Музыка77

Мужчына зарабіў больш за $8 мільёнаў на ШI-музыцы, якую сам жа круціў мільярды разоў праз фэйкавыя акаўнты

Амерыканец Майкл Сміт стварыў сотні тысяч песень з дапамогай штучнага інтэлекту і арганізаваў для іх армію фальшывых слухачоў. Толькі ў красавіку 2023 года ягоныя бот-акаўнты згенеравалі на YouTube Music 80,9 мільёна праслухоўванняў праз сямейныя тарыфы. Увесь каталог Тэйлар Свіфт у той жа месяц і ў той жа катэгорыі набраў каля 9,3 мільёна.

Майкл Сміт у 2016 годзе. Фота: Bennett Raglin / Getty Images for BET Networks

Музычныя стрымінгі даўно змагаюцца з накруткай праслухоўванняў. Але схема 54‑гадовага Майкла Сміта з Паўночнай Караліны вылучалася маштабам: ён выкарыстаў штучны інтэлект для масавага стварэння песень, а ботаў — для накруткі іх праслухоўванняў.

Паводле матэрыялаў справы, на якія спасылаецца Music Business Worldwide, з 2017 па 2024 год Сміт кантраляваў тысячы фальшывых акаўнтаў на Spotify, Apple Music, Amazon Music і YouTube Music. Яны аўтаматычна прайгравалі музыку, за праслухоўванні якой ён атрымліваў роялці.

Аднак круціць некалькі адных і тых жа песень мільёны разоў было рызыкоўна: платформы маглі заўважыць ненатуральную актыўнасць і выявіць накрутку. Таму Сміт размяркоўваў фальшывыя праслухоўванні паміж вялікай колькасцю трэкаў.

Для гэтага яму спатрэбіўся велізарны каталог. Паводле пракуратуры, Сміт выкарыстаў штучны інтэлект, каб атрымаць сотні тысяч песень. У выніку тысячы яго бот-акаўнтаў праслухалі іх мільярды разоў. Чым больш было трэкаў, тым менш падазрона выглядала статыстыка кожнага з іх.

У кастрычніку 2018 года Сміт сам апісаў логіку схемы ў электронным лісце: каб не выклікаць падазрэнняў, патрэбна было «вельмі шмат кантэнту з невялікай колькасцю праслухоўванняў».

На раннім этапе ён адправіў самому сабе па электроннай пошце разлік, паводле якога 1040 бот-акаўнтаў маглі ствараць каля 661 тысячы праслухоўванняў у дзень. Пазней, паводле пракуратуры, у асобныя перыяды адначасова працавала ўжо да 10 тысяч такіх акаўнтаў.

Маштаб накруткі добра паказвае адзін з прыкладаў, які прыводзіць пракуратура. У красавіку 2023 года ўвесь каталог Тэйлар Свіфт атрымаў на YouTube Music каля 9,3 мільёна праслухоўванняў праз сямейныя тарыфы. За той жа месяц бот-акаўнты Сміта праз такія ж тарыфы праслухалі яго музыку 80,9 мільёна раза — амаль у дзевяць разоў больш.

Сміта арыштавалі ў верасні 2024 года. Паводле пракуратуры, за час працы схемы ён атрымаў ад арганізацый, якія выплачвалі роялці, больш за 14 мільёнаў даляраў. Але не ўсе гэтыя грошы палічылі шкодай: пры яе разліку аднялі выплаты за сапраўдныя праслухоўванні яго музыкі, а таксама грошы, якія ён сам плаціў за акаўнты, што выкарыстоўвалі боты. У выніку бакі пагадзіліся на суме крыху больш за 8,09 мільёна даляраў.

Абарона падкрэслівала, што само па сабе стварэнне музыкі з дапамогай штучнага інтэлекту і яе публікацыя на стрымінгавых платформах не з'яўляюцца незаконнымі. Справа тычылася таго, што Сміт выкарыстоўваў тысячы фальшывых акаўнтаў для накруткі праслухоўванняў і атрымліваў за іх рэальныя грошы.

У сакавіку 2026 года Сміт прызнаў сябе вінаватым у змове з мэтай махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі. Пракуратура прасіла прысудзіць яму не менш за 46 месяцаў турмы, а абарона — абысціся без зняволення.

6 кастрычніка суд прысудзіў Сміту 18 месяцаў турмы і яшчэ два гады нагляду пасля вызвалення. Суд таксама пастанавіў спагнаць з яго раней вызначаную суму ў парадку канфіскацыі.

І абвінавачанне, і абарона называлі гэтую справу першым у ЗША крымінальным пераследам такога тыпу. У ёй злучыліся дзве часткі адной схемы: штучны інтэлект дазволіў атрымаць сотні тысяч песень, а боты — стварыць для іх мільярды фальшывых праслухоўванняў.

Каментары7

  • Вопрос
    08.10.2026
    А чего его арестовывать, если налоги заплатил?
  • Лох
    08.10.2026
    Трэ было аутсорсіць праслухоўванні ў Індыю ды і мясцовыя Аль Капоне дапамаглі б масштабаваць схему 'за грошык'.
  • путник
    08.10.2026
    Вопрос, деньги получены мошенническим путем. налоги вычли )

Цяпер чытаюць

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Казімір Малевіч, Алесь Адамовіч, Мірскі замак. Якія манеты Нацбанк выпусціць у 2027 годзе?1

Былога беларускага міліцыянера злавілі ў Бельгіі пры спробе рабавання крамы6

«Зняволеныя кажуць яму: Схадзі пачытай на Tut.by». Як адбывае тэрмін следчы, які закрыў партал Tut.by2

Пракрамлёўскую актывістку ў Латвіі асудзілі на шэсць гадоў за данат 43 еўра расійскім вайскоўцам. Яго дапамагла зрабіць беларуска14

Дзяніс Кур’ян праз 27 гадоў адшукаў іспанскую сям’ю, у якой гасцяваў школьнікам. Цяпер прыязджае да іх са сваімі дзецьмі18

Восеньска-зімовы догляд гадаванцаў: як падрыхтаваць поўсць катоў і сабак да халадоў

Канье Уэст зарабіў на адмененых у Расіі канцэртах 20 мільёнаў даляраў2

Украіна ўпершыню ўдарыла па дата-цэнтры «Яндэкса». «Яндэкс.Дыск» працуе са збоямі12

У Драздах купілі катэдж за 1,1 мільёна даляраў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць