Еўрасаюз абяцае адмовіцца ад куплі расійскага газу, але пакуль што закупкі толькі павялічыліся
Краіны Еўрасаюза ў студзені—верасні 2026 года павялічылі закупкі расійскага звадкаванага прыроднага газу на 9,5% у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года, нягледзячы на абяцанні адмовіцца ад расійскіх энергарэсурсаў. Пра гэта паведамляе The Times са спасылкай на справаздачу нямецкай экалагічнай арганізацыі Urgewald.

За першыя дзевяць месяцаў года ў парты ЕС паступіла 12,18 мільёна тон расійскага звадкаванага прыроднага газу агульным коштам 7,88 мільярда еўра. Каля трох чвэрцяў усяго імпарту прыпала на французскія парты.
Паводле Агенцтва Еўрасаюза па супрацоўніцтве энергетычных рэгулятараў, у маі Расія па-ранейшаму забяспечвала 12% імпарту звадкаванага газу ў ЕС. Расійскі ЗПГ паступае ў Іспанію, Францыю, Бельгію і Нідэрланды, а трубаправодны газ — у Венгрыю, Славакію і Грэцыю.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне доля расійскага газу ў агульным імпарце ЕС значна скарацілася — раней яна складала 45%. Аднак некаторыя еўрапейскія краіны ўсё адно працягваюць закупляць яго, нягледзячы на планы пазбавіць Крэмль даходаў, якія могуць выкарыстоўвацца для фінансавання вайны.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвінавачваў краіны ЕС у двайных стандартах: паводле яго, яны крытыкуюць яго за заключэнне пагадненняў з Расіяй, але самі працягваюць набываць расійскія энергарэсурсы. Трамп ацэньваў іх закупкі ў 250 мільярдаў даляраў. Віцэ-прэм’ер Расіі Аляксандр Новак заяўляў, што з 2022 года яны склалі 302 мільярды еўра, тады як Еўракамісія ацаніла гэтую суму ў 197 мільярдаў еўра.
Вясной у ЕС пачала дзейнічаць забарона на кароткатэрміновыя кантракты на пастаўку расійскага газу. Забарону на доўгатэрміновыя кантракты на пастаўку расійскага ЗПГ плануецца ўвесці ў канцы 2026 года, а на трубаправодны газ — да верасня 2027-га. Акрамя таго, еўрапейскія краіны абавязаліся да 2027 года спыніць імпарт расійскай сырой нафты, доля якой складае ад 1% да 3% агульнага аб’ёму імпарту.
Актывіст Urgewald Себасцьян Рэтэрс адзначыў, што кожны дадатковы месяц амаль бесперапыннага гандлю звадкаваным газам прыносіць Расіі новыя даходы, у той час як Украіна працягвае штодня зазнаваць ракетныя і дронавыя ўдары.
Аналітыкі сумняваюцца, што ЕС зможа своечасова спыніць імпарт расійскіх энергарэсурсаў. Сярод перашкод яны называюць нізкія запасы газу і высокія цэны. Еўракамісія, аднак, настойвае, што ўстаноўленыя тэрміны будуць выкананыя.
Тым часам, паводле ранейшага паведамлення Reuters, у кастрычніку 2026 года даходы расійскага федэральнага бюджэту ад падаткаў на нафту і газ могуць вырасці на 10% у гадавым вымярэнні — да аднаго трыльёна расійскіх рублёў, або 11,97 мільярда даляраў. Чакаецца, што яны больш чым удвая перавысяць вераснёўскія паказчыкі.
Галоўная прычына росту — штоквартальная выплата дадатковага падатку на прыбытак ад здабычы нафты. Без уліку гэтага падатку кастрычніцкія паступленні, паводле прагнозаў, будуць прыкладна на 164 мільярды рублёў, або 1,96 мільярда даляраў, большымі за вераснёўскія. Гэта рост на 36%.
Цана расійскай нафты на фоне абвастрэння на Блізкім Усходзе падскочыла да $110 за бараль
Цэны на нафту і газ зноў на піку: як канфлікт на Блізкім Усходзе гуляе на руку Маскве і што ад гэтага Беларусі
Еўропа ўжо амаль адвыкла ад расійскага газу, але зіма зноў пагражае ЕС энергетычным крызісам
ЕС можа дазволіць еўрапейскім кампаніям яшчэ год перавозіць расійскі газ
Каментары