«У консульстве паведамілі, што знойдзены патанулы мужчына». З сярэдзіны верасня ў Італіі шукаюць 33‑гадовага беларуса
У Італіі ў сярэдзіне верасня знік 33‑гадовы Уладзімір Алдохін. Што вядома за гэты час?

Апошні раз сын выходзіў з маці на сувязь 10 верасня. Тады ён паведаміў сябру, што знаходзіцца ў Ліворна — буйным партовым горадзе ў Таскане. У месенджарах мужчына быў анлайн 13 верасня — з таго часу пра яго няма ніякай інфармацыі, піша Onliner.by.
24 верасня Таццяна расказала пра тое, што адбылося, у сацыяльных сетках. Пост набраў амаль 900 тысяч праглядаў. Журналісты даведаліся, што ўдалося высветліць за гэты час.
Як расказала сама Таццяна, яна паспела звярнуцца ў беларускую міліцыю, паліцыю Літвы (мужчына жыў у Вільні), а таксама ў пасольства Беларусі ў Італіі. Звязацца непасрэдна з паліцыяй Італіі ёй перашкаджае моўны бар'ер.
Чаму пошукі пачаліся не адразу? Паводле слоў жанчыны, яна не хацела лішні раз турбаваць сына падчас паездкі.
— Ён заўсёды падарожнічаў адзін. Такі чалавек, самадастатковы. Ён вельмі граматны, адукаваны, разумны, шмат чытаў. Яму не патрэбная была нейкая кампанія. Ён не піў, не курыў, па барах не хадзіў. Са здароўем усё добра, ніколі не хварэў, спартыўны.
— Мы з ім на тыдні па шмат разоў стэлефаноўваліся і перапісваліся. Але ў адпачынку, шчыра кажучы, я яму не тэлефанавала. Ён сказаў, што ляціць у Італію. І я пажадала добрага адпачынку. Ведала, што два тыдні можна яго не турбаваць. У мяне нават нічога не ёкнула, што нешта не так. Ён сам камп'ютаршчык, звязаны з тэхналогіямі. І калі б нічога не здарылася, думаю, ён бы знайшоў спосаб са мной звязацца, — расказвае Таццяна.
У каментарах да паста выказвалі розныя здагадкі: мужчыну маглі абрабаваць, у яго маглі ўзнікнуць праблемы са здароўем, альбо ён сам з'ехаў у іншы горад. Указвалі нават на канкрэтныя выпадкі — адзін мужчына прасіў дапамогі каля крамы, другі трапіў з траўмамі ў бальніцу. Аднак у іх свайго сына маці не пазнала.
Многія прапаноўвалі дапамагчы на месцы ў Італіі, але Таццяна асцерагаецца звяртацца да незнаёмых людзей.
Як сцвярджае жанчына, у консульстве ёй паведамілі, што ў наваколлі быў знойдзены патанулы мужчына. Каб вызначыць яго асобу, патрэбны тэст ДНК.
— На гэтым этапе я чакаю вынікаў. Тэст робіцца не хутка, як вы разумееце. Звычайна яго вынікі рыхтуюць месяц, але мы прасілі, каб гэта было зроблена ў максімальна кароткія тэрміны. У мяне тэст брала наша беларуская міліцыя. Сказалі, што толькі 10 дзён ідзе распрацоўка. Потым вынікі перададуць у Следчы камітэт.
Паехаць у Італію Таццяна не можа — у яе няма візы, да таго ж жанчына ніколі не была за мяжой. Паводле яе слоў, каб даведацца падрабязнасці ў італьянскай паліцыі, трэба апастыляваць дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва, — гэта таксама займае час.
Каментары
Слухайце, у нас ёсць Народная амбасада Прэзідэнткі Ціханоўскай у Італіі з будынкам у Фларэнцыі. Нейкая жанчына адтуль увесь час калясіць на канферэнцыях і галасіць у незалежных СМІ, як яны няспынна працуюць на карысць Беларусі. А тут што атрымоўваецца: трэба проста дапамагчы жанчыне з перакладам для пошуку сваяка - і ўсе па кустах пахаваліся. Ці бяз гранта на такое ніхто і вусам не павядзе?