Навукоўцы знайшлі пах, які прымушае людзей больш траціць у сэканд-хэндах
Думка пра тое, што кашулю ці світар да вас насіў незнаёмы чалавек, можа паўплываць на жаданне іх купіць. Нідэрландскія псіхолагі праверылі, ці можна змяніць гэтае ўспрыманне з дапамогай звычайнага паху. Вынік аказаўся нечаканы.

Псіхолагі з Універсітэта імя Радбода ў Неймегене (Нідэрланды) зацікавіліся, ці можна змяніць паводзіны пакупнікоў у сэканд-хэндах з дапамогай паху. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Evolution and Human Behavior.
Эксперымент правялі ў сапраўднай краме
У даследаванні ўдзельнічалі 257 пакупнікоў сэканд-хэнду ў нідэрландскім Арнеме. На працягу шасці тыдняў даследчыкі чаргавалі дні з пахам свежай бялізны, пахам цытрусаў і звычайным пахам крамы. Дыфузары стаялі непрыкметна для наведвальнікаў.
Вынік паказаў, што проста прыемнага паху недастаткова. Цытрусавы водар не паўплываў на тое, колькі грошай пакупнікі пакідалі ў краме. А вось калі ў сэканд-хэндзе пахла свежай бялізнай, людзі трацілі больш.
Пасля пакупкі ўдзельнікі таксама запаўнялі анкету, якая дазваляла ацаніць, наколькі моцна яны баяцца забруджвання і магчымых крыніц інфекцыі. Аказалася, што пах свежай бялізны асабліва моцна ўплываў на пакупкі людзей, у якіх гэтая асцярога была вышэйшай.
Чаму менавіта пах свежай бялізны
Гэты вынік падказаў даследчыкам магчымае тлумачэнне. На іх думку, справа можа быць у эвалюцыйна сфармаванай схільнасці чалавека пазбягаць патэнцыйных крыніц інфекцыі.
Як гэта працуе, добра відаць на прыкладзе ежы. Чалавек, хутчэй за ўсё, не стане есці прадукт, на якім з'явілася цвіль або які непрыемна пахне. Псіхолагі мяркуюць, што падобная насцярожанасць можа ўплываць і на стаўленне да рэчаў, якімі раней карысталіся іншыя людзі.
Пах свежай бялізны асацыюецца з чысцінёй і таму можа змяншаць адчуванне, што патрыманае адзенне забруджанае. Тое, што звычайны прыемны пах цытрусаў не павялічыў выдаткі пакупнікоў, таксама гаворыць на карысць такога тлумачэння.
Пах паўплываў і на ўспрыманне адзення
Каб лепш зразумець гэты эфект, даследчыкі правялі яшчэ адзін эксперымент, ужо ў лабараторыі. Яго ўдзельнікі ацэньвалі патрыманае адзенне.
Калі людзі адчувалі пах свежай бялізны, рэчы здаваліся больш прывабнымі і дарагімі, а асцярога наконт магчымай прысутнасці бактэрый, грыбкоў ці іншых патагенаў змяншалася.
Даследчыкі бачаць у гэтым і практычнае значэнне. Адной з перашкод для куплі патрыманага адзення можа быць не толькі яго выгляд, кошт ці якасць. Важна і тое, наколькі чыстай здаецца рэч. Прычым адчуванне чысціні можа падсвядома ўплываць на выбар, нават калі чалавек не задумваецца пра магчымасць заражэння і не адчувае агіды або страху.
Простыя сігналы чысціні, напрыклад пах свежай бялізны або ахайны выгляд самой крамы, могуць зрабіць патрыманыя рэчы больш прывабнымі для пакупнікоў. У выніку адзенне можа даўжэй заставацца ва ўжытку, а патрэба купляць новае зніжаецца.
Каментары