
  • Папраўка
    07.09.2026
    Гэта не пах цела, які лёгка змываецца машынай. Гэта характэрны трывалы смурод заляжалай бялізны, калі пра яе забыць на пэўны працяглы час.

    І так, бяз спецыльных сродкаў выводзіцца толькі кіпячэннем, і тое гэта не вельмі надзейна. Па здольнасці вяртацца вельмі падобна на нейкую цвіль, хоць і бяз вонкавых прыкмет.
  • Бараўнук
    07.09.2026
    Барабаба, гэта сродак для пахаў)

Цяпер чытаюць

У Санкт-Пецярбургу пры выбуху аўтамабіля загінуў палкоўнік5

У Санкт-Пецярбургу пры выбуху аўтамабіля загінуў палкоўнік

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгоды беларуса ў Аўстрыі: арыштавалі за крадзяжы ў складзе банды, спачатку лічылі палякам, а пасля ледзь не выслалі ў Беларусь4

У Расіі экс-міністра родам з Беларусі асудзілі паўторна — яму сядзець яшчэ 14 гадоў3

Беларусаў абаранілі ад схаваных плацяжоў за інтэрнэт. Што зменіцца?

Выбар невялікі. Якую кватэру ў Мінску можна зняць за 1000 рублёў у месяц?4

Заснавальнікі «Контэ» браты Байко пашыраюць свой бізнэс у сельскай гаспадарцы3

Людзі ў шоку ад дзяржынскіх яек у краме. Фабрыка патлумачыла, што здарылася18

Украіна адхіліла прапанову Трампа аб пераглядзе межаў Данбаса11

«Белорусскій сіловік»: Узмацняецца тэндэнцыя да заканчэння «СВА»29

Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Санкт-Пецярбургу пры выбуху аўтамабіля загінуў палкоўнік5

У Санкт-Пецярбургу пры выбуху аўтамабіля загінуў палкоўнік

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць