Меркаванні145145

Пазняк: «Галоўным быў вынік. І мы яго дасягалі»

Лідэр Народнага Фронту прыадкрывае сакрэты тактыкі ў часе змагання за Дэкларацыю аб суверэнітэце.

Лідэр Народнага Фронту прыадкрывае сакрэты тактыкі ў часе змагання за Дэкларацыю аб суверэнітэце.

У Варшаве выйшла брашура Зянона Пазьняка «Дэклярацыя — першы крок да Незалежнасьці», прымеркаваная да 20-годзьдзя прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР і ўтварэньня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. У размове з карэспандэнтам Свабоды аўтар узгадвае падзеі 20-гадовай даўніны.

Пазьняк: 11-га траўня 1990 году адбыўся Сойм БНФ, на якім сьцьверджана, што незалежнасьць Беларусі зьяўляецца палітычнай мэтай Народнага Фронту. Было прынятае рашэньне аб правядзеньні агульнафронтаўскай канфэрэнцыі «Незалежная Беларусь». Канфэрэнцыя адбылася ў Менску ў канцы траўня. На ёй прысутнічалі дэпутаты ад БНФ саветаў усіх узроўняў, а таксама дэлегаты з усёй Беларусі. Асноўны даклад рабіў старшыня Фронту (Ваш прыхільны слуга). Канфэрэнцыя прыняла рашэньне аб змаганьні за незалежнасьць.

У пачатку чэрвеня тэкст фронтаўскай дэклярацыі пра незалежнасьць Беларусі быў падрыхтаваны і прадстаўлены дэпутатамі Фронту ў Вярхоўны Савет у якасьці праекту заканадаўчага дзяржаўнага дакумэнту.

Трэба мець на ўвазе, што слова «незалежнасьць» гучэла ў той час для намэнклятурных камуністаў нейкім кашчунствам, якое маглі казаць хіба што «враги советской власти».

А значэньне слова «сувэрэнітэт» добрая палова зь іх увогуле слаба разумела, некаторыя ня ўмелі нават правільна вымавіць. І тут раптам — «дэклярацыя пра незалежнасьць».

Агаломшаная намэнклятура выслухала даклад у мёртвай цішыні. Тады камуністычная бальшыня заваліла наш праект галасаваньнем.

Тым часам змаганьне за ўладу ў імпэрскай КПСС паміж Ельцыным і Гарбачовым пачало набываць камічныя элемэнты. Бальшавікі-імпэрцы загаварылі аб сувэрэнітэце. 12-га чэрвеня 1990 года Вярхоўны Савет РСФСР пад старшынствам Ельцына прыняў «Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце РСФСР», якая прадугледжвала (заўважце!) прыярытэт расейскіх законаў над саюзнымі. Зразумела, што гэта рэзка павялічыла палітычную вагу Ельцына, які быў старшынём Вярхоўнага Савету РСФСР.

Гарбачоў тут жа прыдумаў свой контраплян сувэрэнітэту (каб абмежаваць Ельцына). Гарбачоўскі плян складаўся з двух этапаў. На пачатку было прапанавана ўсім «саюзным» рэспублікам прыняць дэклярацыі аб сувэрэнітэце (але фармальныя), а потым заключыць новы саюзны дагавор (з праекту якога вынікала, што ўсе правы былі б у маскоўскай улады СССР, гэта значыць — у Гарбачова). У свой плян Гарбачоў пачаў гуляцца ўжо ў чэрвені 1990-га. Неўзабаве Старшыня Вярхоўнага Савета БССР і кіраўніцтва ЦК КПБ атрымалі рэкамэндацыю з Масквы падрыхтаваць і прыняць дэклярацыю аб сувэрэнітэце «в составе Союза ССР».

Памятаю зьбянтэжаны «готовый к исполнению» твар нашага арыгінала, камуністычнага «сьпікера» Мікалая Дземянцея. Толькі што яны завалілі наш фронтаўскі праект дэклярацыі і казалі, што ніякай незалежнасьці ня можа быць, і тут на табе — такі паварот.

Мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ скарысталі гэтую гарбачоўскую гульню (ў якой ён прайграў) напоўніцу і ўключыліся ў напісаньне Дэклярацыі.

Агульны тэкст, які амаль поўнасьцю быў напісаны намі, я (па прапанове старшыні Камісіі ВС Леаніда Козіка) прадстаўляў на Сэсіі ад Апазыцыі БНФ (ад Камісіі прадстаўляў Л. Козік). Вынікі паартыкульнага галасаваньня ў цэлым былі ў нашу карысьць, але ў канцы абмеркаваньня абстаноўка пагоршылася настолькі, што перад агульным галасаваньнем магла адбыцца рэвізія ўжо прынятага і выхалошчваньне дасягнутага.

Камуністычная бальшыня мела над намі колькасную перавагу ў 10–12 разоў. Выйграць у іх галасаваньнем наўпрост было ў прынцыпе немагчыма. Для перамогі над бальшынёй (што, на першы погляд, здавалася неверагодным) мы распрацавалі тактыку, якую я называў для сябе «палітычным джыу-джытсу» (дзюдзюцу) — гэта значыць перамагаць праціўніка, скарыстаўшы супраць яго ягоную сілу. Мы Камуністычная бальшыня мела над намі колькасную перавагу ў 10–12 разоў.

выкарыстоўвалі парлямэнцкі непрафэсіяналізм і ляноту намэнклятурных дэпутатаў, дрэнную парлямэнцкую арганізаванасьць, пасрэдны інтэлектуальны ўзровень і самае галоўнае (без чаго б не было перамогі) — псыхалягічны аспэкт: іхную шалёную нянавісьць да БНФ і жаданьне бяздумна і упарта рабіць усё насуперак дэпутатам Фронту. Вось гэтую нянавісьць мы й накіравалі на службу БНФ. Прымушалі іх галасаваць супраць нас, але за нашыя інтарэсы (пра што яны адразу не здагадваліся). На працягу 1990–91 гг. гэтая тактыка нас не падводзіла. Ужывалі мы яе і ў час прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце (наш знакаміты правакацыйны выхад з залі, які прымусіў камуністычны бэтон забыцца пра рэвізію і на хвалі эмацыйнага абурэньня і анты-БНФ прыняць агулам увесь тэкст Дэклярацыі з усімі нашымі прагаласаванымі палажэньнямі). У 345-асабовым камуністычным Вярхоўным Савеце, у сытуацыі фармальнай безнадзейнасьці для нас (апазыцыйнай «трыццаткі» БНФ) галоўным быў вынік. І мы яго дасягалі. Як казаў ворагам Давыд Гарадзенскі: «Нас мала — літасьці не чакайце!»

Прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце без канстытуцыйнай нормы аб вяршэнстве беларускага права (намэнклятура заваліла гэтае палажэньне) не азначала незалежнасьці краіны і, як быццам, на першы погляд, мала што зьмяняла, асабліва ўлічваючы наяўнасьць каляніяльнай адміністрацыі і савецкай улады з прамаскоўскай намэнклятуры.

І ўсё ж Дэклярацыя зьмяняла шмат што. Гэта быў першы рэальны крок да рэальнай незалежнасьці краіны. Была закладзена юрыдычная база і зроблена аснова для далейшых паводзінаў улады і грамадзтва на шляху да незалежнасьці.

Трэба ўлічваць, што пры саветах нацыянальная ідэалёгія была так моцна вынішчана ў беларускім грамадзтве, што людзі баяліся стаць вольнымі, шмат хто нават не ўяўляў, як гэта можна будзе існаваць без СССР. На ўмацаваньне гэтых збочаных уяўленьняў 70 гадоў працавала маскоўская прапаганда. Прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце зрабіла вялікі станоўчы зрух у сьвядомасьці беларусаў. Людзі пачалі ўсьведамляць самакаштоўнасьць нацыі і свабоды.

Дэклярацыя дала магчымасьць нам, дэпутатам БНФ, рэальна працаваць у Вярхоўным Савеце над заканадаўчай базай незалежнай дзяржавы, рыхтаваць законы аб грамадзянстве, аб банках і банкаўскай справе, аб узброеных сілах, аб беларускіх грошах, аб зямлі і эканамічных рэформах і г. д.

Словы «сувэрэнітэт» і «незалежнасьць» сталі афіцыйнымі тэрмінамі, увайшлі ў сьвядомасьць грамадзтва і ўладнай бюракратыі. Нарэшце, гэта быў ужо гатовы дакумэнт для хуткага аб’яўленьня незалежнасьці, дастаткова было толькі зрабіць яго канстытуцыйным законам і заручыцца падтрымкай людзей.

Пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце падтрымка грамадзтвам ідэяў свабоды і незалежнасьці шматкроць павялічылася. І калі праз год, 25 жніўня 1991 года, пасьля гістарычнай нечарговай і надзвычайнай Сэсіі Вярхоўнага Савета БССР настаў гэты доўгачаканы Дзень Незалежнасьці, то (і гэта асабліва ўлічым) асноўная палітычная і заканадаўчая база незалежнай Беларусі (і, перш за ўсё, Дэклярацыя, якой надалі статус канстытуцыйнай сілы) былі ўжо падрыхтаваныя. І другое, — было ўжо агулам падрыхтаванае і грамадзтва, нашыя людзі. Заставалася толькі сьцьвердзіць і рэалізаваць палітычную волю. І гэта было зроблена пры актыўнай і рашучай пазыцыі дэпутатаў Народнага Фронту.

25 жніўня 1991 года стаў найвялікшым днём нашай гісторыі — Днём рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Дэклярацыя была пярэдаднем гэтага гістарычнага дня.

Як вы ацэньваеце сучасную гістарыяграфію, прысьвечаную падзеям 1990–91 гадоў?

Улада, якая адмяніла дзяржаўнае сьвяткаваньне Дня прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці і кантралюе ідэалёгію і навуку, нішчыць нацыянальную культуру, такая улада не дазволіць адэкватнага і належнага адлюстраваньня гэтай падзеі. Што мы і назіраем у рэжымным афіцыёзе. Пачасьціліся (і будуць працягвацца далей) спробы фальсыфікацыі падзеі, замоўчваньня, казаньня паўпраўды, падтасовак, ператузваньня фактаў і г. д. у стылі маскоўскай прапаганды.

Пакуль што «інтэрпрэтатараў» стрымлівае існаваньне ў палітыцы фронтаўскіх дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якія дамагліся гістарычнай перамогі беларускай барацьбы за волю і незалежнасьць і, якія шмат што ведаюць пра справы камуністычнай намэнклятуры, супраць якой змагаліся. Імёны такіх нашых змагароў-дэпутатаў, як Юры Беленькі, Сяргей Папкоў, Мікалай Крыжаноўскі, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Галіна Сямдзянава, Сяргей Антончык, Сяргей Навумчык, Аляксандар Сасноў, Лявон Дзейка, Віктар Алампіеў, Генадзь Грушавы, Мікалай Маркевіч, Пётра Садоўскі, Лявон Зданевіч, Уладзімер Заблоцкі, Алесь Шут, Мікалай Аксаміт і іншыя і сёньня гучаць у грамадзка-палітычным кантэксьце нашай краіны і стрымліваюць тых, хто хацеў бы патаптацца па нашым змаганьні і гістарычных дасягненьнях, якія для ўсіх нас сталіся ці ні найважнейшым дасягненьнем жыцьця.

Чым далей адбягае час ад рэвалюцыйных 1990-91-х гадоў, тым больш усьведамляецца людзьмі справядлівасьць змаганьня за волю і незалежнасьць, тым больш вырастае веліч тых, далёкіх ужо, падзей.

Старая камуністычная намэнклятура, якая калодай ляжала на шляху незалежнасьці, адчула гэта цяпер у паветры і пачала прыстасоўвацца. Наш незабыўна-рэакцыйны М. Дземянцей (якога мы так непачціва пагналі з пасады), нават успаміны напісаў, паводле якіх усё зрабіў ён: і Канстытуцыю, і Дэклярацыю, і Незалежнасьць (і піша, як гаворыць).

Але больш мяне зьдзівіў нясьмелы і нерашучы Мечыслаў Іванавіч Грыб. Аказваецца, і ён тады змагаўся за волю, але БНФ яму у гэтым перашкаджаў.
А мы й ня ведалі пра такога «змагара». Прышлося мне яму прысьвяціць пару радкоў у гэтай кніжцы.

Адкрытая лабавая пазыцыя рэжыму супраць Дэклярацыі і дзейнасьці дэпутатаў Народнага Фронту па здабыцьці незалежнасьці зафіксавана ў выказваньнях Лукашэнкі і на маргінэсе — у форумах Інтэрнэту, дзе «працуюць» спэцгрупы прапагандыстаў ад КГБ. Гэта такі «узровень», які не вымагае нават камэнтароў. Рэальнае ўзьдзеяньне такога роду «прапаганды» на спажыўцоў — адмоўнае. Тым ня менш, агентура ўпарта «працуе», бо галоўная задача спэцслужбаў тут — разваліць, разбурыць дыскусію па сур’ёзных нацыянальных пытаньнях, ператварыць яе ў слоўную клааку, ня даць людзям паразумецца, скансалідаваць свае нацыянальныя інтарэсы і г. д.

Усё гэта, вядома, ня мае ніякіх дачыненьняў да гістарыяграфіі, але ёсьць закулісьсем рэжыму, тым вульгарным знакам, які паказвае на падсьвядомасьць паводзінаў афіцыйнага гістарычнага напісаньня.

Тым часам нацыянальную гісторыю робіць нацыянальная палітыка. Гісторыя акупацыі ня ёсьць нацыянальнай палітыкай, гэтак жа, як помнікі акупантам, ня ёсьць помнікамі нацыянальнай гісторыі. Гэтак і беларускую гістарыяграфію можа стварыць толькі беларуская нацыянальная навука.

Каментары145

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь2

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Журналісты ацанілі, колькі ўкраінцаў загінула ў вайне з расіянамі20

Ціханоўская не будзе заклікаць беларусаў ісці на выбары і пратэставаць65

Міністр сувязі: 5G — гэта ўсяго толькі тэхналогія. Карыстальніку ўсё роўна, 5G, 6 або 47

Перад выбарамі ў Гомелі затрымалі як мінімум 10 чалавек, двух — па крымінальнай справе

Паглядзіце, якая незвычайная птушка заляцела ў Беларусь1

Дырэктар водаканала патлумачыў, чаму асадак ад вады ў чайніку — гэта нармальна4

У СК расказалі, праз які месенджар часцей за ўсё падманваюць беларусаў1

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу20

У сталічным «Паўночным беразе» будуюць першы дзіцячы садок. Якім той будзе2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь2

Знайшлося тлумачэнне, чаму расійскія «шахеды» залятаюць у Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →