Беларус выкладае ў Польшчы робататэхніку і праграмаванне дзецям эмігрантаў
«Надта кваліфікаваны, каб працаваць звычайным настаўнікам».

Вадзім Кручкоў выкладае матэматыку і праграмаванне дзецям эмігрантаў, каб тыя захавалі мову і не страцілі зацікаўленасць да прадметаў у школе. Паралельна беларус развівае выкладчыцкае кам’юніці беларусаў у Польшчы і марыць стварыць анлайн-школу па робататэхніцы. Вадзім расказаў Most, як пасля эміграцыі здолеў вярнуцца ў прафесію.
У Беларусі Вадзім як рэпетытар выкладаў пераважна робататэхніку, але таксама даваў заняткі па логіцы і фізіцы вучням пачатковых класаў.
— Я рабіў даволі маштабныя праекты. Напрыклад, ладзіў робататэхнічныя спаборніцтвы на 2,5 тыс. чалавек, а таксама вывозіў нашыя зборныя па робататэхніцы ў Коста-Рыку, Індыю і Катар, — згадвае ён.
У Польшчу беларус пераехаў вясной 2022 года. Эміграцыя адбывалася ў даволі хуткіх і хаатычных умовах, але Вадзім меў папярэднюю дамоўленасць з дырэктарам адной з анлайн-школ — таму наконт пошуку працы моцна не хваляваўся.
— Стэлефанаваўся з эйчарамі, але праз дзень ці два яны адказалі, што не могуць мне нічога прапанаваць. Чаму — было незразумела. Я зноў звязаўся з дырэктарам, каб удакладніць, што ж мне трэба палепшыць у рэзюмэ. Аказалася, што я занадта кваліфікаваны, каб працаваць у іх звычайным настаўнікам.
Вадзім спрабаваў дамовіцца са школай: казаў, што супрацоўніцтва можа быць карысным і яму. Выкладчык хацеў вывучыць Python, а таксама пачаць выкладаць па-англійску. Але не спрацавала — у анлайн-школу рэпетытара не ўладкавалі.
«Атрымліваў каля 200 рублёў — не тая сума, на якую можна пражыць у Польшчы»
Тады Вадзім пайшоў працаваць у дастаўку, а паралельна пачаў думаць, як вярнуцца ў прафесію. Спрабаваў публікаваць аб’явы ў эмігранцкіх Facebook-групах і Telegram-чатах, але водгукаў амаль не атрымліваў.
— Грошы паступова заканчваліся. Яшчэ некалькі месяцаў я атрымліваў каля 200 рублёў ад анлайн-заняткаў з беларусамі, але гэта не тая сума, на якую можна пражыць у Польшчы. Не ведаў, што рабіць, было вельмі складана.
Тады па парадзе знаёмага Вадзім спрасціў схему набору, каб патэнцыйныя вучні маглі без папярэдняй сувязі з рэпетытарам запісацца праз форму на пробны занятак. Гэта спрацавала: людзі сталі разбіраць слоты. Пасля пробнага бясплатнага ўроку заставалася навучацца каля 40% кліентаў.
«У Амерыцы асноўная мэта не матэматыка, а мова»
Цяпер Вадзім вядзе і індывідуальныя, і групавыя заняткі. Ён выкладае для беларускіх дзяцей, якія жывуць у Польшчы. Але таксама працуе з тэхаскай школай, якая прапаноўвае заняткі на рускай мове, каб захаваць мову ў эмігрантаў другога пакалення.
Звяртаюцца да Вадзіма і рускамоўныя эмігранты, якія жывуць у Вялікабрытаніі, Літве, Партугаліі, Чэхіі, Швейцарыі і Іспаніі. У залежнасці ад краіны адрозніваюцца і запыты, з якімі вучні прыходзяць да рэпетытара.
— У Амерыцы асноўная мэта не сама матэматыка або праграмаванне, а мова. Але гэта заварочваюць у такі адукацыйны фармат: калі нечага новага дазнаешся — добра, калі не дазнаешся — усё роўна добра.
«У польскім ліцэі дзіця вывучае амаль вышмат другога курсу БДУІР»
У Польшчы, адзначае Вадзім, сітуацыя выглядае інакш: уплываюць асаблівасці школьнай праграмы па матэматыцы. На яго думку, да восьмага класа прадмет выкладаюць даволі сціпла, нават у параўнанні з Беларуссю або Украінай.
— Некаторыя бацькі звяртаюцца да мяне, каб дапамагчы не страціць той узровень, які быў напрацаваны ў Беларусі. Шмат беларускіх дзяцей пасля пераходу ў польскія школы атрымліваюць вышэйшыя балы і трапляюць на алімпіяды — у пэўны час ім наўпрост робіцца нецікава вывучаць тое, што яны ўжо і так ведаюць.
Таксама да Вадзіма звяртаюцца, калі ёсць патрэба паступіць у польскі ліцэй. Менавіта там нагрузка павялічваецца.
— На чацвёртым курсе ліцэя дзіця вывучае амаль вышмат другога курсу БДУІР. То-бок пахаць ты пачынаеш толькі ў ліцэі. Але трапіць туды складана — трэба браць дадатковыя заняткі дзесьці з сёмага-восьмага класа.
«У Польшчы не ўспрымаюць робататэхніку як шлях у будучыню»
Вадзім заўважае, што ў Польшчы попыт на робататэхніку сярод вучняў ніжэйшы ў параўнанні з Беларуссю. Выкладчык мяркуе, што гэта абумоўлена кар’ернымі перспектывамі, бо ў Беларусі адна з галоўных магчымасцяў зарабіць — пайсці ў IT-сферу або інжынерыю.
— Да Польшчы я нават не выкладаў школьную матэматыку. Але тут давялося перакваліфікавацца, бо прадмет больш запатрабаваны, чым праграмаванне або тая ж робататэхніка. У Польшчы дзіця можа пайсці ў медыцыну, літаратуру або бізнес — і ўсё роўна зарабляць добрыя грошы. Тут робататэхніку не ўспрымаюць як шлях у будучыню — гэта дадатковая развівашка на адным узроўні з басейнам.
Нягледзячы на гэта, Вадзім марыць пабудаваць разам з аднадумцамі анлайн-школу робататэхнікі.
«Я амаль самы дарагі рэпетытар у сваім кам’юніці»
Паралельна з рэпетытарствам Вадзім бярэ актыўны ўдзел у суполцы беларускіх выкладчыкаў у Польшчы: ладзіць вэбінары, адмініструе тэматычны Telegram-канал і праводзіць афлайн-канферэнцыі.
Маючы зносіны з настаўнікамі, беларус прыходзіць да высновы, што асноўныя праблемы, з якімі тыя сутыкаюцца — складанасць вяртання ў сферу пасля эміграцыі. Адны не могуць пацвердзіць дыпломы, іншым бракуе мовы для выкладання ў польскіх установах адукацыі, трэція працуюць праз інкубатары, якія забіраюць дадатковы адсотак.
— Шмат выкладчыкаў ацэньваюць сваю працу вельмі танна, бо прызвычаіліся арыентавацца на беларускі рынак. Я не сярод іх, наадварот, амаль самы дарагі рэпетытар у сваім кам’юніці, — смяецца Вадзім. — Мой час індывідуальнай працы з вучням каштуе 160 злотых — гэта вельмі дорага. Але трэба разумець, што ў гэтую суму я ўключаю падрыхтоўку да заняткаў, праверку хатняга, матэрыялы.
«Штогод набіраць вучняў усё складаней»
На думку Вадзіма, нягледзячы на праблемы, магчымасці застацца ў адукацыйнай сферы ўсё роўна ёсць.
— Сапраўды, штогод усё складаней набіраць вучняў. Магчыма, яшчэ год-два — і я іх не знайду: трэба пераходзіць на англійскую і польскую мовы. Для беларускіх настаўнікаў я бачу і іншыя варыянты, як застацца ў сферы. Напрыклад, можна рыхтаваць да экзаменаў па інтэрнацыянальным бакалаўрыяце — гэта зараз вельмі цэніцца. Ці рыхтаваць да брытанскіх або амерыканскіх экзаменаў.
Вадзім згадвае, як дапамагаў аднаму са сваіх вучняў рыхтавацца да экзамену па матэматыцы на іспанскай мове. Беларус, як і яго вучань, мовы не ведалі — тэрміны ў задачах перакладалі і разбіралі разам.
— Я паказаў вучню, як, не ведаючы паловы сэнсу, усё роўна можна рашыць задачу. Спрабую паставіць сябе так, каб дзеці глядзелі на мяне і разумелі: я не нейкі сусветны розум, які ўсё ведае, а таксама, як і яны, раблю памылкі. Калі вучні гэта бачаць, у іх адразу ўзрастае давер — пасля дзеці і самі перастаюць баяцца памылак у сваёй працы, — упэўнены Вадзім.
Каментары